epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Пад зямлёй

Гэта адно — упершыню захапляцца ці зноў і зноў, праз гады, тыдні, дні любавацца зялёнымі, шэрымі, белавяршыннымі горамі, бачачы іх толькі звонку, здалёк ці зблізку, а то і глыбока ўнізе, з сонечнага самалёта.

І гэта другое — бачыць іх, горы, пасля таго, як ты пабываў у іх... так, у іх усярэдзіне.

Такое было ў мяне ў Новаафонскай пячоры.

Як я слухаў раней пра гэта, не раз і не два, як мог звязваць такое з манастыром, з пячорамі пустэльнікаў, а не з падзямеллем, скажам, старой Вялічкі? Тое, польскае, з дзівоснай саляной капліцай, зробленай двума братамі-шахцёрамі, дзе і скульптуры, і люстры, і саляныя азёры, дзе дыхаецца так прасторна, на ўсе грудзі,— тое ўспаміналася мне пад зямлёй, аднак жа грузінскае, новаафонскае не параўнаць па размаху, па нерукатворнасці ўсёй падземнай красы. З яе высознымі, да ста метраў, скляпеннямі, таямнічым бяздоннем возера, далёка ўнізе пад масткамі, казачнай застыгласцю кальцытавага вадаспаду, сталактытавых і сталагмітавых векавых утварэнняў, фантастычнага прыроднага майстэрства — незнарокавага, геніяльнага між іншым...

Ну, і лёгка ўзмоцнены мікрафонам голас экскурсавода з грузінскім акцэнтам, і грузінская музыка, песня, сваячка горнага рэха, песня і музыка, што так прыемна гаворыць пра веліч малога (колькасна) народа...

Зрэшты, і немец Бах таксама добра гучыць пад зямлёй, у гарах, у іх глыбіні, яшчэ раз гаворачы пра несмяротнасць сапраўднага.


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан