epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Пятрас Цвірка

На адной сустрэчы ў Маскве Альфонсас Малдоніс прыязна запрасіў мяне прыняць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных сямідзесяцігоддзю Цвіркі.

І вось, як толькі тады прагучала паміж намі гэтае імя, да мяне непадзельна і ярка вярнуліся два ўспаміны.

Першы.

Другога мая сорак сёмага года я зайшоў у наш Саюз пісьменнікаў і тагачасны яго старшыня, любімы і паважаны намі, літаратурнай моладдзю, Міхась Лынькоў, — ён быў адзін у сваім кабінеце, — сказаў мне ціха і горка, як гавораць пра самае блізкае:

— Памёр Пятро. Пятро Цвірка...

Гэта здарылася толькі праз чатыры дні пасля таго, калі мы, беларусы, былі глыбока ўражаны таксама заўчаснай смерцю нашага Валянціна Таўлая, паэта адоранага і чалавека цудоўнага, жыццё, барацьба, пакуты і творчасць якога былі, дарэчы кажучы, звязаны з Вільняй дваццатых — трыццатых гадоў, як і слаўны дэбют другога нашага паэта-рэвалюцыянера, Максіма Танка, Цвіркавага сябра.

І другі ўспамін.

Пачатак рамана «Зямля-карміцелька». Асмяяная, пакінутая, цяжарная «незаконным» дзіцем Моніка стрыжэ авечку. Батрачка ў маёнтку разам з іншымі батрачкамі. Стрыгуць, гамоняць і раптам, яшчэ здалёк пазнаюць, як да іх набліжаецца малады батрак Юрас, у незашпіленым, расхрыстаным ад ветру шынялі адпушчанага дамоў салдата. Моніка сядзіць да салдата — чуючы пра яго — спіной, не азіраецца, не паднімае галавы, толькі ў воку авечкі, як у люстэрачку, бачыць адлюстраванне Юраса, які спыніўся пад ёю. У адбітку гэтым яна шукае адказу на пытанне, ад якога так ужо натамілася яе сэрца: ці не змяніўся яе каханы, з чым ён, бацька іх будучага дзіцяці, вярнуўся да яе пасля глухой і пакутліва доўгай разлукі?..

Такіх як быццам дробязей, такіх яркіх дэталей у Цвіркі нямала. Можна сказаць, што ўся яго проза асыпана імі, як начное чыстае неба зоркамі.

Пятрас Цвірка — з тых пісьменнікаў, якіх можна не толькі чытаць, але і перачытваць.

Вярнуўшыся тады, пасля маскоўскай сустрэчы з Малдонісам, дахаты, я вырашыў праверыць тую драбніцу, што ажыла ў памяці праз тры дзесяцігоддзі, тую дэталь з авечым вокам-люстэрачкам, знайшоў яе ў кнізе і, «зачапіўшыся», так захапіўся, што перачытаў і «Зямлю-карміцельку», і ўсе апавяданні ў сціплым пасляваенным аднатомніку Цвіркі.

Не надта экзатычная, аднак жа родная краса літоўскай зямлі і неба, то чароўна блакітнага, то ў «цукровых» баранчыках. Абаяльнасць няхай сабе і нялёгкага, ды ўсё ж непаўторна шчаслівага маленства. Вострае адчуванне сацыяльнай несправядлівасці, чалавечная дабрата, шчымлівая жаласць да загнанай сялянскай каняжыны, да бяздомнага сабакі. Жывая, шматфарбная мова, краса якое даходзіць і праз пераклад. А якая сіла ўяўлення, здольнасць па-мастакоўску, з усёй пераканальнасцю пераўвасабляцца ў сваіх герояў!.. Цяпер так многа гаворыцца пра славутую акселерацыю, але ж ва ўсёй нашай шматнацыянальнай прозе вельмі няшмат знойдзецца прыкладаў, каб дваццаціпяцігадовы юнак мог з такой свежасцю, з такой жыццёвай праўдай паказаць чытачу перажыванні маладой жонкі і маці, як мы бачым гэта ў «Зямлі-карміцельцы» — са шматпакутнай, мілай Монікай. Такое пранікненне ў вобраз, у душу героя перш за ўсё гаворыць, вядома, пра сілу таленту. Аднак не толькі. Яшчэ адно трэба падкрэсліць. Цвірка ведаў жыццё, любіў людзей, і не абстрактнай любасцю сузіральніка, а больш за ўсё любіў ён людзей цяжкай працы, уніжаных і зганьбаваных несправядлівым грамадскім ладам. І гэтая яго відушчая любоў заражае сваёй шчырасцю і нас.

Значэнне літаратурных юбілеяў мне бачыцца, перш за ўсё, у тым, што ў такія дні мы нашых вялікіх, добрых і розных глядзім, так сказаць, буйным планам, чытаем і перачытваем іх, нанова перажываем даўно адчутую радасць і цішком саромеемся, што сяго-таго з іх твораў чамусьці доўга не ведалі.

Так было і ў мяне. Пасля другога прачытання аднатомніка, адзінага ў маёй асабістай бібліятэцы, я сабраўся, нарэшце, прачытаць і ўсё іншае ў выдатнага літоўскага сабрата, раней ці пазней перакладзенае на рускую мову. Знайшоў яго кнігі ў бібліятэках, багацейшых за маю, і некалькі дзён, нават тыдняў жыў Цвіркам, дзякуючы яму глыбей пазнаваў яго радзіму, яго энергічны, таленавіты народ і, у той жа час, мне добра думалася пра ўсё новыя ды новыя праявы чалавечай агульнасці, падобнасці у галоўным у прадстаўнікоў самых розных літаратур.

Калі ў навелістыцы Цвіркі праглядваецца дабратворны ўплыў Чэхава і Мапасана, дык раман «Майстар і сыны» прыемна нагадвае чымсьці «Кала Бруньёна», «Франк Крук» — у пэўнай меры Гогаля, а «Зямля-карміцелька» — «Фарпост» Баляслава Пруса і «Сына рыбака» Віліса Лаціса. А разам з тым Цвірка — пісьменнік арыгінальны, непаўторна літоўскі.

Люблю літоўскую прозу, паэзію, песні, кіно, графіку, наогул багатую і самабытную літоўскую культуру, мог бы назваць нямала імён, блізкіх і мне. Ды сёння, на гэтым урачыстым вечары, у душы ў кожнага з нас і на вуснах у многіх адно імя, адзін абаяльны, светлы вобраз пісьменніка і чалавека, — наш вечна малады, вечна ўсмешлівы Пятрас Цвірка.


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан