epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Пераход

Вясковы ксёндз Магнушэўскі — добраахвотны настаўнік Багрыма, нашага Шаўчэнкі, задушанага ў зародку. Міцкевіч і Чачот, — у аднаго высокааўтарытэтныя выказванні пра беларускую мову, у другога шчырае збіранне нашых песень. Сыракомля, Манюшка і Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч і Ажэшка — іх творчая дружба.

Царскія «цэнзары» гаварылі, што беларуская мова, літаратура — варожая польская выдумка...

Кожны «заходнік» майго пакалення — старэйшы хто, аднагодак і маладзейшы — успамінае школьны вершык: «Кто ты естэсь? Поляк малы!» Пра гэта ўжо і пісалі, хто з нашых стаў літаратарам. Што ж, раней, калі сама Польшча была пад трайным прыгнётам, вершык гэты быў своеасаблівым катэхізісам патрыятычнага выхавання польскіх дзяцей. Потым, механічна перанесены на чужую глебу, ён стаў для нас, непалякаў, адным з сімвалаў нацыянальнага прыгнёту.

Тады ўжо, стаўшы незалежнымі, некаторыя польскія ідэолагі, у сваю чаргу, пісалі, што нейкую там Беларусь, нейкую беларускую мову, літаратуру проста «прыдумалі бальшавікі»...

Што ўжо казаць пра такіх цемрашалаў, калі і ў людзей прагрэсіўных і сёння часамі не-не дый пакажацца шыла ці шыльца з мяшка.

Адна старая польская пісьменніца, з якою я перад вайной перапісваўся, якая прысылала мне ў вёску і ў войска добрыя кнігі, перакладчыца Бертрана Рассела і сама пацыфістка, змагарка за мір, калі я ў сямідзесятым годзе наведаў яе ў Варшаве, у гутарцы прагаварылася: «Кіеў? Ён жа наш, вядома, польскі». А на маё здзіўленне, спахапіўшыся, з усмешкай самаасуджэння дадала: «Што ж, кожны народ, нават самы найменшы, мае поўнае права авалодаць усім светам...»

Другі паляк, маладзейшы, яшчэ больш сучасны, даволі старанна перакладае «з усходнеславянскіх літаратур», не менш карпатліва займаючыся вышукваннем ва ўсім польскіх першакрыніц, польскага паходжання, дзе хоць крышку, хоць крышачку можна. Не толькі, скажам, у Купалы («з каталіцкай, значыцца, з польскай сям’і»), але і ў Коласа (няхай сабе з праваслаўных, але ж Міцкевіч, значыцца, са шляхты, з палякаў). Нядаўна ён зноў парадаваў нас сваёй вучонай глыбіннасцю: да перакладзенага ім верша даў грувасткую заўвагу пра паходжанне назвы «Туганавічы», ад слова «тугá». Спаслаўся на слоўнік, складзены ў канцы мінулага стагоддзя (калі, кім, дзе — усё дакладненька), які, вы бачыце, «падае, што туга — крэсовае акрэсленне тэнскноты». Слова, значыцца, не беларускае, не ўкраінскае, чаго ён, кніжнік і перакладчык з даволі вялікім стажам, узброены сучаснымі дапаможнікамі, не можа не ведаць, а слова на збуцвела-архіўны лад «крэсовае»... У зусім неглыбокім падтэксце — старая, пратухлая песня пра «польскосць тэй земі» — Беларусі і Украіны...

Тое агіднае, антылюдскае, што ідзе следам за вызваленнем таго ці іншага народа: яго прэтэнзіі да іншых, яго жаданне дзяўбаць іх зверху. Словы Дастаеўскага: «Нізкая душа, вырваўшыся з-пад прыгнёту, прыгнятае сама» — трэба аднесці да нізкасці ў кожным нацыяналізме. І ў Маркса яно: «Не можа быць свабодным народ, які прыгнятае іншыя народы».

Як адбываецца пераход ад прыгнечанага да прыгнятальніка — гэта я назіраў на прыкладзе даваеннай Польшчы, адчуваў той прыгнёт у нейкай меры і на сабе. «Сізіфава праца» Жаромскага стаяла ў школьнай кніжнай шафе, а такую ж нялюдскую асіміляцыю слабейшага мы бачылі штодня і ў школе і за сценамі яе.

Але ж гэта было ўжо даволі даўно!..


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан