epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Поціск рукі

Мы пазнаёміліся ў канцы сорак сёмага года, далёка ад яго строгай красуні Рыгі і майго, яшчэ не ўзнятага з руінаў, партызана Мінска, — у Таджыкістане, дзе мы былі гасцямі рэспубліканскага з’езда пісьменнікаў.

Ідзе ўжо трыццаць чацвёрты год нашага сяброўства, і вось я дарма намагаюся ўспомніць, калі ж яно пачалося. Пасля той першай сустрэчы было ў нас нямала сустрэч і ў Латвіі, і ў Беларусі, і ў іншых рэспубліках, а найчасцей у Маскве. Кожнай сустрэчы мы былі ўзаемна рады. у нас заўсёды было што сказаць адзін аднаму, чым падзяліцца ў гутарцы з кім-небудзь блізкім ці сам-насам. А вось калі яно пачалося — наша ўзаемная прыхільнасць, патрэба ў сустрэчах, кантакце на адлегласці — на такое пытанне адказаць нялёгка.

Юлій Ванаг з тых людзей, якія неяк адразу выклікаюць давер сваёю шчырасцю і прастатой, а пасля, з часам — сваім пастаянствам у пачуццях і прынцыпах, сваёй грунтоўнай, на ўсё жыццё разлічанай прыстойнасцю. Да таго яшчэ — яго зайздросная, таленавітая працавітасць, невычэрпная цікавасць да жыцця, любоў да прыроды, да людзей, да літаратуры, да народнага слова. Як жа гэта нямала!..

Нядаўна мы зноў сустрэліся ў Маскве, дзе — разам з нашым агульным украінскім сябрам, Васілём Казачэнкам — рады былі, адасобіўшыся ад пленумаўскай мітусні і нудоты, ціха, няспешна пагаманіць. Між іншым, таксама і пра шчасце ды культуру дружбы, той дружбы, якую так прыемна называць старой. Новы друг — знаходка рэдкая, а стары — каштоўнасць, якая не падлягае сумненням, не аднойчы правераная часам і абставінамі на трываласць.

Нам ёсць што ўспомніць з Юліем.

Я, напрыклад, даволі часта ўспамінаю то залатую восень яго янтарнай Латвіі, наша вясёлае, у латышска-беларускай групе літаратараў, падарожжа на ўсход і на захад ад Рыгі; то вечную красу тых самых мясцін, пяшчотна, чыста ахутаных першым снегам, дзе мы праязджалі з найбліжэйшымі; то па-дзіцячы радасна бясконцую сцяжынку на снезе пустыннага пляжа, па якой мы ішлі толькі ўдвух, уздоўж мора, што не па-летняму далёка адступілася ад саснова-абрывістага берага; то навальнічна-вясёлкавую песню аргана пад старадаўнімі зводамі Домскага сабора, дзе мы разам зачаравана маўчалі; то светлую ўтульнасць сябравага рабочага пакоя, дзе мы аглядалі яго скарбы — кнігі. І тыя, якія ён любіць перачытваць, і тыя, да стварэння якіх ён меў непасрэднае ці ўскоснае дачыненне. Зборнікі яго паэзіі і прозы, у арыгінале і ў пераклаўдах, прыгожыя томікі Пушкіна на латышскай мове — збор твораў, што выйшаў пад рэдакцыяй Юлія Пятровіча, перакладзеныя ім — з арыгінала! — кнігі прозы Якуба Коласа, Івана Мележа, беларускія народныя казкі... Пішу гэта і зноў ажывае ў душы інтымнае адчуванне ўдзячнай радасці, з якою я ўпершыню прыкмеціў на той самай паліцы і свой раман, перакладзены даўнім і верным сябрам нашай літаратуры.

Шкада, што я не ведаю латышскай мовы, што я толькі з рускага перакладу перакладаў яго «Глушцову песню», невялікую, ёмістую аповесць, адзначаную талентам патрабавальнага пісьменніка і сапраўднай гаспадарлівасцю шматвопытнага паляўнічага. Чытаў я нядаўна, дакладней — перачытваў прастадушна, хрэстаматыйна мілыя апавяданні з жыцця маленькага Мікіня, нядрэнна выдадзеныя і ў нас, і прыемна было ад думкі, што гэта я параіў іх перакласці.

Успамінаецца Кіеў у раскошным росквіце вясны пяцьдзесят чацвёртага года, дзяржаўны Дняпро пад кручай, бела-зялёныя каштаны на Крашчаціку, гістарычна ўрачыстае свята трохсотгоддзя уз’яднання Украіны з Расіяй, свята, на якім і мы, латыш і беларус, разам з іншымі пасланцамі братніх рэспублік, адчувалі сябе ў цудоўным «як дома».

Успамінаю чэрвень семдзесят чацвёртага, Алма-Ату на зялёнай раўніне, у яркай процьме кветак, са снегавымі вяршынямі на зманліва-недалёкім даляглядзе, святочна шматлюдны Джамбул, спякотныя стэпы, гаманкія рэкі, спрадвеку абжытыя авечкамі горы Сямірэчча, дзе мы спявалі, і смяяліся, і зачаравана слухалі — на злёце чабаноў, на паднебным канцэрце і ў юртавай утульнасці, потым зноў ехалі і, спыніўшыся ў дарозе, моўчкі ўскладалі вянкі да помніка Чакана Валіханава, сустракаліся з майстрамі арашэння палёў і школьнікамі Талды-Кургана...

Успамінаюцца сустрэчы ў нас, у Беларусі. «Мінскае мора», падмінскі лес, Купалава Вязынка, Коласава наднямонне... І тут ужо мне думаецца таксама і пра тое, як жа ён, Юлій, успамінае тыя нашы паездкі, паходы, дзелавыя сустрэчы і сяброўскія гутаркі, гасцяванне ў дамах нашых агульных сяброў і ў маёй сям’і. Быць гаспадаром — гэта ж і прыемна, і неспакойна: ці так яно ўсё было, як хацелася наладзіць, падаць — да патрэбнага надвор'я ўключна.

Паэт, празаік, драматург, перакладчык, заслужаны дзеяч культуры двух народаў, свайго і нашага, — Юлій Ванаг і набліжаючыся да свайго васьмідзесяцігоддзя па-ранейшаму многа працуе, палюе і рыбачыць, разумна, цікава гамоніць і весела, смачна смяецца, нястомна падарожнічае па ўсёй нашай краіне, словам — жыве паўнацэнным жыццём. Сэрца яго — маладое, адкрытае, а дужая, нястомная рука працягнута для мужчынскай, чалавечай дружбы.

І руку гэтую хочацца таксама моцна паціснуць.


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан