epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Пробліскі

У незвычайным, на першы позірк драўляным, як мне здалося з дарогі, бараку — добрыя, сучасныя кватэры саўгасных рабочых. Унізе вялікая кухня, сталовая, веранда, а ўверсе яшчэ чатыры пакоі.

Гаспадара, трактарыста, дома мы не засталі. Жонка яго — маці траіх дзяцей, найменшае з якіх, аднагадовы хлопчык, безнадзейна хварэе. Мы яго не бачылі, ён там недзе наверсе ляжыць, як заўсёды, а бедная мама сустрэла нас з другім, двухгадовым хлопчыкам на руках. Па вачах малога відаць, што і ён хворы (па-іхняму, па-чэшску, нéмоцны), а жанчына сказала, што гэта ў яе суседчын Вашычак: той кудысьці спатрэбілася паехаць, «а я ўсё роўна ж дома сяджу».

Калі мы прыселі да стала, а гаспадыня пайшла рыхтаваць нам каву, хлопчык вяла гуляў на падлозе з вялізным, калярова-пярэстым мячом. Гаспадыня прынесла Вашычку малака. Каб піць яго, — больш, відаць, па абавязку, чым з патрэбы,— малому надта ж захацелася, проста такі зусім неабходна было сесці на тым мячы. Сяк-так угрунтаваўшыся на ім, ён зрабіў цёці ласку — яна з усмешкай чакала — дакрануўся губамі да нахіленага кубачка. Раз, а потым і яшчэ раз.

Гэта адпо, з пазаўчарашняй паездкі ў Судэты, дзе мы з сябрам-чэхам заехалі да яго сваякоў.

Другое ўбачыў я ўчора тут, у Карлавых Варах, на бойкай, толькі пешаходнай вуліцы. Дзяўчынка, па-бабску кажучы — зусім яшчэ маладзенечкая, аднак ужо нібы гатовая на ўсё і дрэннае і добрае, ідзе сабе паміж разнаколерных магазінаў, у яшчэ рэдкім, таксама стракатым патоку людзей мясцовых і разнамоўных курортнікаў, ідзе па вуліцы зверху ўніз, калываецца тонка ды стройна, уся ў раннім сонейку, з выглядам весела-незалежным, а на калене ў яе, на паношаных джынсавых штоніках — як нейкі выклік — нашыта вялікая, белая, прымітыўная кветка.

«Малое — усюды малое. А маладому ўсё хораша»,— скажам таксама па-бабску.

Малы і дзяўчо, два, выпадкова заўважаныя, пробліскі, жыва і паасобна, і разам, яны прыгадаліся мне, як толькі прачнуўся. І тут жа, амаль адразу прыйшоў і стаў паміж імі, чэшскімі, трэці і свой, з майго вяртання месяц таму назад з Масквы дахаты.

У нашым купэ — глуханямая дзяўчынка гадоў дванаццаці. Едзе з бабуляй на канікулы, з-пад Урала ў Брэст.

Раней чым уведаць, што з малой такая бяда і куды яны едуць, я ўбачыў на выцерта-сівых, зноў жа джынсавых штоніках дзяўчынкі незвычайнае: два сэрцы, відаць, ёю самою вышытыя, адно чорнымі, а другое чырвонымі ніткамі, і змацаваныя англійскай шпількай. Не вышытай, металічнай.

Прыгожае дзеўчаня міла ўсміхнулася на мой зацікаўлены позірк і неяк дзіўна, нібы з замежным акцэнтам, сказала адно толькі слова:

— Маль-тшык!

І тут якраз бабуля растлумачыла, што ўнучку ў спецыяльнай школе вучаць гаварыць і што гаворыць яна вельмі, вельмі мала.

А ўсё ж запаветнае — хоць і так яшчэ рана — сказала.


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан