epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Рэчкі

У любым месцы на Зямлі і на карце яе можа спыніцца пані Гісторыя, любую рэчку зробіць надоўга ці на нейкі час гістарычнай.

У адной з іх быў ахрышчаны Ісус, Ешуа бон Марыям, для адных сын божы і сам бог, для другіх — легенда. А ўсё ж імя гэтае, то верай, то мастацтвам звязана з невялікай палесцінскай рэчкай вось ужо хутка два тысячагоддзі.

На берагах другой, яшчэ меншай, дзевяць стагоддзяў таму назад, як сведчыць магутны ўсходнеславянскі эпас, адшумела адна з крывавай безлічы чалавечых бітваў, дзе галовы, як снапы на таку, малаціліся сталёвымі цапамі, а душу ад цела адвейвалі, як мякіну.

Першая рэчка жыве і цяпер. Іардан. Над ёю цяпер неспакойна...

Другая, Няміга, пайшла пад зямлю, жыць засталася толькі ў слове ды ў назве адной з мінскіх вуліц.

Рэчка, якую я ў маленстве пазнаваў ад саменькага нізу, ад самай яе сутнасці, ад той красы, якую можа, здольная бачыць толькі дзіцячая душа, рэчка гэтая — Вуша — тады здавалася ракой, шырокай ды глыбокай.

Недзе далей быў, тады яшчэ не вядомы мне, Нёман, у які наша мілая Вуша ўпадала. А ў Вушу ўпадала зусім ужо маленькая, звілістая і аброслая кустамі Міранка, да якое я, уброд цераз Вушу, зрабіў калісьці вялікае, незабыўнае падарожжа. З братам, ужо дзецюком, старэйшым за мяне на цэлых сем гадоў. Ён там, пад берагамі, у падрэзах ды ў норах, лавіў плотак і нават ментузоў, выкідаў мне на бераг, у высокую траву, а я захоплена падбіраў іх у торбу.

Трэцяй рэчкай майго маленства была Сервач, якую я бачыў некалькі разоў толькі зверху, з воза, калі мы ехалі ў госці да маёй сястры, амаль неверагоднай, бо старэйшай ажно на дваццаць тры гады.

На гэтай рэчцы ў першую сусветную вайну пані Гісторыя спынілася была больш як на два гады. Быстрая, звілістая Сервач цякла тады — у зеляніне заліўных лугоў або пад лёдам — паміж двух магутных франтоў, нямецкім і рускім, з іх артылерыяй, кулямётамі і штыхамі, з іх акопамі, бліндажамі, калючым дротам...

Сервач не стала для ўсяго свету Іарданам. Нават Нямігай не стала ў літаратуры. Вядомасць яе была часовай і засталася мясцовай. Але ж «у кроплі расы»... Многа можна і пра яе расказаць. Нават не быўшы там тады, у яе гістарычны час, з таго ці з іншага берага дурной чалавечай нянавісці. А колькі ж пайшло ў нябыт!.. Як і з-над іншых рэчак.

Вось я якраз прачытаў у газеце пра аднаго з герояў Вялікай Айчыннай вайны — генерала Яна Фогеля, латыша з чырвоных стралкоў, які ў незабыўным, і для мяне незабыўным ліпені сорак чацвёртага года кіраваў «над Серваччу ў Карэліцкім раёне» боем, выйграў яго, але сам быў смяротна паранены і пахаваны яшчэ далей на захад, у раённым Дзятлаве, дзе ўжо ягонай памяццю заняўся дырэктар добрага краязнаўчага музея, мой друг, заслужаны настаўнік Міхась Пятрыкевіч.

Па-за тэмаю гэтага роздуму над газетнай старонкай хочацца яшчэ сказаць, што проста ў маім жыцці, у маёй працы пісьменніка Сервач была яшчэ і «Быстранкай» — паміж крынскім старым млыном і калядзінскім сонечным Нёманам...


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан