epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Служэнне

* * *

Успомніў старую ў аўтобусе, на пыльным гасцінцы родных мясцін. Як яна ні з таго ні з сяго развязала чыстую белую хустку і пачала частаваць пасажыраў вялікімі чырванабокімі яблыкамі.

Яны — нібы кветкі, нібы агеньчыкі засвяцілі. Яна — разумее іх прызначэнне: даваць людзям шчасце, народжанае з працы.

А можа радасць яе прасцейшая? Скажам, доўга ішла палямі, вельмі стамілася і ўжо нават не верыла, што аўтобус той будзе, што ён спыніцца на пустым скрыжаванні яе прасёлка з гасцінцам, возьме яе... А ён спыніўся і ўзяў!

Не, не ў гэтым прычына яе дабраты.

А ў чым жа — у натуры, у разуменні жыцця — у чым?

Было гэта... аж дзесяць год таму назад. Цяпер тыя яблыкі прыгадаліся ў нейкай сувязі з яркімі кветкамі маку, якія ўбачыў праз акно аўтобуса ў гародчыку перад светлаю хатай.

Чаму гэта не проста ўспамінаецца, а хвалюе?

Перадаваць другім такое адчуванне радасці, красы жыцця, любові да яго — няўжо гэта не сапраўднае мастацтва, няўжо ў мяне ёсць яшчэ і такія сумненні?

* * *

Над быстрай Шчарай, у пакойчыку з акном на сосны, пясок ды мох пад імі, чытаю прозу Гётэ. Перад сном. Усё, што за маім асветленым пакоем, уяўляючы.

Прыехаў сюды пазаўчора, а ў вачах яшчэ ўсё маладзенькія рабінкі ў сонцы, абапал бруку наваградскага гасцінца, на зеляніне прысадаў, каля жоўтага ды зялёнага поля...

Чаго ты прыстаў да іх, што ты ўбачыў тут за апору, за грунт для жыцця, для сэнсу яго, для вечнасці?

І сапраўды — для жыцця, для радасці яго, няспыннай радасці вечнага абнаўлення, вечнай надзеі на лепшае заўтра, вечнай упэўненасці, што яно прыйдзе. Сапраўднае чалавечае заўтра.

* * *

Цёмны і золкі вечар. Спыніўся, каб паслухаць радыё, што грыміць з двара воінскай часці і, трохі слабей — за касцёлам, у гушчы дамоў.

Зусім звычайная гэта рэч, і неяк дзіўная разам з тым, што на ўскраіне соннага гарадка, над трыснягом халоднага балота, у голлі сумных дрэў два гучнагаварыцелі разносяць жывы, цёплы голас пісьменніка, які расказвае пра свае творчыя планы, а потым чытае новае апавяданне.

Ён цяпер госціць у мностве гарадскіх кватэр, вясковых хат, па ўсёй нашай вялікай краіне і за межамі яе. Ён вось — голасам — цепліцца і пульсуе ў паветры з усімі сваімі чалавечымі, і толькі яму ўласцівымі, уладзімірскімі інтанацыямі, ён гаворыць з мільёнамі, і ён так блізка ад мяне. Нічога, што асабіста мы з ім толькі знаёмыя — я люблю яго кнігі, і я вось пастаяў пад дрэвам, на слоце, паслухаў... З нейкім наіўным, ці што, хваляваннем, з думкай пра нашы правы і наш абавязак — так вось грымець над зямлёю.

* * *

Машына пыліць паміж голых асенніх палёў. Спявае радыё. Поўная маладога шчасця і мілай грацыі польская песня пра тое, як дзяўчынка ішла па лясочку ды спаткала паляўнічага.

«Стралочак мой, мілочак мой, як жа я табе рада! Дала б я табе лустачку хлеба з маслам, але толькі што з’ела яе сама!..»

І цудоўны — без слоў, як жаўранкава песня,— прыпеў, на цэлы куплет — «тра-ля-ля»!..

Еду ад добрых людзей, стомлены шчырай гасціннасцю.

Трохі залішне расчулена думаю, што, можа, я і нічога не варты, аднак, калі музыкай слова пакіну такое вось «тра-ля-ля»,— некаму будзе таксама радасна.

Паходжанне гэтай радасці многія не змогуць вытлумачыць, але — такое бяды. Я ў ёй схаваюся, у людской радасці.

* * *

Што гэта робіцца з памяццю?.. Гадоў ужо з дваццаць я памятаю сон — штосьці наўздзіў прыгожае ў маім жыцці. Успамінаю гэты сон. Нядаўна нават перасніў яго яшчэ раз... Дзіўна!

Дваццаць гадоў таму назад жыў я, можна сказаць, абы-як. І вось тады сасніў, што мне, замест майго катуха, прапануюць кватэру.

Ды не кватэра помніцца з таго сну, а толькі адзін пакой. Куткавы, ценявы, з акном у стары сад. Там будзе мой зацішны, мой удачлівы кабінет!..

Даўно ўжо ёсць у мяне і кватэра, і свой, асобны рабочы пакой. Праўда, з акном на ўпарта і нязменна сумны дах другой камяніцы. Але вялікі, зацішны, з любімымі кнігамі.

Чаму ж мне помніцца, нават зноў сніцца тое акно ў цяністы сад?

Ад тугі па зялёным, па сонечным?

Ці ад тугі па няўлоўнай удачы?..

* * *

Мае найранейшыя творы не засталіся, не выжылі. Але ж дагэтуль засталася ў памяці радасць працы над імі.

Часамі нават нібы ўспамінаецца, што вось было ў мяне... здаецца, вельмі маленькае, ды вельмі ж ёмкае, светлае апавяданне, якое дало мне вялікую радасць стварання, дало надзею, упэўненасць, што буду пісаць. Дало, а само кудысьці прапала... Дый невядома, ці наогул было. Хоць радасць тая і ўспамінаецца як сапраўдная.

Былі ў тым апавяданні нейкія вельмі скупыя і яркія, вельмі трапныя і каштоўныя словы, куды дакладнейшыя і значнейшыя за тыя, якія ёсць у маіх ранніх надрукаваных творах. Былі? А можа не было? Можа і не. Я памятаю іх як у шчаслівым, але невыразным сне, дзе тыя словы — больш музыка, чым жывапіс. І гэтая музыка — мая першая радасць авалодвання словам — не толькі была тады, але, як вясёлае, чыстае рэха, паўтараецца часта і сёння.

Толькі ж ці часта?

Каб жа часцей!

* * *

Двойчы праходзіў каля адной старэнькай хаціны. У агародчыку перад хатай стаяла бабуля, таксама спрадвечная. Стаяла, калі я ішоў па вёсцы ў адзін канец, стаяла, калі вяртаўся. А вёска доўгая. І я не вельмі спяшаўся.

Побач з бабуляй, каля не вельмі ўжо відушчага акна,— сакавіта-зялёны куст. Можа я не пазнаў бы за нейкіх пяць крокаў, а то і не пацікавіўся б, што за куст, але на ім цвіла ружа. Толькі адна.

І вось яна мне помніцца.

Нават нагадала васняцоўскі «Скіт» — лясную цемру і светлую кропку агеньчыка, які гаворыць так многа.

Пра скупасць мазка.

* * *

Позняя восень. Цёмная ноч. І не спіцца.

Уяўленне настойліва малюе мне, падсоўвае, мяняе краявіды — ва ўсёй шматколернай красе. Я не ўспамінаю іх, убачаныя калісьці,— яны з’яўляюцца па загаду, па жаданню майму — новыя, цудоўныя, жывыя. Магчыма, яны падсвядома манціруюцца з успамінаў, з розных кавалкаў у адно? Не ведаю. Яны іграюць усімі барвамі жыцця, яны хвалююць, і мне... так добра ад гэтай бяссонніцы.

* * *

У Спаскім-Лутавінаве.

Блукаў па парку, выходзіў у поле. Пад пошум залатой лістоты ўгары, пад шамаценне яе пад нагамі, гледзячы ў загадкавы гушчар, а пасля на прасторы парэзаных ярамі ды падвяселеных пералескамі палёў думалася — як быццам сумна, нават трохі абыякава:

Што ж, зямля — і тут як зямля. Апяяць яе толькі трэба як след. Урабіць словам.

Ён гэта і зрабіў.

Таму вось мы і ходзім, і любуемся.

* * *

Учора даволі доўга і горача спрачаліся пра старое і новае ў мастацтве слова.

Ніяк не магу зразумець, чаму, напрыклад, стыль Чэхава і Талстога «аджыў»... Калі яны — вяршыні светазарныя, дык промні іхняй велічы падаюць зверху далёка ў мінулае, беручы адтуль, і далёка ў будучыню — даючы. Калі такія пісьменнікі — з’ява эпахальная, дык няўжо іх стыль — шчыра, проста і коратка — састарэў і трэба ад яго «ўздымацца»?

Вечны крытэрый: калі ёсць што сказаць, калі хочаш, каб цябе зразумела, каб табе паверыла як мага больш людзей,— мудрагеліць не будзеш.

Вечнае не старэе.

А моладзь наша шукае новага ў літаратуры часткова і таму, што засумавала яна па вечным — па праўдзе, па жыццёвасці.

* * *

«Пакуты слова». У паняцце гэтае трэба ўключыць іменна тыя пакуты, калі мне хочацца працаваць, а я не магу. Бо якія ж гэта пакуты, калі працуеш?

* * *

«От избытка сердца говорят уста».

Успомніў гэта ў рэдакцыі, спрачаючыся пра майстэрства, а потым успамінаў у дарозе, у зялёным тунелі Брэсцкай шашы.

Як гэта правільна сказана! І якія там могуць быць «уста», дзе няма «избытка сердца»?

Тут, да евангельскага, падыходзіць і горкаўскае:

«Много сердца — лучшее средство писать хорошо».

* * *

Чытача не ашукаеш. Калі ты любіш, што любіш, па-сапраўднаму, а ненавідзіш таксама на ўсю душу, калі ты ўкладваеш у тое, што пішаш, усё, што маеш найлепшага, калі робіш гэта натуральна, шчыра, без усякай задняй, нізкай думкі,— чытач гэта бачыць, ён прымае тваю руку, працягнутую на дружбу.

Наколькі што будзе ў тэксце, наколькі ў падтэксце — гэта ўжо, здаецца, не заўсёды ў нашай уладзе. Але гэта павінна быць, гэтым павінен дыхаць твор, і гэтага не падробіш. Шчырасць — толькі яна будзе відаць, і толькі яна — галоўнае.

* * *

Пішучы пра другога, не бойся быць самім сабою. У Ралана, напрыклад, з яго сярэдневяковым Бруньёнам, гэта выходзіць вельмі і вельмі нядрэнна.

* * *

Пераглядаў ранейшыя блакноты, думаючы, што ўжо зрабіў калісьці такі ці падобны запіс. Не знайшоў яго, і таму пішу, бо ўжо дзён некалькі думаю пра гэта, хачу кагосьці спытаць:

— Вас когда-нибудь били по обнаженному сердцу?..

Ці чуў гэта дзесьці, ці чытаў (бо і думаецца па-руску) — не ведаю, не памятаю. Але гэта апошнімі днямі — вельмі маё...

Вось што такое «лірычная проза».

* * *

Прыглядаўся да сваркі вераб’ёў у горбе бярозавага вецця каля плота.

Радасна ўспомніў другое прадвесне — ажно трыццаць трэцяга года. Той час, калі я захапляўся народнымі апавяданнямі Талстога — першага, хто мяне навучыў па-сапраўднаму любіць жыццё, працу, простых людзей.

Улетку таго самага года, упершыню прачытаўшы

«Ці шмат чалавеку патрэбна зямлі», назаўтра, у полі, доўга глядзеў на аўсяныя мэндлікі і глыбока, назаўсёды адчуў, што пісаць трэба толькі для простых, працоўных людзей.

* * *

Калісьці нехта выдумаў сякеру, песню, казку... Сам застаўшыся безыменным. Калісьці кітайскія літаратары пускалі ў жыццё свае творы без подпісу, ананімна.

Чытаў я пра гэта ў юнацтве і недаўмяваў. А цяпер ужо нібыта пачынаю разумець... Нядаўна нават усцешыўся, сустрэўшы ў Галчыньскага:

«Працуйце — цудаў няма».

Гані мяне, доля, ад перакатных радасцей капрызнай славы да зямнога, ціхага шчасця вялікай, патрэбнай працы!

Бо як жа працуюць і працавалі мільёны безыменных творцаў жыцця — у чым іх слава і шчасце?

* * *

Рэмбрант. Ротэрдамская галерэя.

Многа партрэтаў важных, у той час знакамітых персон.

Сёння забаўна: ім здавалася, што яны робяць ласку мастаку, што не ён, а яны застануцца!..

* * *

Купіў і з цікавасцю перагортваю кнігу «Фауна Беларусі».

Паміж звяроў, арлоў ды гадаў вельмі нядрэнна гэта гучыць: Luscinia, luscinia — звычайны салавей. Знайдзіце больш дакладную і гордую ацэнку.

І нам бы так акрэсліваць значэнне літаратара.

* * *

І сапраўды гэта ж вельмі цікава — які Багрым быў аўтарам выдатных вершаў, што сталі потым народнымі песнямі. Скажам, «А ў полі вярба» або «Ой, я п'яна, я п’яна»? Вельмі цікава і вельмі крыўдна, што ні да нас, за выключэннем самых блізкіх таго аўтара, ні мы, ні пасля нас — ніхто не ведаў і не будзе ведаць.

Гэта — не адкрыццё, не сцверджанне вядомага, проста я адчуў гэтую загадку чамусьці небывала востра і хвалююча, як быццам на мяжы нейкага шчасліва-сумнага натхнення, нейкай патрэбнай задумы.

* * *

Уранні, устаўшы з-за пісьмовага стала, чамусьці раптам успомніў, што «Матушка, голубушка, солнышко мое» — любімая песня Пушкіна. Ад гэтага яна — яшчэ бліжэйшая і прыгажэйшая. Да народнага цуду падключаецца ўвесь цудоўны пушкінскі свет — любоў загараецца ад любві, святло зліваецца са святлом.

* * *

Учора быў першы раз у Жупранах.

Магіла, помнік і, у касцёле, партрэт Багушэвіча.

Радасна, дзіўна, што ён — не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім паблізу жыў, памёр і пахаваны тут вось, побач з маці і сястрой, на звычайных вясковых могілках, дзе на кожным помніку па некалькі пацешных памылак...

І другое пачуццё. І здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто блізу сто гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюма стыхіямі, рускай і польскай, насуперак усім, уключаючы і сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім і зрэбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам. І славы не было, а толькі адчуванне абавязку.

Шчасце наша, відаць, у самой апантанасці.

* * *

Што не забудуся з апошняй паездкі ў Маскву, дык гэта — Прышвін у труне. Прыгожа сівая галава на падушцы. Слёзы, калі Паустоўскі натхнёна гаварыў пра ягоную веліч як чалавека і мастака. Побач са мной, у збоі моладзі на галёрцы, плакаў юнак-аркестрант, з трамбонам пад пахай.

Я ўспамінаў маё знаёмства з Міхаілам Міхайлавічам,— над яго старонкамі, у страшным сорак другім годзе,— і думаў, што добра вось так: зрабіць усё, што мог, і адысці.

* * *

Латвія любіць Упіта.

Асабліва непасрэдна гэта праявілася ў словах калгасных дзяўчат, зямлячак юбіляра, якія падаравалі яму самаробныя рукавіцы.

— Што, што яны сказалі? — пытаюся ў шуме воплескаў.

І сябар мой, латышскі паэт, перакладае:

— Каб цёпла было вашым старым рукам, якія...

Кнігі яго — іржаная, духмяная, туга замешаная проза. Часамі залішне грунтоўная, а то і проста сумная, але ўсюды разлічаная на сур’ёзнага, удумлівага чытача. Чытаць яго — і асалода, і праца.

Сапраўдны, моцны чалавек, нястомны работнік, ад знаёмства з якім і сам ты, здаецца, становішся лепшым. І не «здаецца», а так. Тут дорага само жаданне. Яно не праходзіць бясследна.

* * *

Дзіўнае супадзенне. У вагоне расказваў хлопцам пра сваю маскоўскую сустрэчу з Юрыем Яноўскім. Пастаялі на вуліцы. Вельмі хацелася сказаць, што ён мне блізкі, што я шкадую яго, хачу, каб яму палягчэла... А ён, прыгожы, стройны, заўчасна пасівелы чалавек, выдатны пісьменнік, якога вось ізноў пабілі,— жорстка, груба, несправядліва,— ён усміхаўся сваёй мудрай, журботнай усмешкай і гаварыў:

— Людзі адыходзяць, справы застаюцца...

Было гэта днямі, а сёння ўранні, прыехаўшы ў Брэст, у першай газеце я ўбачыў некралог...

Юры Іванавіч пайшоў. Справа яго засталася. Сумная ўсмешка — таксама. Многае ён панёс, не паспеўшы, не змогшы аддаць. Не ўсё, вядома, па сваёй віне...

* * *

Адзін стары, бацька майго таварыша, гаварыў, паміраючы, што найбольш яму шкада расставацца з прыродай.

А мне было б з кнігамі...

Выбліснуць з невядомасці, захоплена разгарнуць кнігу, вялікую кнігу сусветнай літаратуры, і зноў ісці ў нябыт — як горка!..

Але чаму я запісваю гэта спакойна? Сытая, вялая абыякавасць? Упэўненасць у нечым, што пераможа смерць? Ці проста таму, што я думаю пра гэта яшчэ ўсё адцягнена: «было б»?..

* * *

Падвойная работа думкі: чытаеш, засвойваеш чыёсьці і думаеш пра сваё.

Чытаючы, па нейкай далёкай асацыяцыі падумаў, што разам з процьмай сучаснікаў не так і страшна старэць самому. Думалася так, вядома, і раней; цяпер нібы прыпомніў тыя думкі. І раптам прыгадаліся Таўлаевы радкі:

 

Ідзе за годам год,

старэюць людзі, хаты...

 

Далей таксама ўсё правільна, але ж — звычайна, які б там ні быў ідэйны напал. А ў тым, што старэюць і людзі, і хаты,— талент.

І не дзіва, што Валянцін — нібы грыбнік у пошуках шчырых баравікоў — так «вытоптваў» свае даўно, як верхагляду здалося б, гатовыя рэчы.

* * *

Чытаю «Зачараваную Дзясну». І захапляюся — на ўсю душу. Зірнуў, калі напісана: 1954—1955 гг. Даўжэнку я бачыў і слухаў на Другім з’ездзе пісьменнікаў, у снежні пяцьдзесят чацвёртага. І не ведаў як след, каго слухаю, бачу...

Чаму ж маўчу, не кажу, не пішу тым, што жывуць, пра сваё захапленне?

* * *

«Няма людзей поўнасцю добрых ці поўнасцю злых — усе мы паласатыя».

Кніга майго таварыша прынесла яму заслужаны поспех. Чытаю пачатак наступнай кнігі. Слабей. І я, чытаючы, як быццам нават рады, што цудаў не бывае,— подленькая радасць зайздросніка. А далей у кнізе пайшло ўсё добра, месцамі мне не хапала аднаго клічніка — ставіў на полі два.

Я рады. За сябра, за літаратуру. І за сябе. Што не такі я ўжо нікчэмнік, як здавалася, а проста — паласаты.

* * *

З асалодай, проста ў святочным настроі чытаю Алешу. Пасля «Ни дня без строчки», не хочучы разлучацца з аўтарам, перачытваю «Зависть». Нібыта я зусім не чытаў яе.

Містыка:

Ці прадчуваў ён, Юры Карлавіч, што і я яго буду любіць? Тады ці думаў, калі пісаў сваю апошнюю кнігу і быў часамі вельмі самотны, несправядліва абыйдзены...

* * *

Чытаючы тоўстую, сумную, але патрэбную кнігу, прыемна спаткацца, нібы з чалавекам у снежнай пустыні, з нечымі паметкамі на кніжных палях.

* * *

«Унять старую ведьму!» — сказал Пугачев. Тут молодой казак ударил ее саблей по голове, и она, обливаясь кровью, упала на ступеньки крыльца».

У чым таямніцы, у чым законы майстэрства? Чаму казак малады?

Адно бясспрэчна: калі б яе, старую жанчыну, ударыў не малады — было б значна слабей. Можа, і не запомнілася б так — з маленства. Бо і цытую па памяці.

* * *

Уранні ішлі мы ўдвух па цудоўнай лясной дарозе, дзе так многа снегу — і на зямлі, і на дрэвах,— і я спыніў таварыша, каб паказаць яму адну прыгожую з’яву.

Над комінам шэрай хаты, што прымасцілася на ўзлеску, бруіўся дымок.

Каторы ўжо раз прыгадаўся мне «Дым» Канапніцкай. Дымок над убогім жыллём жанчыны, кволы — «як подых старых грудзей, што дасталі яго з агню».

Вось што такое дэталь!

* * *

Мастацкае слова намякае, ажыўляе ў фантазіі чытача адпаведныя вобразы. Таму часамі, калі на нейкі момант выключаецца фантазія, вельмі дзіўна, ледзь не вусцішна бывае чытаць — застаюцца толькі літары, толькі словы, толькі радкі...

* * *

Чытаючы добрую кнігу, падумаў: апроч усіх падтэкстаў тут ёсць яшчэ і такі — гэта напісана ў дождж, гэта ў радасці, гэта ў горы... І шкада стала, што падтэкст гэты найчасцей адыходзіць разам з аўтарам.

* * *

Добрыя кнігі добра чытаць яшчэ і таму, што тады свежа і плённа думаецца пра сваё.

Над старонкамі Кента («Гэта я, госпадзі») уяўленне маё жыве Амерыкай. І разам з тым я думаю не толькі пра Кентаву маці, але і пра сваю, не толькі пра яго зямлю, але і пра сваё Загора, краіну майго маленства і юнацтва, бачу роднае — нібы адтуль, з другога паўшар’я, не проста вельмі здалёк, а нават нібы з касмічнай адлегласці, упісваючы тую прозу жыцця ў сусвет, у вечнасць...

Утопія?

Хутчэй паэзія. Ужо тым часам у межах магчымасцяў тэхнікі, на грунце рэальнага мыслення.

* * *

Знаёмячыся з нейкай добрай рэччу ў кнізе ці ў часопісе, вельмі прыемна бывае падумаць, што я тым часам ведаю, які гэта складаны, пакутлівы, радасны шлях,— шлях ад скрытай задумы, праз хаатычныя чарнавікі, праз рукапісы з бясконцымі праўкамі, выкрэсліваннямі, устаўкамі, праз сваё і чужое, такое і... ох, не такое часамі рэдагаванне, праз брудныя карэктурныя гранкі — да чысценькай, акуратнай друкаванай старонкі!..

Прафесійны сакрэт. Адна з не вельмі ўжо і многіх радасцей нашай працы.

* * *

Не скажу, што я прыехаў сюды, у вёску, «вывучаць жыццё». Бо зацягалі, забрудзілі мы гэтыя словы. Я прыехаў пажыць у родным свеце майго маленства і маладосці, пажыць са сваімі людзьмі, пра якіх мне заўсёды найлепш пісалася.

І мне, зноў акунуўшыся ў гэты свет, ва ўпор убачыўшы яго плюсы і мінусы, зноў бывае горка ад гладкапісу, ад несціханай, безадказнай балбатні некаторых дакладаў, артыкулаў, кніг...

* * *

Калі «знаходзіць новае», «заглядваць у будучыню» так, як раяць некаторыя «рамантыкі», калі сёння пісаць пра заўтрашні дзень, заўтра — пра паслязаўтрашні і г. д., дык хто ж напіша пра наш час?..

Успамінаецца талстоўскае:

«Нам патрэбны літаратары з буйным талентам бытапісальніка, а ў нас толькі выдумшчыкі».

Мы іх часамі называем лакіроўшчыкамі.

* * *

Удвух з сябрам у творчай камандзіроўцы. Навалачыліся па калгасах, а цяпер, у раённай гасцініцы, думаю перад сном:

«Як мы будзем дзяліць «мастацкія дэталі»? Як дзеляць, палазіўшы з таптухай, рыбную драбязу?..»

Няўжо такая беднасць, няўжо мы так адарваліся ад народа, што кожнае звычайнае слова якой-небудзь працавітай бабкі здаецца адкрыццём?

Халаднавата ад гэтых думак...

* * *

Пісаць пра Хора ці Каліныча проста з натуры калісьці можна было зусім свабодна, ведаючы, што яны, цёмныя і бяспраўныя, не прачытаюць, не будуць крыўдзіцца, тым больш пратэставаць.

Я браў з натуры нямала і нямала прыкрасцяў меў ад сваіх прататыпаў — дзесяць, пятнаццаць год таму назад. Цяпер тайнае робіцца яўным яшчэ хутчэй, амаль адразу са стала: усюды радыё, тэлевізары, прэса. І трэба лічыцца з гэтым пішучы з натуры, і маскаваць у большай меры гэтую натуру, жывых людзей і, разам з тым, не прыніжаць галоўнае дзеля часовых умоўнасцяў.

Гэта нялёгка, але нічога не зробіш — праўда заўсёды была і будзе самым сучасным і неабходным.

* * *

Калісьці недзе далёка, нейкія страшныя людзі рабілі вялікія злачынствы,— я чытаў пра іх, чуў, і не думаў, што гэта таксама былі звычайныя людзі.

Ды вось прыйшла вайна і мае знаёмыя — тут, цяпер і назаўсёды сталі нечакана са звычайных страшнымі.

І гэта — найстрашней.

Думаў так, адарваўшыся ад добрых вершаў Грубіяна1, думаў — уявіўшы, як знаёмыя мне яўрэі з нашага Турца глядзелі на звычайных, даўно і, здавалася, вельмі добра вядомых местачкоўцаў, суседзяў, некаторыя з якіх сталі паліцаямі і забівалі іх — па нечаму плану, вельмі далёкаму ах іхніх сапраўдных чалавечых інтарэсаў...

Гэта страшна. Пра гэта трэба пісаць.

* * *

Чытаю прозу Пецёфі. З той самай асалодай, «на той самай струне», як перачытваў нядаўна Бёрнса.

Перапыніўся, каб пазваніць старэйшаму, даўно любімаму сабрату па пяру, што занядужаў.

— Ну, як ты там сябе адчуваеш?

— Ды ўжо, брат, за сталом. Не пішацца... Сяджу, уздыхаю, як конь над пустым цэбрам...

Як жа запахла мне Беларуссю! Народным, пецёфібёрнсаўскім словам!..

* * *

«Хто з язычком, той і з малачком!» — гаворыць і смяецца молада амаль васьмідзесяцігадовы дзед пад гальштукам. Старэйшы брат майго знаёмага, госць з Канады, рабочы на пенсіі, прасавальшчык дамскіх паліто, што сабраўся нарэшце прыехаць на радзіму, якую яму ад горкай палескай беднасці давялося пакінуць — боская моц! — яшчэ ў 1906 годзе.

Папахадзіла з ім, папаездзіла па свеце гэтая прыказка. З-за акіяна, з тоўстае гушчы англа-саксонскай моўнай стыхіі вынырнула залатою рыбкай і вярнулася — разам з дзедам смяецца:

«Не трэба мне тваё піўцо, а трэба мне тваё слаўцо».

* * *

За ўсе амаль што дваццаць год пры панскай Польшчы ў нашу забітую, цёмную вёску адзін раз было прывезена кіно. Паказвалі яго ў школе, яшчэ царкоўна-прыходскай, старой і невялікай. Карціна — нейкі галівудскі сераднячок — пра каханне. А духата ў школе — не прадыхнуць, гарачыня — да сёмага поту! Па частках, спакваля разгортваецца дзеянне, распальваючы гледача. Трохкутнік — ён і дзве яны. Адна пакінула яго, пасля другая. І вось ён ляжыць у труне. Чысты, харошы — хоць ты плач. І плачуць. Тыя дзве, вядома. Спачатку адна з-за рамкі выйшла, падышла да яго, потым, з другога боку, другая... Жалоба, слёзы, ах, рамантыка!..

І раптам у душнай, потнай, напружанай цішыні — расчараваны голас дзядзькі Ёсіпа: .

— Ну вось, і пацалуйце яму цяпер абедзве ў...

Рогат. Абураны голас настаўніка:

— Ха-мы!..

Грубавата, вядома, але ж — здаровы рэалізм.

* * *

Кала Бруньёны ўсіх часоў і народаў не проста любілі слова, а вымушаны былі з-за недахопу слоў сваволіць, самі прыдумваць іх. Пастукваць у нашу цесную слоўную шкарлупіну вясёлай дзюбай, шукаючы выхаду.

* * *

Чуў калісьці: «Гадованае дзіця памерла». І тут пра беднасць, пра цяжкую беспрасветную працу.

Страшная ёмкасць народнага слова!

* * *

Сваты прыйшлі, а дачка яшчэ маладзенькая. Бацькам — гонар:

— Ды што вы, людзі добрыя, яна ж у нас яшчэ ў рэшаце спіць!..

* * *

— І вы, бабуля, па гэтую рыбу ў чарзе стаіце? Адна душой жывучы?

— А што ж, мілы, і адно вока спаць хоча.

* * *

— Дай, бэцю, сена ахапчык. На адну пугу,— просіць цыган.

А потым пугу тую як вышмаргне з-пад пахі — цэлую капу звяжа.

Слова тоіць вялікую сілу.

* * *

— Дык вы гэта, цётка, на старасці год і пчол самі даглядаеце? А сын?

— Ой, мілы, каб жа ён умеў! Пчала — скацінка, якую не ўдарыш.

* * *

«Вільня патане, а Кромань устане».

Пачуў гэта на Наваградчыне, ад вясковай цёткі. Прыпомнілася славутае: «Горы і долы зраўняюцца».

Другая цётка:

— Калісьці казалі: «Каб ты ў Бабруйску рабіў!»

Чаму так пракліналі, не ведае. Цьмяна прыпомніў, што сустракаў недзе ў Герцэна: «Лепш ужо Вятка, лепш Сібір, абы толькі не Бабруйск!..»

Мелася на ўвазе крэпасць.

* * *

Студэнты-дыялектолагі — хлопцы вельмі ўважлівыя: так жа хораша слухаюць, што ты ім ні гавары!..

Маладзіца толькі што пасварылася з суседкай цераз плот. Студэнты засталі яе — яшчэ не астыла.

Ды вось астывае, гаворачы з імі. Ужо і ўсміхаецца:

— Як сварышся, дык слова тое, здаецца, купіў бы! А цяпер дык любое вярнуў бы назад.

* * *

Пажылы афіцэр, былы франтавік-сапёр, які нядаўна страціў зрок пры размініраванні алжырскіх палёў, гаворыць з трыбуны, перад поўнай залай піянераў:

— Смерць я, дзеці, доўга насіў на руках. Каб другія яе не бачылі.

* * *

Саслужывец па арміі, пакуль яму жылося, не заходзіў да мяне. Цяпер заблытаўся ў нейкіх махінацыях і ўспомніў, відаць, што можна ткнуцца і да гэтага: а мо чым паможа. Цяжка было яму прызнавацца! Стогне, залезшы з гора ў народную мудрасць:

— Браце, важна мець не дом, а сон!..

* * *

У старанна адпрацаваным рэдакцыяй выступленні заходнебеларускага дзядзькі ацалела фраза: «Адзінаццаць год паноў няма, а рукі мае яшчэ ўсё баляць». Хоць ты дзякуй скажы, што захавалі гэтую залацінку, не заграблі яе ў слоўным пяску.

* * *

Без’языкасць многіх нібы-інтэлігентаў, прыкрую засмечанасць іх гутаркі «высокакультурнымі» словамі, нахапанымі на прыблізнай вучобе, з лекцый і дакладаў, з радыё і газет, проста, здаецца, з паветра, як нейкі мор,— запомніць, вывучыць цяжэй, чым любую замежную мову.

Такое ўражанне — калі слухаеш. А потым успамінаеш і, без вясёлага натхнення, ніяк не можаш паўтарыць.

* * *

Партрэт знатнай даяркі і артыкул на такой — і горшай — мове:

«Даярка Ганна Н. сваёй самаадданай працай развянчала гнілую тэорыю пра тое, што кожная фуражная карова, калі яе адпаведна карміць...»

Што падумае сама тая Ганна Н., атрымаўшы газету,— ці разумее, што яна ды калі развянчала — пра гэта як быццам ніхто і не дбае.

* * *

Самаздаволены маэстра піша па-беларуску «шляпа», «укусна», «бракну», «кузнец»... У адказ на крытыку крычыць:

— Трэба смялей набліжаць нашы братнія мовы!

На невуцтве — «вялікая палітыка».

* * *

Маладая кладаўшчыца дома адпачынку смяецца, гледзячы ў накладную:

— От дзе графа: «Наіменаванне грузу — супрацоўнікі»!..

Бухгалтару, старой і стомленай за век жанчыне, гэта зусім не смешна.

— Машына ідзе ў горад і штосьці вязе. Значыцца,— тлумачыць яна з усёй сур’ёзнасцю,— гэтае штосьці павінна быць паказана ў адпаведнай графе.

* * *

У паліклініцы.

— Здарова, Зойка, што ты тут робіш?

— Я — па вапросу зубоў.

Гэта — не жартам: дзяўчына на кіруючай рабоце.

* * *

Бяздарны, але «тэматычна патрэбны» вершык пастаўлены ў чытанку нібыта спецыяльна для таго, каб умацоўваць сярод дзяцей заіканне.

* * *

Перачытваў Багдановіча. І ўжо каторы дзень... ну, проста не выходзіць з галавы:

 

...Нават сорам на хатніх зірнуць:

ці не ўцямілі, хвароба на іх,

ад чаго мой тварык смяецца,

ад чаго маё сэрцайка б’ецца.

 

А мой Міхась Васілёк, у якога жыта парасло на старэнькай хаце, які так здорава расказвае пра паляванні на дзікоў, пісаў чамусьці і такое:

 

Чорнай курыцай на стрэхі села ноч

і клюе, клюе рассыпаныя зоры...

 

Праўда, мы з ім пасля смяяліся з гэтых радкоў.

* * *

Увосені 1957 года, у Кракаве, на сустрэчы з пісьменнікамі і журналістамі, у мяне спыталіся, як у нас, у Савецкім Саюзе, адносяцца да рамана Сянкевіча «Агнём і мечам». Я адказаў, што прыблізна таксама, як у Польшчы да «Тараса Бульбы».

Неўзабаве пасля гэтага давялося ўбачыць двухтомнае выданне выбраных твораў Гогаля на польскай мове, з агаворкай у прадмове: «Тарас Бульба» не ўключаны сюды па зразумелай прычыне...»

Цяпер вось чытаю пра зайздросную, павучальную працу Мікалая Васільевіча над мовай сваіх твораў, у прыватнасці, над мовай «Бульбы», і неяк прыкра, і шкада, што гэтая аповесць, як і Сянкевічаў раман, дойдзе не да ўсіх людзей, не так, як іншыя рэчы гэтых вялікіх аўтараў.

* * *

Дзядзька прыходзіць завідна. Садзіцца надоўга. Расказвае цікава і грунтоўна. Там засмяешся, там нават сэрца прымлее са страху, а там, як на санках, пакоціш далёка-далёка з гары...

Яшчэ гісторыя. Яшчэ...

Бульба наша ўжо і зварана, ужо і з’едзена — усё пад дзядзькаў расказ,— ужо і малыя заціхлі на печы, ужо і газы ў лямпу я падліў, ужо і тата наш кляваў, кляваў носам дый добра-такі захроп за сталом.

— А то неяк зімой, дай бог памяць, аднойчы...

Я не драмлю. Мне толькі хочацца сказаць, праз сутаргу сто сорак восьмага нястрымнага пазяхання:

«Добры вы, дзядзька, чалавек. Талкова вы пра ўсё гаворыце. Але ішлі б вы ўжо, можа, дахаты. Ды заўтра зноў прыйшлі б, новае што расказалі б...»

Я не кажу так, вядома, бо будзе няхораша. А ўжо нават наша нястомная маці не можа прасці: не толькі вочы не глядзяць, але і рукі наўздагад не служаць.

— Дык я і гавару яму,— плыве спакойны і паўнаводны дзядзькаў расказ,— чаго ты, чалавеча, хочаш? А ён яшчэ і агрызаецца, шалудзька! Што ж ты, кажу...

Першыя пеўні яго не збянтэжылі. Вось-вось запяюць другія.

Яшчэ гісторыя. Яшчэ...

...Ён прыпомніўся мне над старонкамі адной новай кнігі.

Аўтар таленавіты, добра падрыхтаваны, аўтару ёсць што сказаць, я слухаю яго з прыемнасцю, пасля з пашанаю, затым з цярплівасцю, нарэшце — стрымліваючы пазяханне. Я чалавек. Сто старонак, яшчэ сто, яшчэ... І хочацца сказаць:

«Дзядзька, а можа вы лепей заўтра зайшлі б! Новае што расказалі б?..»

* * *

Разумна карыстацца лейкай можна толькі адпаведна яе прызначэнню: льючы з шырокага ў вузкае.

У літаратуры мы вельмі часта льём ваду наадварот: ад маленькай задумы — у шырокае мнагаслоўе.

* * *

Слухаючы «Ой, не кукуй, зязюленька» ў цудоўным выкананні Шырмавай капэлы. Мне шчасліва хацелася заплюшчыць вочы, працягнуць рукі і абмачыць свае пальцы ў свежасць вясновай раніцы. Як у расу. Як у крынічную ваду. Каб пасвяжэла на душы.

Справа і ў музыцы, і ў слове.

У другой нашай песні п’яны мужык сам лёг спаць, а жонку паслаў шукаць у полі каня. І вось яна, маладзенькая, ідзе:

 

...Памажы ты, зорачка,

знайсці мне конічка!..

 

Які малюнак ночы!

А што за дакладнасць, якое сілы зарад і крыўды, і жаласці— «хоць ты вазьмі разарвіся ад слёз!» — у просценькіх, наіўных і, нехта скажа, сентыментальных радках:

 

Ой ты, мамачка, мамка,

цябе кліча дзіцятка —

пашкадуй ты сіротку

ды памый мне галоўку!..

 

Ну, а размашысты задор у «Лявонісе» :

 

А пасынка дык і чорт не бярэ —

несалёную капусту жарэ!..

 

З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэта вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці.

* * *

Імглістая, парная раніца.

На сівым, старым частаколе пры студні — росны круг павуціння. За плотам — цёпла-барвовыя, буйныя кветкі канюшыннай атавы. Над імі — у мокрым лісці — цяжкія, спелыя, малінавыя слівы...

Прыгадваецца Лермантаў. Што, хіба гэта не бяссмерце?

* * *

Талстоўскі Познышаў сказаў калісьці: «Цяпер я на поўдзень. У мяне там домік і садок».

А я вось хаджу па ўскраінных вуліцах ды завулках Кіславодска, гляджу з акна электрычкі, едучы ў Пяцігорск, і радасна ўспамінаю іх, тыя, вельмі звычайныя словы.

Якая дакладнасць, і што яна азначае ў вялікім майстэрстве! Скажы ён «дом і сад» — нічога не было б.

* * *

Чалавека штосьці моцна ўразіла, і ён піша: «Я гэтага ніколі не забуду!» Яшчэ і з клічнікам.

Чалавек гэты пажыў пасля таго, як напісаў, нядоўга, ён ужо даўнавата памёр. І вельмі бедным, сумным здаецца мне ягонае «ніколі». Бо вось і мяне тая самая з’ява ўразіла. І я разумею, што яму пра яе трэба было сказаць мацней, не так шаблонна.

Бо чалавек гэты — Юры Алеша, мастак, які ўспамінае маленькі красавіцкі месячык, свежую, яшчэ ліпкую труну ў кузаве грузавіка, а ў той труне — Маякоўскага...

* * *

На рыжскім калгасным рынку — вясёлая процьма кветак, а пад сталамі спакойна ходзяць «никем не обижаемые голуби».

Простыя словы, а — разам з воблікам Кацюшы Маславай — запомніліся на ўсё жыццё. Вось ужо трыццаць год прайшло ад першага — можа, нават і не зусім свядомага яшчэ — захаплення.

* * *

Дзеці з глыбіннай вясковай школы прыслалі мне пісьмо. Што яны, маўляў, любяць мае апавяданні, што ад душы жадаюць мне новых поспехаў.

Што ж, настаўнік або настаўніца, вучыць іх любіць родную мову, літаратуру. І вельмі добра. Справа тут, вядома, не ва мне. Я так і напісаў ім. І кнігу паслаў. Зрэшты, не ўпершыню.

Цяпер сяджу ў высокім самалёце і... усё ж такі радасна, міжвольна думаю, уяўляю, як там недзе цяпер паштальён ім прынёс... І такое — здасца камусьці: вельмі звычайнае — для нас, беларускіх пісьменнікаў, не заўсёды звычайна. І радасна бывае — з непатрэбным сумам...

* * *

«...Чалавек, які атрымаў нямецкую адукацыю, ён пісаў свае творы на мове, якая ў той час магла толькі абмежаваць іх уплыў».

Такое гаварыў пра Данелайціса Іаганес Баброўскі.

Так — трэба, трэба было верыць у тое, што робіш, верыць нават і тады, дзвесце гадоў да сённяшняга росквіту літоўскай літаратуры, да выхаду яе на міжнародную арэну!..

* * *

Люблю рускіх, Расію, люблю Украіну... Але ніколі яшчэ не пашкадаваў, што я — беларус, ніколі не захацеў быць некім іншым, таксама як ніколі яшчэ не прыходзіў да недарэчнай думкі... стаць жанчынай. Я беларус таксама, як я — мужчына, і проста не магу глядзець на свет інакш.

* * *

Добра паслухаць, як людзі гавораць пра літаратуру, зусім не падазраючы, што і ты — таксама маеш дачыненне. У вагоне гутарыў з палкоўнікам медыцынскай службы. Сівы, бывалы, культурны чалавек, ён гаварыў пра аднаго са «сталічных класікаў».

— Мы яго доўга ў нашым Каўнасе чакалі. А прыехаў — п’янага вынеслі з вагона, п’янага потым і вынеслі з рэстарана ў вагон... Ці можна ўявіць падобнае, скажам, з Уладзімірам Галакціёнавічам, з Антонам Паўлавічам, га?

Так, добра часамі, што людзі не ведаюць, хто ты.

* * *

Бяззубы бабнік, п’яніца і хам сварыцца з чарговай жонкай. Узяў ён гэтую свежую жонку з дачкой ад другога бацькі. Цяпер дзяўчынцы чатырнаццаць год. Піянерка, выдатніца.

Айчым:

— Ты ведаеш, хто твая мама? Ведаеш? Я яе з вуліцы ўзяў! Падняў з-пад ног...

І дзяўчынка маўчыць, унурыўшыся, глядзіць спалохана, глядзіць — разумнымі, журботнымі, вялікімі вачыма.

Ноччу ў пакоі гэтага чалавека стукае машынка: ён піша.

На маральныя тэмы — таксама.

* * *

Ужо не малады артыст папрасіў аўтара п’есы дапісаць у ягоную ролю... «Сам разумееш, чагосьці такога...» Словам — каб ён, па ходу дзеяння, мог цалавацца з маладой артыстачкай, наіўнай, чыстай дзяўчынай, што нядаўна прыйшла з інстытута.

І аўтар... дапісаў.

* * *

Чалавек, якога я паважаю, якога паважаюць многія, які «стварае каштоўнасці», ездзіць на ўласнай машыне, сядзіць у прэзідыумах, чалавек, упрыгожаны сівізной... а расказаў такі пошлы, такі бяздарны анекдот, што ўсім нам, маладзейшым, брыдка было глядзець на яго, пакуль ён... ад душы смяяўся!..

* * *

У Доме творчасці пісьменнікаў стары «тварэц» наладзіў сабе проста бясконцы ды бясхмарны адпачынак. То спіць, то есць, то шпацыруе па лесе, сёе-тое без асаблівай натугі аддаючы ад свае сытасці народу.

Вечар. Некалькі маладых літаратараў глядзяць тэлевізар.

На экране — студэнтка чытае гогалеўскую «упоительную ночь», з лірычным прыплачам гаворыць: «Благочестивые люди уже спят...»

І, не змаўляючыся, моладзь здагадваецца, пра каго гэта, і выбухае дружным бязлітасным смехам.

Добра, што гэта ім смешна!

* * *

Ёсць і такія таварышы па пяру, што гадамі не паварушаць пальцам для грамадскай справы. Нічым ён не абурыцца, нікога не падтрымае, ні за кога не заступіцца. Сядзіць і напіхае аркушамі свой эпічны сяннік.

Чытаеш такі эпас і заўважаеш перш за ўсё адно — чалавек садзіўся кожны дзень за стол і, не зважаючы ні на што, гнуў лінію.

* * *

З выступлення француза на тургенеўскім вечары:

«Слава яго нікому не перашкаджала».

Там жа, у Вялікім тэатры, занатаваў гэта з прыпіскай: «Так трэба жыць».

Не пра славу, вядома.

* * *

Адзін, пабыўшы ў царскай арміі унтэрам, на ноч намыльваў вусы, падвязваў іх хустачкай, а ўранні, пастаяўшы перад люстэркам, пытаўся ў маці, прыгорбленай ад удовінай долі вясковай бабкі:

— Мама, я, кажацца, красіф?

— Красівы, сынок, красівы. Ідзі ўжо, можа, запрагай.

У другога, нашмат маладзейшага, была малая нага. Абуе ў свята хромавы бот, пакруціць ножку перад сабой, то з пяткі, то з носіка паглядзіць і каторы ўжо раз пытаецца ў сябра-суседа:

— У цябе які нумар боты?

Сусед, здаравенны дзяцюк, спакойна, з прывычнай усмешкай адказвае:

— Сорак пяты.

— А я нашу саракавы. А мог бы і трыццаць дзевяты.

Гэтых двух я памятаю з нашай вёскі.

Трэцяга — ён быў пісьменнікам — згадваю таксама часта. Сёння, праз некалькі год пасля смерці, кнігі яго ўжо зусім не чытаюцца, як ні шумелі пра іх у свой час. Сёння ўжо нават і алілуйшчыкі забываюцца называць яго ў святочных пераліках. Ён быў пісьменнікам. Здавалася, што быў.

Памятаю абмеркаванне яго чарговага опуса. Вельмі «сучаснага», вельмі «ідэйнага», вельмі «патрэбнага народу». Так гаварылася тады. Не ўсімі. Сёй-той, па маладосці, па наіўнасці, крытыкаваў. Зрэшты, не кажучы ўсяго, што твор увесь — не твор, а толькі робячы паасобныя заўвагі.

І вось ён — божа, якая веліч, якая самаўпэўненасць! — устаў.

— Я праслухаў тут вашы заўвагі,— пачаў паволі, урачыста.— Тыя з гэтых заўваг, якія заслугоўваюць мае ўвагі, будуць мною прадуманы...

Навошта гэта ўсё — і тыя вусы ў мыле, і ножка ў хромавым боце, і той апломб перад з’яўленнем у друку чарговай бяздарнай кнігі?

Для павучэння, для выхавання на адмоўных з’явах?

Заканамернасць нейкая?

Можа і так. Але — сумна...

* * *

Рэдагуйце яго, рабіце больш-менш прыстойна пісьменным, спяшайцеся, пакуль ён цёплы, пакуль яшчэ не застыў у бронзе класіка. Жывога.

* * *

І графаманы плачуць над уласнымі старонкамі. Яшчэ як шчыра ды крапліста!

Варта пра гэта памятаць, асабліва тады, калі ўжо слязінка падкочвае, просіцца...

* * *

Аўтар (па-свойску павітаўшыся):

— Ну, як маё апавяданне?

Рэдактар (стрымана):

— Будзем друкаваць.

Аўтар (спачатку збянтэжана, потым рашуча):

— Не, калі так, не будзем друкаваць.

О, каб жа так ды было!

* * *

«Няма таленту, але ж затое які ахоп падзей!..»

Няма ў спевака голасу, але ж затое як ён шырока разяўляе рот!..

* * *

Інжынер вырашыў стаць драматургам. Больш — кінадраматургам. «Гэта ў наш час,— прызнаецца ён шчыра,— найвыгадней».

Пасля таго, як я цярпліва і тактоўна раскрытыкаваў яго сцэнарый, ён, сустрэўшы мяне на вуліцы, радасна паведаміў, што «здорава над ім папрацаваў» і цяпер сцэнарый стаў — тэхнічная дакладнасць — «на трыццаць пяць... ды не, бадай, на трыццаць сем працэнтаў лепшы!..»

* * *

Для самаўпэўненасці чалавеку шмат не трэба — хопіць яе адной.

* * *

Аўтар «дакументальнай аповесці» піша ў прадмоўцы да яе часопіснай публікацыі:

«У гэтым творы няма нічога прыдуманага».

Як апраўданне.

Бедная «Вайна і мір»!..

* * *

Абмеркаванне першай кнігі маладога аўтара. Хваляць за змест, за форму — за ўсё. Хваляць густа і соладка. І толькі два чалавекі сярод шматлікіх удзельнікаў гэтай гаворкі ведаюць штосьці адно патаемнае... Сам аўтар і яго рэдактар.

Яны ведаюць рукапіс кнігі — які ён быў пакрэмзаны пасля таго, як па ім пахадзіла рэдактарскае пяро. Колькі там было выкраслена — са згоды аўтара, колькі дапісана ім самім — з удзячнасцю да рэдактара, колькі папраўлена зноў — пасля яшчэ адной, здавалася, самай апошняй рэдакцыі. Яны амаль па-сапраўднаму пасябравалі за тыя нялёгкія дні — малады і старэйшы таварышы. І вось заслужана спажываюць радасць удачы.

Ад першых келіхаў славы аўтар п’янее, і гэта пакуль што прыкметна толькі па румянцы яго шчок. Рэдактар, ён жа, дарэчы, і сам літаратар, радуецца па ўзросту ды па вопыту цвяроза, і амаль ніхто з прысутных не ведае пра яго дачыненне да хмельнай радасці імянінніка.

Потым адна з удзельніц абмеркавання, асоба юная і паэтычная, падносіць імянінніку келіх найбольшы.

— Як гаварыў вялікі Шуман,— цытуе яна звонка і расчулена,— здыміце капелюшы; паміж намі з’явіўся геній! Так, дарагія таварышы. І калі б яшчэ рэдактар гэтай цудоўнай кнігі папрацаваў над ёю хоць трохі...

Ну, што рэдактар, чуючы гэта, маўчыць — яно зразумела. Ён толькі галавою крутануў, злёгку прыгнуўшыся. Што аўтар з месца, адразу не крыкнуў: «Няпраўда!» — гэта таксама зразумела. Цягнучы з келіха — ды вялізнага, ды нагбом — не вельмі што і крыкнеш. Аднак і потым ён,— разгублены, без’языкі ад шчасця,— выступаючы ў заключэнне са словам падзякі ўсім удзельнікам абмеркавання, забыўся сказаць сваё слова толькі аднаму...

Хлопцу яшчэ давядзецца ісці да чытача з другою кнігай. А майстры гэтай справы кажуць, што другая кніга якраз найцяжэйшая, што іменна па другой найлепш пазнаецца трываласць і самастойнасць таленту.

«Нічога не зробіш. Памагай яму наш бог. І мы таксама будзем, калі спатрэбіцца».

Так думае рэдактар.

Магчыма, не зусім, а толькі прыблізна так. А вось што горка яму — гэта напэўна.

* * *

Зусім розныя рэчы — салдату хацець стаць маршалам, а яфрэйтару лічыць, што ён ужо генерал.

* * *

Кажуць, што суслік, сыценькі паразіт, калі яго вадою гоняць з нары, спачатку намагаецца ваду тую выпіць.

Кажуць таксама, што нейкі легендарны крытык, даўнейшы пагромшчык нашай літаратуры, пасля ХХ з’езда партыі пачаў вырэзваць свае старыя, «высокаідэйныя» артыкулы з усіх газет і часопісаў, ва ўсіх бібліятэках, заняўшыся гэтым вельмі старанна.

Суслік, не выпіўшы ўсёй вады, паварочваецца да яе задам, затыкаючы такім чынам нару, а потым вада выпірае яго, дурнога, мокрага таўсцюха, наверх, пад пастушыны кій.

На крытыка знайшоўся іншы спецыяліст. Таксама літаратурны. Раскапаў-такі дзесьці ў глыбінях далёкіх, вялікіх бібліятэк тыя яго артыкулы, парабіў з іх фотакопіі, час ад часу палохае імі крытыка і бярэ з яго... падатак за маўчанне.

Літаратурны суслік не загінуў, нават не збяднеў,— жыве ў багатай кватэры, адпачывае на раскошнай дачы, ездзіць на ўласнай машыне. Яму куды лягчэй заткнуць сытым задам цёмную ды пакручастую нару свайго мінулага.

* * *

З аднаго выступлення:

«Вялікую цікавасць уяўлялі творы беларускіх кампазітараў у кантатным жанры: «Над ракой Арэсай» і «Сказ пра мядзведзіху». Апошняя рэч не страціла мастацкай вартасці і да нашых дзён».

Ці мела мастацкую вартасць рэч першая — не гаворыцца. Лаві гэта паміж радкоў. І не думай, калі ласка, што сапраўдныя мастацкія вартасці застаюцца — дый маюцца — толькі тады, калі яны ёсць...

* * *

— У цэлым вы напісалі добрую рэч. Але ж некаторыя старонкі я вам проста павыкідаў бы.

Таксама, гледзячы на гульню більярдыстаў, можна сказаць, што тых шароў, якія не трапілі ў лузу, не трэба было.

* * *

Піліпку-сынку гусі скінулі па адным пяру — ён паляцеў. Калі ж паддацца, каб кожны, хто крытыкуе, вырваў у цябе па пяру ці па два — далёка не заляціш.

* * *

Пеўня спачатку рэжуць, а потым скубуць. А аўтара на кінастудыі спачатку доўга і калектыўна скубуць, а нарэшце хто-небудзь зарэжа. Што выгадней — варта б спытацца ў пеўня.

* * *

Назойлівы крык: дзе сюжэт?.. няма сюжэта!..

Гэта падобна на тое, каб, гледзячы на прыгожую дзяўчыну,— перш і больш за ўсё думаць пра яе шкілет.

* * *

Фізікі кажуць: штосьці знаходзім, а потым стараемся яго абвергнуць. Трымаецца — значыць, жыве.

Такога б нам, літаратарам! Каб аўтар сам сябе правяраў абвяржэннем.

* * *

Мы нават не можам толкам расказаць пра ўсе кветкі з таго букета, які нам часта дораць больш, чым трэба, удзячныя чытачы.

* * *

У таварыша, які горача пераконвае цябе ў любві і дружбе, непрыстойна пытацца, ці чытаў ён што-небудзь з тваіх твораў.

* * *

Чаму вы лічыце, што непрыяцель, пішучы пра мяне, будзе больш аб’ектыўны, чым друг?

* * *

Вялікі пісьменнік пакінуў нам радасць сужыцця са светам яго твораў.

Колькі ж ад гэтай радасці, ад гэтай несмяротнасці прыйшлося на долю яго самога, пакуль ён сам адчуваў, што жыве?

* * *

Складаю зборнік апавяданняў Міколы Лупсякова, выбіраю ў яго спадчыне найлепшае, вось ужо некалькі дзён думаю пра кароткае ўступнае слова.

Рабіць штосьці добрае таму, хто ўжо ніколі табе не падзякуе,— гэта і сумна і радасна неяк па-асабліваму.

* * *

Праз цяжкасці жыцця з Талстым можна ісці, будучы і моцным і, часамі, слабым. Ёсць да каго прыхінуцца.

З Дастаеўскім можна ісці праз трагедыі — будучы толькі моцным.

* * *

Пасля спектакля паводле «Раскіданага гнязда» позна ноччу перачытваў гэтую драму.

Думалася пра Купалу, што пачынаў вясковым самавукам,— як ён пакутліва шукаў і знаходзіў сваё сапраўднае ў гушчы жыцця, у складанасці свайго часу...

Няма такога ў нашым літаратуразнаўстве — жывы Купала ў яго станаўленні, іменна ў яго часе і асяроддзі, а не Купала... ледзь не з маленства класік, які нават ужо і свайго «Мужыка» піша адразу ў званні акадэміка. Меншае ці большае, свядомае ці несвядомае накладванне чацвярга і пятніцы на сераду і аўторак, няўменне аддзяліць Купалу сённяшняга ад таго Купалы, які дзень за днём, год за годам, праз рэвалюцыю, рэакцыю, сусветную вайну, зноў рэвалюцыю, праз радасці і нягоды небывалага станаўлення, зноў праз сусветную вайну вяршыў свой непаўторны подзвіг.

У гэтым няўменні, нежаданні, баязлівасці — слабасць нашага літаратуразнаўства, прычына таго ганебнага факта, што ў нас дагэтуль няма яшчэ кнігі пра Купалу, вартай выдання ў серыі «Жизнь замечательных людей»...

Такую кнігу марыў і збіраўся напісаць паэт Таўлай. А яго ўжо няма тым часам дваццаць шэсць гадоў...

* * *

Чароўная музыка слова.

Колькі разоў на Поўдні, чуючы ў больш ці менш жывым тлумачэнні экскурсаводак звычайнае, батанічнае: «ліванскі кедр» — успамінаеш біблейскае. Такое недасяжна паэтычнае, хвалюючае ў дні вясковай хлапечай самотнасці: «Кедры ліванскія...»

* * *

Старая здзіўляецца:

— Што ты мне ў руку цалуеш, як пані якой?

А ён, тым часам ужо таксама немалады, ваенны сябар яе сына, што загінуў:

— Даўно, цётка, не бачыліся.

Так проста растлумачваюцца глыбокія пачуцці.

* * *

Пачаў падпісваць адрас у Казахстан і спыніўся — зноў успомніў спякотнае Сямірэчча, наш светлы, людны аўтобус і «Горныя вяршыні» — Гётэ, Лермантава, Абая.

Не паўтару не толькі трэціх, Абаевых слоў, але і музыкі яго — таксама. Аднак адчуваю яе, бачу вясёлага юнака, казахскага паэта, які, з мікрафонам у руцэ, стоячы плячыма да шафёра, спявае, і мужны голас яго, душа яго песні так добра спалучаецца з усім, што навокал, за вокнамі. І высмажаны сонцам стэп, і горныя вяршыні, што так па-новаму пераклікаюцца з тымі, якія натхнялі немца і рускага...

* * *

Справа не ў тым, што я пабываў ужо ў Канадзе або ў Індыі, у Карэліі ці на Далёкім Усходзе. Вось я, глядзіце, быў, вось я што бачыў... Справа ў тым, каб усюды знаходзіць тое, пра што неабходна сказаць.

Што шчасце наша, наша мара і мэта — у разумным яднанні, як бы ні цяжкі быў шлях да гэтага.

* * *

Пачуў, помніцца, у Балгарыі:

«Дома ён — значны пісьменнік». У сваёй краіне, у сваёй рэспубліцы, калі гаварыць пра нас, савецкіх. І гэта — вельмі нямала, калі паважаць свой народ.

* * *

«Вострасюжэтныя рэчы не варта апрацоўваць у дэталях: спяшаючыся за інтрыгай, чытач на хаду, а то і на бягу — не заўважае гэтага».

Падумаў так, чытаючы модны раман. Чужымі думкамі падумаў.

А потым успомніў, як я чытаў упершыню «Ідыёта»,— у паасобных месцах проста закрываючы далонню ніз старонкі, каб не спяшацца, не бегчы паверсе.

Займальнасць — хто ж яе будзе аспрэчваць?

Аднак,— і галоўнае ў гэтым,— «Ідыёта» мне ўжо тым часам хочацца перачытаць. І буду яго перачытваць, як перачытваў многае, не толькі ў Дастаеўскага. Гэтае шчасце прадчуваецца далёка наперад, і з такім прадчуваннем сапраўдныя кнігі згадваюцца з асаблівай павагай і цеплынёй.

Безліч таго, што «чытаецца лёгка, цікава», востры сюжэт, займальнасць, калі за імі нічога больш няма, забываецца — што адразу, а што спакваля, а ўжо каб перачытваць іх — ну, хіба толькі ад безвыходнай пустаты.

А перачытваючы сапраўднае, у настроі спакайнейшым, чым першы раз, не толькі яшчэ больш паглыбляешся ў галоўнае, але і ўдзячна заўважаеш дабротнасць (ці, можа, добрасумленнасць?) апрацоўкі ў дэталях, бачыш, як неабходна гэта для мастацтва, якое робіцца не на раз, не пад моду, а назаўсёды.

* * *

Успомніў расказ аднаго з бывалых дзядзькоў пра даўняе «увеселительное заведение» на ярмарцы. Балаган з шыльдай: «Вход и выход пять копеек». Заплаціў, увайшоў, выйшаў — усё. І скардзіцца няма на каго: толькі ж гэта на шыльдзе і напісана.

Пра займальнасць, калі яна — самамэта.

* * *

«Еш, дурань, бо то з макам!»

З мусу, па службе чытаючы мноства вершаванай прадукцыі, возьме часам ды ўспомніцца:

«Еш, дурань, бо то з рыфмай!»

* * *

Збянтэжыўшыся перад веліччу сапраўднага мастацтва, бяздарнасць не змоўкне, не пакіне графаманіць. Часовая разгубленасць тут пераходзіць у патаемны цынізм: «Як ні пішу — абы грошы. Усё роўна ўсіх Талстых ды Чэхавых не перагоніш...»

Зрэшты, цынізм гэты не заўсёды патаемны: паміж сабой такія літаратары дзеляцца і гэтым крэда.

* * *

Стары ваенны здымак у газеце: маці і два хлапчукі на пажарышчы.

Уся іх маёмасць — два чыгункі.

Уявіў аднаго хлапчука. Да шчаслівага болю звычайна і ярка. Пасля другога. Маці іхнюю ўявіў...

І падумалася, што нам, работнікам слова, суджана расшыфроўваць людзям жыццё — у яго найзначнейшых праявах.

* * *

Колькі растрачваецца нявыказанага! Тымі, што маглі б і мелі б што расказаць.

Успамінаецца «дзядзя Валодзя», падпольшчык і партызан Царук, які са свайго пажыццёвага тэрміну адсядзеў да Верасня больш за трынаццаць гадоў і з нетраў панскай турмы вынес нямала гісторый, якія ўмеў расказваць ярка, весела, памятаючы мноства людзей, цытуючы доўгія вершы свайго таварыша па камеры...

Успамінаецца цётка Уладзя, Купаліха, якая блізка ведала Багдановіча, Цётку, якая пра Купалу ведала многа такога, чаго не ведаем і ўжо не будзем ведаць мы. Ні мы, ні нашчадкі...

Першы з гэтых незвычайных людзей, «дзядзя Валодзя», усё збіраўся выбраць час ды сесці са мною — многае расказаць. Ужо не раскажа.

Энергічная, мітуслівая цётка Уладзя адмахвалася ад нашых прапаноў — дапамагчы ёй з успамінамі — сама збіралася ўсё напісаць...

Сцішна робіцца часамі — колькі яго, нявыказанага, ідзе ў нябыт!..

Няўжо яно не прападзе, вернецца неяк праз другіх, у іншай форме выплыве наверх?

Няўжо так і трэба, так і запланавана, прадугледжана законам жыцця — такія затраты вытворчасці слова?

* * *

Ёсць людзі, якія, чуючы пахвалу агульнапрызнанаму твору, гавораць: «Слаба. Я не сказаў бы...»

І ў тоне сказанага, часцей за ўсё без доказаў, чуецца: «Апошняя дыстанцыя — я».

* * *

Над лугавой ды лясной палескай рачулкай пяюць, шчабечуць, крычаць птушкі — амаль зусім невядомыя, як у маленстве...

Тады, аднак, было не сорамна, што я іх не ведаю,— тады яны былі вялікай, цудоўнай таямніцай. І гэтага хапала.

* * *

Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся — Слову.

* * *

Амаль што адстаўны, але яшчэ ўсё самаздаволены крытык з’едліва папракае маладога празаіка за «празмерную сентыментальнасць».

«Ну добра,— думае той.— Я буду правіць, буду асцерагацца. Але ж я памятаю тым часам, што чуў пра цябе, паважаны маэстра...»

А чуў ён, як калісьці адна старая маці, калі бацьку ўзялі, прыязджала ў горад, дарэмна шукала вучонага сына, каб можа хоць ён каму-небудзь сказаў, што тут памылка, што стары не вінаваты... Дарэмна шукала, бо сын схаваўся ў сяброў, і не з яе заплаканай, вясковай кемлівасцю было знайсці яго ў вялікім горадзе.

Праўда, маэстра сам і расказаў пра гэта. Нядаўна. Ківаючы на той жорсткі час. І сам ён згодзен, што старых яго пакаралі незаслужана.

Але і пра гэта ён гаварыў як належыць: без таннай сентыментальнасці, строга, спакойна...

* * *

Як у маладога танцора, так і ў нявопытнага аўтара прыкра заўважаюцца лішнія рухі. Каб падперціся лішні разок, падмацаваць сваю няўпэўненасць, запоўніць хоць чым-небудзь пустату.

* * *

Высокае пачуццё — мая справядлівая рэўнасць: да палякаў — за Міцкевіча, да рускіх — за Талстога. Ім, некаторым палякам ды рускім, прадстаўнікам магутных нацый, здаецца, што я, «нікчэмны беларус», «спрадвечны парабак», не маю права на любоў да іхніх геніяў. Я гэта ведаю, мне гэта часта давалі адчуць. Любіць я, вядома, магу,— яны мне гэта паблажліва, ад сытасці свае дазволяць, але ж магу я, на іх думку, далёка не так, як яны, дый не тое маю права.

Ды не, маю я і магу! Тым больш маю, чым больш іхнія геніі, як Талстой, свядома хацелі належаць усяму чалавецтву.

* * *

Многа чытаю па службе. Колькі шэрай нудоты! І ў рукапісах, і надрукаванай!.. І як жа хочацца, як у духмень, каб хтосьці ўсю гэтую шэрасць перакрэсліў маланкай сапраўднага таленту!..

* * *

Два паэты ідуць па палявой дарозе. Бабы і дзеўкі жнуць. Пасляваенны калгас благенькі, але настрой у паэтаў выдатны. Адзін пачаў дэкламаваць, прыпомніўшы чужы, даўні верш:

 

Зваявалі жнеі сваё ліха-гора,

Вострымі сярпамі зваявалі...

 

Жняя, бойкая маладзіца, пачула і ў тон яму, адагнуўшыся, дадала:

 

Ваявалі жнеі, ваявалі,

А ім хлеба не давалі, не давалі...

 

Пайшлі нашы хлопцы — стуліўшыся.

* * *

«Галава пустая, як новы цэбар».

Чужое гэта? Народнае? Каб такое яна, вясковая настаўніца, прыдумала сама,— аднаго гэтага, на ўсе з гакам сто старонак рукапіснай слабізны, хапіла б, каб паверыць у яе здольнасці.

* * *

Крыху паэт, добры настаўнік, калі мы вячэралі ў яго хаце, цікава расказваў пра сваю ваенную маладосць.

Паход па вызваленым Крыме: «Нібыта я ўпершыню ўбачыў неба і кветкі!»

Асабліва цікавы расказ — як іх каля Сіваша засыпала ў акопах, «у лісіных норах», снегам, што ішоў усю ноч. І нашых засыпала, і ворага. Як задыхнуліся многія, як забыліся, адкопваючы сяброў, што трэба страляць па немцах...

Дый немцы пра гэта забыліся. «Рус, вэк!» — крычалі яны, калі адзін наш афіцэр выйшаў на нейтральную паласу, каб узяць карагу, што вытыркала са снегу.

Потым ужо, апамятаўшыся, камандзіры — і нашы і іхнія — пачалі крычаць: «Страляй!»

Цудоўная сітуацыя для апавядання. Глыбокага і сцішнага...

А хлопец піша свае невыразныя вершыкі.

Ці не таму гэта, што мы яшчэ ўсё не пішам так, як расказваем пры сяброўскіх сустрэчах?..

* * *

Спусціўшы ў машыне фіранкі, уключыўшы радыё, можна і падумаць, што «слова «беднасць» трэба нарэшце выгнаць з нашага лексікону, як састарэлае»...

Можа ён і не думае так, але — піша...

* * *

Пісаць, капіраваць жыццё «па клетачках» у наш час могуць многія.

«Калі ёсць людзі, якія за гэта плацяць, дык чаму ж не павінна быць людзей, якія возьмуць гэтую плату?..»

Так разважае сёння, на жаль, яшчэ не адзін «літаратар».

* * *

Яму нямілы сёння ўвесь свет, бо ён агідны сам сабе, і ўсё, што напісаў, здаецца такім безнадзейна бяздарным...

Ідзе — абы ісці. Зайшоў у магазін мастацкіх вырабаў. Пажылая прадаўшчыца, жанчына саладжавая ад службовай стараннасці, прапануе яму, незнаёмаму, сумнаму інтэлігенту, вельмі цікавую навінку. Гэта — разны пісьмовы прыбор... з люстэркам. Пішы ды пазірай — любуйся сам сабой...

І ён павесялеў. Нават зарагатаў. Жанчыне здалося — дзіўна і дзікавата.

* * *

Паэзія, шчасце жыцця, філасофія... А потым такому паэту, аптымісту ды філосафу на пасадзе старшыні калгаса, дзе каровы і так ужо не ўстаюць ад бяскорміцы, загадваюць:

«Або давыканаеш план па пагалоўю — яшчэ на сорак працэнтаў, або паложыш партбілет!..»

Ён — твой друг, з якім ты спяваў, разважаў — будзе пяцца яшчэ мацней, сцяўшы зубы ад справядлівага недаўмення. А табе, «свабоднаму мастаку», можна будзе нават і парадавацца, што цябе такое не датычыць...

Дык што ж гэта за дружба, што за «ўтаржэнне ў жыццё» і што ты за такі свабодны — ад чаго — мастак?

* * *

У непісьменнікаў, калі ім часамі даводзіцца напісаць што-небудзь, вырываюцца цудоўныя, вялікай мастацкай сілы дэталі, падказаныя жыццём.

Чатырнаццацігадовая дзяўчынка нясе на могілкі маленькага брата. Грамадзянская вайна, бацьку застрэлілі белыя, маці недзе ў камандзіроўцы.

«Я загарнула яго ў прасціну і панесла на могілкі. Дзень быў спякотны, але мяне ўсю калацілі дрыжыкі ад холаду гэтага маленькага мёртвага цельца».

Так успамінае праз сорак гадоў колішняя дзяўчынка, выступаючы ў газеце. А тое, што ёй проста помніцца, падкрэсліў я.

* * *

Чытаючы нудны артыкул пра Гартнага, думаў пра той крытычны шум, які ўзнімаецца заднім чыслом вакол некаторых «высокаідэйных» твораў і аўтараў.

«Палымяныя вершы яго заклікалі, натхнялі, вялі...»

А цяпер яны не чытаюцца. Бо слабыя. І так вось проста пра гэта не скажаш.

Нядаўна такі шум узняты быў вакол паэзіі Беднага. Даклады, лекцыі, артыкулы, радыёперадачы... Ды што ж ты зробіш, калі пафас акрэсленняў ніяк не клеіцца ў адно з цытатамі!.. Проста правалы. Ажно некаторым прапагандыстам няёмка.

Хтосьці назваў тады гэтую кампанію дзямянавай юшкай.

Трапна. Але прыватна. Бяда — шырэйшая.

* * *

Аўтар рамана, які прызналі не зусім удалым:

— Перапісваць яшчэ раз не хочацца...

— Ты не любіш яго?

— Ну, што ты!..

— І не любіш. Бо калі любяць, пацалункаў не лічаць.

* * *

Хлопцу трынаццаць гадоў, а ўжо чытае «Ціхі Дон».

— Люблю я, мама, Грыгорыя. Белых б’юць, а мне шкада, бо там жа Грыгорый...

Бледна яна выглядала б, наша літаратура, каб не было гэтага Грыгорыя.

* * *

Багдановіча «Я не самотны, я кнігу маю» зачароўвае сваім глыбокім падтэкстам, спалучаным з трагізмам прастаты,— у гэтым падтэксце і тое, што ў Пушкіна: «Нет, весь я не умру» — прадчуванне, а то і свядомасць свае несмяротнасці, што і ў выпадку з Багдановічам апраўдалася для нас, нашчадкаў.

* * *

Дзіўная справа — як жа ўсё-такі жывуць і пішуць тыя пісьменнікі, што не Героі, не лаўрэаты, не дэпутаты, без ордэнаў, а проста... добрыя работнікі літаратуры?..

* * *

Пражыў паўстагоддзя і не ведаў, што Зэльва — ад літоўскага жаля — зялёная. Даведаўся і нібы здзіўлены, нібы рады...

Заўсёды штосьці будзе адкрывацца, будуць здзіўленні і радасці.

Абы яны былі!

* * *

Часта, прыбіраючы ў сваім пакоі пасля падлетка-сына, успамінаю Коласа:

 

...Шпурнуўшы лапці і анучы

Сярод двара ў пясок сыпучы.

Іх маці зараз падабрала,

Нічога сыну не сказала.

Пайшла ў крыніцу і памыла,

На прызбе сохнуць палажыла.

 

Апошнія два радкі — па школьнай памяці, у зборы твораў яны гучаць інакш.

А ўсё цытую з-за падкрэсленых радкоў: як гэта проста і, перажыўшы самому, як дакладна!

* * *

Раманісту лягчэй, здаецца, схаваць сваё «я», чым апавядальніку. У другім выпадку на «я», на асобе аўтара, на яго духоўнай сутнасці і трымаецца твор.

Гэта — калі параўноўваць «чыстую белетрыстыку» і «лірычную прозу».

* * *

Разбіта бяздарная кніга жывога халтуршчыка. Грунтоўна, доказна, нават спакойна.

Аўтаравы сябры, дый сам ён, яшчэ глыбей панураны ў нявінную журбу, менш за ўсё пярэчаць па сутнасці справы, але, адводзячы агонь, больш за ўсё абураюцца тонам.

Хваліць можна тонам любым.

* * *

Удалую рэч выгадна напісаць яшчэ і таму, што тады некаторыя з вашых сяброў скажуць другім некаторым, што, пачынаючы з гэтай рэчы, вы для іх — сапраўдны пісьменнік.

Хоць яны і перад гэтым хвалілі кожны ваш новы твор. Таксама горача і... шчыра.

* * *

Калі я, быўшы падлеткам і юнаком, цішком выняньчваў свае першыя «вершы», а потым і «апавяданні», і не мог часамі нацешыцца ўдачай,— што гэта было: ужо творчая праца ці яшчэ нявінная гульня? Ці, можа, адно і другое разам?

Магло быць і так. Бо праца ў чалавека пачынаецца з гульні — з наіўнай гульні ў разумную працу жыцця. Гэта патрэбна і, перш за ўсё, натуральна.

* * *

Славуты фізік:

— Сваім студэнтам-першакурснікам я гавару, што яны дурні, калі не лічаць мяне круглым ідыётам. Гэта патрэбна для руху наперад. А ўжо на чацвёртым, на пятым курсе яны могуць дазволіць сабе і аб’ектыўнасць. Бяда, калі яны задоўга будуць адчуваць сябе першакурснікамі.

Такое падыходзіць і для лірыкаў.

* * *

Вывучу столькі, колькі трэба, каб ведаць, куды я прыйшоў, што мне рабіць і як мне пайсці адгэтуль. І ніколі не будзе зашмат, і не будзе вялікага смутку, што я не ўведаў усяго, бо ў пазнаванні — радасць, і яна бясконцая.

* * *

Як бы хацелася прадбачыць, ужо сёння адчуць тыя добрыя словы, якія скажа пра мяне сапраўдны друг, калі мяне ўжо не будзе!..

* * *

Я, таварышы, усё-такі вельмі шчаслівы чалавек!..

Адчыніў акно, паклікаў сына абедаць, зачыніў акно і вось — шыба паляцела з пятага паверха ўніз, на чародку вясёлых хлопчыкаў... І нікога не зачапіла!

І я магу зноў жыць, бачыць цудоўны свет, зноў працаваць!..

1952—1975

1 Грубіян Мацей (1909—1972) — яўрэйскі савецкі паэт.


1952-1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Збор твораў: У 5-ці т. Т. 5. Лірычныя запісы і мініяцюры. -Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 341-588
Крыніца: скан