epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Свежасць

Ранняя ціхая раніца. Ідылія такая, што і сабакі гаўкаць лянуюцца. Толькі птушкі нястомныя, —шчабечуць, цёхкаюць, каркаюць, кукарэкаюць зрэдку.

З-за Нёмана, з лугавога бязмежжа з пушчай на даляглядзе, — жораў!.. Ён так хвалююча саліраваў адтуль і ўчора.

Зязюлі кукуюць не аднолькава. Адна, бліжэйшая, — неяк ці то зусім па-старэчы, ці то прастуджана. Колькі трэба ўпэўненасці ў сваім абавязку, колькі ўпартасці, каб так бясконца паўтараць — адно і тое ж «элегічнае куку»?..

Салавей — з лазняку пад абрывам. У гэтага натхненне, радасць вечна новая, хоць і спявае ён, здаецца, тое самае.

Два дні парыла, і вось па поўдні збіраецца на добры дождж, навальніцу. Хмара насунулася з поўначы, зацягнула ўвесь захад, загнуўшыся і на поўдзень. Другая, цямнейшая, ідзе з паўночнага ўсходу, з-за Нёмана, ад пушчы. Даўно нячуты, цудоўны канцэрт — рознай сілы, працягласці і тэмбру перакаты грому. Зноў, і зноў, і зноў...

Верхавіны бяроз, старой вярбы і ліпы, якія перада мною, то аціхаюць, то варушацца ад лёгкіх і мацнейшых подыхаў навальнічнага набліжэння. Пакуль было зусім ціха, пад бульбай, памідорамі ды кветкамі бела мігцелі капусныя матылі. А дыхнула мацней — і з дрэў, зялёных у поўнай сіле, процьмаю матылёў пасыпалася слабейшая, заўчасна пажаўцелая лістота.

Высока залунаў, закружыўся каршун, якому, мусіць, не толькі таксама лягчэй пасля парнасці, але ж і цікава, вольна-прывольна пад цёмнай грукатлівай свежасцю.

*

Учора над лясной дарогай, богведама з якое вышыні, з бярозы апусціўшыся, вісеў пузаты, як арэх, павук.

А сёння, калі я хацеў прайсці ўздоўж Нёмана цераз густы, высокі вербалознік, па ледзь прыкметнай сцежцы, прабіўся да гразкага раўка і мусіў вярнуцца з зялёнай гушчэчы назад, — неба прыемна адкрылася нада мною і ўзнагародзіла нечаканым. Нізка праляцелі два жоравы — магутныя шаракі. Адзін нават курлыкнуў, а я ўдагон ім чамусьці ўспомніў радасна, што па-армянску жораў — крунк.

Хораша пахла пакошай.

 

Знаёмая сцяжына лесам, каля ячменю, цукровых буракоў, свежай пожні пасля знятай сумесі-зялёнкі. А потым — вялікае поле І чыстага, добрага жыта. Маладзенькі, густы сасоннік каля жыта і — валуны. Сасоннік старэйшы, таксама густы, стрункі «карандашнік», і раздвоеная, багатая бяроза ў самым росквіце.

Пастаяў каля жыта, «папаіўшы вочы яго выглядам», і мноства яго, вялікі чысты абшар выклікаў жаданне ўбачыць гэта зверху, у невысокім, ціхім палёце.

Дзень будзе сонечны, — з ранняга ранку паказвае.

На ячным полі ўчора дацямна працавалі два камбайны. Не кончылі, заначавалі тут, маўчаць чырвоныя аграмадзіны. На нізенькай, чыстай пожні рады-палосы вымалачанай саломы.

Воддаль ад маёй сцежкі пахаджаюць два буслы. Добра яны глядзяцца па фоне пожні і пілавата-зубчастай сцяны ельніку за прылясной дарогай. Аж пастаяць захацелася.

Трэці бусел сеў вунь на слупе электралініі, а на далейшы слуп усцерабілася варона. «Табе можна, а мне што — не?» Я набліжаўся да іх па аголенай камбайнам сцежцы, на якой ужо не будзе ўранні росна вышэй халяў. Бусел непалахліва, на ўсякі выпадак, спаважна зляцеў, спланіраваў на пазалочанае сонцам, ад радоў паласатае ячнішча, туды, дзе тыя два. Варона, як па сігналу, заматлашыла чорнымі ў іншы бок.

Густы туман над ракою пранізваюць промні нізкага сонца. Каля хаты — высокае, каласістае жыта. Сваё, на сотках, пад серп. Над хатай, знакам утульнасці, павольны дым. А над жытам, па правадах, немітуслівыя жнівеньскія ластаўкі. Чысцяць перайка, перачырыкваюцца, так сабе ціхенька сядзяць, белымі воллейкамі на ўсход.


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан