epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Тэма

Мы сустрэліся праз дваццаць з нечым гадоў пасля таго, як загінуў яе муж. Пяецца: «У чужым, далёкім полі...» А тут яшчэ, нібы знарок дзеля таго, каб ёй было крыўдней за ўсіх, пахаронка прыйшла пасля перамогі, калі другія мужчыны хто голас жывы падаў, а хто неўзабаве — няхай сабе і праз паўгода — вярнуўся ці пакалечаны, ці і зусім здаровенькі.

Ды тое, ваеннае, калі я трапіў на іх лясныя хутары, было ўжо найгарчэй аплакана. Слёзы ў яе былі ўжо іншыя, навейшыя, хоць таксама ж адтуль, дзе невычэрпна нясцерпная доля.

Пагаварыўшы са мною — у хаце мы былі ўдваіх,— яна пайшла за перагародку, пашамолілася там і выйшла, аберуч трымаючы за краі павялічаны фотапартрэт у белым, пругкім паспарту. Углядалася ў яго і плакала, змогшы сказаць мне адно толькі: «Во...» Хлопец яе, адзіны сын — я чуў пра гэта ад людзей і толькі што выслухаў ад яе,— два гады таму назад, працуючы на балоце, дзе торфазаводскія распрацоўкі, быў уцягнуты ў машыну...

Бацька, калі па той песні, загінуў у чужым, далёкім полі. А сын на сваім, недалёкім балоце. Той богведама як і забіты, і пахаваны. А гэты паміраў адзін-адзінюткі на ўсім цэлым свеце, як ні крычы... Так мне было адразу ўявілася, калі пачуў пра гэта раней. Ну, а што ўжо там было хаваць, што засталося ад яго — не пасмеў спытацца.

За ўвесь час, пакуль мы сядзелі, спачатку каля стала, а потым за сталом, успамінаючы і нашу маладосць, і потым перажытае, хто дзе і як сваё перажываў, яна адзін толькі раз усміхнулася.

У вайну і адразу пасля вайны на першае гора ў яе быў памочнікам тата. Па гадах ужо не змабілізаваны, але яшчэ ўсё дужы і ўвішны. Ён ці прыходзіў, ці возам або саньмі прыязджаў з іхняй вёскі, балазе і не так далёка. Цяпер яго ўжо каторы год няма, не пабачыў, як тут яе другі раз ударыла.

Яна расказвала, за кампанію закусваючы крыху пачатую чарачку.

— Іду я з бабамі і гавару: «Божа мой, Божа, а картопля мая яшчэ ж не абагнаная». А на свой двор ступіла, гляджу — а ўжо ж ён, наш Антось, мыецца каля калодзежа, сарочку зняўшы. Пакуль мы з поліва на абед, дык ён з маёй картопляй і справіўся! Не прошаны, не галошаны!..

Якраз тут яна і ўсміхнулася, хоць і праз слёзы, нібы святлейшыя.

— Кажуць: мужык любіць жонку здаровую, а брат сястру багатую. А ў мяне ж, сам бачыш, ні здароўя таго, ні багацця. А ён, браток, памагае. Усё памагае, хоць і ў самога ж сям’я ды работа. Праўда, і Зося яго — грэх што-небудзь сказаць...

Я памятаю бацьку яе, ведаю брата. Толькі сына вось бачу ўпершыню — з малога здымка не надта ўдала, цьмянавата перацягнутага на вялікі.

Пасля таго наведання я збіраўся пабачыць машыну, што закатоўвала яго на балотнай пустэчы, зрэдку думаў пра тую страшную запаволеную смерць, не ведаючы, як да яе падступіцца...

Пакуль не пагаварыў са знаёмым, які зблізку ведаў той выпадак. Я спецыяльна сустрэўся з ім, каб распытаць, як там было з тым бедным сынам маёй гарапашнай зямлячкі.

І ён адразу нібы абсек маю непрыступную тэму сваёй дакладнай абазнанасцю.

Як мала слоў, каб яно стала бачыцца інакш, чым доўга, прыблізна ўяўлялася:

«Машына ўборачна-фрэзерная...

яго не ўцягвала — яго схапіла і раструшчыла...

ён быў... ну, ведаеце, выпіўшы».

Апошняе — каб неяк далікатней, больш зразумела і даравальна па-сучаснаму. Бо ў гэтым мой знаёмы быў, на жаль, не бязгрэшны і сам...

Там, адкуль не вярнуўся бацька, было вельмі людна, смерць або калецтва — для ўсіх аднолькавай доляй.

І тут, дзе адбылося з сынам, таксама бяда або пошасць — амаль усялюдная.

А для маці ён быў і застаўся сыночкам.


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Дзе скарб ваш: Лірычная проза.-Мн.: Маст. літ., 1997.- с. 36-38
Крыніца: скан