epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

У сям'і (З успамінаў майго аднагодка)

1
2
3
4
5
6
7


 

1

На шэрую прамерзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Гэта відаць праз нашы малыя, старэнькія вокны.

Бацька вярнуўся з мястэчка апоўдні і, так як быў у снезе, увайшоў з сяней, прыгнуўшыся ў дзвярах.

— Ах, мая долечка! Асцепайся! — сустрэла яго маці.

А ён смяецца:

— Пачакай, малым пакажуся.

— От дзе розум! Нінка і так хворая, а ты...

Бацька вярнуўся ў сені, асцепаў снег з кажуха, з шапкі, з вусоў і ўвайшоў у хату.

— А што з ёй? — спытаўся.— Што з табой, Ніна? Хадзі сюды.

— Пачакай ты, з холаду! Нінка, не ідзі!

— Ды што ёй такое?

— Што? Хто яе ведае. Галоўка, кажа, баліць ад ранку, і вочы як у тумане. Трэба па доктара.

— Ну, ужо адразу? Што з ёю, мама?

Бабуля спыніла калаўротак.

— Прастудзілася. Налазілася ўчора, калі яблынькі абвязвалі. Колькі ёй трэба!

— Ну, я ўжо цёплы. Ідзі, брат, сюды.

Ніна — маркотная, ціхая — падышла.

— Што ж гэта ты? — спытаўся бацька, беручы яе за падбародак.— Вунь ужо снегу колькі, я санкі з гарышча здыму, а ты — хварэць. Галава баліць? І грудзі? Ну нічога, не бойся. Цябе баба палечыць.

— Я не хачу, тата, доктара, ты не едзь. Бо як прыедзе, дык і буду хворая...

— Пэўна, дочка. Я не паеду.

— А што табе?! — завойкала маці.— Хіба табе баліць! Ты вось яе не дуры і сам не дурыся, а едзь!

Бацька зморшчыўся.

— Ну, і чаго ты? Я ж і так сказаў, што не паеду. Што ў цябе за любоў да малых,— дзікая нейкая! Парыш, парыш іх у лап’і, пасля — абы трошкі на холад, дык і гатова. З прастудай гэтулькі крыку. На гэта і мама доктар. Ты, Ніна, не плач, цябе баба палечыць. Паляжыш трошкі, банькі паставім...

— Не хачу банек, тата, я не хворая. Бо як лягу, дык і памру, старая буду-у...

— А ўжо ж,— спыніла бабуля калаўротак,— не хочаш, дык і памрэш, валацуга ты. Хай вунь маці мёду прынясе ад бабы, ды напарым маліны. Нап’ешся сабе, як пані, а тады хоць і банькі...

— Не хачу банек! — тупнула валёнкам Ніна. А сама ўжо плача.

— Не тупай, благоцце ты! Навучылася, як каза. Толіка пабудзіш.

Толік спіць у калысцы, за шырмай.

— Ну ціха, дурненькая, чаго ты,— суцяшае бабуля,— не плач. Бацькі таксама разышліся: у аднаго дзікая любоў, у другога асвойтаная. Не плач.

Маці паставіла бацьку абедаць.

— Дык, значыцца, Маня, мір,— сказаў ён, сядаючы за стол.— А будзе так, як кажа старая: найлепш.

І супакоеная маці, не дачакаўшыся, пакуль спыніцца снег, накрылася вялікай хусткай і пайшла ў Сасновічы па мёд.

...Бабуля развязвае слоік з мёдам, а Ніна ласа глядзіць. І толькі старая развязала нітку і адняла паперку,— Ніна лізнула яе ды ад радасці:

— Бабка, лізні!

— Ліжы ўжо хоць сама...

Ды мусіла-такі лізнуць паперку, бо Ніна не адчэпіцца. Лізнула і зацмакала:

— Ах, шыкі-смакі! Новая навіна на старое чэрава, камарова сыць, мядзведжая сіла. Ну на, ліжы. Хутчэй бы той бацька вуллі купляў.

Ніна лізнула раз і яшчэ раз, як ліска, ды кажа:

— Буду піць з малінамі ці з параным малаком і папраўлюся, бабка, праўда?

— Няўжо ж!

— Калі папраўлюся — як будзе: дагэтуль ці дагэтуль? — паказвае Ніна пальцам на слоіку.

— Ты вось не гэтуль-дагэтуль, а ўсё выпівай, ды хай мама яшчэ нясе, во...

— Думаеце, дзе ўжо той і мёд,— пачала маці, але старая яе перабіла:

— Не памагала б ты хвораму стагнаць. Не вер бацьку: пчаляры ўсе скупыя. Яшчэ тую бяду каб скалануў, дык, напэўна, цэлы кубел мёду набраў бы.

— Бабка, на яшчэ!

— Хрысціся, каток,— усе твае лекі паліжам. Вось каму дай. Ужо выспаўся?

Гэта на Толіка. Ён прачнуўся ў калысцы за шырмай і адразу плача, як заўсёды.

— Чаго, чаго, мой хлопчык?

— Дай яму, мамка, мёду: сціхне.

Маці бярэ Толіка на рукі, а бабуля набрала лыжачку мёду і — хоп яму ў рот.

— Хапай, не плач. А-ах! Яшчэ? На яшчэ, бо забыўся, які той мёд, як сабака ці як кот. Слёзы як боб. Ніколі не ўстанеш без музыкі.

— А як гэта, бабка, «як кот»? — пытаецца Ніна.

— Гэта, бачыш, адзін удавец ажаніўся, узяў сабе маладую бабу. І былі ў яго пчолы і мёд. Мачыха сама мёд крадзе, а верне ўсё на падчаранят. А бацька ўжо іх, як той дурань, лупцуе. Набіў ён раз малых, выйшаў за дзверы ды слухае. «Які той, Манька, мёд,— ці як сабака, ці як кот?» — пытаецца, плачучы, хлопчык. А дзяўчынка, старэйшая, кажа: «Н-не, Колік, я бачыла,— ён, як рэшата. Тата з вулляў вымаў». Дык бацька давай тую мачыху біць. «Ах ты, кажа, нягодніца!»

Бабуля расказвае, а Толіку сваё: пацмакаў губамі, аж вочы заплюшчыліся ад смаку, і кажа:

— Хоця Толя сце, хоця!

А вейкі доўгія-доўгія, на шчочках не высахлі слёзы.

— Дам яшчэ, дам, каток. Вось дзе вам доктар!..

Увечары ставілі хворай банькі. Колькі ні было таго крыку і слёз, бабуля такі ўгаварыла. І вось Ніна стаіць у адной кашульцы на пасцелі, трымаецца аберуч за спінку ложка і просіць:

— Бабка, адну...

— Адну, адну,— адказвае старая, бразгаючы банькамі ў місе з вадой. Каля місы квач з кудзелі і газніца — дадатковыя прылады страшнай аперацыі. Я гляджу на іх і ўспамінаю мой дзіцячы страх перад банькамі,— подыхам агню і копаці квача і болем ад банек, якія пякуча ўсмоктваюцца ў цела. І Нінка цяпер такая бездапаможная, маленькая перад імі, а бабуля такая няўмольная. А ўсё ж малая просіцца:

— Бабка, адну...

— Адну, каток, адну.

І пачынаецца.

Маці бярэ Ніну і кладзе яе ніцма на падушку.

— Бабка, золатка маё, даражэнькая,— адну!..

— Накрый галаву,— ківае маме бабуля. Мачае ў газу квач, прыпальвае яго на газніцы ды спрытна — тыц агнём у баньку і хлоп яе малой на спіну. А сама, здаецца, злосная, злосная!..

— Агонь, мама, агонь! — натапырыўся Толік.

Ніна крычыць за кожнай банькай «а-ёй!» і про-сіцца:

— Ах, бабка мая, годзе! Ганулька мая! Сястрычка мілая, годзе!..

— Нічога табе не будзе.

Старая прыступіла валёнкам гаручы квач, толькі копаць пайшла, а сама глядзіць, прыжмурыўшыся, на тое, як на беленькім целе Ніны банькі насмоктваюцца чырвона-сінімі пухірамі.

— Узяліся,— шэпча яна, накрываючы малую хусткай.— Годзе, годзе, рыбка мая, больш не буду.

— Ой, мне самой ажно скура шэрхне,— уздрыганулася мама.

— Вельмі вы абедзве далікатныя, і маці, і дачка,— адказвае бабуля.— Думаеш, мне не шкада?..

У хаце ціха. Толькі Ніна яшчэ ўсё ўсхліпвае і стогне. Бабуля сядзіць каля яе, побач стаіць маці, абедзве ў маўклівым чаканні. Бацька ўе падшыванку, дзядзька Міхась чытае, а я сяджу на тапчане. Адзін Толік нястомна тупае па хаце, як вожык, ніяк не могучы нацешыцца сваімі ножкамі.

— Бабка,— аказваецца Ніна.

— Што, каток, што?

— Алесю таксама паставіш? (Гэта, значыцца, мне.)

— А няўжо ж.

— Яму многа, бабка, усе...

— Усе, каток, колькі будзе.

Зноў трохі ціха.

— Бабка, а дзядзьку?

— Дзядзьку? Куды там,— яму хіба шклянкі. Яму хоць збанок. Што яму банькі!

— Ты яму, бабка, той жоўты... рабенькі, што ваду бяром на поле... улетку... як жаць...

— Добра, добра, каток, ты толькі ціха.— А памаўчаўшы: — От хіба роў бы твой дзядзька!

Дзядзька смяецца над кнігай, і мы таксама. А потым ціха зноў. Адзін Толік: туп-туп-туп... А потым раптам стаў, падумаў.

— Баба!

— Ну?

— Баба-а, го-оў! — малы ажно ўзнімаецца на пальчыкі.

— А-го-о! Чаго-о ты? — адгукваецца старая.

— Хоця Толя мёд, хоця!

— Ах вы, птушкі мае, усюды я вам, на ўсе рукі.

А за вокнамі, у шэрай паўцемры,— бачу я ў думках,— бязгучна сыплецца снег.

 

2

Позняя ноч.

На акне каля бабулінага ложка, дзе ляжыць Ніна, цьмяна гарыць укручаная лямпа. Яна мармыча ціхенька, патрэсквае, шыпіць... Усе нашы спяць, толькі я сяджу каля хворай.

Тады, пасля банек, Ніна толькі дзень праляжала ў ложку і пачала хныкаць, што паправілася ўжо і ўстане. «А няхай лепш не плача, а ўстае»,— казала маці, але бацька не даваў. «Гэта — грып, а на грып трэба спакой і цяпло»,— казаў ён. Ды назаўтра бацька паехаў у млын, і Ніна ўстала. «Ты памятай, вось паглядзіш»,— пярэчыла бабуля, але маці не паслухала яе. Яна апранула малую і паставіла за стол на лаву, бо там Толік і за вокнамі беленька, снег. Ніна, праўда, і гаварыла трохі, і кніжку глядзела, ды ўсё гэта вяла, без цікавасці. Пасля яна сама папрасілася легчы. Узнялася тэмпература, і малая трызніла, страшна водзячы вачыма. Была жудасная хвіліна, калі нам здалося, што Ніна памірае, і я, задыхаючыся, бег ноччу па глыбокім снезе ў млын, да бацькі.

Сталася так, як бацька казаў: маці сваёй «дзікай любоўю» давяла Ніну да запалення лёгкіх. Сёння чацвёртая ноч.

Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Малая дыхае хутка, нібы спяшаючыся, і час ад часу ўзрываецца кашляць. Кашляе шмат і гвалтоўна, плачучы і трасучыся ўсім целам ад болю. У перамежках паміж выбухамі кашлю яна ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Толькі час ад часу ўзнімае перад сабой тонкія ручкі, усхліпвае ад болю і шэпча: «Бабка, піць...» І гэта хто б з нас ні сядзеў пры ёй, бо сядзім мы на змену. Нават вачэй не расплюшчыць, так верыцца ёй, што ў цемры над ёю, быццам казачны добры дух, заўсёды будзе бабуля — першая, найлепшая, адзіная.

Старая ўступіла ёй свой ложак каля печы, а сама курчыцца на лаве за сталом. Ды і колькі таго сну! — яна сядзіць каля Ніны больш за ўсіх. І хворая ж сама, нямоглая, з пакутамі, якія ўжо не адчэпяцца да самай смерці. Ды цяпер яна, відаць, зусім забылася пра гэта. Адкуль у старой бяруцца сілы, цярплівасць, прывет — ніхто з нас не дзівіцца. Усе мы прызвычаіліся да таго, што як баліць, бабуля першая заўважыць, спытае, што

з табой, найлепш палечыць; што хоць яна і суровая на выгляд і бязлітасная, калі стаўляе банькі,— і ад суровасці гэтай і ад банькаў заўсёды толькі добра. «Нічога, каток,— суцяшае яна,— бывае яшчэ і горш...»

Я здымаю лямпу і падыходжу з ёй да стала. Бабуля ляжыць галавой на покуць, нізка да вачэй абвязаная хусткай, якая аслабла і аб’ехала на вочы. З-пад хусткі на маршчыны лба і твару выбіліся пасмы сівых валасоў. Правая рука — худая, з сінімі вузламі жылаў — бяссільна ляжыць на грудзях, якія павольна зыбаюцца цяжкім дыханнем.

Толькі цяпер можна ўбачыць, якая ўжо яна старая, стомленая... А ўстане — зноў нібы забудзешся пра гэта.

«Дай нарысую»,— падумаў я. Паставіў лямпу, пабольшаў агонь і дастаў з шуфляды стала свае мастацкія прылады.

Вось мой першы альбом. Я пачаў яго пазалетась, скончыўшы сямігодку. Рысую найбольш партрэты, алоўкам, з натуры. І дзядзька Міхась гаворыць, што гэта ўдаецца мне найлепш. На шурпатых старонках ватману — Ніна, я сам, бабуля, дзядзька над кнігай, цётчына Ліда ў труне: галава ў вянку, а за акном — бэз. А вось і зарэцкі нямко — лахматы, сляпы на адно вока, з жабрацкімі торбамі. Малюнак гэты незакончаны: зроблена столькі, колькі я паспеў зрабіць, пакуль нямко з’еў з хлебам дзве конаўкі малака, а тады намармытаў, натупаў лапцямі, напляваўся ў адказ на мае ўгаворы і, вядома ж, уцёк.

А зараз тут будзе яшчэ раз бабуля.

Яшчэ трошкі падкручваю ў лямпе кнот і пачынаю рысаваць. Абрысы схопліваюцца ўдала. Ніна маўчыць. І я забываюся ў працы. Адна толькі думка са мною: што скажа заўтра дзядзька?..

Дзядзька таксама мастак,— мастак слова, «вечна пачынаючы пісьменнік», як ён жартуе сам з сябе. Амаль пяць год таму назад, у трыццаць чацвёртым годзе, дзядзька вярнуўся з пятага класа Наваградскай беларускай гімназіі, закрытага панамі «камуністычнага гнязда». Дзядзька, як кажа бабуля, не быў там нідзе замешаны і тады, таксама як і цяпер, не мяшаўся ў палітыку. Ён толькі чытае ды піша. Я дзіўлюся часамі, чаму ён не шле нічога ў друк. Ёсць жа ў Вільні часопісы «Калоссе», «Летапіс», выходзіла і газета «Наша воля», пакуль паны не закрылі яе. Друкуюць жа там свае вершы Танк, Васілёк,— няхай бы быў яшчэ і празаік з апавяданнямі пра горкае мужыцкае жыццё, з такім звычайным прозвішчам — Ганчарык, якіх так многа ў адных толькі нашых Ганчарах. Бабуля парой і тая не ўцерпіць: «Адпачыў бы хоць. Дзень і ноч піша. Пасцепае рукамі і зноў. Ці слаў бы ўжо куды сваё пісанне». А дзядзька толькі смяецца: «Яшчэ не гатова».

Хваліць ён мяне няшмат. Доўга так паглядзіць на малюнак, а пасля: «Вось гэта,— кажа,— відаць, што перажытае, зацікавіла цябе. Чуваць жывец. Толькі гэтаму дзядзьку належыць быць, наколькі я ведаю яго, весялейшым, а ён у цябе — як мыла з’еў. Ну, а Люба яўна пазіруе, дзеўка «словно окоченела от счастья»,— закончыць ён словамі Чэхава, і мы смяёмся.

Бацька мой і не мастак, і не пісьменнік. Аднак, калі дзядзька чытае нам нешта новае, сваё,— тата непрыкметна падморгвае мне, там, дзе ўдала; калі ж мы ўтрох глядзім мой новы малюнак — па тым, як бацька

з дзядзькам крадком пераглядваюцца, не вельмі цяжка пазнаць, што яны думаюць. Мне шаснаццаць гадоў, дзядзьку пайшоў дваццаць першы, а бацьку ўжо за сорак, аднак усім нам, як кажа бабуля, «адна трасца», усе тры, «як малыя».

Хата наша — яшчэ дзедаўская, малая і нізкая. Праз год і я павінен даставаць рукой да столі. Печ, вялізная, нібы аўтобус, займае ледзь не палавіну хаты, а чалеснікамі выходзіць у кухню-бакоўку. За шырмаю — два ложкі, а тут, дзе стол і над сталом іконы, стаіць — ад застольнай лавы да парога — зроблены бацькам тапчан, абабіты дзяружкай і выпханы атавай. На гэтым тапчане, прыстаўляючы зэдлік, я сплю з дзядзькам гадоў ужо з чатыры, з таго часу, як перастаў быць меншым у хаце. Да новай хаты нам яшчэ вельмі далёка,— пакуль патанее лес, усюды панскі,— а цяпер, у цеснаце, культуры, як бацька кажа, не завядзеш. Толькі і культуры, што новая падлога, шырма з дзяругай ды над тапчаном паліца з кнігамі — адна на ўсе нашы Ганчары.

Сёння маці прылегла на печы, узяўшы туды Толіка. Бацька з дзядзькам заснулі нядаўна,— першы за шырмай, а другі на тапчане.

Бацька часта гаворыць праз сон. Вось і цяпер ён замармытаў нешта, павярнуўся на скрыпучым ложку і зноў мармыча.

«Ну, пачалося»,— з усмешкай падумаў я. І ўжо разбіраю некалькі слоў.

— Дык вам так і думаецца, Юрка Пятровіч? Умм, ум... — заплямкаў ён нешта губамі і змоўк.

«Напэўна, радыё сніцца!..» — засмяяўся я моўчкі.

Справа ў тым, што бацька, як кажа бабуля, «знайшоў яшчэ адну забаўку» — наважыў купіць радыёпрыёмнік. Рашэнне гэтае прыйшло надоечы пасля гутаркі з Працэдурам, які лечыць цяпер нашу Ніну.

У тую ноч, калі я прыбег у млын да бацькі, ён, пакінуўшы там мяшок з нязмоланым, запрог каня, і мы памчаліся па мястэчку да дома, дзе жыў пан доктар,— так хутка, як толькі здолеў, уцякаючы ад пугі, бегчы наш канюк, жывёліна без імені і лішняй сілы. І што ж, дарэмна так спяшаліся. Я ўпершыню сам убачыў, што доктара, пана Бадоўскага, правільна называлі абдзіралам. На бацькаў стук у акно ён адчыніў фортачку і спытаўся, адкуль і чаго?

— З Ганчароў, пане доктар. Дзяўчынка мая памірае...

«Ну што ты кажаш!» — уздрыгануўся я, як быццам упершыню адчуўшы, што гэта вельмі падобна на праўду.

— Дзесеньць злотых,— спакойна адказаў доктар, нібы пляхнуў на нас праз фортачку вядро вады.

У яго была свая логіка, казаў потым бацька: толькі ў прыёмныя гадзіны казённага доктара абавязвала ўстаноўленая зверху плата, а ў такі пазаўрочны час ён абыходзіўся з намі, як яму падабалася. А тое, што дзесяць злотых — шэсць пудоў жыта, і яго, дарэчы, у якога-небудзь «пана Ганчарыка» столькі няма,— гэта зусім не датычыць пана Бадоўскага.

— Ды, пане доктар, што вы...

— Ну, як хочаш.

І фортачка зачынілася.

Торг, да якога прывык пан Бадоўскі, на гэты раз не адбыўся. Бацька больш не кавэнчыў, а павярнуў каня і зноў узяўся за пугу.

— Да Працадуры паедзем.

Працадура лячыў, можна сказаць, падпольна, за што яго ўжо не раз папярэджвалі. Фельчарам ён вярнуўся з грамадзянскай вайны, жыў на малой гаспадарцы, у Невадах, за пяць кіламетраў ад нас. Мужыцкі доктар, які ніколі не таргаваўся за плату, а браў, што дадуць, і ніколі не пісаў рэцэптаў, даючы свае ўласныя лякарствы. Паглядзіць хворага, параіць, што рабіць, і — «паедзем».

Ну, кожнаму, вядома, хочацца пагаварыць з добрым ды яшчэ вучоным чалавекам,— і з удзячнасці да яго, і проста з ветлівасці. Дзядзька пачне з двара, толькі сеўшы на воз, а «доктар» адразу за вёскай пакідае слухаць.

— Цяпер, браток, памаўчым,— кажа ён.— Мне трэба абдумаць рацэпт. Гэта, браток, складаная працадура.

Адгэтуль і пайшла яго мянушка. Называлі так Юрку Пятровіча, вядома, толькі за вочы, ды ён, відаць, і ў вочы не пакрыўдзіўся б. Свой чалавек. Таму яго і

возяць да хворых — і днём, і ноччу,— нягледзячы на панскія папярэджванні.

У нас ён паківаў галавой і сказаў прымаўкай, што тут, у Ніны, «тры лісе ў адно звіліся»: застуджаны грып, на ім падхапілася запаленне лёгкіх, а на дадатак — яшчэ і коклюш, гэты самы балючы, гвалтоўны кашаль, які надрывае і без таго хворыя лёгкія. Працэдура паказаў бабулі, як класці кампрэс, параіў банькі, сказаў, што прышле з бацькам парашкоў і мікстуры, а лепш за ўсё, здаецца, разважыў, пацешыў.

Ну, а ўжо з бацькам дык яны, відаць, нагаварыліся ўдосталь — Іў дарозе, і там, у Невадах. «Свой на свайго натрапіў»,— сказала потым бабуля, слухаючы бацькаў расказ пра Юрку Пятровіча, з якім ён быў дагэтуль малазнаёмы.

І вось на першае знаёмства Працэдура паабяцаў бацьку дастаць малы дэтэктарны радыёпрыёмнік. «Не дарагі, патрыманы, але не зусім яшчэ дрэнны. Мінск, а цераз Мінск Маскву дастане, ну а большага табе, браток, і не трэба». І бацька захапіўся гэтым, бо і ён, як кажа бабуля, таксама «не сядун, а ўсё нейкае скулы шукае».

...Кепска, аднак, рысаваць пры лямпе: святло жаўціць, і цені вельмі вострыя, густыя.

— А-а-а,— чуваць раптам ціхі стогн.

Асцярожна, басанож падыходжу з лямпай да ложка і нахіляюся:

— Што табе? Што?

— Бабка... піць...

Прыпадымаю малой галаву і ўліваю ў засмяглы рот лыжачку цёплага чаю. Гэта таксама пакута. Малая стогне і ўсхліпвае.

І зноў забыццё, толькі хуткае дыханне і доўгія вейкі на заплюшчаных вачах.

Мне ўспамінаецца тое, што казаў бацьку Юрка Пятровіч, нібы не заўважыўшы, што і я з імі ў кухні: «Вы, Мікола Сцяпанавіч,— мужчына, і з вамі я не буду цацкацца, а скажу ўсё: справа з малой вельмі дрэнная, тым больш таму, што яна не па гадах развітая, уражлівая, нервовая. Бачыце самі— абы кашляць, дык у плач, а гэта толькі абцяжае хваробу». Бацька зірнуў на мяне і нахмурыўся.

— Алесь, ты ўжо не блазен. Глядзі, каб ніхто не ведаў гэтага, што доктар кажа.

І вось я хаваю нашу таямніцу.

Ціхенька ступаючы, выходжу з-за шырмы на хату і... уздрыгваю ад здзіўлення: дзядзька, толькі ў бялізне, стаіць, як здань, каля стала і моршчыцца, каб я маўчаў.

— Я не спаў. Бачыў, як ты рысуеш. Пакажы.

Мы схіляемся над малюнкам.

— Гм... маладзец... нядрэнна. Відаць, што перажытае. Асабліва добра — выраз твару, гэтая сумленная стомленасць.

Ён доўга маўчыць, назіраючы то на бабулю, то на малюнак. Чуваць толькі, як мармыча, шыпіць і патрэсквае лямпа.

— Я цябе, браток, разумею,— пачынае ён пасля,— бо я і сам цяпер з гэтым нашуся. Хвароба Ніны нібы прабудзіла ва мне, асвяжыла, сабрала ў адно ўсю любоў да дзяцей, да ўсіх, вядома, не толькі нашых. Хочацца мне выказаць, перадаць... Ну, як тут сказаць? Хочацца мне злавіць на паперу гэты асаблівы чар шчырых, даверлівых і такіх вось мілых, як у Ніны з бабуляй, адносін. Памятаеш, як захоплена, як прыгожа піша пра дзяцей Горкі ў сваім «Кажамякін»? Андэрсен, Канапніцкая, Чэхаў, Талстой... Як шчыра рады быў Шаўчэнка, кажучы пра самога сябе: «Не зусім, відаць, дрэнны той чалавек, каго дзеці любяць!» А колькі сэрца аддаў малым наш Колас! Так, брат. Толькі гэтага мала! Нам трэба гэтага яшчэ і яшчэ, нам асабліва, бо мы ў гэтым найбяднейшыя. У нашы хаты, на пашу, на школьную парту трэба больш сонца,— такога, каб на роднай мове гаварыла пра ўсё найлепшае, што трэба для шчаслівага, прыгожага жыцця. Гэта, Алесь, вялікае заданне для пісьменнікаў і мастакоў,— ён усміхнуўся,— нават, браток, і для такіх, як мы з табой. Ну, а пакуль што мы пачнём збірацца ў лес.

Дзядзька пачаў апранацца — пойдзе падкінуць каню.

— Паўлюк прасіў разбудзіць,— гаворыць ён пасля, парушаючы наша маўчанне.— Гадзінніка няма, так і жывём навобмацак...

Па дровы мы ездзім у пушчу, калі памераць, дык кіламетраў будзе за трыццаць.

 

3

Безупынна шуміць калаўротак, і на шуме яго кладзецца старэчы голас бабулі:

— Жылі сабе, былі сабе дзед і баба...

Так пачынаецца ледзь не кожная народная казка, і пачатак гэты ўсюды аднолькава любы.

Старая сядзіць на тапчане. Худыя, парэпаныя пальцы наўздагад вядуць тонкую кужэльную нітку, пускаючы яе на шпаркую шпулю калаўротка. Нага ў валёнку націскае на понаж, і спіцы ў коле зліліся ў адно мігатлівае сонца. Да ног бабулі шасцю прастакутнікамі акна кладзецца бледнае зімовае сонца. На сонцы дрэмле стары кот. Соладка мроіцца вусатаму, успамінаецца, відаць, той час, калі ён быў кацянём і хапаўся лапкамі за галоўку гуллівага верацяна, а пасля стрымгалоў уцякаў на печ і сцепаў вушамі, дастаўшы ад бабы той самай галоўкай па лабаціне.

Перад старой на ўслончыку сядзіць Ніна на сваёй маленькай прасніцы. Пераймаючы бабулю і маму, яна сур’ёзна слініць шчопці і тоўхае іх у жмуток кудзелі, выцягваючы з яе гузаватую нітку, якая раз-пораз ірвецца. Пасля хваробы Ніна яшчэ ўсё бледная, благенькая.

Маці пайшла да цёткі з кудзеляй і ўзяла з сабой Толіка. Бацька пайшоў у Невады да Працэдуры. Сёння павінен прынесці радыё.

— ...І было ў іх дзве дачкі,— бае бабуля,— дзедава Марылька і бабіна Наталька. Марылька — дзедава дачка ад першай жонкі, бабіна падчарыца, дзяўчынка ціхая, слухмяная, працавітая. А бабіна дачка, Наталька,— ведама яе, пястун той цёмны, убоіна...

— Што гэта «ўбоіна»? — пытаецца Ніна, спыніўшыся прасці.

— Ну, гультайка, няўдаліца...

— Як Піліпава Зоська, га?

— «Га, га»... От слухай!

Ды яна ж і так слухае!

— А мачыха злуе за гэта,— бае бабуля,— а раз дык і кажа свайму дзеду: «Вязі ты яе ў лес, ці што, сваю Марыльку, ці хоць у прорву якую ўсунь, куды хочаш, абы з вачэй!» Паплакаў дзед, паплакаў і павёз. Дурны, падла, дзед! — служыць яе лепш аддаў бы!..

Дзядзька сядзіць на табурэтцы каля лавы, тварам да сцяны, і правіць хамут. Я заняты шавецкай, так сказаць, работай,— падшываю лапаць. Дзядзька маўчыць. Толькі час ад часу мне збоку відаць, як пройдзе па губах яго ўсмешка.

І мне ўспамінаюцца задушэўныя словы, нібы подых вясновага ветру прыходзіць ізноў, вяртаецца заўсёды роднаю пяшчотай:

 

 

Подруга дней моих суровых,

Голубка дряхлая моя!..

 

 

У дзядзькі ўжо некалькі сшыткаў, у якіх ён запісвае казкі і песні, прыказкі, прымаўкі, свежыя словы, свае ўражанні і думкі.

«Талент — талентам,— гаворыць ён,— а працаваць, брат, трэба. Сапраўдныя пісьменнікі, Алесь, працавалі шчыра, шмат і творчасць працоўных бралі за ўзор хараства. У рускіх вялікі Пушкін пачаў, а Гогаль, Чэхаў, Талстой паднялі літаратуру на небывалую вяршыню прастаты, праўдзівасці. Гэта былі ўсё дваране ці графы, а нам, сярмяжнікам, сам бог загадаў быць народнымі. Радзівонаўну слухай, браток, але і сам будзь Радзівонавіч».

А «Радзівонаўна» бае:

— І вось мачыха наклала ёй у торбу з сабой, ды на здзек: замест сыру — цагліну, замест круп — жарствы, замест масла — гліны. Знайшоў дзед у лесе нейкую зямлянку, зняў усё з воза, развітаўся з Марылькай, заплакаў і паехаў...

— Куды? — пытаецца Нінка.

— Куды ж? — дахаты. А Марылька села сабе, папрала трохі, а потым давай варыць вячэру. Глядзіць у торбу, а там — сыр, як накладка, замест цэглы, крупы — замест жарствы, масла — замест гліны. Рада дзяўчынка! Наварыла, прыбрала, выйшла з зямлянкі ды давай гукаць — дурная нейкая: «Хто ў лесе, хто ў цёмным, прыйдзі ка мне вячэраць!»

Бабуля кліча за Марыльку тонка, па-дзявочаму.

— А Мядзведзь з лесу,— старая гудзе тоўстым мядзведжым голасам: — «Яў лесе, я ў цёмным, прыйду к табе вячэраць!»

Ніна пакідае прасці. Верацяно з парванай ніткай так і застыла на прыполку, а ў вачах — захапленне.

— І вось ідзе,— гаворыць бабуля,— скрыльгіскрыльгі на ліпавай назе... Стук кульбаю ў дзверы: «Дзеўка-дзявіца, русая касіца, адчыні!» Адчыніла Марылька, а ён — талых за стол і давай вячэраць. А з норкі выбегла Мышка, узбегла на лаўку, на плячо Марыльцы і шэпча ёй на вуха: «Дзеўка-дзявіца, русая касіца, дай мне лыжачку кашы. Я табе буду ў адгодзе ў вялікай прыгодзе».— «Што яна кажа?» — пытаецца Мядзведзь. «Кашы просіць».— «Дай ты ёй лыжкай па лбе!» А Марылька набрала кашы ды бразь лыжкай па лаве, а каша пад лаву.

— А Мышка з’ела кашу?

— Пэўна ж, з’ела. Ты слухай вось.

Ды Ніна ж і так слухае!

— Пад’еўшы, Мядзведзь сказаў: «А ну, дзеўка-дзявіца, русая касіца, пагляджу я, якая ты спрытная. Насцялі мне на печы пасцель, бо я адпачываць буду, а ты вазьмі званочак, пагасі святло і бегай па хаце...» Марылька паслала Мядзведзю, ды мякка паслала — надушкі-дзяружкі,— тады пагасіла святло і ўзяла званочак. А Мышка падбегла да Марылькі. «Ты,— кажа,— ляж ды спі, а я за цябе пабегаю». І пачаў Мядзведзь шпурляць з печы падушкі-дзяружкі, каб улучыць па званочку. Ды дзе яму ў Мышку папасці! Змарыўся нарэшце і сам заснуў... А ўранні — Марылька спала яшчэ — ён прыслаў ёй пару коней харошых, харошую карэту, золата скрыню і,— бабуля задумваецца на момант, а потым раптам вырашае,— і ўсялякіх харошых сукенак. Паслала мачыха дзеда ў лес паглядзець. Пайшоў дзед, ды — а-я-ёй! — здзівіўся. Патарабаніў усё дахаты. А мачыха: «Вязі,— кажа,— і маю ў лес!» Калі гэтая, думае, ды гэтулькі прывезла, дык мая дачушка — ого! Наварыла ёй, напякла, і павёз яе дзед...

— А дзед плакаў?

— А чаго? Яму не грудаю ў чэрава: адна пасаг прывезла, хай прывязе і другая.

Шуміць калаўротак, у шуме ягоным прападае дрымотнае мурлыканне ката, а казка плыве паверсе — спакойная, мудрая. Яна ўжо не першая сёння: былі ўжо дзедавы козы, Піліпка-сынок, Ліска з Катом-прымаком.

Мне ўспамінаецца маё недалёкае маленства і чароўны свет бабуліных казак. Гэтым казкам і тады, таксама як цяпер, падпявалі заўсёды шум калаўрота ці верацяна і мурлыканне ката. Успамінаюцца марозныя, снежныя ночы, цёплая печ і цягучы голас бабулінай песні:

 

 

А вароты скрыпяць — марозы чуюць —

Коляда, коляда...

 

 

Я насцярожваўся з печы ці злазіў на лаву і прыліпаў ілбом да халоднай шыбы акна, стараючыся пачуць праз узорыстую намаразь, як гэта, чуючы марозы, скрыпяць нашы старыя шэрыя вароты. А як я злаваў, але ж і рад быў, калі бабуля жартаўліва спявала:

 

 

А ў лесе, у ляску,

На жоўтым пяску —

Коляда, коляда.

Ды Алеська ходзіць,

Ганначку водзіць —

Коляда, коляда...

 

 

Бабуля называла дзяўчыну Ганначкай знарок, бо я дружыў тады з Аняй, суседскай дзяўчынкай, з якой мы разам пасвілі свіней.

Сямі год я пайшоў у школу і, авалодаўшы сяк-так польскай мовай, пачаў чытаць. Па-нашаму бацька навучыў мяне яшчэ да школы. І вось, чытаючы кнігі,— нашы, польскія, а рускія найбольш,— я радасна ўбачыў, як разносіцца па свеце радочкамі літараў на паперы чароўны свет бабуліных казак. Я ўвайшоў у той свет усёй душою. Спачатку былі толькі казкі з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда...

Шум калаўрота і ціхая музыка слоў родзяць шчаслівыя ўспаміны. Я магу марыць, бо казку гэтую я чуў не раз і не два. А што цяпер думае Ніна? Вочкі ўсе на бабулі, а ў вочках душа. Як мне выказаць тое, што бачу ў яе захопленых вачах?..

А казка ўсё плыве.

...Дурнаватая ад пястоты Наталька не дала Мышцы кашы, а — лыжкай па лбе. І Мышка пакрыўдзілася, не прыйшла падмяніць яе са званочкам. Ды і пасцель Мядзведзю Наталька паслала не з падушак-дзяружак, а з карчоў ды паленняў. Справядлівая мудрасць народа пакарала зайздросную скупасць і жорсткае сэрца: Мядзведзь у цемры забіў Натальку з печы карчом.

— З'еў і костачкі абсмактаў,— сказала бабуля голасам суровага суддзі.— Мачыха чакае свае дачкі з золатам, а дзядок — эх, ідзе па лесе, згорбіўся з мяшком за плячыма, а ў мяшку адны косці. І ўсё.

— А Марылька?

— А Марыльку нейкі добры хлопец замуж узяў, ці што...

— А яшчэ адну, бабка, га?

— А няхай цябе! Ты мяне сёння заездзіш.

— Бабачка, га?

— Ідзі ты. Бацька вунь, бачыш, што казаў,— радзіва прынясе. Кажа — будзе казкі баяць і песні пяяць лепш за бабу. Паглядзім, што гэта будзе за цацка...

— Бабачка мая, галубка мілая, Ганулька,— хоць адну яшчэ, хоць кароценькую, га?

— Адчапіся, слата, у горле перасохла. Прадзі вось лепш, а то будзе бацька без кашулі. А я хоць адсапуся, можа, тады.

Бабуля і ўнучка прадуць. Я гляджу на Ніну, як яна смыкае з сур’ёзным выглядам, і думаю: ах ты! — і верыцца ж ёй, мусіць, што не забаўляецца, а працуе сапраўды, каб тата не хадзіў голы. Бабуля нешта думае. Казка, відаць, разварушыла ўспаміны.

— Маёй сястры-нябожчыцы, хай будзе на хлеб спор,— кажа яна пасля,— таксама сіроты пры мачысе гадаваліся. Прыйдуць гэта да мяне, пачну я ім галоўкі часаць, дык толькі наплачуся...

Старая гатова зноў заплакаць. А Ніна цікуе, як дрыжыць ад жалю бабулін падбародак. Пасля памацала сябе за падбародачак, устала з прасніцы, падышла, прыўзнялася на пальчыкі, памацала бабу за падбародак і спыталася:

— Бабка, а чаму гэта косці?

— От дурненькая! Так жа ж усё целяпалася б.

І «Радзівонаўна» смяецца.

 

4

Апоўдні прыйшла маці з Толікам, накарміла малога, закалыхала яго. Паабедаўшы, сама пайшла зноў. Дзядзька таксама некуды пайшоў.

На такой гаспадарцы, як наша, зімой работы няшмат. Дроў прывезці, звіць пастромкі ці лейцы, лапці падшыць, даць каню і карове — і ўсё. Заработкаў ніякіх няма — ні далёка, ні блізка ад дому. Так і сядзім усе, мужчыны, без работы. Толькі жанчыны працуюць: да палавіны зімы прадуць, а потым ткуць. У кожнай хаце ткацкая фабрыка. Старыя мужчыны, якія раней, калі не было граніцы, што мурам адгарадзіла нас ад Саветаў, бывалі на свеце, працуючы на чыгунцы, у шахтах, на фабрыках, гавораць, што моладзь сядзіць цяпер тут у мяху,— ні табе работы, ні вучобы, ні жыцця...

Вось і дзядзька Міхась,— паныў да поўдня над старым хамутом і пацягнуўся да некага, дзе таксама сядзяць ды чакаюць вясны. Бабуля палезла на печ адпачыць. Мы з Нінай засталіся адны.

Мне толькі гэта і трэба. Я пачну сваю першую карціну — «Казка». Печ, кот, бабуля і ўнучка. Я перадам, як бабуля чаруе малую казкай, а Ніна размроілася, падпёршыся ручкамі. «Во, гэтак во,— будзе паказваць бабуля пальцамі,— гэткі вось маленькі!» І вось я рад, што нікога няма, што малюнак мой будзе зноў неспадзяванкаю для дзядзькі. Тым больш як ён рад будзе, што я выкажу іменна тое, аб чым ён гаварыў у тую ноч. Тое найпрыгажэйшае — дружба старасці і маленства...

Вымаю альбом, алоўкі і ўсміхаюся ад думкі пра тое, які ў мяне цяпер важнецкі выраз твару,— як у таго ката ў калыханцы, што «наеўся, напіўся ды важны зрабіўся...».

— Чаго ты смяешся, Алесь? — пытаецца Ніна. Яна сумуе: прасці не хочацца, нікога няма.

— Так сабе. Што рысаваць буду.

— Нарысуй мяне, га?

— Потым.

— Потым, потым, ты заўсёды потым. Нямка рысуе, сам сябе — дваццаць разоў, а мяне ўсё потым...

— А вось ты, і вось ты,— гартаю я альбом.

— А прадучы, нябось, не нарысуеш, адно казаў...

Тут ужо трэба пацешыць, бо вочы яе набягаюць

слязьмі.

— Я цябе буду рысаваць тады, як ты бабуліну казку слухаеш, добра?

— Добра.

А сляза такі не вытрымала і скацілася на шчаку.

— Можа давай цяпер кніжку паглядзім?

— Добра.

Я бяру з паліцы старую рускую хрэстаматыю. Ніна знае ў ёй амаль кожны малюнак, кожную старонку, аднак вельмі любіць, каб ёй паўтаралі.

І вось перагортваюцца старонкі з мядзведзямі і каласамі Шышкіна, школьнай галечай Багданава-Бельскага, казачнымі асілкамі Васняцова; вершы Пушкіна, байкі Крылова чаргуюцца з апавяданнямі Талстога, Чэхава, Караленкі...

Шчасце нашае, што Толік спіць, а то было б не адчапіцца. Я яго проста пстрыкаю за гэта па пальцах. Лепш сказаць — пстрыкаў, пакуль мяне бабуля не аблаяла. Бачу, палезла яна на гарышча і, выбраўшы там шменю лістоў ад старых растрэсеных падручнікаў і сшыткаў, сшывае з іх Толіку кнігу.

«Нашто гэта,— сказаў я,— прывыкне рваць старое,— будзе і добрыя кнігі рваць».

«Дурань,— сказала бабуля.— Прывыкне змалку да кнігі і будзе чалавекам. Усе вы такія былі: і тата твой, і Тодар,— хай здароў будзе, дзе ён ёсць,— і Міхась. А ты, думаеш, не гэткі быў? Або Ніначка? Тыя разы таксама хвошчаш яе па руках, ручкі чырвоныя, пішчыць, а ўсё роўна лезе да кнігі. Дзякуй богу! Гэта не тое, што са мною было!..»

І бабуля расказала мне зноў, як яе малую ў школу не пускалі. «Тата яшчэ сяк-так, а маці дык такі зусім не пускала. Хай, кажа, лепш прадзе: настаўніцай усё роўна не будзе. І што ж я цяпер — гляджу ды не бачу. Яшчэ добра, Сцяпан, твой дзед, разумны быў чалавек, хай будзе на хлеб спор: намогся і вывеў нас у людзі. А то жыў бы ты таксама, як скаціна. Думаеш, не? А ты мне цяпер... На, Толік, будзе і ў цябе свая кніжка, не будуць цябе ганяць, як нядобрага».

Я ўдзячна гляджу на фотаздымак майго дзеда, чыгуначніка, які тысячы дзён і начэй цёр вагонныя буксы, каб у мяне быў разумны, пісьменны бацька. Дзед памёр, не дачакаўшыся, пакуль тата і дзядзька Тодар кончаць навуку. Гэта было ў цяжкія гады пасля грамадзянскай вайны, калі гараджане ўцякалі ў вёску ад голаду і памору. І бабуля ўгаварыла майго тату паехаць у Ганчары, на зруйнаваную вайной гаспадарку.

Дзядзька Тодар упёрся і застаўся там, у Адэсе. Там ён закончыў пасля вышэйшую асвету, стаў гордасцю нашай сям’і. Праўда, бацька мой не здаўся таксама. Бяда і бабуля навучылі яго гаспадарыць, а пра кнігі ён і ў бядзе не забыўся. Ходзіць па іх часамі ажно ў дзесятую вёску. І дзядзька ходзіць, і я хаджу... Ды гэта ўсё не тое, што магло б быць, часта думаю я, успамінаючы пра дзядзьку Тодара, пра той далёкі цудоўны горад, дзе ён цяпер жыве.

Я гадаваўся ў цяжкай працы і ў радаснай дружбе з кнігай. Я рана навучыўся несці кнігу другім. Я ўмею ўжо аддаваць запрацаваны грош на кнігу, а пасля чытаць — слухаць шчырую гутарку вялікіх людзей пра тое, як яны радаваліся і мучыліся ў пошуках праўды і шчасця. Цяпер, на падмен бацьку і дзядзьку, я чытаю ўголас дома і на вячорках моладзі і мужчынам. Я даю кнігі дзецям і дарослым, і як добра потым чуць, што кнігі нашы вандруюць з рук у рукі ў далёкія вёскі. Ды толькі ўсё гэта, вядома, не тое, што магло б быць, каб тата не паслухаў бабулю і не вярнуўся сюды...

А бабуля ж, дарма, што яна амаль непісьменная, слухала гэту чароўную, разумную гутарку кніг яшчэ тады, калі мяне не было, і пасля, калі кніжка была для мяне толькі забаўкай, як для Толіка. Не хапае толькі, каб прыставала таксама, як прыстае Ніна,— чытай мне, і ўсё! — гэтак пераканальна ўмее бабуля прасіць. Аднойчы дзядзьку давялося падслухаць, як яна на вячорках пераказвала бабам аповесць Чэхава «У яры», і дзядзька весела перадаваў нам гэты яе пераказ.

Толькі ў маці нашай дзіўныя адносіны да кнігі. Праўда, яна слухае моўчкі, здаецца — зацікаўлена, часамі нават чытае і сама, але здарацца якія-небудзь нелады ў хаце, скажам — захварэе хто-небудзь з нас, дзяцей, ці якая нястача,— і кнігам дастаецца. Маці папікала бацьку «нежыццёвасцю», нядбальствам, тратай грошай і часу на пустое тады, калі і таго і другога не хапае, а людзі вунь яшчэ і зямельку купляюць, стараюцца...

Ніне чатыры гады, кніга зусім нядаўна перастала быць для яе толькі забаўкай, з таго часу, як яна зразумела, што ў гэтых чорных радочках літар шмат казак, прыгожых таксама, як бабуліны.

І вось мы гартаем з ёю старую хрэстаматыю, якая і мяне калісьці супакойвала і вучыла. Ніна сур’ёзная. Калі ж мы даходзім да яе любімага месца — казкі пра рыбака і рыбку, яна пачынае расказваць сама. Перадае змест кожнай ілюстрацыі і па-свойму цмакае губкамі: «Гэты во, гэты во...»

Толькі над апошнім малюнкам, дзе старая жмінда сядзіць, звесіўшы галаву, над разбітым карытам, а прастадушны дзядок стаіць над ёй, не ведаючы, што пачаць,— Ніна спыняецца і хітра пытае:

— А гэта што, Алесь?

А ведае ж, нябось, сама, што тут ужо я паўтару ёй тое, што казаў аднойчы.

— Баба плача над карытам.

— А дзед?

— Што ж дзед — дзед кажа ёй: «Не плач, бабка, не плач, галубка: знясе табе пеўнік за гэта яечка, не простае, а залатое...»

Ніна смяецца.

— Ну, ты цяпер папішы, а я, брат, буду рысаваць.

— Тады дастань.

Я дастаю ёй з паліцы стары рускі буквар, на якім яшчэ і я вучыўся першай грамаце. Стаўшы на лаве, Ніна вымае з-за іконы сшытак, які хавае туды ад Толіка.

Яна садзіцца за сталом і пачынае крэмзаць свае кручкі і кружочкі, сюд-туд сціраючы іх пальцам.

Я пачынаю нарэшце рысаваць.

Спачатку — печ, тады — на печы ляжыць дзяўчынка.

Гляджу на Ніну, хочучы зрысаваць яе твар.

Спачатку малая не заўважае гэтага, піша, а потым яна раз-пораз цікуе на мяне спадылба і, нарэшце, смяецца.

— Пішы! — надзімаюся я.

Ды яна надзімаецца таксама, стукае кулаком па

стале і крычыць:

— А ты — цыц! Рысуеш, дык рысуй!

А тады зноў смяецца, залівіста, звонка.

Я супакойваю яе і зноў рысую. Ды нядоўга. Ніна загарнула свой сшытак, згарнула буквар, паглядзела на мяне, падпёршы шчаку кулачком, і стала сумная.

— Ну, чаго ты?

— Чаго, чаго... І маці пайшла, і тата пайшоў... І дзядзька недзе пацягнуўся. А баба лягла, нават ногі не варушацца... Вунь зірні.

З-за коміна відаць бабуліны валёнкі, якія і сапраўды не варушацца.

— А ты глядзі ў акно,— вунь дзеці бегаюць па снезе.

— Ы... Яны бегаюць, а мне — толькі глядзі.

— Паправішся — пойдзеш і ты.

— Пайдзі пакліч іх. Пайдзі.

І вось я ўводжу ў хату цэлую чараду малых. Лапцікі, боты, валёначкі... І снегу ж нанеслі!

— Толькі не шморгайце гэтак насамі,— кажу я,— а то пабудзіце Толю.

Яны пачынаюць шморгаць яшчэ больш, нібы на апошні раз.

— Чаму ты, Нінка, яшчэ ўсё на вёску не ходзіш? — пытаецца Тоня.

— Я ж хворая была,— сур’ёзна адказвае Ніна,— ледзь не памерла.

— От хваліцца! — шморгае носам Шура.— Дык і я быў хворы. А мне наша мама панчоху мылам намазала і накруціла на шыю. Во!

— Як кабылін хамут! — смяюцца малыя, а разам з імі, нібы найбольш здаволены, Шура.

— А што ваш Коля робіць? — пытаецца ў яго Ніна.

— Што? Вазьміў хлеба і пайшоў у школу. Што!..

— От гаворыць — «вазьміў»,— смяецца з выглядам старэйшай Ніна.— Трэба казаць: узяў.

Пасля нехта з іх прапануе гуляць у хованкі. Усе распранаюцца і пачынаюць шмыгаць па кутках, выціраючы мел, поўзаць жыватамі па падлозе, пад ложкамі, пад сталом. Час ад часу супакойваю іх, каб не пабудзілі Толіка.

Ніна яшчэ слабая і не можа шмат бегаць. Ух, як спацела! Ціха адышлася і села на калодачцы каля печы. Шура, сябар яе, змарыўся таксама.

— Аёячкі! — гаворыць ён, падыходзячы да Ніны.— А чаму ты больш не дурэеш,— гэтак добранька!

— Во я ж хворая была, ледзь не памерла,— зноў, як старэйшая, гаворыць Ніна.

Шура на гэта не адказвае. Ён выціраецца рукавом,

доўга глядзіць на мяне, а потым кажа радасна, нібы зрабіўшы адкрыццё:

— Сядзіць ды піша!

— Алесь не піша,— папраўляе Ніна.— Ён рысуе. Ён і мяне нарысаваў, і нашу бабу. Хадзем, пакажу.

Спачатку толькі Шура і Ніна, а пасля і ўся чародка, стомленая ад вясёлай гульні, абступае мяне. Што ж, пачынаю паказваць малюнкі.

— Паглянь — во Алесь!

— А во ваш бацька!

— А во твая мама прадзе. Эх, і хустка пад бараду!..

— Ах, божачкі, паглянь — нямко! Ну ж і страшны!..

— Усіх ён рысуе,— от ён!

— Нарысуй мяне, Алесь,— просіць Шура.

— А што дасі? — пытаюся.

— Жыта.

— Колькі жыта?

— Мяшок або яшчэ мнажэй.

— Ды не мнажэй, а трэба казаць: больш,— зноў папраўляе Ніна. І, падумаўшы, дадае: — От дурненькі!

Шура ўспрымае гэта, вядома, без злосці. Ён толькі шморгае носам і зноў, нібы адкрыўшы штосьці, радасна кажа:

— А дзед мне жыта ўсё роўна не дасць. Жыта трэба на хлеб.

Калі мы даходзім да майго апошняга, яшчэ вось не закончанага малюнка, Ніна пачынае тлумачыць:

— Гэта во будзе печ, а гэта — я, а гэта — наша баба. Яна мне заўсёды казкі расказвае.

— А наша мне.

— І мне.

— А мне наш дзед,— гаворыць Шура.

— Ну ж і хваліцца! Хіба ж дзяды расказваюць?!

— Яшчэ дабрэй за вашу бабу. Ён мне во лапці якія пашыў!

Замацоўваючы свой непахісны довад, Шура высока задзірае нагу ў новым, з чырвонай скуры лапціку. І правільна — не чапай майго дзеда!..

Шураў бацька, Іван Бразоўскі, камуніст. Тры гады ён сядзеў у турме, а вярнуўшыся, зноў рабіў сваю справу, і вось ужо каля года, як яго забралі зноў. Гаспадарыць у хаце дзед Паўлюк, з якім наш дзядзька ездзіць

у лес, і Шурава маці, Люба. Яны — суседзі нашы, і дзе б стары ні кашляў — у гумне, у хаце, на двары,— усё чуваць. Не чуваць толькі Любіных песень і плачу: яна калі плача, дык ціха, а песні, здаецца, зусім адлажыла — на доўгі час... І ад Івана не чуваць нічога.

— А гэта во наш кот,— паказвае на малюнку Ніна.

— А я свайго палажу сабе на жывот, дык ён толькі мармыча,— гаворыць Шура, зноў хочучы паказаць сваю перавагу.

— Наш, падла, вельмі дзярэцца,— сур’ёзна скардзіцца Тоня.

— А наш,— смяецца тоўстая Ганначка,— дык ён збанкі з малаком абарочвае.

— Нашых не абярнуў бы,— гаворыць Шура.— Наш дзед зрабіў бы яму рашчэп.

— Ну і што ж, што рашчэп?

— Што? Як сціснула б яго за хвост, дык ён бы толькі... — Шура надзімаецца і прысядае,— дык ён бы... — Шура крычыць на ўсю хату: — Ввя!!!

— Ціха ты, ну і ён! — накінуліся дзяўчаткі.

Ды позна ўжо — Толік прачнуўся.

— І дурэй тут з вамі! — з прыплачам крычыць Ніна.— Узялі мне дзіця пабудзілі!..

— Каторы гэта, каторы? — аказалася з печы бабуля.

Дзеці прыціхлі, як мышы.

— Каторы ж, Шура!— адказвае Ніна. І яна пачынае супакойваць малога: — А-а-а, лю-у-лі...

А тут ужо сталася самае страшнае: з-за коміна пасунуліся на хату дагэтуль нерухомыя бабіны валёнкі, а пасля паказалася і галава з растрэсенымі пасмамі сівых валасоў.

— Ой, толькі горш знебылася! — уздыхае бабуля, а пасля, папраўляючы валасы, пытаецца: — А ты гэта, камандзір, чаго крычыш?

Шура, вядома, робіць выгляд, што яго тут зусім няма. Ніна патузвае калыску за вяроўкі і выводзіць — ажно смешна — тоненька, старанна:

 

 

Люлі, люлі, люлі,

Палез кот па дулі...

 

 

Тоня падыходзіць да Ніны і, заглянуўшы ў калыску, пытаецца:

— Засне зноў, праўда? Толічак мой, хлопчык!..

А Ніна не адказвае, спявае. Усё калыханкі, адну за адной, якія навучылася ад мамы і бабулі. Тоня, глядзі, усіх іх і не ведае!.. Ды Тоня кажа, зусім як дарослая:

— І я ўсё таксама пяю нашай Зосі.

 

 

Ідзе каза рагатая,

Ідзе каза, ідзе,

Барадою трасе,—

 

 

спявае Ніна, тузаючы худымі ручкамі за вяроўкі. Драўляны крук калыскі рыпіць пад столлю на жалезным круку, а Толік пакрэктвае толькі, як самы вялікі пан, ды ўторыць Ніне: «а-а-а...».

Шура глядзеў, глядзеў на бабу спадылба, а потым ціхенька за сваю куртачку і да дзвярэй. А за ім — усе...

— Пабудзьце, га? — просіць Ніна, пакінуўшы калыхаць.

— Ды чаго ж гэта вы? — смяецца бабуля.— Бэ-эй! Глядзі ты, як я вас зняважыла!

— Тонечка, пабудзь,— просіць Ніна.

— Але — пабудзь. Усе пайшлі...

І Тоня зачыняе дзверы. Апошняя.

На вялікія сінія вочы пакрыўджанай гаспадынькі набягае сляза. А на вуліцу ўсё яшчэ нельга. Ніна глядзіць, глядзіць на бабулю і вось нарэшце паехала:

— Бяры цяпер... ды сама сваё дзіця калышы, калі ты... вельмі... наша-а-я-я!..

 

5

Хутка пачне сутуняцца.

Я рысую. Бабуля зноў прадзе і гутарыць са сваёй сяброўкай, старой Тадорай, якая прыйшла клікаць яе на вячоркі. На тапчане сядзіць ужо даўно не злосная на бабулю Ніна, а перад ёю галаногі, вясёлы Толік, які выспаўся на поўнае вока і вельмі хоча пагаварыць.

— Хто быў, Толічак, хто? — пытае Ніна з выглядам зусім дарослай цёці.

— Дзед,— адказвае малы.

— А яшчэ хто?

— Бабка.

— І што ў іх было?

— Туляцька.

— І як яна казала?

— Со-ко-ко!

Ніна шчасліва смяецца.

— А што Курачка знесла?

— Яецька.

— Ды што?

— Со-ко-ко,— зноў сакоча Толік, забыўшыся, што далей была яшчэ мышка. А Ніна смяецца: «Ой ты мой жулік маленькі!» — цалуе яго і, паваліўшы, казыча,— зусім як мама. Малы крычыць, залівіста смяецца, а потым, наставіўшы пальчык, кажа:

— Не люсь, не мозьна: будзе Толя біць лязінай, ата-та!..

— І гэта ж ён змалку такі,— гаворыць бабуля праз шум калаўротка. Яна расказвае Тадоры пра тату, пра ўсе яго «прынітую», пачаўшы з таго, што вось ён недзе пацягнуўся ў Невады па «рэдзіва».

— Тыя разы,— расказвае бабуля,— Мікіта наш шые на машыне, а раз дык адышоўся за дзверы і цікуе праз дзірачку. А Колік, гэта Мікалай, разабраў усю машыну па вінціку. «Ну,— кажа мне Мікіта,— нешта будзе з малога: або вялікі майстар, або вялікі злодзей. Гэта ж шосты гадок!» Ажно ж, бачыш, не выйшла ні злодзея, ні майстра.

— Не грашы, Гануля,— кажа Тадора,— хай на ўсіх добрых такія сыны.

— Няхай сабе. Я ж нічога. Але навошта яшчэ тыя прынітую? Падумай сама: цыбулі ў мяне поўная печ, дык ён гэта раз глядзіць-глядзіць на пляцёнкі, а пасля і кажа: «Вы, мама, пляцёнак пасля не выкідайце, а збярыце. Я выдумаў новыя выступкі на боты, каб цяплей было ездзіць у лес». А дзе ж ты,— кажу я,— тыя пасталы падзеў, што майстраваў улетку,— яшчэ ж тых не абнавіў. Дык ён і сам смяецца. А гэта ён сабе дзеравяшкі быў зрабіў, каб ног не калоць па ржышчы. Не раўнуючы, як калісьці святыя апосталы насілі. Ляжаць яны і сёння на хаце, адзін ужо аббэрсаны, а другі — толькі дошчачка. І з пляцёнак таксама пачаў плесці. Нага здаровая, а гэта ж, вядома, выступкі на боты, як карабель стаіць у каморы. Ледзь я не спатыкнулася раз на яго, без агню. То-та ж і бяда, што ён пачаць пачне, ды ніколі нічога не кончыць...

Бабуля смяецца, а потым гаворыць:

— Цяпер, бачыш, не прайсці цераз вуліцу за гэтымі лісапедамі,— як не паколюцца адзін перад адным. А мой жа Мікалай — дзецям бацька! — першы прывёз сюды гэтую цацку. Зайшоў на горку, асядлаў яго, старога, аблезлага скрыпуна,— а вілы ў самога доўгія,— і эх, віль-віль, ды бабах на зямлю. О, кажу, васпан! — і парсючка загнаў, і людзей смяшыш, і нюхаўку расквасіў!.. Эх, ён гэта пырхае, злуе, а пасля і сам рагоча. Пасля гэта павывучваліся абодва. Алесь малы яшчэ быў, і той пачэпіцца збоку, круціць. І добра — ці на кірмаш, ці так куды чаго— усё каня не ганяеш блізкі свет, не тнуць яго мухі на рынку. Сказала я гэтае раз, а Мікола мой рад!..

— І правільна, гэта ж культура,— кажу я.

— Бачыў — культура,— адказвае бабуля.—Добра таму культурыць, у каго ёсць за што. А то вось на боты табе сабраў, канешне, трэба, пасля ж усё казаў, што «на пчолы наляжам», ажно гэтае радзіва падагнала. Будзе ўжо і сыты і п’яны! Песняў захацелася... Быў бы сабе, як людзі...

— Ну, разышлася! — не вытрымаў я.— А што, каб бацька, як некаторыя людзі, чарпануў з гэтых грошай на коляды — раз, на Новы год — пахмяліўся,— што вы тады сказалі б?

— Ты ўжо барзджэй як мага церабіся, маляр! — кажа бабуля.— Жартачкі — бацьку зняважыла. «Культура!» Няхай сабе, скажам, радзіва. А якая ж культура з пляцёнак?..

Пасля Тадора пытаецца ў мяне:

— Ты вось, Алеська, усё чытаеш ды малюеш... А скажы — няўжо яно і праўда, радзіва, цягне гэтак далёка без дроту?

Я пачынаю, як магу, тлумачыць, што такое радыё. Тадорка слухала, ківала галавой, нібы згаджалася, а потым кажа:

— Ліхое, ды годзе! А наш Якуб такі ж таксама не дурны чалавек, гаспадар на ўсю вёску, а вочы табе запляваў бы. «Гэта ўсё,— кажа ён,— адны гультайскія выдумкі. Хай мне вачэй не туманяць. Гэта скрынка сама грае, як грамафон». А ты зноў вунь што кажаш. От дзе свет паўстаў!

— Усё яно як усё,— сказала, падумаўшы трохі, бабуля,— але нашаму пакуль што зусім не след тое радзіва. Абышоўся б і без гэтага, уга! Адна слава — дзень, два, а пасля будзе, як і з усім іншым: пачне сам правіць і выправіць. А ботаў не будзе, а пчолак і пагатоў...

...Дзядзька вярнуўся прыцемкам.

У хаце шэра без агню і ціха. Бабуля пайшла на вячоркі. Я ляжу на тапчане, прыслухоўваючыся, як за шырмаю шчабечуць з мамай малыя, і думаю сваё — пра новы, яшчэ не скончаны малюнак.

— Скажы, бацькі няма,— пачаў дзядзька, прысеўшы каля стала.— Начаваць хіба будзе, ці што?..

Я мармытнуў толькі «ўгу» і маўчу: я адчуваю, што ён хоча гаварыць. Цяжка сказаць чаму, але ў дружбе, такой, як наша, лёгка адчуваецца настрой другога,— нават з намёкаў ведаеш ужо, аб чым ён будзе гаварыць. І я маўчу, чакаю.

— Ты скажы,— пачынае дзядзька,— а я, брат, ніяк не магу дачакацца. Ты ўяўляеш,— цяпер недзе Мінск ці Масква... І жывуць яны сваім жыццём, кіпучым, шырокім, а мы... І вось тата твой брыдзе зараз у цемры па снезе, нясе пад пахай маленькую, чорную штучку — радыёапарат і радасна мармыча. Боты цяжкія, ногі таксама, але дух бадзёры. Бо і як яму, скажы, не радавацца? Вось ён прыйдзе дамоў, разграбём снег ля вугла хаты, выдзяўбем ямачку, закапаем туды стары дзедаўскі чайнік... Дваццаць год праслужыў ён твайму дзеду. Шыпеў, булькатаў пад пастукванне колаў вагонных, а нам вось паслужыць іншую службу. Цяпер да яго прыпаяем медны дроцік, другі такі дроцік расцягнем на дзвюх занёманскіх жэрдзінах, звядзём дроцікі ў чорную штучку — апарат, і тады ўжо твой бацька прамовіць, як той біблейскі бог: «Хай будзе святло!»

І святло тое прыйдзе...

Летась увосені, Алесь,— у дзень туманны, з балотам, слатой і сумам на сэрцы — бачыў я, як над нашымі Ганчарамі, невядома адкуль узяўшыся, праляцелі тры марскія чайкі. Можа, з Нарачы, можа, з далёкага мора. Мне хацелася бегчы за імі па гразі, бегчы ў замглёны свет, туды, дзе ракоча і пеніцца мора, гаворыць пра тое, што цудоўны, бязмежны свет не казка, а сапраўднасць. Такая, брат Алесь, туга — балючая, размашыстая, што кліча ўдаль. І нічога ж, нават не кігікнулі чайкі ні разу, толькі паварочваліся, пабліскваючы беллю на шэрым фоне неба, а ўжо запахла морам, пачуліся хвалі, захацелася плакаць. Падумай толькі: колькі таго жыцця, а свет такі прыгожы, повен магутных, хвалюючых таямніц, а мы тут такія бедныя, што не кожны нават можа ахапіць розумам усю яго красу і сілу!..

Як я хачу часам падкрасціся, сарваць з усёй зямлі заслону і ўбачыць, пачуць усё. Палажыць руку на пульс жыцця, заслухацца ў яго біцці — творчым, несмяротным...

А тут табе турмы, драты і штыкі на граніцы, свету толькі ў акне, а для душы, якой так хочацца лёту,— цяжкія ад балота лапці...

Ты мяне ведаеш, Алесь. Я, каб дайсці да сапраўднага шчасця людзей, не хачу... не магу пераступіць цераз труп нават аднаго чалавека... Часамі, праўда, мне цесна, душна з такою верай. Ох, як душна, як мучаць сумненні! І гэта чым далей, тым больш. Як хочацца сапраўднай працы, барацьбы — не толькі кніжку камусьці даць, не толькі крэмзаць паперу...

І вось цяпер гэтае радыё.

Здаецца, мы недзе ў цёмным і душным закутку. І вось намацае нехта акенца, выцягне з яго заткала — стане больш і святла, і паветра. Цяпер вунь холад і цемра за сценамі, а ў гэтай цемры, тоўхаючыся аб нашы ўбогія стрэхі, просяцца ў хату песні і казкі, просіцца розум і радасць... І ўсё гэта — адтуль, усё па-нашаму, усё — для нас!.. Як я хацеў бы быць работнікам

гэтай вялікай справы!..

Доўга маўчым, а потым я з усмешкай расказваю яму, пра што старая гаварыла нядаўна з Тадорай.

— Гэта нічога,— адказвае ён.— Гэта толькі раўнівае бурчанне старасці на ўсё, што новае. Якуб, браток гэтай самай Тадоры, не адзін кол на спіне пахвастаў бы сыну свайму за такія культурныя прынітую. Там ужо не наіўная цемра... Ну, а бабуля наша — чалавек вясёлы.

 

6

Вясна.

Досвіткам найшоў дожджык, і раніца спазнілася. Такая яна шэрая, заспаная. Нашы яшчэ спяць, толькі я ляжу, не сплючы ад поўначы, і пасыкваю, прыслу

га

хоўваючыся, як наспявае мой нарыў на руцэ, як ён пячэ і патузвае. З-за акна чуваць чырыканне вераб’ёў, а за дзвярыма ў кухні клохкае, прачнуўшыся, квактуха і ціўкаюць кураняты.

Я адшчапіў кручок, піхнуў рукою форткі. Акно адчынілася, у хату дыхнула вясна.

Столькі фарбаў цяпер у свежай зелені палёў, перамежанай палосамі шэрай раллі, у зелені лугоў, папырсканай жаўцізной расцвіўшай лотаці, у сіняватай смузе далягляду! Гэтак хораша распускаюцца яблынькі над вільготнымі шэрымі градамі, зубкаватыя лісточкі бярозы і лапкі памазаных мёдам кляновых лістоў. І вечары такія ціхія, цудоўныя!..

А рысаваць усё ж не хочацца. Чаму — не ведаю сам. Мусіць, таму, чаму цяпер Ніне не хочацца бабуліных казак. Вясна.

Вось яны, дзеці, спяць абое, смачна, нагуляўшыся за дзень да поўнае знямогі,— Ніна каля мамы на ложку, а Толік на падлозе ў начоўках. З таго дня, як ён пазнаў смак прастору і сонца, вочы хочуць смяяцца, а ногі — тупаць і тупаць. Надоечы сам пачаў вылазіць з калыскі ды ўпаў на падлогу, і таму яго зараз кладуць у начоўках. Сёння ён толькі нешта заспаў. Пад дожджык.

Ды вось Толік устаў, пацёр вочы і вылез з начовак. Я прыціх: пагляджу. Малы адвык ужо клікаць на помач бабулю ці маму і пачынае свой дзень самастойна. Вочы яшчэ не смяюцца, а жмурацца заслана, ды ножкі тупаюць ужо, бягуць. Папяўся на клямку, адчыніў і моцна пхнуў аберуч дзверы ў кухню, а сам з размаху стаў рукамі на парог. Пакуль ён угрунтоўваецца на нагах,— перад ім ужо клохкае яго найбольшы вораг, квактуха. Яна сунецца, натапырыўшы белае пер'е, а за ёю — жоўтыя пушыстыя «цівачкі», за якіх яна так балюча клюецца. Толік не губляецца: левай рукой ён гладзіць пад кароткай кашулькай голы пуп, а правай — настаўляе пагрозліва палец і кажа:

— Не люсь, туліца, не мозьна! Будзе Толя біць лязгай, ата-та!

Але «туліца» клохкае і грозна сунецца на яго. Тады малы вяртаецца ў хату і шукае «лязіны». У кутку стаіць кульба, якой бабуля, хварэючы, падпірае сваю старасць. Толік бярэ яе як папала, за канец, падымае дужкай угару і паварочваецца да ворага. Вораг перабраўся ўжо цераз парог і кліча за сабой сваю пісклівую дружыну. Пачынаецца бітва. Толік устае на пальчыкі і зверху б’е кульбай перад самай дзюбай квактухі. Недакос! Курыца натапырваецца і грозна пад’язджае, але кульба ападае зноў і на гэты раз удала, па пер’і. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Пераможца праследуе: бярэцца адной рукой за вушак дзвярэй, другой валачэ за сабой кульбу і шырока сігае цераз парог. Але кульба чапляецца дужкай за вушак, і, патузаўшы трохі, Толік пакідае яе і трухціць за курыцай бяззбройны, толькі ў кароткай кашульцы. Спачатку чуваць бразганне клямкі ў сені, а пасля баявы вокліч квактухі і прарэзлівае: «Ба-ба!»

Я бягу на ратунак.

— Ну чаго ж ты, чаго? — бяру малога на здаровую

руку.

А вось і бабуля прачнулася. І ручкі самі працягваюцца да яе.

— Ну, мы ёй, гэтай курыцы, нябось!.. А ты бо вельмі ваяка. Ну, не плач.

Так пачынаецца новы дзень. Бабуля будзіць маму. Мы з Толікам ідзём у адрыну, будзім бацьку і дзядзьку. Яны мыюцца каля студні, бяруць вілы і з мамай ідуць у поле растрасаць гной пад бульбу. Бабуля адзявае Толіка, і «за ручку» яны ідуць удваіх даіць карову.

Пакуль сырадой дзюрчыць у даёнку і ўздымаецца белым, салодкім шумам, пузаты пан стаіць за парогам, раз-пораз падымае пагрозліва пальчык і кажа:

— Не люсь, калёва, не мозьна: будзе Толя біць лязгай, ата-та!

А худая Красуля спакойна жуе жвачку і глядзіць на яго вялікімі добрымі вачыма.

Толькі Ніна яшчэ ўсё спіць.

Сонца не ўзышло, а выйшла з-за хмары шырокімі косамі ўніз і заліло ўсё ласкавым святлом. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. А побач з ім, на галінцы клёну, цвіркае верабей, яшчэ ўсё не пакідаючы надзеі выпрасіць у шпака яго новую хату. Каровы ўжо прайшлі на пашу. Сірата Коля Халодны, гуртавы пастушок, трубіць у бутэльку без дна, выклікаючы з двароў авечкі. Толік даўно ўжо выпіў сваю шклянку сырадою і працягвае ранішні абход гаспадаркі.

А Ніна спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія руч* кі, як хораша ёй са смуглявым румянцам першага веснавога загару!

Перад акном у нас расцвітае чаромха. Я выходжу ў гародчык і абламваю галінку, стараючыся не абтрэсці расу з лістоў і духавітых кветак. Пасля кладу яе Ніне на падушку побач з яе кучаравай галоўкай. Малая ледзь прыкметна ўсміхаецца.

— Ну, ну, не прыкідвайся, уставай! — кажу я. І Ніна расплюшчвае вочы. Смяецца... Бо, пэўна, добра цяпер нагуляцца з сяброўкамі і сябрукамі пасля доўгай зімы, з яе душнаю хатай, хваробай і страшнымі банькамі, нагуляцца, а потым так соладка спаць і ўсміхацца праз сон! Не хочацца нават бабуліных казак, бо вясна бае сваю чароўную сонечную казку, бо гэтак соладка пахне над плотам росная чаромха.

Успамінаю пра сродак на гэтую ленасць.

— Уставай,— кажу,— паслухаем радыё.

— Паглянь, як будзе хораша — устану.

— А як казка?

— То гэтак во, памаленьку.

— А як песенька?

— То гэтак во — гоп!

Я Надзяю навушнікі і ўключаю кантакт — «Хай

будзе святло!».

«...нашу перадачу для дашкольнікаў,— гаворыць прыемны жаночы голас,— беларускай народнай казкай « Пых ».

— Цсіі! — махаю я на Ніну, і яна ўжо на лаве. Знімае другую пару навушнікаў, расчэплівае іх і накладае на вушы. А тым часам праходзяць словы:

«Жылі-былі дзядулька, бабулька і ўнучка Аленка. І быў у іх гарод...

Ніна заціхла і не змаргне.

...А ў гародзе тым і капуста, і бурачкі, нават і рэпка жоўтая расла.

Захацелася дзеду рэпкі...»

— Бабка, бабка, сюды!

— Чаго? — паказалася з кухні бабуля.

— Борздзенька, бабка!

Бабуля выцірае аб фартух рукі і на вушы свае, што век не бачылі свету з-пад розных там хустак, накладае чарадзейскія вушы — навушнікі.

І заціхла...

А я ўсміхаюся як пераможца.

Пэўна! — гары сабе на скаварадзе цыбуля, астывай у цёрле недатоўчаная бульба, бо нам цяпер не да гэтага! З-пад снегу векавога прыгону выбілася наша народная казка, расплылася па свеце і, зліўшыся з пахамі вясны, зачаравала ўсіх — і маленства, і старасць!

Ну, каб не гэты нарыў,— што выйшаў бы за малюнак!..

 

7

Малюнак не выйшаў...

На трэці дзень пасля таго, як у мяне з’явілася жаданне пачаць яго, паліцыя забрала дзядзьку Міхася.

Прыехалі культурна, на веласіпедах, у хаце яшчэ надзелі яму наручнікі і павялі...

Такое тут бачылі часта. Не плакалі толькі бацька і я. Ну, вядома ж, не плакаў і дзядзька. Ён спрабаваў нават усміхацца і пацяшаць нас, ды ўсё гэта было не так...

Праз некалькі дзён яго гналі гасцінцам з мястэчка, дзе пастарунак, у павятовы горад, дзе турма. На гэты раз ён быў адзін арыштаваны з Ганчароў, аднак разам з намі да гасцінца выйшлі некалькі чалавек. Як заўсёды бывала. Блізка, вядома, нас не падпусцілі. Дзядзька ішоў не адзін,— чалавек іх ішло з пятнаццаць, як навабранцы. Паліцыянты пазлазілі з веласіпедаў і, злосна пакрыкваючы на нас, ішлі абочынамі дарогі.

Вось і ўсё.

Калі для нашай сям’і гэта нова, дык для ўсіх, хто навокал жыве, усё гэта — старая песня. Ну, што з таго, што ў Ганчарах забралі Міхася Ганчарыка, які, кажуць, усё чытаў ды пісаў, купіў радыё і слухаў яго месяцы са тры?.. Думаў, што адаткне акенца ў цёмным і душным закутку і сам будзе дыхаць, яму толькі стане святлей... Ды не — казалі, ён не такі: ён для ўсіх адчыняў сваю хату, дзяліў двое навушнікаў на чатырох суседзяў і сяброў, дзяліўся з імі родным хлебам розуму і радасці, якія ішлі з Усходу. Ды вось знайшоўся сабака і на яго. Добра яшчэ, што аднаго з хаты ўзялі: застаўся бацька, будзе каму араць ды касіць. А то дык і самога гаспадара, і хлопца маглі ўзяць, дарма, што яму шаснаццаць,— бяруць у людзей і такіх...

І вось мы, робім з бацькам наш чорны кавалак хлеба ўдвух.

Гэта — не хлеб, гэта — торф, які мы канаем сёння на лузе.

Луг шырокі,— прастора ад поля да лесу,— у іншы час можа нават і паказацца, што тут прывольна. Ды паласа нашай сенажаці вузкая, як і ў большасці іншых,— на тры пракосы і «адбоек», паўпракос, які я яшчэ пазалетась выскубаў ад чужое травы адзін, пакуль вучыўся касіць. Яму капаем упоперак, каб торф складаць на сваёй траве. Бацька стаіць у чорнай калатушы па калені, увесь запэцканы, мокры ад поту, гразі і дажджу, які цярушыць сёння з самага ранку, нібы ўвосень. З ямы відаць толькі бацькава галава, без шапкі, з сівізною, якой, здаецца, стала значна больш. Ён заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Цагліны мокрыя, слізкія, цяжкія. Ды мне ўсё роўна лягчэй, чым бацьку, а ён усё не хоча, каб я яго падмяніў.

— Яшчэ накапаешся,— адказвае, нібы яму ад гэтага лягчэй.

Пад шэрым небам, на мокрай зялёнай прасторы мы не адны. Мы толькі бліжэй да гасцінца. Далей ад нас, у бок лесу,— відаць, як чарнеецца торф, ходзяць, згінаюцца ды разгінаюцца хлопцы, дзяўчаты, відаць нават, як выскакваюць з ямаў тарфіны. Хутка касавіца, усе нарыхтоўваюць паліва, каб за лета высахла. Лішне глыбока па торф не залезеш і двойчы з адной ямы яго не возьмеш. Такіх ямаў, залітых вадой, на лузе з кожным годам больш ды больш. Сена ад гэтага не робіцца больш, і дровы ў казённым ці ў купецкім лесе не таннеюць.

Жаўранкі не баяцца такога дажджу, як сёння. Іх не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць, цярушыцца на траву, на кветкі і тарфяную чарнату разам з бясконцымі кропелькамі цёплага дажджу.

З гасцінца чуваць то грукат колаў, калі яны ўз’язджаюць на брук ці на мост, то час ад часу прагудзе аўтамашына. Машын у паноў няшмат, ходзяць рэдка.

Ужо было пад абед, калі я ўбачыў, як з гасцінца лугам ішоў да нас чалавек.

— Нехта ідзе,— сказаў я.

Бацька пакінуў капаць, а потым вылез з ямы.

Мы не малыя, таксама і ў цуды не верым, як бабы, а ўсё ж дзядзькі няма цэлы месяц, і невядома, калі ён прыйдзе. Няма пісем, не было і суда. Калі ж ён не вядомы — час яго звароту, дык чаму ж гэта мае адбыцца не сёння?.. Гэта — не думка, а туга, балючая, маўклівая туга... І мы з бацькам стаім і глядзім у той бок, адкуль да нас ідзе па лугавой дарозе чалавек...

Расчараванне было не поўнае.

— Іван,— сказаў бацька.

Мы пайшлі насустрач.

Гэта быў наш сусед, Іван Бразоўскі, Шуркаў бацька.

— Іван Паўлавіч, браце! — усклікнуў тата і, яшчэ не дайшоўшы да яго, неяк дзіўна, неяк па-бабску, як здалося мне, спытаўся: — Міхася ты не бачыў?

Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Падраныя чаравікі на босую нагу больш за ўсё іншае гаварылі, што ён з далёкай дарогі... Але ўсё ўсміхаўся, як і заўсёды раней.

— Здароў, здароў, Мікола Сцяпанавіч,— сказаў ён.— Бачыў, брат, бачыў. Здароў, Алесь! Як, брат, цябе пацягнула ўгару.

— Ну, і як жа ён, што ён казаў? Вашы, браток, усе здаровы. Бацька з Міхасём нашым усю зіму ездзілі ў лес, малыя растуць.

— Коля ўжо, мусіць, вучыцца? — з усмешкай спытаўся Іван.— А як Люба? Як Шурка?

— Коля вучыцца,— сказаў бацька, прыкметна спяшаючыся расказваць,— Шурка з Нінай маёй не разлівала, а Люба, браток, яна, сам ведаеш, плача... Ну, дык што ж ён казаў?

— Нічога не казаў,— зноў усміхнуўся Іван.— А як ён,— скажу. Закурыць няма? Хаця ж, ты не курыш... Забыўся. Я, брат, і гаварыць амаль забыўся за год. Давай прысядзем.

Мы паселі на мокрай траве, дзе стаялі.

— Міхась у Бярозе,— сказаў Іван.

І ўсё адразу стала ясна.

Пра гэта месца гаварылася шмат, аб ім спявалі песні, за якія вельмі проста было трапіць туды, пра што спяваеш. Канцэнтрацыйны лагер, зроблены пяць год таму назад у дапамогу турмам, якімі ўжо цяжка, відаць, запалохаць народ. Картуз-Бяроза — два словы, што на ўсю Польшчу і на ўвесь свет праславілі дагэтуль невядомае заходнебеларускае мястэчка.

— Бачыў я яго цэлы месяц,— гаварыў Іван.— Аднак гаварыць не прыйшлося. Сам ведаеш, чуў — там не гавораць. Там ты, брат, не Мікола Ганчарык, а я не Іван Бразоўскі. Нумар 2786-ы. Ну, у Міхася ён быў большы на некалькі сот папаўнення. І заўсёды — маўчы!.. Ведаеш, як сустракаюць там нашага брата? Нават і пана Дэмбіну, што вёз нас туды, сустрэча гэтая кранула за сэрца. За паліцэйскае сэрца, чуеш? За кіламетр да лагера кажа: «Ну, камісары, сядзьце ды падсілкуйцеся з мамінай торбы. Тут вас накормяць!..» Вядома, селі, а ў горла не лезе... Не толькі навічкам, а і нам, хто ўжо дагэтуль еў у наручніках. А сустрэча такая — па камандзе «бягом!» скрозь паліцэйскі строй, пад гумамі. Пасля каля самага дроту паставілі на калені. Ботам у спіну, каб тварам адчуў гэты калючы дрот, адчуў, што значыць «вольна і непадлегла айчызна»1 пана Пілсудскага. Так вось і жыў да апошняга дня, не ведаючы, колькі там прыйдзецца прасядзець. Праўда, мы не сядзелі. Работа такая, каб ты таксама помніў, дзе знаходзішся: каменне цягаем з месца на месца, яму капаем тры дні — глыбокую, прамую, роўненька абскрэбваючы бакі,— а потым засыпаем і ўтрамбоўваем... А вольны час прастойвалі «на бачнасць»2. Сядзець можна толькі на падлозе, абняўшы калені. А горш за ўсё — магільнае маўчанне. Або шэпт — асцярожны, цішком... Адзін толькі раз пачуў я там адкрыта чалавечы голас. Гэта было спачатку, як толькі нас прыгналі. На калідоры нас зноў малацілі гумавымі палкамі, прыгаворваючы: «Тэмп камунэ!»3. І вось адзін украінец гукнуў на ўвесь калідор: «Хай жывэ Радзяньскі...» Дакончыць яму не далі. Збілі так, што ляжаў у крыві. Малады таварыш, гарачы. Там наша справа — выседзець тэрмін ды зноў на волю. Гэта, брат, не турма... Ну, дык як жа нам, Мікола Сцяпанавіч, закурыць?

— Ды што курыць,— узняўся бацька з травы.— Хадзем лепш да торбы ды перакусім.

— І гэта можна. Таксама ёсць апетыт.

Бацька пакроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Сеўшы, Іван усміхнуўся:

— Міхась, здаецца, мяса не еў?

— Але, брат, ён у нас два гады быў вегетарыянцам,— сказаў бацька і, мне здалося, засаромеўся. Але таксама ўсміхнуўся, дадаўшы:— Каб яшчэ трохі, дык і нас з Алесем угаварыў бы.

— Ат, годзе вам! — перапыніў я бацьку і зачырванеўся.

— Дзівак Міхась,— сказаў, кіўнуўшы галавой, Іван.— Лячыць народ ад голаду вегетарыянствам! Здорава, дальбог! А ўсё ж харошы дзівак. Шкада такую сілу. Ды нічога, і ён зразумее...

— Ты не сказаў, Іван, як ты бачыў яго.

— Ну, што там бачыў! Бачыў. Першы раз бачыў, калі іх гналі ў сталовую. Метраў пяцьсот «качыным крокам» — на кукішках, трымаючыся аберуч за вушы. «Слухаён рад’я з Москвы!» — рагаталі паліцыянты. Гэта не спецыяльна для Міхася прыдумана: такі паход усе праходзілі — беларусы, украінцы, палякі... Пасля мы аднойчы стаялі побач «на бачнасць». Як заўсёды, маўчалі, глядзелі ў сцяну. А як жа мне хацелася хоць твар, хоць вочы ягоныя ўбачыць, каб хоць вачыма сказаць яму, напомніць яго ранейшыя словы: «Каб дайсці да сапраўднага шчасця людзей, не хачу пераступіць цераз труп нават аднаго чалавека...» Ды не яго гэта словы, не нашы! Даўно мы пераступілі цераз іх, таксама як пераступілі цераз труп царызму, як пераступім цераз панскі труп!..

Бацька маўчаў. Ніколі яшчэ я не бачыў яго такім

сумным, прыгнечаным.

— І што ж, забралі ўсё? — спытаў Іван.

— Усё. І прыёмнік, і ўсё, што ён пісаў.

— Ну, бачыш. Не раз я гаварыў табе, што справа не ў гэтым, што трэба змагацца з панамі інакш.

На гэты раз маўчанне было вельмі горкае.

— Там не адзін Міхась,— сказаў Іван.— Бачыў я і яшчэ з нашага боку. Усе, хто думае, хто хоча жыць,— усе за кратамі ды за дратамі. Не, брат, так доўга не будзе. Хопіць!

Мы памаўчалі зноў.

— Ну што, Алесь, а ты рысуеш? — спытаў Іван.

— Ат, рысую...— сказаў я, і першы раз за ўсё жыццё стала не радасна, а сорамна ад гэткага пытання.

— А што там «ат»! Ты, хлопец, духам не падай, рысуй. Хлеб наш горкі, але не вечны. Як паночкі гавораць: «Няма таго дрэннага, з якога добрае не выйшла б». Чуў? Будзе і наша свята. Што дзень — то бліжэй яно, а ты ж яшчэ хлапчук,— возьмеш сваё... А гэта я не так сказаў: не паночкі гавораць, а польскі народ. Ён таксама свабоды чакае, таксама сядзіць — і ў бядзе, і ў турме, і ў Бярозе... Ну, а што тут у нас?

І мы расказвалі. Ды гэта ўжо нецікава.

Калі Іван найшоў далей па лугавой дарозе і з тарфяных ям насустрач яму выходзілі людзі, з якімі ён гаварыў, і потым, калі ён памалу зацёрся ў шэра-зялёнай далечыні,— мы ўсё з бацькам стаялі. Што думаў бацька — не ведаю. Ён быў таксама пануры.

У мяне быў не сум, а боль на душы. Мне хацелася зараз жа, следам, ісці за Іванам, спытацца ў яго пра многае, аб чым я думаў сам, асабліва апошнімі днямі. Хацелася сказаць яму, што дзядзька, самы лепшы друг мой, дзядзька Міхась не раз сумняваўся ў тым, у што верыў. І я пачну цяпер, усё пачну ад пачатку — і кожны дзень майго жыцця, і кожны малюнак у новым альбоме. Я не дам яго ў рукі таму, хто накладаў дзядзьку наручнікі! Буду вучыцца і ў такіх, як Іван, буду шукаць іх, часцей выходзячы з хаты, у якой прайшло яно і ўжо не вернецца назад, маё юнацтва. Не вернецца — і не трэба! Толькі б дзядзька вярнуўся!

— Што, Алесь, мо пачнём?..

Як ён змарнеў за гэты час, мой бацька! А ўсё ж ідзе да ямы першы.

— Я палезу капаць,— сказаў я.— Ты паскладай.

Ён паглядзеў на мяне, падумаў, здаецца, нават усміхнуўся і аддаў рыдлёўку.

1934—1955 гг.

1 Cвабодная і незалежная бацькаўшчына.

2 Смірна.

3 Знішчай камуну!


1943-1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Збор твораў. У 5-ці т. Т. 2. Аповесці.- Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 56-92
Крыніца: скан