epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

З людзьмі і сам-насам

ДЗЕВЯНОСТА ТРЭЦІ
ДЗЕВЯНОСТА ЧАЦВЁРТЫ
ДЗЕВЯНОСТА ПЯТЫ
З РОЗНЫХ ГАДОЎ


 

ДЗЕВЯНОСТА ТРЭЦІ

Калі мы з ім, госцем-унукам, засталіся ўранні адны, я даў яму спаць колькі захоча. Бо і самому тым часам вальней, спакайней за пісьмовым сталом. Устаўшы ў адзінаццаць з мінутамі, румяны дзесяцігадовы філосаф на маё вясёлае здзіўленне адказаў:

— І нармальна!

Падумалася, што дзеці законна лічаць: сплючы, яны жывуць. А мы, старыя,— што трацім столькі часу.

* * *

Перачытваючы запісы восемдзесят пятага года, як прыемнае адкрыццё — Бог мой, толькі праз сем з палавінай гадоў! — убачыў тое, дзе і як мы пазнаёміліся з Міхасём Ткачовым. Каля магілы нашай агульнай любові — Валодзі Караткевіча.

І гэта бачыцца цяпер, ужо і цераз Міхасёў заўчасны адыход, не так сабе...

* * *

Над старонкамі Віктара Астаф'ева не адзін раз паглыблена ўзнікала думка, што іменна так павінен паводзіць сябе пісьменнік — пісаць, і добра пісаць, а не лезці ў палітыку. «Прокляты и забыты» напісаны добра. А ў раздзеле, дзе расстрэл братоў-блізнюкоў, ажно жудасна стала ад агульналюдскай сілы напісанага.

Прачытаўшы ўсё, думалася, па нашай даўняй прывычцы, і пра пэўныя недахопы, аднак тут — не да іх.

* * *

Танк, наш трэці народны Максім, у адказ на маё тэлефоннае прывітанне ды віншаванне з сонечным днём, сказаў, што ён якраз бінтуе сваёй Любе нагу. І возіць яе ў калясцы па вялікай, пустой кватэры...

Пахваліў Калеснікаў уступ да дзённіка Мядзёлкі, дарэчы, як і Вялюгін днямі. Я не стаў адкладаць да вечара, пазваніў Валодзю з гэтай весткай ад двух сур’ёзных чытачоў.

Максім расказваў таксама, што Любоў Андрэеўна памятае, як яна, вучаніца першага класа віленскай беларускай гімназіі, бачыла развітанне Гарэцкага з выкладчыкамі перад яго ад’ездам у Мінск,— як яны цалаваліся і які ён быў прыгожы. Можа, Максім запіша пра гэта, а то і не, хоць ён, думаецца, піша дзённік, не абмежаваўшыся «Лісткамі календара».

* * *

Зранку пайшоў у архіў, занёс кнігі сяброў з аўтографамі і пацікавіўся сваімі пісьмамі ў фондах Забэйды, Гарбука і Васілька. Не толькі прыемна было такім чынам вярнуцца ў мінулае, ажно да саракавых гадоў, але ж і думалася, што гэта — пісьмы — таксама ж літаратурная праца, якой нельга так сабе прападаць.

Смяюся ўвечары, успамінаючы, як я ў саракавых пісаў Васільку: «Если ты не хочешь, чтобы козлиное горло твое было залеплено горячей кутьей...» Так пачынаецца пісьмо, у якім я прасіў штосьці абавязкова і неадкладна прыслаць, у яго ж інтарэсах. Гэта — гогалеўскае, з «Вечера накануне Ивана Купалы» (толькі што зверыў), а то ў нас з Міхасём і царкоўнай мовы было для гумару шмат, што пачалося з палону і працягвалася пры сустрэчах. Рыхтуючы свой першы савецкі зборнік, ён даўгавата жыў у мяне, мы нямала смяяліся. Было крыху такога і ў пісьмах.

Сур’ёзныя пісьмы Вісарыёну Гарбуку, і нямала іх, і неяк прыемна, што з Мінска яны пабывалі ў яго Пяцігорску і вярнуліся адтуль, каб застацца памяццю пра нашу завочную дружбу.

* * *

Званіла дачка Колі Бразоўскага, хоць праз пару месяцаў пасля яго смерці, і гаварыла, між іншым, што ён прасіўся ў бальніцу, а яму нельга было сказаць, што браць яго туды лічаць ужо дарэмным, і крыўдзіўся на родных, гаварыў: «Пазваніце Івану, ён мяне паложыць!..»

У нейкай сувязі з гэтым адчуваннем чалавечай ды партызанскай блізкасці згадаю, як на з’ездзе ТБМ сімпатычная маладзічка, зусім незнаёмая, расказала, што, калі яна была малая, я начаваў у іхняй хаце, спаў на іхняй канапе. Аказалася, яна з тых Казлоў на Нясвіжчыне, дзе мы — Лойка, Аўрамчык, Барадулін і я — выступалі ў школе. А было гэта, боская моц, у маі 1966 года. Бацька тае дзяўчынкі, свядомы педагог, яшчэ жывы-здаровы, і я папрасіў перадаць яму прывітанне, забыўшыся спытаць, хто яна цяпер, дзе, кім працуе,— тая ціхая дзяўчынка.

* * *

Калі мы, група пісьменнікаў, што прыехалі ў Горкі на юбілей Максіма Гарэцкага, стаялі ў холе гасцініцы, чакаючы, пакуль нас паселяць, і ажыўлена гаманілі на роднай мове, нейкі «муж средних лет» па-руску нягучна спытаўся ў мяне, найбліжэйшага, адкуль мы. А пачуўшы, сказаў:

— И у нас, в Бобруйске, такие есть.

Не літаратары, як мы, пра што я не сказаў, а іменна такие. Нібы дзівакі.

* * *

У выступленні на саракагоддзі «Маладосці» Алесь Асіпенка нечакана расказаў, як у лютым 1953-га Машэраў хацеў паставіць мяне рэдактарам гэтага часопіса. Гаварылася тады: ён не ведаў, што я беспартыйны. Алесь, рэдактар «Чырвонай змены», член бюро ЦК камсамола, «ведаў нямала закуліснага» (словы ягоныя) і сказаў, што гэта Патолічаў выказаў недаўменне: камсамольскі часопіс і беспартыйны галоўны рэдактар?..

Прыемна было мне чамусьці ад гэтага Алесевага расказу, а таксама і ад той дэталі, пра якую я зусім забыўся. Як Машэрава папракнулі зверху за тое, што работнікі абодвух ЦК прыходзяць на працу ў дзевяць гадзін, а наша рэдакцыя, ды ў новым доме ЦК камсамола, у дванаццаць. Пётр Міронавіч выклікаў нас на гутарку па гэтай прычыне, а я там прыгадаў вайсковае, капральскае: «Можаце ботаў не чысціць, абы толькі яны блішчэлі!» Ён засмяяўся, і на гэтым справа закончылася.

І такое яшчэ. Пакуль дайшло да Аляксея Кулакоўскага, быў намер паставіць на «Маладосць» універсала Паўла Кавалёва, нават па сумяшчальніцтву, бо ён жа сакратарыў у Саюзе пісьменнікаў. Калі, пасля асечкі з маім рэдактарствам, я быў зноў запрошаны да Машэрава, там былі Асіпенка і Кавалёў. Павел Нічыпаравіч па-сталінску ды панамарэнкаўску пакурваў ці так пасмоктваў люлечку і шматзначна ўсміхаўся. Стаць адказным сакратаром рэдакцыі я адмовіўся, згаджаўся толькі на загадчыка літаратурнага аддзела, а прыязна, па-свойску ўсмешлівы партызанскі Герой, камсамольскі важак ветліва муліўся, што «менш як другое месца ў рэдакцыі прапанаваць вам нязручна». Крыху пазней была зроблена такая камбінацыя: загадчык літаратурнага аддзела быў адначасна і намеснікам галоўнага. А мне прыемна згадваецца і такое, як я, гледзячы на адказную люлечку, спытаўся ў Машэрава: «Што — кіраваць ужо ёсць каму, а працаваць — няма?..» Ён, Пётр Міронавіч, і тут па-свойску засмяяўся.

* * *

Раптам жыва і сцішнавата ўявілася леташняе. Па залітым спякотным сонцам маскоўскім тратуары мы ішлі ўтраіх — Алёша Карпюк, яго заўсёды разважлівая, з добрай усмешкай Іна Анатольеўна і я. Каля сцяны аднаго з дамоў, у цяньку сядзеў з баянам ці паўнапраўны жабрак, ці нейкі, як палякі кажуць, zarobkiewicz*. Насустрач нам ён рэзнуў полечку. І тут Алёша — худы пасля асенняй аперацыі, небывала раней маўклівы, у светла-шэрым касцюме і белай шапцы — раптам... затанцаваў!.. Яшчэ зводдаль ад баяніста. За паўтара месяца, як потым аказалася, да смерці... А далей, ужо ўсміхнуўшыся, пайшоў побач са мною, зноў амаль не прымаючы ўдзелу ў размове.

* * *

Прачытаў дзённік Варлена Бечыка. І сум, і святло ад яшчэ аднаго сутыкнення з чыстай душой таленавітага пакутніка, і ўдзячная радасць ад таго, што ў гэтай душы бываў сяды-тады і я.

Маці Варленава, выкладчыца Кароткая, якую толькі чуў разоў колькі па тэлефоне, а выгляду не ўяўляю, перадала мне ягоную кнігу «Радкі і жыццё» па дзіўнай сціпласці без надпісу. Пазваніў ёй учора, яшчэ раз сказаўшы паважанай Ларысе Лявонцьеўне пра яе святога хлопца...

* * *

Перад сном слухаў Варшаву. Дваюрадны брат Марака Гласкі хораша расказваў і пра свае пакуты ў савецкай ссылцы (сям’я асадніка), і пра Марака-пісьменніка, пра іхнюю дружбу. А на мяне, як ніколі раней,— так жа часта здаецца,— напала сумота ад раз’яднанасці з сябрамі ў Польшчы, на Украіне, у Расіі, у Прыбалтыцы...

Неяк Гілевіч пасля песні ў застоллі сам пачаў пра тое ж,— як балюча паменшала ў яго балгарскіх сяброў. А яму ж на чатырнаццаць гадоў менш, чым мне.

Да ўсіх бедаў нашага ліхалецця — яшчэ і гэтая міжнародная раз’яднанасць!..

* * *

Даў Вялюгіну прачытаць рукапіс «Сваіх старонак» і «Вячэрняга»,— так захацелася талковага позірку збоку. Бо ў рэдакцыі, хутчэй за ўсё, нічога не скажуць. І ўзрост, і пэўны аўтарытэт,— ад гэтага і самотнасць, зусім шчырага слова не пачуеш, як быццам яно табе не патрэбна.

...Пазней, ужо тэлефонна пачуўшы пра ягонае ўражанне ад прачытанага, выказаў сваё сумненне па адным запісе. Анатоль змахнуў яго, сказаўшы, што гэта ў кожнага з нас «за пазухай чырвоны рэдактарскі аловак».

Дадам: як запазушны камень — супраць належнай літаратуры?..

* * *

Шамякін здзівіўся, што я — за Ельцына, як пэўную апору рускай, а з гэтым і нашай дэмакратыі, пачаў бэштаць яго і ягоных, а я, засмяяўшыся, нагадаў яму размову Сталіна ці не са Стаўскім, які скардзіўся правадыру на пісьменнікаў і пачуў адказ: «А где я возьму тебе других писателей?»

— Таксама, Ваня,— сказаў я,— дзе ж я табе вазьму другога Сталіна?

* * *

Каляровае фота сусветна мілых дзетак, дзяўчынка і два мальцы, і іхняя мамуся, паглядная кашубка з вялікімі блакітнымі вачыма. Расказваючы пра яе, мой малады польскі госць, сын майго даўняга сябра, сказаў, між іншым, як яна, ягоная Гражына, вярнуўшыся са споведзі, паведамляла яму ў ціхай радасці пра палёгку вызвалення ад грахоў, пра сваё абнаўленне.

Я сказаў яму, што як wolnomyśliciel (якое добрае слова!) не маю такое магчымасці вызвалення ад грахоў, асуджаны пакутаваць ад іх у самоце.

* * *

«Входите узкими вратами» Рыгора Бакланава. Удзячна прачытаў. Знайшоў у шафе «афтографных» кніг ягоную «Пядь земли». «Милому... с давней любовью, с надеждой, что мы будем дружить. 3.Х.71 г.» Гэта — пасля нашага знаёмства ў Дубултах. Чытаючы цяпер яго жывы, таленавіты расказ пра перажытае пісьменнікам і рэдактарам «Знамени», падумваў нават, што можна было і напісаць яму, аднак неўзабаве пахаладзеў: яшчэ адзін камень у ваду?.. А на сустрэчу сёння разлічваць цяжка. Пагаварыць было б, здаецца, лепш.

Во раз’яднанасць!..

* * *

Продкі маліліся, пакланяліся Сонцу. А ці не найлепшы гэта быў Бог — найчысцейшы і найцямнейшы?..

Не дасужая думка ў мяне, а такое было днямі адчуванне перад тэлеэкранам, на якім прыгожа, велічна Яно заходзіла.

* * *

Ад беспрацоўя зранку ўзяўся за Барыса Мікуліча, «Аповесць пра сябе», беларускі перыяд. Як быццам я гэтага не чытаў, спачатку ў рукапісе, потым у «Нёмане». І не таму толькі, што захацелася прыемнасці, якую адчуў калісьці ад той старонкі, дзе ён гаворыць пра мяне,— зачытаўся, і вось, пасля гадзіннай паўзы, сумна ад гэтага перачытвання. Хоць і ведаю сам, і з Адамовічам у свой час, калі ў гросбуху чыталі, і з Вялюгіным сёння гаварылі пра тое, што вось чалавеку не далі пісаць мастацкай прозы, прымусілі пакутаваць з-за гэтага, а ён пра пакуты свае напісаў, і гэта — найлепшае з усяго, напісанага ім.

* * *

Дапісаў патрэбнае да ранейшага запісу, загарнуў сшытак, палажыў у шуфляду і нават уголас сказаў сам сабе: «Ziarnko do ziarnka i zrobi się miarka»**. Пра тое, што дапісаў.

Калі і будзе ў маім запісванні трохі графаманіі, дык што ж — ад гэтага ж не ўсюды, не заўсёды ўсцеражэшся.

* * *

Пачуў, што цыбаты развязны лахмей, рэдагуючы ў маладзёжнай газеце нейкі матэрыял, закрэсліў у сказе словы «вялікія рускія пісьменнікі» і паставіў: «рускія белетрысты» — Талстой і Дастаеўскі... А другі, крыху здальнейшы, прыкметнейшы, сказаў, выступаючы: «Трэба нам вызваляцца ад гэтых барадатых класікаў!»

А сабе эпітэтаў не шкадуюць. Трэці з гэтай змены, можа, найбольш туманны, у надрукаванай аўтабіяграфічнай даведцы ўжо не толькі паэт, але і філосаф. Сам пра сябе.

* * *

Былы сакратар абкома, а потым — так жа нядаўна — і яшчэ вышэйшы на партыйнай лесвіцы, стаіць у царкве са свечкай у руцэ. Не перад Богам — перад тэлекамерай.

Адна з нашых сярэдненькіх рыфмачак, што і партыйную школу без прымусу закончыла, і на партыйныя сходы хадзіла ўрачыста, як у царкву, цяпер — таксама перад тэлекамерай — істэрычна, як баба-клікуша, расчульваецца над апісаннем мошчаў нейкай святое княгіні...

Мода.

* * *

Пасля раённага свята працы і песні ў гарадскім парку — пяцігадзіннае сядзенне за багатым сталом, дзе і госці з суседніх раёнаў, і з «пабратанага» раёна падмаскоўнага, дзе ўсё раённае і калгаснае начальства з жонкамі. Тыя самыя савецкія тосты, тыя самыя рускія песні. Нават ажно такое было сказана адным з раённых кіраўнічкоў, які ў тосце славіў рускіх, гасцей і наогул: «Усё роўна ж вы будзеце нашымі правадырамі...» Не дзіва, што сумна, стомлена было за тым, здавалася, вечным сталом, з некаторымі прасветамі ў перапынках, калі знаёміўся з аднымі ці сёе-тое ўспаміналі са знаёмымі.

* * *

І чытаючы аднаго, і слухаючы з трыбуны другога, думаў, як гэта ўсім нам уласціва — пра самога сябе гаварыць абярэжна, кажучы па-санаторнаму, «в щадящем режиме», больш вінаватых бачачы навокал...

І самому трэба гэтага баяцца.

* * *

«Молодой негодяй» Э. Лімонава. Калі па-руску — мерзость, скверна, што па пэўным таленце гэтага літаратурнага хулігана, як па ральгангу, лёгка коціцца ў душы маладых стотысячнымі тыражамі.

* * *

У чорнага маленечкага цюцькі столькі прыязнасці, што ён ніяк не можа выменташыць яе сваім хвосцікам, кожнай раніцы вітаючы мяне, калі прыходжу ў пасёлак па малако. І падхалімствам гэта не назавеш, бо ён жа яшчэ зусім дзіця.

* * *

Як часта гэта бывае, што ў нейчым расказе пра самога сябе харошага не сказаным застаецца такое трошкі не так,— не так было, не так запомнілася тым, хто быў пры гэтым і ведае. Ва ўспамінах, у інтэрв’ю бачыш гэтае не зусім так і не заўсёды хочацца рэагаваць. Каб не разменьвацца на дробязі, а то больш з дабрадушнай ляноты.

А тым пазёрам, ці як тут сказаць, гэта якраз і добра, што хтосьці прамаўчыць.

* * *

Дзве дачныя радасці — прыехалі ўнукі і пачаўся, нарэшце, дождж!

Дзед з бабай ператаміліся ад штодзённага шчодрага палівання градаў, а тут і вельмі чаканы, і ўсё ж неспадзяваны працяглы kapuśniak , як трапна кажуць палякі.

І ўспамінаецца народнае: усё падняло вушы. І думаецца, ідучы раніцою па палявой дарозе, накрыўшыся плашч-палаткай, як гэта сёння кожны лісток, кожная травінка — як перамытыя. Што таксама вядома з маленства.

* * *

«Пісаць для сябе». Можа, гэта і ёсць яно — пісанне перш за ўсё для самога сябе — у тым, што я і хвалююся сваім, і ў сумненнях пакутую, і радуюся, дасягнуўшы належнай адпаведнасці. Вось чакаю карэктуры сваёй «Пішу як жыву», як чакаюць прыезду, прыходу кагосьці з найраднейшых, і ўспамінаю, як што пісалася, пра што хацелася сказаць,— маё заўсёды і назаўсёды, у чым прызнаюся, чаго ніяк не магу сказаць, паказаць найбольш удала... Ёсць і такое — пры радасці за тое, што, як шчасліва здаецца, удалося.

* * *

Добра апрацаванае поле, з якім я так даўно знаёмы, цяпер пад бульбай. Каторую ўжо раніцу, калі іду паўз ім, напамінае мне глыбока паэтычны ўступ да «Хаджы-Мурата», гімн вялікага вечнаму. А сёння, светлай, ціхай раніцай, калі ўсё так хораша расце пасля дажджу, я яго, гэтае поле, пакуль што чыстачорнае, з пазнавата пасаджанай бульбай, убачыў і ў такой яшчэ красе:

На зялёным, росным узмежку, які вышэй за дарогу, дзве нябесныя кветкі — валошкі, сціплыя раннія васількі так непаўторна хораша, міла, хвалююча блакітнеюць на чорным пакуль што фоне чыстай раллі.

* * *

Даўно пачаўшы, думаеш пра штосьці вартае запісу, але ўсё адкладаеш, як быццам з ляноты. А потым і прыходзіць як найбольш дарэчная патрэба запісаць тое нешта па суседству з нечым іншым, і тая нібы лянота робіцца зразумелай самому сабе: гэта ж было шуканне найбольш адпаведнай падачы.

* * *

Шарыка як быццам увечары не было. А тут я ў дарозе ажно ўздрыгнуў ад нечаканасці, калі ён ціха выперадзіў мяне, фыркнуў чагосьці, нібы пракашляўшыся, збочыў з мокрай пасля начнога дажджу дарогі і элегантна пасікаў на востры ялаўцовы кусцік. Хвост абаранкам, а пад хвастом ніякага натуралізму. За паўтара кіламетра нашай дарогі ў пасёлак ён «адзначыўся» (па Прышвіну) некалькі разоў, спачатку сур’ёзна пазнаёміўшыся з вартым-нявартым аб’ектам арашэння. А да таго яшчэ адзін раз насцярожыўся і шыбануў у лес, дзе знізу пабрахаў у крону сасны, трэба думаць, на вавёрачку.

Цікава яно ўсё-такі — чацвёртае лета гэты сціплы, з пароды лаек з прымессю, разумны псіна прыбягае да нас за добрых восем кіламетраў лугам ды лесам, ад свайго гаспадара, старшыні калгаса; пагосціць дзён колькі, тады знікае дахаты, а праз месяц, а то і хутчэй — зноў сюды. Не падумаеш, што дома яму голадна. І будка добрая, па-гарадскому кажучы — прэстыжная, і ланцуг пры ёй, на пяску,— сам я неяк бачыў.

Сусед наш кажа, што ў ланцугу тым і бяда: не хочацца быць навязаным. А суседка — з іншай псіхалогіяй падыходзіць: у іх была сучка Лайма, з якою Шарык хораша пасябраваў, а тая потым, у горадзе, трапіла пад машыну, і ён забыцца яе не можа, усё шукае на іхняй сядзібе, прынюхваецца... Праўда, раней прынюхваўся, шукаў, а потым і прывык сюды наведвацца.

Такая вось гісторыя.

Па загаду нашай гаспадыні, якая і так не любіць сабак, а тут яшчэ чужы дзівак па градах будзе таптацца, мы не кормім Шарыка, так гонячы яго дахаты, а ён усё роўна вяртаецца. І добра было б мець такога і ўнукам сябра, і сабе. Нават сама бабуля часам ласкавее, калі ён суправаджае яе ў ягады ці ў грыбы. Але ж чужы, чужое, а на свайго ў нас згоды няма.

Вярнуліся мы з малаком, і ён прылёг за брамкай, на мокрай траве, увесь у сваёй галоднай, самаадданай цярплівасці. Пасля халоднай, мокрай, нішчымнай ночы вартаўніка трэба было б падмацаваць нечым, але я кажу яму:

— Не, браток, не магу я з-за цябе сварыцца з жонкай, бяжы ты дахаты!

А ён ляжыць. Праўда, потым не вытрымае, знікне, да каго з суседзяў ці й наогул. Каб потым з’явіцца зноў.

Проста апавяданне, ці што?

* * *

Каб ад свае гаспадаркі, дзе процьма работы, якое няма на каго пакінуць, ехаць на ферму, яна, быстрая, маладжавая ўдава, калгасная даярка, устае ў тры гадзіны. Едзе туды прысланай фурманкай, цэлую гадзіну калываюцца. Калі возчык трапляецца, дзякуй яму, негаваркі, дык яна і падрэмле крыху.

Гаворыць мне пра гэта і ўсміхаецца.

Такі вось айчанашны хлеб на кожны дзень: тройчы на ферму і назад, дахаты, дзе таксама хапае работы.

Калі я зайшоў зранку на яе хутарок і мы, павітаўшыся, загаварылі пра вясну, ад злыдняў-камароў да яблыняў, што так раскошна цвітуць, яна сказала:

— Няхай бы, здаецца, і яблыкаў не было, а каб яны так заўсюды цвілі!

Народнае, ад чалавека цяжкай працы.

Дома запісваю гэта, і хочацца дадаць: а яшчэ ж у мяне за акном белай кашкай расквітнела «сухадрэўка», і бэз нібы не спакваля — увачавідкі так духмяна разбутоніўся!..

А перад сном, ужо без святла, пад ціхую музыку па радыё, убачыў зорачку ў чыстым начным блакіце, побач з графічна выразным нерухомым россыпам ліпавай лістоты. Зорачка тая як быццам ішла насустрач мне, самотна выядрываючыся ў сціплае, пяшчотнае пабліскванне.

І журботна, малітвена падумалася, як гэта чалавеку суджана так мала, так коратка любавацца красой, якую ён лічыць роднай!..

* * *

На нядаўнім з’ездзе беларусаў свету Ян Чыквін падараваў мне кнігу Тэрэсы Занеўскай «A dusza jest na Wschodzie», і там амаль незнаёмы Тадэвуш Канвіцкі прыемна здзівіў тым, што ён uwielbia*** (скажам прасцей: вельмі любіць) мяне за лірычныя запісы, называе іх пенкнымі і хвалюючымі, а разам з тым абвінавачвае іх аўтара ў «патрэбе падаць на калені і шапкай кланяцца Маскве...».

У такой і падобных прэтэнзіях трэба бачыць шкоду, якую я наношу сваёй нацыянальнай годнасці, пісьменніцкай арыгінальнасці. Але ж чым? Тым, што люблю Талстога, Чэхава, іншых вялікіх рускіх, якіх такой самай, агульналюдскай любоўю любяць на ўсіх кантынентах? Ён не кажа пра Расію, а пра Маскву, і тут вылазяць вушы яго патрыятычнай абмежаванасці, гістарычнага болю, крыўды, нянавісці да Moskwy, як да імперыі, і да Moskali, як прыгнятальнікаў, перад якімі я ніколі не чапкаваў, тым больш на каленях.

* * *

Заслугу таго пакалення нашых землякоў, якое тым часам уступіла ці ўступае ў старасць, бясспрэчную заслугу ў захаванні роднага на далёкай чужыне, у іншамоўным асяроддзі, трэба прызнаць, само сабою — не перабольшваючы.

Ды вось жа то адзін, то другі з іх, а ўжо і гуртам прызнаюцца, што перадаваць эстафету свядомай беларускасці маладым ды яшчэ маладзейшым усё цяжэй і цяжэй. Мацнейшыя, пануючыя мовы без асаблівых намаганняў бяруць сваё. Гарачы, рухавы Янка Запруднік папракае мяне ў тым, што ў запісах я «Цыцэрона цытую па-руску» (?), з чым ён, як нацыяналіст (ягоныя гордыя словы), ніяк не згодзен. А дачка яго тым часам піша свае вершы па-англійску. Гэта — яўнае, а колькі ж тайнага?.. І прызнавацца ў гэтым нялёгка.

Але ж і мы тут, няхай сабе і на роднай зямлі, былі і застаемся ў такой магутнай аблозе з абодвух бакоў, у такой усёпранікальнай блакадзе руска-польскай асіміляцыі, што і нас можна і трэба разумець. Хоць застаецца ў кожнага і недаравальнае.

* * *

У «Литературной газете» — пасмяротнае ў Георгія Сямёнава, «Солнечный зайчик». Пане калега Канвіцкі, вось я ізноў «чапкую Маскве». Паважаны спадар Запруднік, вось я ізноў выпісваю ў дзённік без перакладу:

«В дни всеобщей смуты и грызни, проклятий прошлому и полного неверия в возможность выйти из кризиса надо идти своей дорогой, и пусть люди говорят, что хотят. Надо писать рассказы о любви и нелюбви, о красоте божьего мира, в котором страдает человек, не находя себе места или теряя вее — надежду, веру, любовь. Надо писать то, что умеешь, делать то, что Бог тебе на душу положил, и не гнаться за политическими, скандальными историями. Как можно дальше от скандалов! И как можно ближе к истерзанной душе человека».

Згадаліся радкі:

 

...И как преступник перед казнью,

ищу кругом души родной.

 

І радуюся, калі знаходжу яшчэ адну.

* * *

«Парыць косці», «пухам зямля»...

Прыкра такое, а то і агідна ўяўляецца. Згадваць блізкіх трэба інакш.

* * *

«Я такому не падам рукі».

Як санкцыя зверху, як пазбаўленне ўзнагароды, ласкі? А ён даволі часта гэта паўтарае — то ў друку, то з дэпутацкай трыбуны.

* * *

То прэса, то радыё, то тэлевізар — абы свайго не думаць?

Як у бальніцы, пад штодзённай кропельніцай.

* * *

Учора, пагодлівым адвячоркам, асабліва прыемным пасля вятроў ды макрэчы, даўгавата, усмак лынчыўся — адзін каля цяпельца — вогнішча паміж старымі ліпамі пры дарозе, так успамінаючы Міхася Ціханавіча, нарачанскага вогнепаклонніка, вясёлага, людскага чалавека.

* * *

Паправіла світарок, не ўстаючы з мяккага, глыбокага крэсла, не спыняючы мілай мне гутаркі, і незнарок, неасцярожна расшпіліла белую кофтачку, верхні гузік. І ці гэта мая старэчая сапсаванасць, ці і спакуслівае хараство тут віною, што вось жа помню, бачу, як яна паправіла сваё міжвольнае дэкальтэ жаночым жэсцікам, з мілым «між іншым», не спыняючыся ў зацікаўленай і талковай гаворцы.

* * *

Усё, што хочаш, а такому ажно паверыць не хочацца!.. Рафаэль Санці,— як піша Крыстафанэллі ў сваім «Дзённіку Мікеланджэла ўтрапёнага»,— ужо ўваходзячы ў славу сусветнага генія, «дагэтуль не пісьменны: не ўмее ні чытаць, ні пісаць...».

* * *

Мы з ім ішлі, і мне захацелася сказаць яму добрае. Сказаў пра тое, што было нядаўна перад гэтым,— як Сяргей Залыгін, седзячы ў парку на лавачцы, чытаў у газеце штосьці ягонае, Мележава, а я спытаўся, як яно, на што Сяргей Паўлавіч адказаў: «Хорошо. И вообще он мужик хороший». Іван задаволена ўсміхнуўся.

І тут мы з ім падышлі да ракі, прадвяснянай. Ён увайшоў у ваду, але пачаў адступацца ад настырлівых хваляў, каб не замачыць ногі... ужо стоячы ў вадзе. Зусім нармальна. Потым з шарошу на рацэ пачало збівацца, як галка масла з крупінак, штосьці падобнае ці то на невялікую тоўстую крыгу, ці то на іншы лодкападобны «наплаўны сродак» (здаецца, так па-сапёрску), які мой Іван асядлаў, з нагамі ў вадзе, і, нібы вяслуючы нейкім кійком, падаўся на другі бераг.

Ён яшчэ не даплыў туды, набліжаючыся да рэдзенькага гурту іншых такіх плыўцоў, а я заклапочана замітусіўся, шукаючы, на чым жа пераправіцца мне. Дарма!..

Ды з гэтым і прачнуўся... адразу перайшоўшы ў пераможны любоўны ўспамін, які захацелася з лаянкай адагнаць.

Гэтым пачаўся сонечна-церпкі жнівеньскі дзень.

А ўчора, зусім пад вечар, кінуў у блакнот такое, малавыразнае:

Наперадзе ў мяне штосьці, чаго не растлумачыш нават сам сабе, што толькі адчуваецца. Нейкае радасна светлае воблака на бязмежным блакіце — шчасце, якое чакае мяне. Яно нікому іншаму не зашкодзіць, а мне яно неабходнае, у ім сэнс, надзея, жыццё...

Каб жа я мог гэта належна выказаць!..

* * *

Перачытваючы Караленкава «Лес шуміць», успомніў Васілька — яго чатырохрадкоўе з моцным заключным радком:

 

Калі насоўваецца мрок пануры,

Ад сполаху дрыжаць адны асіны.

Мы не дрыжым!.. Так перад бурай

  Маўчаць дубы ў задуме сіняй...

 

Гэтую мініяцюру Міхасю вырэдагаваў з даўжэйшага верша Таўлай. Пры маёй дапамозе. Пры аўтару. Захапляліся ўдачай разам, утрох.

* * *

З Ясеніным мяне даверліва пазнаёміў мастак Дзіма Красільнікаў, з якім мы разам працавалі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». А з Грынам, таксама «тайно образующе», Саша Міронаў, крыху пазней, пераехаўшы з Гродна ў Мінск.

Потым я выпісаў Грынаў шасцітомнік. Сказаць зусім шчыра — гэта для мяне не Чэхаў, аднак светлае адчуванне ад ягонага слова жыве. Успомнілася вось, як прыемна было ў яго мазанцы ў Старым Крыме, з мальвамі і сланечнікамі за нізка пасаджанымі малымі вокнамі, дзе ён, як піша ў часопісе «Наука и жизнь» даследчыца Пярвова, жыў і памёр «ад цяжкай хваробы, у галечы і забыцці, але свабодны, застаўшыся сам сабою, сагрэты клопатам і любасцю роднага чалавека — жонкі».

Тую весела-дабрадушную, мажную, у простай белай сукні Ніну Мікалаеўну мы з прыемнасцю слухалі, зняліся з ёю каля той хаціны, і я быў рады, што разам з іншай малечай, якая акружыла мілую бабулю, быў і мой дзевяцігадовы сын.

А як вярталіся ў Кактэбель, шафёр аўтобуса нагаварыў нам столькі змрочнага, бруднага пра гэтую жанчыну («Працавала бухгалтарам у фашыстаў!..»), што толькі ўкраінскія сябры, якія не былі з намі ў Грынавай хаце, асабліва Антон Хіжняк, дапамаглі мне ўраўнаважыцца.

А цяпер — новае ў біяграфіі Грына: як ён не змог быць тэрарыстам, пакінуў кампартыю, пакутліва парваўшы з-за гэтага са сваім першым каханнем, «чудной» (па Караленку) Кацяй Бібергаль. У кожнага з іх аказалася сваё, што было найвышэй. «Души надо перевоспитывать,— гаварыў гэты «полуполяк»,— а не развращать их страхом». Для «чудной» ён аказаўся баязліўцам («Ты трус!» — уджаліла яна па-жаночы найсуровей), а свет надоўга ды ўдзячна набыў высакародна яркага пісьменніка.

* * *

Недачытаны томік Купалы «Жыве Беларусь», вершы і артыкулы першых паслярэвалюцыйных гадоў. Не мог я не думаць, чытаючы далей, што ўсё гэта ў яго, у адрозненне ад пазнейшага (успомнім дзённік Чорнага), напісана самім. Ды такое — між іншым. А большае, глыбейшае ў сваёй трагічнай сутнасці — тое, што яму, Купалу, ох як цяжка было пасля, як нямала падстаў для жудаснага, беспрасветнага страху. Адно самагубства не ўдалося, прыйшло другое — зацяжное самагубства таленту.

Дачытаў, і стала вельмі няўтульна, сумна...

* * *

Успомнілася днямі, як мы з Калеснікам у красавіку пяцьдзесят другога наведалі ў Вільні Пятра Сяргіевіча. Адзін момант успомніўся — адна дзявочая нага, у калене прыўзнята-сагнутая ў недарэчным жаданні кінуцца ў скокі. Ад радасці, што вось яны, маладыя, саджаюць у парку дрэўцы. Такі сабе сацрэалізм. Што нам з відавочнай натугай ды няёмкасцю сяк-так, па-свойму дробненька секучы, намагаўся растлумачыць сімпатычны ды паважаны маэстра.

Натугу тую мы памятаем з таго часу, ведаем і па сабе...

* * *

Жаночая песня па радыё, бойка жулікаватая. Улавіў толькі рэфрэн пасля кожнага куплета:

 

...И Алла Пугачева, и Рая Горбачева

зовут меня на яблочный пирог!..

 

Не простае тут зубаскальства, а пэўны народны, гістарычны падтэкст. Наконт Раі, вядома, так нядаўна ўсесаюзна-глабальнай. Як яна гаварыла — з паўзамі для пажаданага запісвання, як дэманстравала ўсюды, і ў свеце, і ў айчынным убостве, свае «августейшие» ўборы, як векапомна расказвала пра фароскую «трагедыю», як... яшчэ і іншае. Такі тып жанчын — і смешных, калі не пры ўладзе, і страшных, калі ўсё сама.

Успомнілася недзе чытанае ў Талстога: «Все эти глупые бабы и девки, восседавшие на русском троне...» Гісторыя!

* * *

Каля сельмага, пакуль што зачыненага на абед, з бабамі і дзецьмі стаіць нямогла худы, зусім бяззубы дзядок. Калі ён датэпаў сюды, якраз ішла гаворка пра чарговае падаражанне. Пытаннямі падключылі да дыскусіі і старога. Ды ён сказаў толькі, неяк вымалаў у пустым роце:

— Во да-вя-лі!..

Потым язык яго зусім заблытаўся ў маце.

І нічым дзядзьку не разважыш: ён ужо чуў усё.

...Калі ж мы пачнем смяяцца з таго, што робіцца?

Праз слёзы, вядома ж.

* * *

Гісторыю будзем таўчы ды перамешваць кожны на свой лад заўсёды. З патрыятычным замоўчваннем сяго-таго ды выторкваннем «патрэбнага».

* * *

Неяк дачка з пахвалой успомніла, як я тут, на дачы, адрамантаваў свае тапкі. А я сказаў, што гэта — ад колішняй вясковай практыкі падшывання лапцей. «Во время оно» яно ў мяне атрымлівалася нядрэнна. Нават яшчэ і ў гады акупацыі, калі ў мяне адны боты забралі партызаны, а пашыўшы другія, іх трэба было хаваць, зручна ды весела карыстаючыся лапцямі.

* * *

Апавяданнем «Мой зямляк» я пачаў вяртаць свой пісьменніцкі голас у новых для мяне, у савецкіх умовах.

Таму і люблю яго неяк па-асабліваму.

* * *

Цяжкае ўражанне ад пачутага па радыё,— на мінскі «кангрэс народаў» завіталі з Масквы бабурыны, стэрлінгавы, алкснісы. Ажно згадалася само сабою: «Не стая воронов слеталась на груды тлеющих костей...» Зноў гаворыцца, што нам, беларусам, «будет принадлежать честь»... у гэтым выпадку — адступіцца ад сваёй незалежнасці. Галёканне брэсцкіх і барысаўскіх ветэранаў — аблога і такога выгляду. Выступаючы па «Свабодзе», Быкаў разумна паўтарыў Адамовіча з 1991 года: наша дэмакратычная самастойнасць залежыць і ад таго, якія сілы будуць кіраваць Расіяй. Цяжкія прадчуванні...

* * *

А ўчора, правёўшы госцю-дачку на стаўбцоўскі аўтобус, у полі за апошнімі беражэнскімі хатамі спыніўся — паглядзець на сонца.

Яно, як гаворыцца, узышло і пастаяла. Такое добрае, не вінаватае за ўсе зацяжныя дажджы і гвалтоўныя навальніцы, нават у палавіне верасня. І захацелася сказаць яму:

— Добры дзень! Даўно ж не бачыліся!..

* * *

Даты жыцця вядомых мне і менш вядомых пісьменнікаў выклікаюць часамі ды міжволі думку: як мала пражыў, а колькі зрабіў! І пераходзіш да самога сябе: больш ужо не зробіш, можна толькі даточваць да ранейшага.

* * *

Ледзь не суткі з транзістарам. «Ледзь» таму, што толькі позна ўвечары 3 кастрычніка от так сабе ўключыў радыё і дачуўся. А тады ўжо было не адарвацца. У асабістай, айчыннай, усясветнай трывозе...

Калі закончылася перамогай — адчуванне тое ж, што і ў жніўні дзевяноста першага, толькі, здаецца, шырэй і глыбей і трывожней.

І нічога больш не магу напісаць, нават пра кроў і пакуты...

...Учора і сёння (пішу ўранку 7-га) у гэтай перамозе змрочна, пакутліва выплывае братазабойства — на пярэдні план...

* * *

Часта бывае такое: толькі прачнешся — адразу ж успамінаецца нешта ўчарашняе, што ці зрабіў, ці сказаў не так. Дакор самому сабе.

Сёння ж, калі прачнуўся перад чацвёртай гадзінай (цяпер без дваццаці шэсць), адразу згадалася пачутае днямі па радыё:

Як салдацікі ўнутраных войскаў, «некаторыя», паразбягаліся былі ад Белага дома, ад мэрыі або Астанкіна, а цяпер бацькі — ужо сапраўды некаторыя — не адпускаюць іх, сваіх васемнаццаці-дваццацігадовых хлопчыкаў, зноў у пекла братазабойства.

Не цяжка мне ўявіць такое — ужо не з сынам, а з унукам, які не на вельмі далёкім падыходзе да салдатчыны.

А суд над такімі бацькамі — якая сучасная тэма!..

* * *

Учора быў вечар «Новай зямлі», які вёў Ніл Гілевіч. Ён і падбіў мяне на імправізаванае выступленне. Што ж, заўсёды ёсць што на гэтую тэму сказаць. Я гаварыў пра вечнасць тэмы, згадаў «веленью божьему, о муза, будь послушна», чым кіраваўся ў гэтай сваёй рэчы Колас, якога ў розныя часы, адпаведна модзе ды пагодзе, лаялі то за адно, то за другое, а яна, гэтая рэч, стаяла на сваім, сапраўды народным, проста і натуральна глыбокім.

А нашы моднікі, учора адзін, а раней другі, падганяюць паэму (раман) пад яшчэ раз новае — прыватызацыю зямлі...

* * *

Ад ранішняй хатняй халоднай няўтульнасці. Калі мы ў дваццаць другім вярталіся з Адэсы, у Мінску быў каранцін, так сказаць, развітальны, а ў Баранавічах — прывітальны. Колькі мы там стаялі, не памятаю, успомнілася толькі маміна адтуль, ад польскіх ці прапольскіх жанчын пачутае:

 

Хоцяж глодны, хоцяж хлодны,

але жыву свабодны!

 

Іхняя тады свабода была выразнейшай за нашу сёння...

* * *

На мацыённай праходцы з гаспадаром сабака-баксёр, віслагубы здаравіла, для размінкі напаў на тратуары на бяздомнага дварняка. Як ён, бедны, якатаў пад імі Гаспадар баксёра — я гэта чуў ды бачыў зводдаль — перабег цераз вуліцу, адцягнуў свайго, і вось я іх сустрэў. Спераду цёпкаў адзін задаволены здаравіла, а за ім, побач з субяседнікам, таксама вясёлым, другі, двухногі, са спецыяльным павадком у руцэ.

І ўспомніўся падобны ў чарзе да натарыуса. Як яму вельмі ж па-дзелавому не стаялася разам з бабамі і дзедам-пенсіянерам, як ён потым з нуды падключыўся да гутаркі жанчын пра злыбяды часу і вылажыў нам сваё крэда.

Бацька яго, аказваецца, «усё хацеў, каб сумленна», і застаўся на старасць «з голай задніцай». А ён вось вырашыў інакш. Для сябе самога — і толькі!..

* * *

З урачыстага пераднавагодняга вечара ў Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі шаноўных гасцей, ветэранаў культуры, абцяжараных цэлафанавымі торбамі, развозілі на машынах. Першымі ўшанаваны былі найстарэйшыя. Ветлы шафёр дапамог і старэнькай артыстцы, і нямогламу паэту, і зусім ужо разгірачанаму кампазітару і выйсці з машыны, і дайсці да ліфта. А я, наймаладзейшы ў гэтым экіпажы, бадзёранька падзякаваў, адмовіўся.

Назаўтра, абедаючы ў нас, не стары яшчэ, талковы і няблага, як на гэты час, забяспечаны госць-сваяк, частуючыся кансерваванай вяндлінай з таго нямецкага падарунка, сказаў, што гэта крыўдна і абразліва — уся такая «гуманітарная дапамога».

А я не адчуваў чамусьці крыўды і абразы. Калі атрымліваў ды вёз дахаты тую цяжкую гуманітарнасць, нават прыемна думалася пра ператомленую чэргамі і вар’яцтвам цэнаў гаспадыню. І потым не адчуваў, пачуўшы ад госця па сутнасці справядлівы папрок. А назаўтра, раней як заўсёды прачнуўшыся, зноў думаў пра тое «крыўдна і абразліва».

Успамінаўся бязгрэшны пах квакерскай рысавай кашы і какавы ў маім адэскім маленстве. Потым зіма 1944—1945 гадоў, калі мы з рэдакцыйным мастаком, ён франтавік-інвалід, а я забраніраваны для службы ў прэсе партызан, хадзілі на нейкі закрыты склад у даўжэзным панурым бараку, дзе па строгім спісе выдавалася «юнраўская» дапамога вопраткай. А выдаваў яе не проста хто-небудзь, а славуты партызан, Герой Савецкага Саюза, з зоркай і планкамі на афіцэрскім беспагонным кіцелі. Здаравенны і падазрона не зусім цвярозы ці з перапою надзьмуты нядаўні камбрыг браў з адной торбы амерыканскіх неданоскаў порткі, якія трапіліся першымі, потым таксама пінжак, паліто, кідаў нам адно за адным і быў прынцыпова няўмольны на просьбу дазволіць падабраць што-небудзь больш-менш адпаведнае росту. «Обменяешься с кем-нибудь!..» Памятаю сябе, яшчэ маладое пудзіла ў тых неданосках — каротка-вузенькія порткі колеру марское хвалі, пінжак у легкадумную клетку і гаматнае хоць на дзве шырыні паліто,— і мне больш смешна, чым крыўдна, абразліва. У зруйнаваным, картачна-галодным горадзе.

А сёння ўжо і не смешна, і нават як быццам не сорамна. Чаму?!.

* * *

Слухаючы па рускай «Свободе» інтэлігентнага немца, які выехаў з Расіі ў Нямеччыну, успомніў знатную даярку, немку ў тундры, куды мы, руска-беларуская дэлегацыя літаратараў, выляталі з Нарыльска на верталёце да аленяводаў на выпасе, а потым і ў іхні саўгас.

Не старая яшчэ, але вельмі ж зношаная жанчына, калі я звярнуўся да яе па-нямецку, неяк вінавата ўсміхнулася і сказала, што «ничего уже не понимает». З лета сорак першага да таго нашага жніўня прайшло як-ніяк трыццаць адзін год.

За «все-навсе», калі па Далю, без аніякай рэшты далі ёй, ссыльніцы, цацку пад назвай «Працоўны чырвоны сцяг» — за мову родную, за права адчуваць сябе на сваім месцы, сярод родных людзей, якія так даўно знайшлі над Волгай сваю новую радзіму...

* * *

Неяк Міхась Калачынскі пры мне расказваў Якубу Міско, як ён на сваім дачным участку «ўдала вырашыў справу з угнаеннем». Выступіў з вершамі перад работнікамі мясцовага саўгаса, а дырэктар прыслаў яму машыну доб-ра-га гною.

— Дар за дар! — не стрымаў Якуб. І молада, весела зарагатаў.

Тут я не столькі пра Міхася, у яго ёсць і добрыя вершы, тут — пра Якуба, яго таварыскую весялосць. З ім нельга было не смяяцца. Бо і Міхась жа тады засмяяўся. Амаль зусім бяскрыўдна.

* * *

Вялюгін расказваў, як ён прысеў на скверы, насупраць гмаху былога ЦК партыі. Прыбіральшчыца спынілася каля яго, паспачувала:

— Скучаете? Видимо, работали здесь?..

Сціплы, амаль заўсёды апальны Толя.

* * *

Саракагадовая рагатуха з вышэйшай эканамічнай асветай гаворыць пра жыццё-быццё і дае такі вось фальклор:

— Як убачыў чорную латку, дык забыўся пра родную матку!..

Пра дзевятнаццацігадовага сынка, якому прыспічыла жаніцца.

* * *

Былы палкоўнік, ваенны журналіст, якому добра за восемдзесят, яшчэ нястомна рухавы. Дачка смяецца, што колькі б разоў ні прыйшоў за дзень з магазіна — кожны раз пераапранаецца і на балконе вытрасае порткі.

* * *

Прыпознены жаніх, трохі пісьменнік, больш журналіст, шукаў сабе пары сярод маладзенькіх. Пажылая мяшчанка, у якой была на кватэры дзяўчына, што ў Мінск прыехала з Расіі, расказвала пасля, што вось ён першы раз зайшоў, а яе, дзяўчыны, няма дома.

— Ветлівы, нічога не скажаш, але як зняў капялюш, дык на лысіне толькі адна пружынка падскочыла!

* * *

Крыкліва модная маскоўская спявачка «растелешилась» так, што больш ужо і выстаўляць няма чаго.

* * *

Во нявестачка!.. Просты, цялюкаваты дзядзька расказвае мне:

— Снедаем усе, а яна счапілася з нашым сынам: «Што мне за табою за жызнь? У цябе ж такі во, як мой мізінец, я нават нічога не чувствую!» А сама ўсё-такі бібліятэкарка...

* * *

Успомніўся касцёл ва Уселюбе. Засыпаны ільняным семем. У сонечным і цяністым парку. І не падумалася тады, у пяцьдзесят першым годзе, што яны, касцёлы, будуць так масава аднаўляцца. Нават ушчэнт разбураныя ды запушчаныя. А той успомніўся чырвона-элегантным, чыста засыпаным процьмай насення з любчанскіх раскошных ільноў.

* * *

Уваходжу ў вёску, ідучы да аўтобуса, сустрэць жонку з Мінска. На адным з двароў, каля хаты сядзіць з жанчынамі мая вясёлая равесніца з хутара, каля якога часта праходжу.

— Антонавіч, добры дзень! — вітаецца яна, першая заўважыўшы мяне.— А куды вы?

— У прымы!

— А чаму ж не да мяне?

— А я й заходзіў, але ж вас дома няма. Во, нават новы капялюш надзеў!

Бо ўпершыню выйшаў у людзі пад сваім бліскучым жытнім брылём, нядаўна купленым у Каневе, на шаўчэнкаўскай ярмарцы.

Добра гэта, калі весела!

* * *

Пра таго, хто любіць вынюхваць, у вёсцы нашай казалі:

«Эх, тыц у хату, нюх у с....!»

* * *

Маладзенькая мама, прыгожая жоначка прымака, сарамліва-важна ідзе па сваім двары. А мне здаецца, што гэта ж так нядаўна яшчэ яе нябожчык бацька, калі сам быў дома за гаспадара і за гаспадыню, зварыўшы абед, клікаў малую:

— Есці ідзі, гадаўка!

Хоць яна і тады была мілая.

* * *

Набокава за яго «Лаліту» трэба судзіць па адным артыкуле з гвалтаўнікамі нялетніх.

* * *

Яўрэйскае: віншуючы з наваселлем, першы раз у новую кватэру трэба прыходзіць з нечым салодкім або мяккім. Тая, ад каго я гэта пачуў, прынесла нам падушачку на канапу, чырвоны «ясік», як гаварылася пры Польшчы.

* * *

Лягчэй было і ад таго, што з панства пакпіш, калі гэта нават закранала і чужую рэлігію. Галоўным было высмеяць тое адмоўнае, што ўваходзіць у гэтае паняцце — панства: пустая фанабэрыя пры невуцтве, пагарда да бяднейшых. Помніцца з маміных расказаў:

Шляхцюк вярнуўся з кірмашу. Дзеці, сустрэўшы яго на дварэ, пакуль ён распрагаў, убеглі ў хату з радасцю:

— Татусь купіл гонскэ бялон! Гонскэ бялон!..

А пані матка, недачуўшы, што яны пра белую гусь, начную кашулю з сябе ды ў агонь у грубцы, таксама ўсцешана:

— Хоць вонзка, але бяла!

Бо свая даўно нямытая.

Другая пані ў касцёле моліцца, спявае з кантычкі, аднак трымае яе «дагары нагамі». Калі ёй хтосьці звярнуў на гэта ўвагу, яна з важнасцю адказала:

— То дзеці ўдому пшэўруцілы.

І яшчэ адна, таксама з кантычкай, з якое цягне рэчытатывам:

— Яко было... яко было...

А пан, што побач сядзеў, нарэшце падцягнуў:

— А я жрэ-э-бец!..

* * *

Бабуля расказвае:

— Цётка твая, Зося, нарадзіла Анечку ноччу, у тры гадзіны.

Бабін унучак, цётчын любімы пляменнік, якому шосты год, пытаецца:

— А цёцю Зосю тады разбудзілі?

* * *

Сядзі ў сваёй дачнай самоце, пішы ці чытай штосьці значнае, ды вось, як гром з яснага неба, у хату сваячка, дачка якое закончыла педагагічны тэхнікум і яе паслалі на два гады ў вёску. Там яна папрацавала год і вельмі ж хоча ў горад. І вось табе, старому, дваюраднаму дзядзьку мамы тое пакутніцы, кроў з носа, а конча трэба ехаць у горад, ісці хоць да самога міністра, хоць да прэм’ера, але ж каб Маруську ў Мінск перавялі!.. І як ні тлумач, не павераць, што ты не можаш памагчы. Славутае жаночае: «Каб захацеў, дык памог бы!..» Ну, а маральныя меркаванні — зусім не ўлічваюцца.

* * *

Пасля загаданага зверху «абмеркавання» на прэзідыуме Саюза пісьменнікаў маёй скандальнай публікацыі ў «Немане» (№ 2 за 1978 год), дырэктар выдавецтва, хлопец добры, але ж і вельмі дысцыплінаваны партыйна, усю ноч чытаў падпісную карэктуру кнігі, у якую тая публікацыя ўключана, шчодра выкідаючы ўсё «крамольнае».

На сустрэчу з ім, абараняць мяне і гонар рэдакцыі крытыкі, па якой тая кніга ішла, з аўтарам мужна пайшла загадчыца — Верачка Палтаран. Божа мой! — і рукі ўжо дрыжаць, і ўся такая благенькая, у прытоенай немачы, а ўсё роўна — у бой!..

Нядаўна, у гутарцы з сябрам, закранулі выступленне N. супраць «чорнае сотні»,— добра, што добра ў яго, таленавітага, аднак жа і тон у публіцыста такі, быццам ён заўсёды стаяў толькі на прагрэсіўных пазіцыях, а не быў, скажам, вельмі старанным сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў. Або і такая пацешная сітуацыя,— сваё першае выступленне перад калектывам выдавецтва, калі яго «за примерное поведение» ЦК паслаў туды галоўным рэдактарам, пачаў ён, колішні, даўнейшы вальнадумец, з таго, што адпаведна сітуацыі надзьмуўся:

— Я прыйшоў сюды праводзіць лінію партыі...

І Верачка не стрывала, адразу:

— Яська, а мы чаго сюды прыйшлі?..

Абодвух мужчын не называю, нават імя другому змяніў, бо справа тут не ў іх, а ў той, у каго талковая смеласць ды шчырасць у роднай справе хораша спалучаліся з абаяльнай жаноцкасцю ды адчуваннем смешнага.

* * *

Збіраючы свой песенны фальклор, Зіна Мажэйка паездзіла па Беларусі многа. Успамінае мне весела, па тэлефоне:

— Пра вяселле пры гарбачоўскай цвярозасці дзядзька гаварыў мне так: «Без гарэлкі вяселле — гэта як з дзеўкай толькі пасядзець, не больш!..» А ў бабулі адной я спыталася, колькі ёй гадоў. І кажа яна: «Ды ўжо ж, мусіць, мая дарагая, з семдзесят будзе. Тут вось у мяне запісана». Пашпарт паказвае. Ну, кажу, бабка, вам ужо цэлых восемдзесят тры. А бабуля: «А Божачка! А на храна ж мне столькі!..» Тут я вам не зусім дакладна — яна сказала мацней.

* * *

Аднавяскоўцы, мастак і філосаф-палітык, пасварыліся так заядла, што мастак пазваніў мне, папрасіў праверыць па слоўніку Даля, што такое «мерзавец». Пачуў ён гэта, трэба думаць, ад філосафа.

* * *

Яшчэ і да майго маленства дайшло здзеклівае пра паўстанне 1863—1864 гадоў:

«Ушысцы панове да лясу і за грубон соснэн!..» «Пан за пана ховай сен!..»

Зрэшты, тое было тады толькі ж праз паўстагоддзя. Як цяпер ад вайны.

* * *

За санаторным сталом са мною — пажылая калгасная заатэхнічка, жанчына і прасцецкая, і па-свойму ганарлівая.

Заказваем меню на наступны дзень, і яна да мяне:

— Ой, Антонавіч, гарохавы суп не трэба, а то будзем буксаваць!

Вяртаецца з пляжа, зімовага, дзе толькі праходжваюцца, а я іду туды.

— Ля возера была,— кажа яна.

— А вы ўсё возера. Гэта ж не возера, а мора.

— Ну, няхай будзе мора.

Як з ласкі якое.

* * *

Пляткарку, зводніцу ў астравецкай вёсцы называюць «Калхозная Праўда». І газета такая, і наогул уся праўда.

* * *

Дзяўчына ці маладзічка пабегла да аўтобуса, раскідаючы ножкамі, не раўнуючы, як карова заднімі раскідае. Толькі што дзяўчына ці маладзіца — як быццам знарок, з какецтва.

* * *

У верасні шэсцьдзесят дзевятага, на Туманянавым юбілеі, іранічна дасціпны Геворг Эмін паднімаў на ўрачыстым урадавым прыёме тост за двух шаноўных землякоў — Мікаяна і Баграмяна:

— Товарищи, выпьем за этих сидящих символов!..

У шчырым патрыятычным запале гаварылася таленавітым паэтам.

* * *

У прозе Івана Шамякіна — фігурнае катанне па гладкім лёдзе злабадзённых незадзірыстых тэмаў.

* * *

Чытаючы ў «Литературной газете» пра барства старога Канстанціна Федзіна, успомніў, як напрадвесні шасцідзесятага года, у Яснай Паляне, Валянцін Фёдаравіч Булгакаў, не толькі рускі інтэлігент, але і еўрапеец, расказваў нам з братам пра тое барства старога класіка пры ўладзе. А Канстанціна Сіманава, наадварот, хваліў. Абодвух ён там, у розны час, прымаў, расказваў пра апошні год Льва Мікалаевіча.

* * *

У канцы сорак сёмага года, увечары мне пазванілі, што зараз па мяне прыедуць — просьба выйсці на двор. Насцярожанасць, страшнавата, хоць і сказана было, што звоняць з Дома ўрада. Я выйшаў, неўзабаве падсунуўся яго вялікасць «ЗІС». На месцы мяне правялі на належны паверх, у патрэбны кабінет, і там страх зусім кончыўся. Там ужо былі Мікола Татур і Піліп Пестрак. Як аказалася, таварышу Панамарэнку спатрэбіліся людзі з веданнем польскай мовы. У цяжкіх тамінах польскіх даведнікаў ці зводаў законаў (не памятаю дакладна) бялела мноства закладак, а на старонках — абведзеныя алоўкам мясціны, якія трэба перакласці. Пад наглядам нейкага клерка мы пачалі. Па стылі таго часу — работа начная, як у самога таварыша Сталіна.

Ды працавалі мы нядоўга. Зайшоў сам гаспадар — Панцеляймон Кандратавіч. Першы раз я вітаўся за руку з такой высокай асобай. А ён разгаманіўся з намі — па гісторыі Беларусі. То седзячы, то больш ходзячы па вялікім кабінеце, з неадлучнай люлькай то ў руцэ, то ў зубах,— таксама ж сталінскі стыль. Цікава было і дзіўна, як ён разбіраецца. Скажам, у параўнанні з Гарбуновым, нядаўнім сакратаром па прапагандзе, пра якога ён кпліва сказаў:

— Историк! Перепер все у Язепа Найдюка...

На ўвазе мелася «Беларусь учора і сяння», якую я ў гады акупацыі бачыў, трохі чытаў.

І яшчэ што запомнілася,— як ён, Панамарэнка, раіў Пестраку напісаць пра перажытае ўспаміны.

— Пишу роман,— адказаў Піліп Сямёнавіч.

А той:

— Да что роман! Вы бы что-нибудь вроде «Былого и дум».

Дарэчы, у выдадзеным тады першым томе гісторыі Беларусі, у прадмове да яе «гісторык» Цімох Гарбуноў у пераліку найстарэйшых гарадоў нашай рэспублікі назваў ... Баранавічы.

Потым той самы «ЗІС» даставіў нас дахаты, на ўспакаенне стрывожаных жонак.

А дапамога найпершаму на тым вечары і закончылася.

* * *

У раі ў Адама з Евай, відаць, не магло быць такое заедзі — ноччу і днём,— як у нашым тут расквітнелым, вільготным і цёплым прылясным наднёманскім раі.

* * *

Чытаў перад вайной у нейкага польскага вальнадумца пра аднаго з ксяндзоў, які казаў сваім прыхаджанам:

— Wierz sobie choć w kozła, abyś tylko dziesięcinę płacił!****

«Дзесяціна» тая — касцельны налог, які праіснаваў да палавіны XIX стагоддзя.

* * *

Старэнькая артыстка друкуе сваё спрадвечнае фота: сама адвярнуўшыся, валасы даўжэзныя, распушчаныя ледзь не да зямлі. Гэта ўжо не рэкорд красы, а нейкі іншы рэкорд.

Згадалася дамачка ў друскеніцкім санаторыі: багацце светлых валасоў у тоўстых косах, завітых высокай «каронай», на якой бачком і смешна сядзіць недарэчна пацешны капялюшык. А на твары пад тым капялюшыкам на кароне — выразная задаволенасць такою звышкрасой.

* * *

Местачковы калгаснік, добры гаспадар, удачлівы сем’янін. Абое з жонкай сентыментальна шчаслівыя, як «старосветские помещики». Ды вось бяда — ён расхварэўся цяжка. Расказвае мне на чыстым дварэ, на лаўцы пад пышнымі дрэвамі:

— Адно яечка ў мяне ўжо выразалі, будуць, відаць, выразаць і другое яечка.

Жонка, сівенькая і ўвішная, калі прапанавала яму сесці:

— Вось я табе гэта пад попачку падлажу, каб было мякчэй.

Успомніўся Аляксей Кулакоўскі, у якога мы з жонкай гасцявалі ў яго Кулаках, улетку шэсцьдзесят трэцяга.

Пяцідзесяцігадовы, прыкметна важны, ён гаварыў старэнькай маці, ідучы спаць у другую, старую хату ў садзе:

— Мамачка, дзе тут кубачак узяць? Вазьму вадзічкі, можа, захочацца роцік папаласкаць.

І наогул там у іх, на Салігоршчыне, «аўёсік», «хатка», «сонейка»...

* * *

У электрычцы дзед сядзеў насупраць нішто сабе дамачкі і бездапаможна, тэарэтычна «прелюбодействовал с нею в сердце своем».

* * *

На трохкутным газончыку каля самай панелі, дзе паблізу і машыны гудуць, і людзі ходзяць, пяць сізых галубоў старанна, увішна штосьці дзёўбаюць. А трохі ўзбоч ад іх — галка, чорная, з шэрай хусткай на гарляку, нешта ўсё вякае ды вякае на іх, крычыць ды лаецца, нечым жа так незадаволеная.

* * *

«Сам у тых багатых гасцях піў ды еў такое смачнае, хваліцца, а няма таго, каб і мне што-небудзь хоць за губою прынёс!..»

* * *

Сустрэўшыся ў міжгароднім аўтобусе, колішнія аднавяскоўцы, баба і дзед, прыкметна радыя сустрэчы, дзеляцца ўспамінамі маладосці. Яна — пра свайго:

— Мы ўжо з ім і цалаваліся...

Стары, перапыняючы яе:

— Можа, і падурэлі ўжо трохі?

Яна:

— А што ж!..

І смяюцца абое, ужо бязгрэшныя.

* * *

Праллям-скудзельніцам, што збіраліся, каб весялей працавалася ў гурце, гаспадыня чарговай хаты давала сушаных яблыкаў ці груш — «на сліну».

Падумаць толькі — колькі тое сліны патрэбна было на ўсю зіму прадзення!..

* * *

Здаецца ж, і запісаў ужо гэта калісьці, а яно ўсё памятаецца час ад часу.

Вечар у пісьменніцкім Доме творчасці «Каралішчавічы», з танцамі на сямейным застоллі. У кракавяку — статная дзеўка з кухоннай абслугі. З-за недахопу кавалераў, а то і проста так па-сястрынску танцавала яна з меншанькай сястрой. Абедзве вельмі падобныя, аднолькава чарнявыя ды мілавідныя, аднолькава адзетыя, у аднолькавых гумовых боціках. Старэйшая, ужо зусім нявеста, і малая, як лялька пры ёй. І так жа яна ўдаленька ды сур’ёзна стараецца рабіць усё у тым кракавяку, як старэйшая. І выходзіць жа ў яе — ці не лепш, чым у старэйшай. Прынамсі — для мяне.

Гучыць, тупаціць, радуецца той кракавяк!.. Гадоў ужо добра за трыццаць.

* * *

«Забег — як агню пазычыць». Каб запалак, дык, чаго добрага, і пасядзеў бы ці пастаяў, пагаварыў, а то ж агню, жару бярэ,— трэба несці як найхутчэй.

* * *

У часопісе «Спадчына» — выбар прыказак, зроблены славутым уніяцкім архімандрытам і літаратарам Львом Гарошкам. «Рэлігійны элемент у беларускай народнай творчасці». Бяруся чытаць з зямляцкай цікавасцю: ён жа з вёскі, за два кіламетры ад маёй.

Сярод знаёмага і ў большасці набожнага — трохі жывейшага:

«Набожны, як жыд падарожны».

Тут успомніўся той балагула, што вёз Івана Фёдаравіча Шпоньку і ў далёкай дарозе «шабашил по субботам».

А тут айцец Лёва і зграшыў, нібы калісьці ў родных Трашчычах:

«Набожны, як конь святога Юр’я: святы Юры да касцёла, а конь да кабылы».

«Бог любіць праведніка, а чорт ябедніка».

Ну, а гэта цікавае, «ябедником» сваім хутчэй не наша, а рускае.

* * *

Калі нехта вельмі ж улягаў за нейчай дачкой, не надта каб і прыгожай, у вёсцы казалі:

— Во, недзе іхнюю мазку лізнуў!..

Мазка — ад мазаць — кавалачак скваркі, якім, пякучы аладкі, падмазваюць апаноўку, скавараду. У Тлумачальным слоўніку мазкі тое няма.

* * *

Гаспадыня рупліва пытаецца ў суседа-печніка, які робіць ім печ:

— Колькі ж, Адолька, табе яец на яечню?

— Калі будуць плаваць, то тры, а як не будуць, то пяць.

Плаваць, вядома ж, у сале ці ў масле.

 

* Чалавек, які толькі й думае, як бы найбольш зарабіць.

** Зярнятка да зярнятка і збярэцца мерка.

*** Uwielbiać — абагаўляць, схіляцца ў глыбокай пашане.

**** Вер сабе хоць у казла, абы ты толькі дзесяціну плаціў!

ДЗЕВЯНОСТА ЧАЦВЁРТЫ

Чытаў другі том Багдановіча, прозу, пераважна рускую. Успаміналася руская проза Шаўчэнкі,— тое самае адчуванне, што і над старонкамі Максіма Адамавіча,— а ці поўнасцю гэта ягоны, толькі ягоны голас? І ў нашым, і ва ўкраінскім варыянце пра рускамоўнае можна сказаць, што яно — толькі тое, што «приложится» да галоўнага.

У апавяданні «Экзамен» — такі самы «слон», як у маім «Сяргеі». У нашай школе ён, значыцца, быў не самымі прыдуманы, а з гімназічных традыцыяў. І ў Турцы, і ў вёсках былі ж рускія гімназісты ў нядаўнім мінулым, у тым ліку і сярод нашых настаўнікаў.

І не перастаеш здзіўляцца, які ён ранні ў сваёй таленавітасці і эрудыцыі.

Чытаючы ягонае пра Шаўчэнку, успамінаў Максіма Рыльскага, як ён, і ў сваім напісаным, і ў гутарцы са мною, высока ставіў гэтыя артыкулы. А там, дзе ён пра Валадзімера Самійленку, я ўспомніў свой салдацка-нявольніцкі блакнот з вершам і гэтага паэта, выпісаным, ужо не прыпомню адкуль. Бо толькі пад упісанай у той патаемны блакнот (простым алоўкам) цудоўнай малітвай палонных запарожцаў: «Ой, визволи, Боже, нас, бідних невільників» памечана: «Грушевский, «Ілюстрована Історыя Украіны».

...З Самійленкам памяць мяне падвяла: верш «Я не боюсь тюрми і ката» належыць не яму, а нейкаму О. Я. Верниволоду, якога ў украінскім энцыклапедычным слоўніку, на жаль, няма.

А Самійленкава, згадаўшы далёка-першае светлае ўражанне, ажно выпісаць хочацца, хоць толькі першую і апошнюю строфы.

 

Бачив я усяки перли

і коштовні самоцвіти,

але есть одна перлина,

що з усіх найкраща в сьвіти.

-------------------------------------------

Відібрать іі не зможе

ніяка злоба несита,

есть вона — сльоза сьвятая,

за нещасний люд пролита.

 

Наколькі тут у мяне ўсё па-ўкраінску — не магу сказаць, перапісваю, як было калісьці выпісана аднекуль. І сапраўды калісьці, бо ў верасні 1940 года, перад адпраўкай са шталага на поўначы ў шталаг на поўдні «Вяліканямеччыны».

А пра шчасце выпадковасцей, пра шляхі і сустрэчы з агульным у сапраўдным слове, можа, сказана трохі ў падтэксце?

* * *

Разоў колькі, гледзячы на паліцы кніжнай шафы, думалася, што мініяцюру «Сувенір» мне можна было б у пераліку мілых дробязей і дапоўніць. Сказаць пра драўлянага Швейка, у маршы, з доўгай абвіслай люлькай, прывезенага з Прагі Караткевічам; пра чарачку, вытачаную з аленяга рога і прысланую з Рагачова Валодзевым дзядзькам па маме, байдуном-паляўнічым ды ўжо зусім нямоглым Ігарам Васільевічам Грынкевічам; пра маленькую саву з горнага крышталю, падараваную Вашакам Жыдліцкім да майго 70-годдзя; пра два збаночкі з чорнай гліны, у розны час прывезеныя Васілём Сёмухам з яго роднай Пружаншчыны; нават пра неяк па-малечы прыемную шэрую качку, якую я, як беларуска-канадскі «прэзідэнт», атрымаў ад кагосьці з адтулешніх гасцей...

Заглянуў у «Сувенір», і ясна стала, што туды ўсё пералічанае не кладзецца, бо напамінкі гэтыя не з падарожжаў — яны да мяне трапілі іншым спосабам.

* * *

Слухаючы выступленне таго ці іншага з нашых высокіх і найвышэйшых начальнікаў, не раз думалася:

Ім нібыта здаецца — усё тое, што зроблена і робіцца (развал, інфляцыя) — не яны зрабілі і робяць, а само па сабе зрабілася, робіцца далей... Яны толькі канстатуюць гэта, паведамляюць пра яго, як пра нейкую верхнюю волю, вышэйшую яшчэ і за іх.

* * *

У пачатку 1960-га ў дакладзе на пісьменніцкім пленуме я шчыра хваліў Панчанку, пачаўшы з выдатнага верша «Белыя яблыні». А потым Бярозкін трохі крывіўся, што я «перабраў», і сказаў ён такое, што вось і прыгадалася над старонкамі «Высокага берага»:

«У Пімена зашмат бывае газетнай філасофіі».

Хоць бы такі вось зрыў:

 

Паміж эпох

Невыразных і шэрых,

Сярод пакутнікаў і герояў

У Беларусі было найвялікшых трое:

Каліноўскі,

Купала,

Машэраў.

 

І я быў удараны недарэчнай трагедыяй смерці Пятра Міронавіча, у якога таксама ж было і людскае, але каб ажно так параўноўваць!..

І пра другое думалася, чытаючы:

Гэта ж таксама — у Панчанкі — дзённік старога, нямоглага чалавека, толькі што рыфмаваны ды сям-там залішне «публіцыстычны». Аднак ніхто не скажа яму, паэту, што гэта трэба пакінуць «на усмотрение потомков», як часамі гаворыцца, а то і пішацца пра мае запісы.

* * *

Салжаніцын, «Зэки как нация». Пра той жахлівы свет.

І патыхнула раптам з далёкай вясны саракавога года маёю Афрыкай, убачанай, адчутай толькі так — вялікім, экзатычным светам палонных мараканцаў у гітлераўскім «шталагу». Свет — з іх шынельна-цюрбаннай вопраткай, з тлумным бадзяннем па ўбітым лагерным жвіры, стамлёным ляжаннем у спёку проста абы-дзе, але з настаўленым каўняром французскага шыняля, з іх кавэнчаннем каля кухні, з гнюсным пахам-смуродам яды не надта далёка ад кухні і дзярма з адкрытых «лятрынаў».

Палез у слоўнік: «Latrine — отхожее место, выгребная яма». Як быццам я і прадбачыў гэтую, падкрэсленую ў слоўніку, «выгребную», каб жыва, смуродна ўбачыць-адчуць, як з-пад карытаў для змывання посуду тыя бедныя, ці не найбольш за ўсіх палонных нецярпячыя афрыканцы, выграбаюць рукамі штосьці там, што можна ў рот — яшчэ раз...

* * *

Днямі па тэлефоне пачуў сяброўскае пра Салжаніцына: чаго ён вяртаецца? Каб яго тут абакралі, забілі якія-небудзь «лица кавказской национальности» або свае, айчынныя ўмельцы, у якіх таксама спосабаў дастаткова?.. Пра Горкага ён піша, што таму ў Сарэнта не хапала славы і грошай, і ён вярнуўся, каб праз некалькі гадоў быць знішчаным. У крайняй, няхай сабе і справядлівай, азлобленасці Аляксандра супраць Аляксея настальгія нібыта не бярэцца ў разлік. А сам што, засумаваў? Ці ўсё ўжо там напісаў, што хацеў напісаць? Ці славы яму тут сусветнай і грошай дадасца? А з вялікім запасам ехаць цяпер сюды якраз і вельмі небяспечна. Будзе ахова? А на каго ў гэтым надзея?..

Неяк па тэлевізары паказалі будаўніцтва ягонага дома. Не, будаўніцтва схавана за шчыльным парканам, вышэйшым, чым калісьці ў Вірты, пра што ў свой час многа шумелі, або ў Шолахава, што я сам бачыў. І гэты, трэці, паркан, па тэлевізары, падказаў мне сумненні, нават трывогу...

* * *

Чытаючы ў першым нумары зноў выпісанага «Нового мира» (пасля звыш двухмільённага тыражу — 53 тысячы!..) «Изгнание из рая» невядомага дагэтуль Аляксандра Меліхава, упершыню — пасля такога разумовага напружання і сардэчнай увагі да горкай тэмы «Муштука і папкі» — падумаў, што той загадкава-злавесны М. (Маршак), які прадаў, загубіў нашага Валодзю, толькі праз чатыры-тры гады мог, вельмі верагодна, загінуць у белацаркоўскім геце. Страшнай смерцю, разам з усёй сям’ёй, з усім светам...

І гэта была вялікая несправядлівасць.

Толькі гэта?..

* * *

Незнаёмы, нават нячуты дактарант прапануе анкету:

«І. Як Вы адносіцеся да сучасных грамадска-сацыяльных пераўтварэнняў? Што Вы прымаеце ў іх, што не прымаеце?

Што ў сённяшнім літаратурным жыцці рэспублікі Вас асабліва хвалюе?»

Гэта ў яго «ўводнае» і «на ўсякі выпадак», ці што, бо да тэмы дысертацыі мае аддаленае дачыненне. Тэма — заходнебеларуская літаратура «з вышыні сённяшняга дня».

Сказаў чалавеку, калі ён яшчэ і пазваніў мне, што, столькі напісаўшы пра Купалу, Коласа, Танка, Таўлая і іншых, зусім няма ахвоты паўтарацца. А ў падтэксце — для яго патрэбы, каб менш было яму шукаць ды думаць самому.

А што да толькі аднаго ўступнага пункта, які нават «на ўсякі выпадак», каб я сур’ёзна да яго паставіўся, дык, можа, і ў мяне была б амаль што дысертацыя?.. Працаваць на яшчэ аднаго сухара — няўжо гэта абавязкова?

* * *

Заблытанасць, пераблытанасць межаў можа мець і, на жаль, мае процьму падстаў для духоўнай і крывавай беспрасветнай варажнечы, але ж яна і падказвае думку пра тое, што найбольш разумным і сучасным і радыкальна-перспектыўным павінна быць мірнае вырашэнне гэтых праклятых межавых пытанняў.

У гэтым сэнсе ёсць свае заслугі ў Гарбачова: і берлінская сцяна, і Афганістан, і вывад войскаў з «братніх» краінаў, і скарачэнне ўзбраенняў. У мітусні і калатнечы адмоўнага пра гэта злабадзённа забываецца, а выплыве яно, устаткуецца ў гісторыі чалавецтва пасля. Скажам, як ХХ з’езд КПСС — заслуга Хрушчова.

* * *

У тым, што Таўлай за паўгода пакут у бальніцы не дачакаўся нават карэктуры сваёй першай кнігі, вінавацім Клімковіча, злоснага за Валянцінаў слушна разгромны артыкул на яго «Лясное возера». А на таўлаеўскім вечары Вялюгін нагадаў, як рукапіс Таўлаевых «Шляхоў і кратаў» (потым не зусім дарэчы, як для першай кнігі, «Выбранае») быў вернуты Валянціну на дапрацоўку з чырвонаалоўкавымі паметамі Хаіма Мальцінскага. Ужо нават і Вялюгін не памятае, кім ён, Хаім, працаваў тады ў выдавецтве, аднак жа ён чытаў рукапісы і лёс іх у значнай меры вырашаў. У тым адхіленым рукапісе Анатоль бачыў чырвоныя «птушкі» ў такіх месцах:

 

...і ўсё ў ярме народ,

і над шляхамі — краты.

 

Або:

 

Чуваць астрожнай брамы

на ўсю краіну грук.

 

Не ратавала і дата «1929», і «в. Рудаўка» (на Слонімшчыне). Не падыходзіла і назва кнігі — са шляхамі і кратамі. Што за намёкі?..

У маім «Лазунку» — скажам як для пастскрыптума — Хаіму была не спадабалася мянушка героя апавядання — Цыган. «Парушэнне савецкай дружбы народаў». Пільнасць — дык пільнасць!..

* * *

Позна ўвечары па радыё — Уладзімір Караткевіч, запісы, з 1981-га і 1964-га.

Адчуванне несмяротнасці — яго і справы, якой ён служыў і служыць. Пры таленце — і эрудыцыя, і адназначнасць нацыянальнага і агульналюдскага. Пры чалавечай абаяльнасці, так жыва памятнай, яшчэ і ачышчанай светлай памяццю ад неістотнага.

* * *

Том прозы Яна Райніса.

Нешта не змог адразу ўчытацца ў яго афарызмы, было нават нуднавата, і думалася, што нехта ж таксама нудзіцца над маімі запісамі, чытаючы іх па абавязку. А сёння пайшло лепш, асабліва там, дзе менш разважанняў, а больш паэзіі. Скажам такое, што і перакладзем:

«Белая кветка і белы снег — прырода здольная зрабіць прыгожымі і жыццё, і смерць».

«Яблыня і чаромха.

Чаромха: «Да мяне маладыя дзяўчаты прыходзяць гуляць і весяліцца».

Яблыня: «Да мяне сіротка прыходзіць паплакаць».

Хоць прыгожай у яго бывае і глыбокая строгасць думкі:

«Мы з’яўляемся часцінкамі, вырванымі з вечнасці; пасля смерці нас ізноў прыме вечнасць».

І вастрыня — да ўсмешкі:

«Дзвюх рэчаў я не разумею: як можна быць дурнем і як можна сумаваць? Ці гэта адно і тое ж?»

Ну, і яшчэ было б што працытаваць.

...У дзённіку ён цытуе Гётэ. А мне паласнула па сэрцы светла-сонечным ветразем Райнісавага «Пут, вейні!», што неаднойчы, разам з латышскімі сябрамі, радавала і мяне. Паласнула па сэрцы і мудрым уздыхам нямецкага генія на сусветнай вяршыні:

 

Warte nur balde

Ruhest du auch!*

 

Гэта мне, асабліва глыбокае auch, радасна помніцца з палону, не памятаю ўжо, дзе і як прачытанае ў арыгінале, упершыню. Верш гэты я ведаў да таго, толькі ў слабейшым — і ў Лермантава! — перакладзе.

...Закончыў дзённік. Чым ён, аўтар, бліжэй да старасці, тым цікавей чытаецца. Колькі блізкага! Стаць выпісваць тое, што адкрэслівалася, чытаючы,— будзе залішне многа. А ўсё ж:

«Мы павінны шукаць паэзію глыбей, на дне прозы...»

«Я заўсёды казаў: найглыбей разумеюць любоў і дружба; нянавісць блізарукая і востра заўважае толькі тое, што ляжыць на паверхні».

«У нас не прынята пісаць мемуары, успаміны, біяграфіі, і многа тых, што ўмеюць пісаць, проста не ведаюць, на што выкарыстаць свой свабодны час, і трацяць яго, займаючыся эпігонствам тады, калі жыццё, сапраўднае, непрыдуманае жыццё, прапануе столькі паэзіі і безліч падзеяў, і такіх цудоўных, такіх значных».

* * *

Жыва згадалася, як на вясковай вуліцы, пачаўшы з уступнага нюх-нюх ды гаў-гаў, сабакі сталі чагосьці ашчэрвацца, збівацца ў звар’яцелую куламесу, чортведама адкуль так хутка назбягаўшыся.

Пра гэта гаварылася проста: сабакі кусаюцца. Хоць і не часта такое бывала. Тым больш цікава паглядзець. Хто нагадзіўся адразу, хто потым, ажно подбегам. А нарэшце ўжо нехта прынясе вядро вады, пляхне ў гэтае разгалёканне, у гэты слепа-куслівы вір — і цуд працверазення адбываецца. А калі два ці тры вядры — дык і яшчэ хутчэй. Ваякі, і пераможцы, і пераможаныя, у чым не разабрацца, пад рогат людзей разбягаюцца — мокрыя, нават як быццам прысаромлена, хоць некаторыя яшчэ і агрызаюцца, немаведама на каго.

Чым бы гэта падобным ды як бы гэта пляхнуць на тыя нашыя чалавечыя «гарачыя кропкі», дзе вірыць, крывавіцца ў адчайным брэху сляпая, палітычна зсабачаная нянавісць?..

* * *

Заўтра будзе тэлеперадача пра Алеся Адамовіча, якую мне ў камандзіроўцы, чаго добрага, не ўдасца паглядзець. Тая перадача, ад удзелу ў якой я адмовіўся. У сувязі з чым згадалася даўняе, вясковае: адна цётка вунь як «хораша галасіла» па сваім, а другой «як заняло ад гора...».

А сёння, зноў жа ў сувязі з Алесем, з казённай гучнасцю і народнай шматлюднасцю — і ў Мінску, і ў Глушы — яго пахаванне, успомнілася пачутае ў свой час, што за труною Юрыя Казакова ішло... трынаццаць чалавек.

...З адным з маладзейшых сяброў даўгавата ішлі з выступлення ў музеі Купалы пехатой, цікава гамонячы пасля даўгаватай разлукі. Між іншым, і пра тое, што раскідацца нам, беларусам, Міцкевічамі ды Дастаеўскімі зразумела было тады, калі не было ім, геніям, дзе і як праявіцца ў сваім народзе. А сёння ж ёсць і родны дом, і родная мова, і грэх яно — талентам ісці супраць такой жыццёвасці...

* * *

Абараняючыся ад п’яніц у нашым літаратурным асяроддзі, я меў права на катэгарычнасць, рэзкасць, нават грубасць, да выкідання нахабы са свайго дома ўключна. Мне трэба было і сёння трэба ратаваць сябе ад іх умяшання ў маё жыццё, ад такіх перашкодаў. Тым больш што ў такіх «несчастненьких» бывае аж занадта самалюбавання, не глыбока схаванай задаволенасці сваёй выключнасцю, таленавітасцю, правам на асаблівую ўвагу, ласку, яшчэ на бутэльку, пасля на пахмелку, на ўсмешку пагарды да тваёй гасціннай прастаты, дурнаватай наіўнасці... Я парываў нават з таленавітымі, а ўжо пра нікчэмнасцей і гаварыць не варта. Тут дазваляецца, як сродак самаабароны, і гордасць чыстаты, цвярозасці.

* * *

У польскіх Татрах, над возерам «Morskie oko», у групе маладых, вясёлых турыстаў — маладзенькая, прыгожа-мілая манашка. Так жа яна старалася быць як усе, і так не пасавалі да манаскага ўбору яе wdzęki — жаноцкая краса, якія і строгая вопратка не магла схаваць. Не скажаш: «белая варона», бо для такое назвы яна залішне прыгожая. А ці адчувала яно, тое быстрае, румянае дзяўчо, сваю асуджанасць быць не як усе — без шчасця кахання, мацярынства?..

Помніцца са жніўня семдзесят пятага.

* * *

Сюжэт:

Зайшла да яго сама. А ён цяпер, праз пятнаццаць гадоў, успамінае, думае, чаму ж не пасадзіў яе на шырокім падваконні вялізнага санаторнага акна,— каб ім зручней было глядзець з сёмага паверха на прыцярушаныя беллю верхавіны соснаў і снежную пену прыбою на марскім беразе, каб зручней было пачаць там іхняе шчасце — з пацалункаў...

Ён гэтага не зрабіў, каб быць вышэй, адпаведней свайму паважанаму ўзросту. І вось успамінае з безнадзейным шкадаваннем.

Хоць, можа, і яшчэ раз зрабіў бы таксама.

* * *

Васіль Казачэнка, здаецца, нават пісаў пра гэта, а што расказваў у кіеўскай ці маскоўскай кампаніі, дык гэта ўжо мне памятаецца добра. Як у пяцьдзесят сёмым годзе, калі ён з жонкай гасцяваў у нас на Нарачы, мы вярталіся вясёлай грамадой з возера ў Купу, а насустрач нам — вясковы статак, на пашу. Маладая карова раптам кінулася на мяне, а я, на шчасце, удала хапіў яе за рогі. Патрымаў, так крутануў, што яна аж мукнула і, выпушчаная з рук, нават адбеглася.

«Приятно вспомнить молодость»,— сказаў пасля доўгай, трывожнай паўзы таварыш Сталін, калі закончыўся прагляд фільма «Незабываемый девятнадцатый», у якім яго — штосьці незадоўга да канца — паказалі народу на падножцы бронецягніка, з шаблюкай і «міт а шпорэс»...

* * *

Песні Высоцкага на выбар слухаліся лепш, чым чыталіся ў кнізе, спачатку нават у самвыдацкай недазволенасці. Успомнілася, як у партызанскім лесе, куды ў апошнія месяцы акупацыі газеты з Масквы траплялі на пяты-шосты дзень, фельетоны Эрэнбурга мы чыталі з жывой цікавасцю, а потым, у Мінску, купіў я кнігу з імі, і вельмі хутка яны апрыкралі сваёю аднастайнасцю. Адзін «отставной козы барабанщик» паўтараўся бясконца, як і іншыя банальнасці славутага вастраслова.

* * *

Беднасць наша, кволы пачатак, калі і пераклад апавядання Гаршына «Сігнал» строга ўлічваецца гісторыяй літаратуры.

* * *

У «Хаджы-Мураце» Мікалай Першы ўспамінае плечы Нялідавай, а айцец Сергій у аднайменнай аповесці — плечы ўдавы, з якою жыў да сватаўства і манаства.

Дались ему эти плечи!.. — скажам пра паважанага, вельмі патрабавальнага аўтара.

* * *

Можа, гэта таксама тэма — блакноты з адрасамі, тэлефонамі, прозвішчамі, заданнямі для самога сябе, падлікамі заробленага, спісамі падораных табою кніг?.. Элегічна расшыфроўваць сёе-тое, з вобразамі людзей, значнейшымі сустрэчамі, знаёмствамі, разрывамі. Як дапаможнік да фрагментаў перажытага, успамінаў...

* * *

Сякера пад лаўкай! — Скарупкаў двухтомны «Słownik frazeologiczny», які так доўга чакаў маёй пільнейшай увагі. Гартаю першы том, спыняючыся на больш цікавым.

І падумалася, што таксама, як камусьці будзе шкада назаўсёды расставацца з прыродай, музыкай, кнігамі, так другому з багаццем роднага слова...

Тут мова — чужая, а адчуванне ў мяне — як свая. Настолькі ведаю яе, зжыўшыся з ёю за семдзесят гадоў, пачаўшы з elementarza.

А колькі ў нашых фальклорах блізкага! Скажам, такое: «Bieda w zagrodzie, gdzie krowa wołu bodzie», пра што ў маім Загоры гаварылася так: «На чорта тая дамова, дзе вала бадзе карова». І пагарда тая самая ў кароў да валоў, як быццам гэта яны самі вінаваты ў тым, што не быкі. Або такое: «Dogadza jej, jak ksiądz Magdusi». І прыклад: зімой айцец пробашч загадваў ёй хадзіць басанож, а на лета купіў чаравікі. Змалку памятаю іншае, загорскае растлумачэнне. Ксёндз пробашч памірае, а ахмістрыня Магдуся абвязала яму, як на паратунак, горла хусткай з цёртым цёплым макам. І пытаюцца тыя, што сабраліся каля ложка, каму ж айцец адпісвае сваё дабро. А ён толькі з прыплачам: «Мак дусі!.. Мак ду-сі-і!..» І выйшла пры сведках, што ён, пры светлым розуме, усё пакідае Магдзе. Было ў мяне і іншае, скарамнейшае растлумачэнне. Калі наш здаравенны чырвоны певень пераможна саскочыў з курыцы, сусед, што быў якраз на нашым дварэ, пануры дзядзька Ёсіп, сказаў майму бацьку пры мне, шасцігадовым смаркачу, яшчэ ўсё нявопытна гарадскім: «Во дагадзіў, як ксёндз Магдусі!..»

Блізкае ў мовах, у народнай творчасці — не для таго каб тузацца ды папракаць адны адных сваёй вышэйшасцю, а каб думаць пра нармальную суседскую роднасць дзвюх славянскіх моў.

Двойчы было зайздросна:

Біблейскае «плач и скрежет зубовный» палякі, пры ўсёй сваёй ультракаталіцкай набожнасці, з народным перцам дапаўняюць так: «Płacz, zgrzytanie zębów i tarcie dupą o podłogę».

Гэтага ў пана Станіслава Скарупкі чамусьці няма, памятаю з пачутага ў войску.

«Gdzie Rzym, gdzie Krym» ідзе ў яго як польскае. А ўкраінцы дадалі канчатак: «а де попова грэчка» — і загучала па-іншаму. Народныя папраўкі.

Przygruchać — прыбуркаваць дзяўчыну, як голуб галубку. Хораша!

І тое, што яны тую частку іхняй паліцыі, якая ў гады акупацыі служыла гітлераўцам, польскаю не называюць, а па колеру яшчэ даваеннай формы — granatową, сіняй,— policja granatowa, з належнай пагардай.

Нам бы сваіх «бобікаў» не толькі па колеры шуцманскіх неданоскаў, у якія іх апранулі «вызваліцелі», называць чорнымі, але і па запрададзеных ворагу душах.

* * *

У маладой, прыгожанькай салісткі народна-акадэмічнага хору, з якою я гутарыў у Таварыстве дружбы, муж пчаляр, а мёд цяпер — трыццаць тысяч рублёў за кілаграм, жыць можна. Так яна прастадушна расказвае, упершыню са мною сустрэўшыся.

Пра сяброўку сваю, таксама салістку, што стаяла воддаль у чародцы гасцей, мая суразмоўніца сказала са спачуваннем, што ёй, сяброўцы, значна цяжэй. Адна, без мужа, і сын, а зарплата сто дваццаць тысяч,— «на хлебе з чаем цяжка, ведаеце, спяваць». А яшчэ ж трэба і прытанцоўваць, і, як казаў мне аднойчы знаёмы дырыжор, «забяспечваць усмешку».

Так падумалася, калі яны, кожная па сабе, выступалі неўзабаве ў канцэрце, такія небудзённа мілыя ў нацыянальных касцюмах.

* * *

Выжываць — гэта любой цаною, а жыць — гэта ўсё-такі менш ці больш сумленна.

Прызвычаіўшыся «выжываць» на брудных літаратурных спекуляцыях, пры сваіх «мерседэсах», «снікерсах», каньяках, ці будуць яны калі-небудзь — маладыя ўсё ж дачакаюцца нармальнага часу! — не выжываць па прывычцы ды вопыце, а жыць па-чалавечы?..

* * *

Жыццё — у няспынным пазнаванні таго, што адразу не ахопіш розумам, не завучыш на ўсю глыбіню, шырыню.

Адчуў гэта ярчэй, чым гэта пішучы цяпер, учора перад сном, калі слухаў па радыё нейкага сур’ёзнага ўмельца, майстра сваёй справы.

Ён, між іншым, расказваў, што вярблюды ў пустынных краінах спакойна жуюць — з’ядаюць розных кобраў ды іншую поскудзь атрутную, якая баіцца вярблюдаў настолькі, што і паху поўсці іхняй асцерагаецца. Дзецям там вяжуць з прадзіва вярблюджай поўсці насілачкі, абвязачкі на рукі, на шыю — ад змей. Ніколі гэтага за ўсё жыццё не чуў, не чытаў такога, і яно ўражае з сілай першаадкрыцця, такою моцнай, як у маленстве бывала.

І шчасце тут у самім пазнаванні, няспынным і ўсямерным, бо тут жа і элінскае «я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю», тут і біблейска-юдзейскае «ў многім веданні многа тугі», і іншае падобнае, з мудрасці іншых народаў, эпох.

У самавукаў яно яшчэ і без грунтоўнага ўступу да пажыццёвага пазнавання, што дае сістэматычная вучоба, своечасовая, у маленстве ды юнацтве. Аднак паэзіі, шчасця адкрыццяў, магчыма, і не менш у іх, чым у тых, каму ў пару пашанцавала.

* * *

Зноў Гогаль. Тое, што само па сабе з маленства запамінаецца назаўсёды. Выйшаў пасля работы ў парк, і на хаду, у ціхай самоце згадаўся Жавакін: «...Дай-ка, думаю себе, пойду. Погода же показалась хорошею, по дороге везде травка ».

Хоць яна толькі яшчэ паказваецца.

А ўсё ж лягчэй на стомленай душы.

* * *

Братэрства...

У паломніцкіх нататках Мікалая Крыштофа Радзівіла**, чытаючы пра сярэднявечнае марское і сухапутнае зверства — ад Ерусаліма да Рыма, а потым па радыё слухаючы пра мярзоцце «дзедаўшчыны», пра крывавую тузаніну ў Закаўказзі, на Паміры, у былой Югаславіі, пра тэрарызм ужо і ў Маскве, пра разбой і гвалт і ў «лагоднай», «сінявокай», «спрадвеку талерантнай» Беларусі,— страшна і часам проста не верыцца, што калі-небудзь і ў нас, і ў суседзяў, і наогул на свеце можа стаць лепш...

* * *

Скула на клубе. Ляжу каторы дзень. Няма апетыту. Маці падала гарачай чышчанай бульбы і кавалак тлустага селядца, яшчэ смачнейшага ад таго, што (у газеце нядаўна чытаў) такое любіць сама Грэта Гарба!.. А на завяршэнне шчасця гэтай беспрацоўнай волі, пасля малацьбы цапамі, паездак у пушчу па дровы — «Давід Каперфільд», над некаторымі старонкамі якога ажно заплакаць можна ад захаплення.

Успомнілася гэта, юначае, вясковае, чытаючы Буніна, «Белую лошадь».

Пісаць пацягнула ад сказа:

«Как молод он был тогда, как восхитительна была даже болезнь!»

* * *

— Немцы тыя ў хату зайшлі з паліцаямі, а ў мяне малая ў калысцы. Дык яны кажуць, што мы такіх каля Слоніма ўверх падкідалі ды на штых! Перадрыжала я ўся, Божа мой!.. А ўжо калі яны ішлі ад нас, дык адзін, што ззаду ішоў, і кажа: «І кляйна твая будзе жыць, і ман *** твой вернецца з вайны...»

Бабуля з пасёлка Даманава на Берасцейшчыне расказвае радыёкарэспандэнтцы пра сваё доўгае, нялёгкае жыццё. Як «цар у бежанства пагнаў», як там гаравалі, як потым вярнуліся, а ў іх быў фронт і нічога не засталося, як памерлі і мама, і тата, які сказаў, што ёй, найменшай, будзе найгорш. І было так, пакуль не ўзяла яе за няньку адна добрая жанчына. «Я ёй трох сыноў выгадавала, і яны мяне не цёткай звалі пасля, а мамай». І сваім дзецям рада бабуля, і ўнукам, асабліва аднаму з іх, што як прыедзе, дык і ў лазню яе правядзе, і ў хаце так глядзіць.

Шкада, што гэтае жыццё вельмі старой, паважанай на ўвесь пасёлак жанчыны расказана толькі па радыё, у ранішняй перадачы «Вясковыя ростані». Стараннем мілай па голасе журналісткі, прозвішча якое не запомнілася, як і бабуліна. Аднак у радыёзапісе ёсць свая перавага — жывы голас, адкрытая душа добрага чалавека, што многа адпакутаваў, але галоўнае збярог, пранёс — тое, што называецца чалавечнасцю.

Усё можна забыць, назваць прыблізна, пераблытаць, нават і па-прасцяцку пацешна, а памятаецца такое, народна-ўсенароднае,— як тыя кляйна і ман...

* * *

У студзені сорак сёмага года ў Лондане сабраўся першы агульны з’езд сяброў згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. У галоўную ўправу быў выбраны, паміж іншымі, і спадар С. Серафімовіч.

Гэта я прачытаў у дыяспарнай кнізе «Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча».

Летась таго Серафімовіча нечакана выкалупалі на адной з лонданскіх ускраінаў, старога ўжо, у тры эшалоны сямейнага чалавека, каб прыгадаць яму мардаванне яўрэяў у Міры і аколіцах, калі ён быў там камендантам паліцыі. Пра гэта пісалі маскоўскія газеты. А нядаўна наша карэліцкая раёнка змясціла і пераздымак здымка таго «патрыёта», і па спалохана-нягеглым твары яго можна меркаваць, што і судзіць ужо тым часам позна...

Цяпер наш Мір, перад вайной багаты, ладны гарадок, двойчы разбураны ў вайну, у сорак першым і ў сорак чацвёртым, становіцца модным з-за свайго замка, які памалу адраджаецца. Гісторыя!..

А я, калі еду ў родную вёску або вяртаюся адтуль, не магу не зірнуць туды, дзе на заходняй ускраіне мястэчка была і яшчэ стаіць бойня. Каля яе, за сцяной ад дарогі, расстрэльвалі і безыменна закопвалі, пераважна на досвітку, старых бацькоў і матак тых, каго вывозілі ў Нямеччыну «на работы», па больш-менш пэўным ці і не надта абавязковым падазрэнні ў сувязі з партызанамі. Знішчалі так «унтэрмэншаў» з меркаванняў эканамічных, як лішніх там, дзе спатрэбяцца рукі і плечы іхніх дзяцей і ўнукаў.

Я ведаў некаторых расстраляных, памятаю іх...

Я не магу не думаць пра тое, што там, за бойняй, толькі цудам не расстраляна наша старэнькая калека-маці.

Па загаду таго члена ўправы, у выкананні тых некаторых, што таксама ж недзе лічылі ці і яшчэ ўсё лічаць сябе ці нехта лічыць іх «патрыётамі», «змагарамі»...

* * *

Як яна ў нас далёка, шырока, грунтоўна зайшла — русіфікацыя!.. Канцэрт па заяўках, мноства імён, назвы вёсак, раёнаў, а песні просяць перадаць больш, чым у пераважнай колькасці; рускія. Дыктары па службе з намаганнем беларушчаць і сваё, і цытуючы з пісьмаў, а вершыкі, радкоў чатыры ці трохі больш, альбомная шырпатрэбшчына або хатняе самапляценне, абавязкова даюцца па-руску.

А «адпачынак на канапе», які на добрай беларускай мове вядзе павольна-разважлівая спадарыня, складаецца, бадай, выключна з рускіх або рускамоўных песняў.

На колькі пакаленняў разлічана яно, наша беднае адраджэнне? Ды яшчэ пры нашай нацыянальнай энергіі...

* * *

«Скрыдлы», «згукі» — прыкра мне гэта, ненатуральна. Можна зразумець Максіма Багдановіча з ягоным пазнаваннем роднай мовы з кніжнай далечы. Але ж навошта гэта цягнуць ад яго, хоць і любімага, у мову сучасную, маючы проста гукі, без пераклічкі са «звуками», і такое прыгожае, лёгкае, зусім сваё, без польскіх skrzydeł — крыллі?..

* * *

«Ulissesa», калісьці падоранага мне Янам Гушчам, выдатна, пра што было ў польскай прэсе, перакладзенага Мацеем Сламчыньскім, я ўзяў сюды, у вясковую цішыню, каб, можа, адолець за гэтым, другім разам. І па той, у нейкай меры, прычыне, што прачытаў неяк у «Нашай ніве» выказванне нашага перакладчыка гэтай рэчы Максімюка наконт таго, што, маючы гэты пераклад, Беларусь можа лічыць сябе культурна спелай нацыяй. Штосьці так. Але ж і з прыхаваным падтэкстам: а хто гэты пераклад зрабіў?!

Падобнае было і з Шупавым перакладам рамана «1984», і прэтэнзія, і крыўда па тэлевізары, што не выдаюць без чаргі...

Працуюць, стараюцца здольныя, адукаваныя хлопцы, і на здароўе, абы сур’ёзна, не калумбячы залішне ў нашай беднасці,— дай Бог, каб часовай!

З васьмісот з гакам старонак «Ulissesa» адолеў сто пяцьдзесят, яшчэ ўсё недаўмяваючы: а дзе ж яна, тая незвычайная значнасць гэтага шэдэўра? Чытаецца цяжка, многа замежных слоў без заўваг, а таксама і польскае напісанне ў арыгінале англійскіх прозвішчаў, імёнаў, геаграфічных назваў, якіх такое мноства, што ажно абрыдзела блытацца ў іх.

Ды трэба ўсё-такі дачытаць, тым больш што іншага тут нічога пакуль што няма.

* * *

На душы зачаста бывае цяжкавата, асабліва начамі... У будучыню заглядваць не прыходзіцца, а жыць днём сённяшнім мы не ўмеем...

Прахалода, холад і дождж. І камарэча, ад якое можна і знаравіцца. Пры кветках і салаўях. А ўчора раненька і жораваў пачуў. Ад радасці пераклікаюцца за Нёманам на лузе?..

* * *

Пачутае днямі па радыё, у процьме іншых жахаў і агіднасцей:

Хлопец, салдацік, радавы падышоў ад свайго стала да другога, дзе сядзелі сяржанты, і ўзяў лустачку хлеба, бо на сваім стале хлеба не хапіла. Пасля абеду два ці тры (не памятаю) сяржанты паклікалі хлопца ў туалет — абдумана! — і пачалі яго біць. Кавалачкам хлеба прымусілі падціраць унітаз і хлеб той есці...

Як гэта страшна — на месцы таго хлопца ўяўляць кагосьці найбліжэйшага!..

* * *

У жыцці Ефрасінні:

«И собрашася князи и силнии мужие, и иноки и инокиня, и простии людие, и бысть тръжество велие, и празновали дни многи, и разидошася кождо в свояси».

Падкрэсліў у тэксце сваё здзіўленне, што і тады, у канцы XIII стагоддзя (улічым і пераробкі ў XVI — XVIII стагоддзях), было ўжо яно, акрэсленне «простыя людзі». Няпроста пранікнуць у яго глыбінны сэнс, народны.

* * *

Калі мне трэба зноў угрунтавацца на сваім запаветным, добра бывае пагрэць душу нейчай прыязнасцю, разуменнем.

На вечары памяці Верачкі Палтаран, пакуль ісці ў залу да слухачоў, якія спакваля збіраліся, мы сядзелі з Машай Захарэвіч. Яна расказвала пра хваробу сваёй старэнькай маці, пра тое, як гэта цяжка цяпер — і самому лячыцца, і, можа, яшчэ цяжэй — лячыць найраднейшых: ні лекаў, ні шчырай спагады ад некаторых медыкаў. Над Машыным узгалоўем — палічка з кнігамі. «Добра так — руку працягнеш і ўзяла. Я перачытвала днямі ваша пра маці...» Тую старонку ў апавяданні «Ты жывеш», дзе ў мяне безназоўна прафесар Мялкіх, і сам ужо згорблены стары, пакратаўшы маю маму за нос, адцягнуўшы пальцамі пад адным і пад другім ніжнім векам, вяла-абыякава махнуў перад тварам ляжачай бабы сваёй вучонай рукою... Нешта падобнае было і ў Машы з яе мамай,— у дачкі свежы боль перагукнуўся з сынавым болем, маім, ужо такім даўнім...

А мне яшчэ і радасна было, што яна тады, дома, успомніла пра мяне. І цяпер вось патольна згадалася.

* * *

Пра якую культуру пахавання немцаў можна гаварыць, памятаючы напал нянавісці, з якой іх праводзілі з нашай зямлі?! Трупы, якія бачыў у тыя дні і я — на лясных, на палявых дарогах, уплаў на Нёмане. Могілкі каля мінскай Першай клінікі, густое, стракатае мноства бярозавых крыжоў, якія пасля вызвалення кудысьці зніклі...

А з другога боку — нямецкія могілкі ў Кабыльніку над Нараччу, з культурным «Unbekanter Rusischer Soldat»**** на крыжы. І не адным.

Але ж гэта было ў першую сусветную!

* * *

«Карэліцкія чытанні».

Выступаючы першым, я гаварыў, што гэта ўсё-такі шчасце, падарунак лёсу — нарадзіцца ці змалку вырастаць, як я, паміж двума Міцкевічамі, польскім і нашым. На заканчэнні трохкласнай школы ў Загоры я чытаў баладу «Powrót taty»*****, а праз паўтара гады, ужо з местачковай школай, быў з «выцечкай» на Свіцязі. Колас — родны вершамі і ўрыўкамі з «Новай зямлі», аднак таксама вельмі далёка-высокі, як Бог паэтычнага шчасця. Потым я перайшоў да хворага Танка, якому званіў напярэдадні, і ён паўспамінаў сваю падпольную маладосць, хораша звязаную з нашымі мясцінамі. Дазволіў я сабе таксама з удзячнасцю згадаць свой старт у літаратуру з партызанскай пушчы — як сведчанне беларускасці і таго асяроддзя. Гаварыў пра Валодзю Калесніка, які, як і Максім, прыехаў бы сюды, каб маглося. А закончыў Караткевічам: «На Беларусі Бог жыве». А ў Бога адна з лепшых беларускіх кватэраў — наша Карэліччына. З яе красою і людзьмі.

* * *

З намечанага ў запісах яшчэ крыху пра Броўку вазьму двух Алесяў,— іншае бачыцца лішнім пасля таго, што даў у «Пішу як жыву» і «Вячэрнім», і неяк няёмка стала больш таптацца па ім, і шкада ўжо чалавека, у якога было ж і добрае.

Вясной 1966-га мне прыйшлося пагутарыць з Пятром Усцінавічам пра старэйшага з Алесяў, Адамовіча, пра яго ўладкаванне на працу ў Мінску пасля таго, як ён не падпісаў у Маскве тое, чаго не мог падпісаць (супраць Даніэля і Сіняўскага). Крута гаварылася, з вока на вока, і ён нарэшце сказаў: «Ну добра, перадай яму, хай зойдзе, пагаворым». Калі я паведаміў гэта Алесю, ён не сказаць — адмахнуўся, хутчэй нават выбухнуў: «Пайшоў ён!.. На паклон?..»

Пра Алеся Наўроцкага мы пагаварылі з Броўкам пазней, перад самым з’ездам пісьменнікаў, пасля абмеркавання прэзідыумам тэзісаў даклада нашага старшыні. Сугучна «думцы зверху», ён збіраўся рэзка пакрытыкаваць ціхманага, удумлівага Алеся, якому я сімпатызаваў як здольнаму празаіку і ў нейкай меры земляку, бо ён працаваў перад гэтым у адным з калгасаў Карэліччыны санітарным фельчарам. У той Броўкавай рэзкасці быў нават з’едлівы гумар: пра «мухі ў носе», бо штосьці такое было ў адным Алесевым вершы. Гумар таксама ішоў з ЦК. Тут ужо я не сам-насам, а пры членах прызідыума сказаў старшыні, што ніводзін разумны бацька не б’е дзяцей па галаве. І гэта падзейнічала: у дакладзе крытыка прайшла значна мякчэй.

Вось ён і плюс для Броўкі, адзін з тых, што і ў яго ж былі.

* * *

У блакноце запісана: «Масква. 25.ІХ.84». З натугай успомнілася, што гэта там, у люднай крамлёўскай зале, на юбілейным пышным пленуме Саюза пісьменнікаў СССР пачуўся мне з памяці так яўна голас з вясковай хаты на зімовы двор, калі хтосьці хацеў зайсці да кагосьці:

«Пачакайце — купаюць малое!»

Бо гэта ж так важна.

* * *

І ў навеле «Уступленне ў рэквіем», і ў запісах я неаднойчы згадваў, безымянна і адкрыта, сябра маёй вясковай маладосці, старэйшага за мяне Міколу Смалянку, Тодаравага Колю з суседняй вёсачкі Чыжыноўцы.

І яшчэ адно трэба дадаць.

Пад восень трыццаць восьмага года, пасля таго як сталінскай чарговай мудрасцю была распушчана КПЗБ, камуністычная партыя Заходняй Беларусі, тыя з падпольшчыкаў, што сядзелі ў «панскіх» астрогах і павыходзілі з іх пасля смерці Пілсудскага, па амністыі, былі выкліканы ў паліцэйскую камендатуру ў Стоўбцах. Там перад імі выступіў сам пан павятовы камендант. Сабраным прапанавалася падпісаць дэкларацыі, адмаўленне ад усякай палітычнай — падрыўной, «выўратовай» — дзейнасці.

— Я ведаю,— сказаў пан камендант, трохі перачакаўшы маўчанне,— што вы гэта не падпішаце. Ведаю таксама, што вы, панове, будзеце далей рабіць. Вы пойдзеце туды, у каханую саўдэпію. Проша бардзо і шчэнсць Божа! І вы там будзеце, шаноўныя, успамінаць мяне. Вельмі часта.

На юбілеі ў паважанага чалавека мне давялося сустрэцца з яго сваяком. За сталом яго адразу не было, ён забег крыху пазней. З раскошным буке-

— І я яго ўспамінаў,— цяжка, з паўзамі гаварыў мне Мікола на сваім перадсмяротным ложы.— Хутка пачаў успамінаць. У мінскай турме... калі катавалі... польскага шпіёна... І ў лагеры ўспамінаў... І тады думаў... не адзін раз... і цяпер часамі думаю: як яны... ведалі ўсё, палякі... Нейкая змова была ў іх, ці што... у дэфензівы з энкавэдэ?..

* * *

На юбілеі ў паважанага чалавека мне давялося сустрэцца з яго сваяком. За сталом яго адразу не было, ён забег крыху пазней. З раскошным букетам ружаў. Павіншаваў, папрасіў прабачэння, што застацца, на жаль, не можа, і развітаўся, з гаспадаром пацалаваўшыся, а ўсім астатнім з усмешкай пакланіўшыся.

Букет ягоны заняў месца на сярэдзіне густа застаўленага стала, якраз насупраць мяне.

Ружы не вінаваты, што праз іхні чароўны выгляд і пах я баяўся пачуць, вось-вось пачуць пах зусім іншы...

Ад вартых даверу людзей я ведаў, як нямала «ворагаў народа» загінула па даносах гэтага ветлага віншавальшчыка.

І пах пачуўся б трупны — ад яго душы...

Больш за дваццаць гадоў прамінула, а як жывое.

* * *

На канцэрце раённай самадзейнасці, прысвечаным 50-годдзю вызвалення ад гітлераўскай акупацыі, і здалёк пажылая, вясёлая цётка ў нацыянальным касцюме, у будзень, вядома ж, работніца ў полі ды гаспадыня ў хаце, выступае з самаробнымі прыпеўкамі. Хоць бы адна з іх, няхай сабе і не новая:

 

Мужык кажа: я старая,

а мне ўсё не верыцца.

Ну якая ж я старая —

усё на мне шавеліцца!

 

Землякі натуральна смяюцца, і моладзь, і пажылыя, і мы, імяніннікі, ветэраны вайны.

А потым — банкет у адным з багацейшых калгасаў.

Маладзіца з раённых служачых, жонка кагосьці з начальства, так старалася ў сучасных танцах, што глядзіш і здаецца — ногі яе пад кароценькай сукняй то выкручваюцца, то закручваюцца, то зноў выкручваюцца ў каленях і клубах, не надта каб прыгожа, але надзіва нястомна, пад гукі моднай песні з адпаведнай тэхнікі:

 

Два кусочычка колбаски

у тебя лежали на столе...

 

Не толькі радасць, відаць, нядаўна набытага наменклатурнага дабрабыту, дзе калбаска не кусочычкамі, і любаванне сабой у гэтым «заслужаным» шчасці.

* * *

Эстонію, як і ўсе прыбалтыйскія рэспублікі, планава, вялікадзяржаўна наваднілі вайскоўцамі, перш за ўсё і найбольш рускімі, мноства якіх цяпер на цёплых пенсіях. І вось ідзе вялікі торг наконт «правоў чалавека», як быццам па такому праву яны там апынуліся.

Як і на нашай безабаронна гасціннай ды — як гэта модна! — талерантнай зямлі.

* * *

Сонца і вецер за акном. А недзе па ўсёй Беларусі народ — на сваю галаву — выбірае найбольш верагоднага прэзідэнта, які ў сваім нахрапе не палічыцца ні з чым...

* * *

Перад ганкам у нас вялікі куст невымоўна чароўных светла-ружовых ружаў, якія нагадваюць маладосць, закаханасць...

* * *

Чытаючы ў часопісе «Семья» інтэрв’ю з артыстам Лявонцьевым, дзе ён расказвае, як быў у Рэрыхаў у Індыі, якое высокае ўражанне зрабіў на яго Святаслаў Мікалаевіч, а яшчэ больш — Дэвіка Рані, я ўспомніў сваё.

Як яна адклікала мяне ад мужа і двух маіх спадарожнікаў і павяла ў сад, спачатку нават за руку. Каля вялізнага, незвычайнага дрэва, здаецца, баньяна, пачала мне тлумачыць па-нямецку, каб я загадаў у душы штосьці сваё запаветнае. На гэтай мове мы так і не змаглі належна зразумецца. Яна, якая пэўны час працавала на ўсходне-нямецкай кінастудыі «Defa», гаварыла куды лепш за мяне, а я... ну зусім разгубіўся. Добра, што весела нам было ад гэтай моўнай недастатковасці, што яна была на дваццаць пяць гадоў маладзейшая і мяне зачаравала — красуня індыйская — яшчэ больш, чым артыста. У сэнсе экзатычна-паэтычным, чыста-высокім... Лепш, чым я цяпер пра гэта напісаў.

* * *

Над старонкамі Міхайлы Лаліча, трохтомнік якога выдадзены па-руску ў 1989-м, сумнавата думалася пра тое, што мой трохтомнік тая самая «Художественная литература» планавала на 1992-гі, а мне тады, на дзевяць гадоў раней, гэта здавалася... нават і крыўдным — чаму так зацягваюць!..

Што там ні думай, што ні гавары, а гэта быў выхад у вялікі свет, да шматлікага, не толькі ж рускага, чытача.

...Чытаю свайго чарнагорца, і не-не дый успамінаецца дырэктар музея Негаша ў Цэцінье, вясною пяцьдзесят шостага. Унук ці праўнук паэта-асветніка, па сумяшчальніцтву і князя Чарнагорыі, быў настолькі за мяне, высокага, вышэйшы, што мы ажно памераліся. І весела нам было — групе беларускіх турыстаў і некалькім з тых, што нас прыязна прымалі.

* * *

Слоў няма — хамства, злачынства тое, што зроблена трэцяга ліпеня з тымі, якія неслі кветкі да помніка Перамогі пад бела-чырвона-белымі сцягамі, дзе ў першых радах былі такія франтавікі, як Васіль Быкаў, такія партызаны, як Мікола Крукоўскі (ягоны артыкул у «ЛіМе»!). Але сваё аднак ёсць і ў гэтай справе, пра што я не мог не ўспамінаць. Бяздумныя антыпартызанскія публікацыі, што з’яўляліся на старонках перыёдыкі, нядошлая «філасофія» вакол таго, трэба ці не трэба нам было змагацца «на баку сталіністаў», спробы адсвяткаваць пяцідзесяцігоддзе трагічнага «Саюза беларускай моладзі»... Многа нагаварылася, накрычалася лішняга, без належнага разумення стратэгіі і тактыкі змагання, што без патрэбы распальвала варажнечу, шкодзіла справе адраджэння...

* * *

На пяцідзесяцігоддзі вызвалення Карэліцкага раёна сівы, ссутулены Г., партызан нашага злучэння, відаць, мяркуючы, што і я былы член партыі, расказваў мне, што, пакуль у іх сабралася невялікая партарганізацыя, ён выпісваў самому сабе ўзносы і пасылаў іх у падтрымку «Правды».

Расказвалі мне, што падобным чынам паводзіць сябе стары Азгур. Успомнілася гэта, калі ў чэрвеньскім «Полымі» чытаў яго «Працяг размовы». Упачатку ён піша, што ў яго пытаюцца: «Ці няма ў маім доўгім жыцці таго, аб чым я хацеў бы забыць», і адказвае: «Было. Але з біяграфіі не выкрэсліваецца нічога». Падумалася: вось і пачнецца шчырасць, споведзь. Няма. Ёсць жаль нават па дзвюх магутных галовах, што стаялі перад уваходам у ЦК партыі, па якой жаль павінен быць яшчэ большы, углыбіню ды ўшырыню па ўсёй савецкай краіне, якую ён уставіў істуканамі.

Успамінаю, як ён хваліўся сваім Леніным у Махачкале, як вясной 1957-га, пабываўшы на падмаскоўным высока-дачным прыёме, з хваляваннем расказваў у Саюзе пісьменнікаў, як асмеліўся там, на ўрадавай дачы, падысці да Молатава, папрасіў яго папазіраваць і «Вячеслав Михайлович согласился!..». Тут, праўда, не пашанцавала: неўзабаве з’явілася «антыпартыйная група».

Помніцца таксама, як пры жыцці Сталіна, узняўшы яго шынельны «вобраз» пад воблакі, ён выступаў зноў жа ў Саюзе пісьменнікаў і завочна дзякаваў Сяргею Селіханаву за тое, што ён яму тут дапамог — зрабіў левую нагу правадыра. Іменна левую...

Не ўсё з тое пыхі выветрылася на паваротах гісторыі і дагэтуль.

* * *

Пад раніцу сніў Івана Драча, ды вельмі ж ужо пяшчотна, з прытуленнем шчака ў шчаку.

Антон пазаўчора прысеў да мяне, заглыбленага ў Булгакава, а потым і прылёг галавой на калені, сказаўшы:

— Хачу, каб ты мяне пашкадаваў.

Блізка і ад сябра, і ад унука, і ад іншых прычын апошняга часу,— ярка ўявіўся летні расквітнелы дзень і сям’я, са сталымі дзецьмі і ўнукамі, якія ўжо многа і яшчэ чыста разумеюць галоўнае,— сям’я твая, чалавеча, і сам ты, і ўсім вось-вось прыйдзецца загінуць. Ад куляў і полымя, на тваю зямлю, у тваё жыццё прынесеных захопнікам...

Якое ж тут яшчэ можна шукаць і знаходзіць апраўданне фашыстам і іх памагатым?

* * *

Намагаючыся шукаць і знаходзіць для пераймання штосьці новае, суперновае ў сваёй і сусветнай літаратуры, мы рызыкуем выглядаць наіўнымі правінцыяламі, калі не міжвольнымі плагіятарамі, дык смешнымі адкрывальнікамі амерыкаў і вынаходнікамі веласіпедаў.

Прасцей, разумней, мэтазгодней быць кожнаму самім сабою, прапускаць сваё бачанне свету праз сэрца, думаючы не пра навізну, а пра шчырасць, якая адна можа ў той ці ў іншай меры гарантаваць нашу непаўторнасць, пэўнае папаўненне агульналюдскай скарбонкі вартасцяў.

* * *

Не пішацца. Чытаць «Ulissesa»» далей не хочацца. Узяўся за двухтомнік Скаварады.

З цікавасцю прачытаў «Басни харьковские», дзе мараль — «сила», як ён піша — нашмат даўжэйшая за байку; прачытаў некаторыя віршы, успамінаючы Сімяона Полацкага, не менш сумнаватага мне, перайшоў, кажучы па-сучаснаму, да «круглых сталоў»...

...Калі прадоўжыць учарашні запіс, дык трэба сказаць, што пасля бяседаў, больш уважліва прачытаўшы адну з іх, перайшоў да пісьмаў Рыгора Савіча ягонаму вучню і другу Міхайлу Кавалінскаму і, можна сказаць, хораша зачытаўся.

...Там, дзе ў яго пра Лотаву жонку, ад калейдаскопнасці біблейскіх тэкстаў зноў успомнілася даўняе — Алеся, дачка нашага сваяка.

Якая сіла веры, гатоўнасць да незвычайнага, гераічнага! Здаровая вясковая дзеўка выйшла замуж за «брата во Христе», таксама пяцідзесятніка, і — маладая, гарачая — угаварыла мужа, што спаць будуць разам, як і трэба, але ж, «во славу нашего Господа», паўгода не пачнуць кахання. І захварэла «па-жаночаму», ледзь потым да дзяцей дайшло. Ужо ў Аргенціне, куды яны паехалі ў пачатку трыццатых гадоў ад сваёй заходнебеларускай бядоты.

...Яго біяграфія, добра напісаная Кавалінскім, адкуль захацелася выпісаць словы вандроўнага філосафа ў вучневым пераказе:

«...Остаток египетского плотолюбия, которое не могши продлить жизни телесной, при всех мудрствованиях своих нашло способ продолжить существование трупов человеческих, известных у нас под именем мумий».

Падкрэсліў я сілу прастаты, падумаўшы: якое моцы дурман патрэбен, каб праз столькі стагоддзяў прагрэсу муміі зноў пайшлі ў моду — у марксісцкія маўзалеі!..

* * *

Нехта, дый не адзін, са смакам і нястомна хваліцца сваімі баямі, а па-сапраўднаму мужны Федзя Янкоўскі ў сваёй ціхай шчырасці ганарыўся перад сябрамі перш за ўсё тым, што ў тых мясцінах, дзе ён партызаніў, камандуючы разведкай, людзі ўспамінаюць дабром і самога яго, і ягоных бравых разведчыкаў.

Так было ў чэрвені восемдзесят другога, калі мы, група пісьменнікаў, прымалі ўдзел у адкрыцці мемарыяльнага знака Сымону Рак-Міхайлоўскаму ў яго роднай Максімаўцы на Маладзечаншчыне. Людзей з наваколля сабралася многа, і нямала было сярод іх Федзевых знаёмых па днях і начах вайны. Яго сустракалі з пашанай, прыязна гутарылі з ім, і яму было вельмі прыемна, спакойна за перажытае ў народзе і з народам ліхалецце. Так ён, са сваёй натуральнай, дабрадушнай сціпласцю, і выступаў перад людзьмі і там, перад бацькоўскай хатай Сымона Аляксандравіча, і ў іншы час, у іншым месцы — перад рабочымі камбіната мастацкай керамікі ў Радашковічах, дзе таксама былі мужчыны і жанчыны, што памяталі прафесара камандзірам разведкі, дзяліліся з ім успамінамі.

Часамі мне, трэба прызнацца, нават і думалася, што добры сябар мой трошкі зачаста ганарыцца гэтым і пасля нашых сумесных сустрэчаў з людзьмі ў яго былых партызанскіх мясцінах, і ўспамінаючы сустрэчы іншыя, без мяне, і пішучы пра гэта ў сваіх «абразках»... А цяпер вось, пяты ўжо год без яго, мне так добра прыгадалася тая яго заслужаная, высакародная гордасць, тое, чым можна, трэба ганарыцца.

Тым больш што ён бачыў і іншыя паводзіны некаторых партызан, як бачыў іх і я, і да таго, як пайсці ў лес самому, і там, у атрадах, і ў «раёне», дзе мы, таксама разведчыкі, амаль штоночы, бліжэй і далей бывалі. Пішучы слова «некаторыя», такое звычнае ў славутым колішнім сацрэалізме, усміхаюся разам з вялікім знаўцам роднага слова, згадаўшы мудра і церпка народнае: «За адным сёрам — усім сорам». І за тых «некаторых» прыходзіцца слухаць або чытаць тое, чым так ахвотна казыраюць рупліўцы ачэрнівання партызанскай барацьбы, усенароднага супраціўлення фашызму.

* * *

Такая грэшная думка:

Чаму гэта тыя, што ў вайну пагінулі, абавязкова ўсе лепшыя за тых, што таксама мужна ваявалі, былі цяжкапараненыя, але ім проста пашчасціла вярнуцца жывымі?

А так жа гаворыцца, пішацца: лепшыя. З пашаны. «А всё же, всё же, всё же»? Усё так. Толькі ж, можа, не трэба гэта механічна паўтараць, зачаста і нават бяздушна?..

* * *

Чырвоная нітачка залатой... проста разумнай сярэдзіны, якая ўецца, шукаючы, пульсуе паміж мноствам аднабокіх праўдаў, сцвярджаючы галоўную — пра чалавечнасць, мір, дружбу паміж народамі, клічучы толькі туды.

Ранішняя радыёперадача «Вясковыя ростані». Іўеўскія жанчыны гутараць з журналісткай на такой свабоднай, натуральна прыгожай роднай мове, што люба слухаць. Каб не іх справядлівыя скаргі ды недаўменне... Адна сказала:

— На раніцы прачынацца страшна...

Такое настала жыццё.

* * *

У нагах бабулінай магілы — сталая ўжо, ладная бяроза, так нядаўна, здаецца, пасаджаная ўнукам, які быў тады студэнтам, а сёння ўжо і акадэмік. Ён гэта і паказаў мне яе, красуню-бярозу, каля роднай магілы.

А побач — другая магіла ў агароджы, чужая ў мностве незнаёмых. І надпіс на помніку, прозвішча — упершыню такое для мяне ды ледзь не да ўсмешкі, тут непрыстойнай,— Татачка. Нейчы, вядома ж, горка аплаканы бацька.

Бываюць жа такія дробязі, як для разрадкі ў спаважлівай сумоце. Як тыя чэхаўскія, у страшнай тэлеграме, «хохороны вторник»...

* * *

Учора позна ўвечары, па радыё — афрыканскія вершы Гумілёва. І лёгка-журботная думка-адчуванне: якая ж яна вялікая, Афрыка, а я ўжо яе не пабачу!.. Клічнік тут — ціхі, лагодны.

У пяцьдзесят восьмым годзе «Литературная газета» прапанавала мне паехаць на тры месяцы спецыяльным карэспандэнтам па трох краінах, калі не памыляюся, Гане, Малі і Конга, аднак разумны, прыязны Якаў Уладзіміравіч, галоўны лекар нашай літфондаўскай паліклінікі, рашуча запратэставаў: пасля маёй «блакады сэрца», з якою я пад кіраўніцтвам мілай Каці Цалуйка, спецыялісткі па лячэбнай фізкультуры, змагаўся ўвесь папярэдні год, ехаць у афрыканскую спякоту — легкадумна, небяспечна.

* * *

Салжаніцын, «Апрель Семнадцатого».

Будзь ты хоць тройчы нобелеўскі лаўрэат, але проза гэтая — не мастацтва. Толькі што працы было ў яго вельмі многа, што працаваў ён заядла. Але ж чытаецца ад гэтага не лягчэй. Хоць трэба, і буду. Каб і думку сваю мець, і інфармацыяй пакарыстацца.

...Кончыў!.. У гэтай прэтэнцыёзнай абэржы ёсць і жывейшыя раздзелы, аднак іх параўнаўча мала, і яны так завалены глыбамі мнагаслоўя, што нават і цярплівейшаму з чытачоў, ды ў дажджлівай вясковай сумоце, месцамі хацелася проста пераступіць цераз «тягомотину», тым больш калі яна надрукавана на шырокай часопіснай старонцы, дый не адной, бязлітасным петытам, які не для старых вачэй. Палавіну яго дваццацітомніка займае «Красное колесо». Цяжка ўявіць мноства мужных, якія ўсё гэта адолелі або калі-небудзь адолеюць. А ён жа як быццам і скардзіўся, у «Литгазете» ці ў «Известиях», гаворачы, што вось прыехаў, а большасць расіян не чытала гэтых твораў...

Ажно Кірыла Арлоўскі прыпомніўся. Як ён абураўся на адной сустрэчы ў ягоным «Рассвете»: «Что же вы за журналисты — я говорю, а вы не записываете?!» І рука без далоні, пакладзеная на кнігу пра яго, напісаную нейкім, не памятаю, бойкім масквічом, і важныя словы: «Книга, на которой будут учиться поколения...» Маштабы, вядома ж, далёка не тыя — добры, мужны, заслужаны пісьменнік і распешчаны афіцыйнай славай сельгас-чэкіст... Тут больш падыходзіць Горкі са сваім «Самгіным», пра які таксама можна сказаць: «тяжелый случай»...

Словам, як ні ўздымайся, сціпласць усё-такі абавязвае ўсіх.

...Разоў некалькі ён публічна абяцаў не лезці ў палітыку, а вось жа на сваім марудна-доўгім шляху вяртання,— нібы Майсей з Егіпта, сорак гадоў па пустыні,— у Маскву цераз Далёкі Усход, Сібір ды еўрапейскую Расію, прэ свой добранадзейны, тапорна даўні шавінізм, як быццам гэта — не палітыка...

* * *

Дзіўна яно — самотнасць, адзін на адзін з самім сабою, чаго аж лішне замнога.

А гэта ж наша доля, такая прафесія, хоць ты і любіш, разам з гэтым, і тое, што па-руску хораша называецца общением з людзьмі.

* * *

У маім «Проста і ясна» было трохі пра тое, што ў палавіне трыццатых гадоў адбывалася ў Саветах. «Там такое робіцца...» — штосьці так было ў мяне, у канцы трыццаць шостага. Было — бо тая старонка чарнавіка абачліва вырвана ў канцы саракавых або ў пачатку пяцідзесятых, калі я самацэнзураваў і гэтае апавяданне, цьмяна спадзеючыся калі-небудзь надрукаваць яго. Так і даў у кнігу «Ад сяўбы да жніва». Каб тое месца захавалася ў чарнавіку, можа, цяпер і вярнуў бы яго, хоць гэта і палічыў бы нехта моднай мадэрнізацыяй.

Сумняваўся я і пасылаючы апавяданне, пераклаўшы яго на рускую мову, Вігдорчыку******, а ён на маё сумняванне пісаў у сваіх заўвагах: «Ты в этом случае нисколько не преувеличиваешь,— это буквально так и есть, за очень малыми и редкими исключениями». Датычылася гэта небяспекі ад сувязі з заграніцай і ўсенароднага збяднення,— таму дзедава дачка і пісаць стала рэдка, і грошай не слала. Мала пісалі тады і нам, брат Ігнат пасля свайго Беламорканала, а Валодзя яшчэ свабодны.

Вігдорчык ведаў больш за нас у Загоры. Пішу гэта, і ўспомнілася прысланая ім копія пісьма засакрэчанага сябра з СССР, рабочага, што скардзіўся на паўгалоднае выстойванне каля станка і так пісаў яшчэ, што мне запомнілася даслоўна:

«Солдаты и нужда маршируют по стране».

* * *

Жанчына ад мастацкай самадзейнасці гаварыла днямі па радыё:

— І сцэна раве, і зала раве, а трэба ж ціха спяваць, ад душы!..

Так яна пра поспех іхняга ансамбля, поспех, які ёй не падабаецца.

А ў адной з нашых мінскіх газет******* днямі было інтэрв’ю з Булатам Акуджавай. Адказваючы на пытанне, чаму ў яго, былога франтавіка, няма ў песнях батальных сцэн, ён адказаў:

«...Я скорее тихий поэт. Кто-то из литературоведов в свое время написал: «Высоцкий кричит, а Окуджава молится». Возможно, это верное определение». Сціпласць уважым, а без «возможно» абыдземся.

* * *

З пачутага ад хлопцаў-землякоў у польскім войску і ў нямецкім палоне.

«Хам ты рубяжэвіцкі, ты за год два дзеці зрабіў!» Так лаяліся мясцовыя яўрэі. Успамінаў Пашка Буньчук, з якім мы разам сядзелі ў акопе.

Хтосьці з Валожыншчыны (ужо забыўся хто) падараваў сваё: «Танцуе, як валожынскі бугай на лёдзе».

Седач са Скідзельшчыны. Як сёння бачу: разбіваем гной на юнкерскім бязмежным полі, а гэты маўклівы, чарнявы дзяцюк успёрся на сахор, перадыхнуць, крыху задумаўся, а тады: «Так яно, браце, чалавечая жытка — што сарочка дзіцячая: кароткая і засраная...»

Вясёлы ён, такі рэгіянальны каларыт, такая зіхатлівая мазаіка на роднай карце. Нямала чулася ад берасцейскіх палешукоў, нашых наваградцаў, сяброў нядолі з Глыбоччыны, з-пад Беластока, Клецка... Што ўжо ў мяне і скарыстана ў напісаным, а што возьме ды зноў згадаецца, часамі як быццам не надта дарэчы, але ж і на пацеху.

* * *

Даўнейшае, заходнебеларускае, вясковае.

Дасціпна вясёлая, дабрадушная руплівіца, што ўжо бярэцца на дзеўку, у нядзельку прыбіраецца на выхад у маладую кампанію. А яе старэнькая бабуля пытаецца з ляжанкі:

— Уходжваць пойдзеш? Усё вы ўходжваеце цяпер. Мы даўней не ўходжвалі...

Успамінаецца пушкінскае: «...в наши лета мы не слыхали про любовь» і тое ў Коласа, дзе пра маці, што помніцца са школьнае чытанкі: «Яна ўжо збольшага ўхадзілась, цяпер спаважней варушылась»... У старэнькай уходжваць — і ад рускага ухаживать, і, чаго добрага, ад свайго ўходжвацца. А зрэшты — «хто яго цяпер з усім усякім разбярэцца?». Яна ж яшчэ і хукала на электраліхтарык, па-вясковаму «батарэйку», каб патушыць яе. Унучка пра тое «ўходжваць», расказваючы мне, дабрадушна смяялася. А яе старэйшы брат, ужо нядрэнны майстар «уходжвання», з бабулінага хукання смяяўся з адчуваннем поўнай вышэйшасці.

А я ад смешнага колькі ўжо разоў выходзіў думкай да камп’ютэра, на які я таксама мог бы хукаць, не цямячы ў ім не толькі ў параўнанні з сынам-кандыдатам, але і з унукам-школьнікам. І мы ўжо — час ідзе! — таксама бываем камусьці смешнымі.

Абы толькі без фанабэрыі, а так дабрадушна, прыязна, як было ў маёй сімпатычнай сваячкі.

* * *

І да такога ў нас даходзіла зусім нядаўна: так аб’яднацца з багацейшай, мацнейшай суседкай, што і бюджэт ёй падпарадкаваць, і нацыянальны банк, зрабіўшы дзеля гэтага адпаведныя папраўкі ў нядаўна прынятай Канстытуцыі.

Згадалася даўно пачутае ад старое маці:

— Дзед бабцы купіў лапці, былі малыя — абсек пальцы.

Няўжо і такая мудрая палітыка народам нашым даўно прадугледжана?

* * *

Ахвотна перачытваючы, праз трыццаць пяць гадоў «Блуждающие звезды» Шолам-Алейхема, яшчэ раз, ужо далёка не першы, не вытрымаў з ягоным гумарам — узяўся за аловак, каб адкрэсліць: «Какой ты, с позволения сказать, Арчибальд? Какой Буэруэльс? Сказал бы просто, что тебя зовут Арчик, сын Береля,— и баста!»

Так у яго — пра рэпарцёра, якога можна было «принять за прирожденного американца»...

* * *

Вывад войскаў з Нямеччыны — ужо не «савецкіх», а «расійскіх» — няўдала стараліся і там, і дома паказаць па тэлевізары як нешта амаль-амаль святочна ганаровае... А праз увесь гэты парадны шык праходзіла міжвольнае пытанне:

«А чаго яны так доўга там былі?»

Тым больш — у Прыбалтыцы, без аніякай яе віны перад СССР?

Чарга за намі. Тут ужо справа зацягнецца, усё з-за таго ж «братэрства».

Уводзіць усё-такі куды лягчэй, чым выводзіць.

* * *

Гледзячы па тэлевізары перадачу пра балюча-страшны свет дзяцей, сабраных у прытулкі (па-ранейшаму) ад бацькоў (па-сучаснаму) алкаголікаў, слухаючы гэтых нявінных пакутнікаў, што і як яны гаварылі пра сваіх мам і татаў, успомніў:

 

Nazywam się Milijon — bo za milijony

Kocham i cierpię katushe********.

 

І гэта высокае... убачылася рытарычным. Тут не мільёны, а сотні, дзесяткі, адзінкі цяжка дый немагчыма змясціць у душы...

* * *

Пазаўчора ноччу жахалі на ўсё неба над пушчай маланкі, за якімі далёка ззаду пагруквала. Палавіна верасня, а там недзе навальнічыць, недабраўшы свайго за летнюю бязлітасна доўгую сухмень.

І думалася: ці маё жахалі — толькі ад жахнуць, моцна ўдарыць, ці разам з гэтым і жахнуцца, вельмі спалохацца?..

А ўчора позна вечарам над маладымі бярозамі за дарогай заўсёды загадкава, ледзь не шчасліва-сцішнавата стаяў, амаль у поўні, месяц, а лявей, ніжэй — раз-поразу вухаў пугач.

Згадаліся гдыньскія ночы, ваенны верасень трыццаць дзевятага, самы пачатак яго. Калі яны крычалі, пугачы, у прыморскім букавым лесе на ўзгорках, ранячы нашы маладыя душы. Бо гаварылася ў акопах, што гэта яны — пачуўшы першую кроў...

* * *

«Трое на велосипеде» Джэрома К. Джэрома. Пасля яўрэйскага гумару Шолам-Алейхема — англійскі. Кніга цікавая яшчэ і таму, што я ж у пэўнай меры ведаю Германію, у якой адбываецца падарожжа. А які натуральны той гумар, што я, ва ўсёй яго нацыянальнай асаблівасці, смакаваў у альбіёнскай класіцы не раз і здаўна... І раптам такое сур’ёзнае (перакладаю):

«Мы ганарымся нашай гуманнасцю і цывілізацыяй, аднак, адкінуўшы набок крывадушнасць, усё-такі павінны прызнаць, што пад крухмальнымі манішкамі ў кожным з нас сядзіць дзікун, з нечаканымі дзікунскімі інстынктамі; ён ніколі не знікне; часам ён нам патрэбен — і тады з’яўляецца на першае патрабаванне; але падкормліваць яго — лішне».

Такое ў містэра Джэрома — пасля не толькі дасціпна-едкага, але і прыкрага дзікасцю традыцыі апісання нямецкіх студэнцкіх паядынкаў, мензураў.

А я, чытаючы, успомніў, як наш Юрка Багушэвіч, не толькі празаік, але і суддзя рэспубліканскай катэгорыі па боксу, угаварыў-такі мяне прасядзець побач з ім дваццаць дзве сустрэчы баксёраў з розных рэспублік. З суддзёўскага крэсла, зблізку бачачы ў тварах спартсменаў, амаль ва ўсіх, проста дзікасць. Асабліва ў аднаго беларуса, пра якога Юрка, апраўдваючы любімы спорт, шапнуў, што хлопец той «закончыў толькі тры класы» і ён «проста злосна б’ецца», і ў аднаго латыша, старэйшага, лысага, з распатланымі рэшткамі доўгіх валасоў і выразам твару, азвярэлым яшчэ больш, чым у нашага суайчынніка, бо акрываўленым ад разбітага носа. Ён таксама «проста біўся», і гэта было агідна.

Як яно часта бывае пры чытанні таленавіта цікавага, паралельна ўспамінаецца штосьці сваё, у нейкай бліжэйшай ці далейшай падобнасці.

Там, дзе адзін з герояў Джэрома зблытаў у нямецкім магазіне ein Kuss (пацалунак) з eine Kissen (падушка), мне згадаўся суд над нямецка-фашысцкімі ваеннымі злачынцамі ў канцы сорак пятага года.

Калі на апытанні радавога падсуднага перакладчык, бландзініста-губаценькі савецкі лейтэнант, зблытаў die Kűche і die Kirche. На пытанне суддзі, у якасці каго падсудны служыў у вермахце, той адказаў: «Bei die Kűche», а лейтэнант пераклаў: «В кирхе». Суддзя не паверыў, перапытаў, падсудны яшчэ раз сказаў тое самае, лейтэнант пераклаў таксама. І тут падсудны не вытрымаў — па-свойму шапялява, але гучней вякнуў па-руску: «Кухня! Каптенармус!» І нават засмяяўся. Разам з усёй перапоўненай залай.

Паўтару: у снежні сорак пятага... Не памятаю, ці засмяяліся ў пагонна-важным прэзідыуме і ў загарадцы для злачынцаў рознага рангу.

Амаль праз паўвеку ў тым усплёску смеху адчулася мне жудасць справы, дзеля якое ўсе там сабраліся...

* * *

У «Роднай прыродзе» — перадрук маіх замалёвак «Перад яе красой».

Перачытваючы богведама каторы ўжо раз даўні запіс пра раніцу ў зімовым лесе, дзе: «Прыпадняўшы вуха трусінай шапкі, я спакваля настроіўся на калыханку ціхенькага пошуму ў вершняку», не ўпершыню бачу ўсмешку мілага Міхася Стральцова, калі ён мне гэтае месца хваліў.

* * *

З многімі — толькі па тэлефоне, не ведаючы, не ўяўляючы добра, што там ды як там у іх дома; за тэлефонным нумарам — толькі голас знаёмы, толькі ўяўленне, нібы бачанне знаёмага вобліку. І гэта ў сваім горадзе, у іншых гарадах, у некаторых іншых краінах...

Таксама ж дзіўна гэта, неяк нават па-дзіцячы, з наіўнасцю жадання пазнаваць, даведвацца як найбольш.

* * *

Прэтэнзіі значна большыя як на ўдзел у вырашальных гістарычных падзеях — бітвы пад Грунвальдам, пад Оршай,— і прэтэнзіі на беларускасць Касцюшкі, Міцкевіча, нават Дастаеўскага — раздражняюць і засмучаюць, вельмі падобна на «збеларушчванне», крыўлянне на «беларускі лад» песняў суседскіх — рускіх, украінскіх, польскіх, слухаючы якія, бывае і сорамна і балюча. Як сведчанне нашай беднасці, а можа, больш нашага жабрацтва пры сваіх нацыянальных багаццях.

* * *

У «Белым голубе» я разлічыўся з успамінамі пра «Кацюшу», упершыню пачутую пасля вяртання з палону. А яна мне нагадвае яшчэ і вясну сорак другога года, танец пад гэтую мелодыю на хутарскім падворку, з хлопцамі і дзяўчатамі з маёй даваеннай кампаніі і з маладзейшымі, што пасталелі за час маёй адсутнасці.

Калі супастаўляць гэтыя, на нейкі час бесклапотныя, нехта скажа — бяздумныя танцы ў той страшны час, з тым, што адбывалася на ўсходзе, дык ёсць тут і апраўданне, вечнае і агульналюдскае — маладосць, што патрабуе свайго і ў нікога не паўтараецца. Я быў пасля перажытага за тры гады, мне ішоў дваццаць пяты, з адчуваннем не ўзятага ў свой час, а да таго яшчэ тое было, што толькі маё, патаемнае — я, цяпер можна сказаць, актыўна пісаў, быў закаханы ў тое, што рабіў, не толькі, як усе іншыя, закаханы — проста ў жыццё, у кагосьці з дзяўчат, у радасць пачатку жыцця...

Недзе чытаў ці чуў, што Блантар унёс у гэтую, такую слаўную, мелодыю нешта яўрэйскае, як Любан у нашу «Бывайце здаровы». Адам Русак падмацаваў яе беларускім словам, а Міхаіл Ісакоўскі «Кацюшу» тым больш арганічней, таленавіцей — словам рускім, і яна хвалюе многіх.

Можа, і таму яшчэ, што песня гэтая, як сонца, пранізвала жах вайны чысцінёю надзеі на лепшае, што мы, вясковая моладзь, адчувалі ў ёй, разам з ужо нешматлікімі «байцамі»-акружэнцамі, якія выкруціліся ад вывазу ў Нямеччыну і яшчэ не пайшлі ў партызаны, вядома, разам з нашымі.

* * *

Іван Франко, кніга апавяданняў «До світла!». Пачынаючы з «Вівчара», «Малого Мирона», «Мавки» ў прозу яго ўступіла паэзія. Бо перад гэтым, у цэлым раздзеле апавяданняў, падабраных у 1976 годзе, выразна па «сацыяльнай значнасці»,— вёска пасля скасавання прыгону, шахцёры, муляры, лесарубы,— больш розуму, развагі і, ад гэтага, строгай сухаватасці.

А потым я пачаў учытвацца ў раскошу прозы аўтабіяграфічнай, «успамінальнай», як сёння ў нас часта і з кпінкай гаворыцца, апавяданні «Оловець», «Мій злочин», «У кузні», «У столярні»...

Веданне польскай і трохі нямецкай моў добра дапамагае мне знаходзіцца ў асяроддзі яго герояў, у стыхіі яго «галіцыйскай» украінскай мовы.

Такая дробязь: «Обійдеться циганське весілля без марцепанів» весела нагадала польскае, вастрэйшае: «Obejdzie się psie wesele i bez marcepanów».

...«На дні» і «Панталаха», два вялікія турэмныя апавяданні, гэта ўжо суровая, па-філасофску важкая проза, літаратура.

...Дачытаў тры апошнія ў томе — «До світла!», якое спачатку, непрачытанае, вынесенае ў загаловак кнігі, дарма здалося нібы плакатным, «В туремнім шпиталі» і «Будяки»,— і нават уголас падзякаваў аўтару, балазе быў адзін у пакоі.

А яшчэ ж у яго сорак дзевяць тамоў, на трох мовах — роднай, нямецкай і польскай,— з чаго я чытаў калісьці, у вясковым юнацтве, аповесць «Борислав сміеться», у Мінску бачыў на гастрольнай сцэне «Украдене щастя» са славутым Амвросіем Бучмай, з якім меў тады прыемнасць пазнаёміцца, пагутарыць з яшчэ двума сябрамі ў рэстаране, чытаў, вядома, вершы магутнага Каменяра, стаяў перад яго магілай, хадзіў па залах музея... Мала!.. І ўсё тое зроблена ім, у літаратуры і ў навуцы, толькі (думаецца сёння) за шэсцьдзесят гадоў жыцця, што і нягодамі было багата, і закончылася трагічна.

Чытаў недзе, што ён перапісваўся з Арэшчыхай. Таксама ж гэта не так сабе, не абы-што, як і дружба пані Элізы з нашым Францішкам Багушэвічам.

...Чытаю ў Івана Франка: «На споховастім бляшанім дасі». Праверыў у Грынчанкі: спохово, спухово, спуховато — з нахілам. Зноў нашы слоўнікі не памаглі, нават і тыя, дзе мясцовыя гаворкі. А ў роднай вёсцы і ў наваколлі слова гэтае жыве. Ці адкос дарожны папраўляючы, ці кроквы ладзячы, гаворыцца: «Бяры, браце, больш спахова». Хоць мы і не блізка ад Украіны.

* * *

Усе варыянты сааўтарстваў у нашых маладых, пра якія часта чытаецца і чуецца, гэта ўжо не літаратура, а гандаль ёю, пад нявінненькім покрывам неабходнасці выжыць.

* * *

У першым нумары абноўленай «Крыніцы» — многа і цікава пра Кірылу Тураўскага, ад якога і адхіляюся да запісу.

Рэлігійная дысцыпліна, «послушание» знізу даверху, падобная да дысцыпліны партыйнай: адмаўленне ад свабоды думак, уласнай волі, свайго сумлення.

Можна дадаць і пра жахлівую жорсткасць. Федарца, якога «выкрыў і пракляў» наш святы паэт, перад сцяццем галавы асляпілі, у яго вырвалі язык і адсеклі «правіцу»...

Пераклічка, як і ў дысцыпліне, з нашай нядаўняй і шматгадовай партыйнай паслядоўнасцю.

* * *

Кіславатым адвячоркам, выйшаўшы з аднаго аўтобуса, каб перасесці ў другі, апынуўся ў густым, мітуслівым натоўпе. Падумалася: а як жа гэта — «любіць людзей»? Не ведаючы іх? «Не пажадай бліжняму твайму таго, чаго не жадаеш самому сабе». Дык гэта ж бліжняму, з веданнем яго... Нельга чытаць адразу бібліятэку, чытаць можна кнігу, з якіх бібліятэка складаецца.

Дома заглянуў у Даля. «Ближний... всякий человек в отношении к другому; все люди друг другу ближние».

Ды я ж тут толькі пра тое, што адбылося, адчулася, пра сцішнаватае адчуванне натоўпу, з герметычнасцю такога мноства невядомых, абсалютную большасць якіх ты ніколі не ўведаеш. А любіць трэба. Тут філасофія, найвышэйшая мудрасць, аднак і недастатковасць, адсутнасць яе таксама ж бывае, находзіць, і яна сумна-страшная, калі пачуцці твае ў атупенні злыбеднай стомы...

* * *

Учора пад вечар пазваніла Люда Вялюгіна і, плачучы, расказала, што Толя, як сказаў ёй доктар, безнадзейны — рак.

А я, наведаўшы яго... цэлых дванаццаць дзён таму назад, меркаваў, што ў яго, паколькі і ляжаў ён у неўралгіі, штосьці радыкулітнае. Дый не ляжаў ён тады, а сядзеў, апрануты, з апошнім нумарам «Полымя». І вось я столькі збіраўся пайсці да яго другі раз...

Зноў прыгадалася тое, як Толя любіў дзяцей. Нашы з ім колішнія, улетку пяцідзесятага, «спяктаклі» на паляне перад Домам творчасці ў Каралішчавічах. У «Чырвонай шапачцы» ён быў стральцом, а я воўкам,— «павалены стрэлам», ляжаў на спіне і аддаваў Богу душу, пускаючы ўгару папяросны дым, сабраны ў роце «напоўніцу». На вялікую, шматгалосую радасць малечы, сярод якое былі і нашы дзяўчаткі. І тое прыгадалася, з нарачанскага лета шэсцьдзесят чацвёртага, калі Андрэю было восем год і мы, на праходцы дзвюма сем’ямі, майстравалі яму з Толем дэтэктыўную аповесць, гаворачы на змену,— адзін расказвае, другі рыхтуецца. У сталоўцы над возерам, дзе мы часта абедалі, малому падабаліся «свекольник» і блінчыкі. Дык вось ён у дэтэктыве быў камандзірам баявога атрада з падвойным прозвішчам Блінчык-Свякольнікаў, а галоўным сувязным у яго быў пан Яцына, кульгавы дзядок, удавец, у хаце якога мы чацвёрты год жылі. Помняцца Толевы выгукі: «Стой! — закрычаў з-за куста Блінчык-Свякольнікаў.— Яцына, акружай!..» і шчаслівы смех майго хлопца.

...Учора блізу гадзіну прасядзеў у Толі. Ён, відаць, і сапраўды на адыходзе: і ледзь варочаецца, і хрыпіць увесь, і вельмі невыразна гаворыць-мармыча, а перапытваць няёмка. Ён пытаецца пра навіны, я штосьці гавару, трымаючыся на жалю вартым аптымізме, а ў ім жа, такім вясёлым калісьці Анатолю, столькі пакутаў, якія чортведама навошта даюцца чалавеку на адыходзе...

Разумны, відаць, з гранічным адчуваннем галоўнага, ён заўважыў паўзу ў маіх намаганнях сказаць яшчэ штосьці патрэбнае, падаў руку, нават паціснуў маю, сказаў: «Будзь здароў! Калі выберуся — пагаворым яшчэ». А сам панурыўся ў пакуты, мяркуючыся павярнуцца тварам да сцяны. У светлай, залітай сонцам палаце,— як для кантрасту.

Цяжка гэта — ілгаць замоўчваннем блізкаму чалавеку вельмі, бо канчаткова, істотнае для яго — пра сапраўдную хваробу. Так у мяне і дагэтуль бывала — з Янкоўскім, Стральцовым, пляменніцай... А самі ж яны, калі не ведаюць, дык здагадваюцца пра сваю асуджанасць.

Спытаўся ў яго, развітваючыся, каму перадаць прывітанне. Назваў яму Танка, Панчанку, ён кіўнуў на згоду і буркнуў-дадаў: «І Вітку».

Дома я неўзабаве, трохі перадыхнуўшы ад цяжкага ўражання, пазваніў хлопцам, перадаў яго прывітанні. Максім, як заўсёды апошнім часам, увесь у стогне-нараканні на сваё і на агульнае. Пімен даволі хутка стаміўся гаварыць у трубку, папрасіў нават нумар майго новага тэлефона, сказаў дачцэ запісаць яго. Найлягчэй пагаварылася з Віткам, найстарэйшым і найбольш светла настроеным.

...Учора, належна выступіўшы на «Першай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі дырэктараў літаратурных музеяў», перад нашымі, рускімі і ўкраінцамі, пайшоў у Дом літаратара, хоць туды было яшчэ ранавата.

Сонечны дзень, жаўталісце. Памалу ідучы, падумаў: а чаму ж гэта мне не выступіць на развітанні з Анатолем? Напярэдадні, калі Зуёнак па тэлефоне прапанаваў, я адказаў няўпэўнена, змагу — не змагу... Але выступіў надзіва стрымана, у параўнанні з Васілём Васільевічам, які, адкрываючы паніхіду, расплакаўся.

Амаль усе, што выступалі — хто на паніхідзе, хто над магілай, хто на памінках, суседзі па дачах на славутай Лысай гары, гаварылі, як Толя ўмеў дружыць з малымі. Я тады, слухаючы кагосьці, успомніў прыгожую клетку з парачкай чачотак, якую ён прынёс нашай старэйшай на сёмы дзень нараджэння. Дома, калі сказаў пра гэта жонцы, яна нагадала мне мой цяжкі канец сорак дзевятага года, калі ён, Толя, быў адным з тых найбліжэйшых, якія не адхіснуліся...

Зуёнак і Гілевіч удзячна гаварылі ў выступленнях пра Вялюгіна — рэдактара паэзіі — іхняй і іншых сяброў. Я гаварыў пра гэта таксама, дадаўшы, як некаторыя з калісьці маладых, увабраўшыся ў сілу, заплацілі настаўніку-сябру чорнай няўдзячнасцю, пра што ім сёння варта падумаць... Намёк мой, як мне пасля сказалі сёй-той, быў зразуметы.

...Забыўся пра яшчэ адно. Гаворачы мне пра тое, што рэдактарам яго першага зборніка быў Вялюгін, Гілевіч сказаў, што такая ўдзячнасць — назаўсёды.

А я расказаў яму, як у восемдзесят восьмым годзе ляжаў у адной бальнічнай палаце з Крапівой і быў амаль санітарам старому, нямогламу, сляпому і глухому, памятаючы, як ён выратаваў мяне прадмовай да першай кнігі. Танк і Лужанін параілі Крапіве падтрымаць мяне закрытай рэцэнзіяй, а пазней, яшчэ раз параілі даць рэцэнзію прадмовай. Ніл здзівіўся, што прадмова — з закрытай рэцэнзіі, а мне як быццам дзіўна стала і гэта, і тое, што я дагэтуль не напісаў пра такі двайны ўдар аўтарытэтам старэйшага таварыша па тым гордзіевым, забаронна-цэнзурным вузле, які быў аблытаў, заціснуў мяне немагчымасцю друкавацца. Лынькоў пагаварыў у ЦК, а Крапіва секануў і дасек у выдавецтве. І сапраўды — такая ўдзячнасць назаўсёды.

...Увечары, не адкладаючы «на свежую галаву»: Ужо ж відаць, з кожным днём выразней, што хутка, хутка, а ўсё роўна ашукваеш сам сябе, нейкая сіла ў табе гаворыць: «Не я... Не я...» Ну, а што было б, калі б інакш — «хоць жывы ў зямлю лезь»?..

* * *

Нечакана, як гэта і бывае заўсёды, засмяяўся ў вячэрняй самоце, успомніўшы: «Барбарами добре отшмаровав, в Сибирь на поселение сослать...» Так памятаю, а ў Мікалая Васільевіча (праверыў) трошкі інакш: «...добре барбарами шмаровать и в Сибирь на каторгу заточить». Добра яно — пасля нялёгкага, што назбіралася ў душы, асвяжыць яе смехам. Толькі ж я і ў адзіноце сваёй смяяўся не адзін, а з братам Мішам, жыва ўспамінаючы наша юначае захапленне Гогалем.

Што да поўнай дакладнасці ў цытаванні з памяці калісьці і неаднойчы прачытанага. Неяк міжвольна і часта бывае ў мяне такое: інтэрпрэтуеш любімае на свой лад. Але ж — і гэта галоўнае — застаецца, жыве ў табе адчуванне радасці ад па-сапраўднаму смешнага, што і ўпершыню ўразіла цябе і потым неаднойчы паўтаралася,— такое глыбінна-натуральнае і незнішчальна свежае сваёю аздараўляючай сілай.

* * *

Вучоны друг, якога шчыра паважаю, на памінках па ягонай маме гаварыў, як яна, усё жыццё цярплівая, маўкліва гераічная жонка «ворага народа», усё жыццё любіла людзей. Перад самым сваім, вельмі нялёгкім канцом казала сыну і нявестцы: «Я вас люблю». Тут штосьці ўзварушліва, светла дзіцячае — са старэча развітальным. «Я люблю цябе» — найбольшае, што можна даць, і «я не люблю цябе» — найбольшае пакаранне. Так у малых. Падобна і ў старых, нямогла-бездапаможных на адыходзе,— такое збліжэнне самага істотнага.

* * *

У мастацкім музеі ройна ды шумна ад малодшых школьнікаў. Пазнавальная экскурсія. Розных памераў карціны на ўсіх сценах, а пасярэдзіне залаў скульптуры, паасобныя і групамі, бюсты, бюсцікі. Усяго выразна густа і не разлічана на малечу.

Некалькі дзяўчынак, не вельмі стрымана шчабечучы, праходзілі каля апошняй перад выхадам з залы скульптурнай групы, і адна з іх не вытрымала — ткнула пальчыкам у мармурова-белую, акуратна стуленую «попу» нейкай старадаўняй, вечна маладой грацыі — на развітанне і з падзякай.

* * *

Кандыдат медыцынскіх навук выступае па радыё, ушчэнт запалохваючы слухачоў чарнобыльскай павальнай згубай для ўсіх і раячы, як ад гэтага ратавацца.

Да навуковага па модзе прымешваецца і рэлігійнае — карысць ад пастоў, са спажываннем «жывога соку» з яблыкаў-паданак, «цем боляя што цяпер, як у народзя гаварыцца, спасаўка». Можна і ў царкву схадзіць, кажа ён,— «эта тожа няплоха».

* * *

Адзін з шумнейшых актывістаў адраджэння, перад гэтым член кампартыі з самых ранніх па ўзросце, пасля заядлы праваслаўны, кажуць, ужо збіраецца пераходзіць ва уніяты.

І хочацца спытаць у яго:

— А білеты ў вас таксама ж будуць?

Бо ўсё роўна ж палітыка тут, разнавіднасць яе, не надта замаскаваная.

* * *

Валодзя Ахлап, сірата, вельмі рана пачаў гаспадарыць. Арэ падлетак, злуецца, лаецца на каняжыну, а пасля і на песню яго павяло:

 

Ой, палын, палын, зелле горкае,

а мая доля яшчэ горшая...

 

І не больш, відаць, яму з той песні запомнілася, ад кагосьці яе пачуўшы.

А вымаўляў ён па-свойму: пайін, гойкая, Ваёдзя.

Песню тую нехта ж пачуў ад бедака-аратага. Бо ў вёсцы потым смяяліся, прыгадвалі, калі ўжо ён і падрос. Нязлосна смяяліся. А ён на мянушку сваю, якая ад бацькі яшчэ, а можа, і ад дзеда, адгукаўся.

Адкуль яна? Ад чаго? Найбліжэй, відаць, ад польскага ochłap, аб’едак. Да беднасці спадчыннай падыходзіць, бо і маёнтак пана Лісіцкага быў блізка, і доля «гойкая» была яшчэ ў «Ваёдзевых» дзядоў, бацькоў, спачатку прыгонных, потым парабкаў, на ochłapach, аб’едках з панскага стала.

...Здзек з энтузіястаў.

Нашы загорскія пажарнікі (пры Польшчы) у найбольшы агонь пасылалі яго — Валодзю Ахлапа, хлопца гарачага і дружнага. А каб ён сам не загарэўся, лупілі па ім з брандспойта, рагочучы. А ён і не здагадваўся пра гэты вясёлы здзек і потым дабрадушна, заікаста не злаваўся.

* * *

Наша маці, нешта закончыўшы або растраціўшы патрэбнае, часам казала:

— Ну, па ўшысткім пшыказанні, паелі і палізалі.

На ўвазе мелася «дзесянцёра пшыказань», дзесяць Майсеевых запаведзей. Маміна маці з шаснаццаці гадоў служыла ў маёнтку пана Анцуты пакаёўкай, пані вучыла яе маліцца па кантычцы. Можна думаць, што прыгаворка адтуль. З даробленай канцоўкай — каб весялей.

Дарэчы, і пра яўрэйскія філактэрыі, скураныя кубікі-скрыначкі з тымі запаведзямі на пергаменце, што для ранішняй малітвы прымацоўваліся вузкімі раменьчыкамі да лба і левай рукі, гаварылася: «жыдоўскае дзесянцёра». Моўныя сувязі ішлі і туды, шырэй.

* * *

Лаянка навоттабе — адно слова. Паказваючы хвігу або і нешта большае. Бо гэта ж бабскае, калі яны счэпяцца, дый на волі, на свежым паветры, маючы трохі часу.

* * *

Бабулі за восемдзесят. Адказваючы на пытанні радыёжурналісткі, успамінае сваё горкае маленства, як яны нават хадзілі з маткай жабраваць. Любоў, пяшчота наўздагон:

— Мама мая, пакойнічка, і кажа...

* * *

Сябар смяецца:

— У Беражне нашым расказваюць, што ў Жукавым Барку пры Польшчы быў малады, вельмі прыгожы поп. Дык на Вялікдзень бабы адна перад адной лезлі да яго хрыстосавацца.

Запісваючы гэта, я міжвольна, замест «адна перад адной», ужыў сваё загорскае працёпам лезлі. І зноў падаўся ў слоўнікі — дарма.

* * *

— Бульба сёлета благая. Дзіва што — такая сухмень была. А ад дажджу пасля яна ўжо цэху не ўзяла.

Само ў мяне так сказалася ў гутарцы. І адразу падумаў: адкуль жа ён, той загорскі цэх? У нашых слоўніках не знайшоў. У польскім cecha — уласцівасць. Тады яшчэ: cecha probiercza — пробная адзнака якасці. Бульба не набрала належнай спеласці.

Гаварылася так і пра чалавека, які, скажам, пагарэў або ў нейкую іншую бяду трапіў, што ён пасля гэтага ніяк цэху не возьме.

* * *

Элегантная спадарынька, інстытуцкая выкладчыца, і так прыемная сваёй мілавіднасцю, а як сказала зямлячка пра нядаўняе наведанне роднай вёскі, а там і пра такое: «Чую раненька — мамка мая шамоль-шамоль за перагародкай і пайшла...» — стала яшчэ мілейшай.

У слоўніках «шамолю» зноў жа не знайшоў. Ды ўжо ж і наракаць на іх, на слоўнікі, апрыкрала.

* * *

Яму трэба папрасіць прабачэння, а ён прыносіць прабачэнне, значыцца, сам прабачае.

І пішацца, і гаворыцца так нашымі журналістамі і пісьменнікамі,— ад рускага приносить извинения, извиняться.

* * *

Маем добрае, ёмкае слова: збожжа, збажына, адпаведнае рускаму хлеб у шырокім значэнні. А зноў жа пішам, гаворым па радыё і з тэлеэкрана з халуйскай руплівасцю: збожжавыя — ад рускага зерновые.

Чаму ж тады яшчэ і не бульбавыя?..

* * *

Дзень пачаўся (у 4.30) з палёгкі ў думках пра маю юнацкую двухмоўнасць у перапісцы нават з Мішам, пра што, можна сказаць, і нялёгка думалася днямі, калі парадкаваў яе. Вайскова-турэмная цэнзура патрабавала пісаць па-руску, каб лягчэй было цэнзураваць, а потым, у трыццаць дзевятым, салдат салдату павінен быў пісаць па-польску, бо ягоны, Мішын, 83-ці «карны» полк быў ужо «ў полі», кінуты з Кобрына пад Чанстахову, а мы ў Гдыні былі амаль на ваенным становішчы. Аднак жа і потым, з Мінска, я пісаў яму ўперамешку. Апраўданне, калі мне трэба апраўдвацца, такое: тут у нас і сямейная традыцыя, перапіска з савецкімі сваякамі, цесная і шчаслівая сувязь з рускай літаратурай, а потым яшчэ і перапіска з Вігдорчыкам, Булгакавым...

А палёгку я адчуў ад прасвятлення думкі, што двухмоўнасць, а дакладней, трохмоўнасць, улічваючы і польскую мову, любоў да польскай літаратуры, ішла, ідзе ад патрэбы ў братняй лучнасці людзей. Можна згадаць яшчэ і кнігі ўкраінскія, дзякуючы трашчыцкай бібліятэцы Гарошкаў, што мне да Гогаля дадало Шаўчэнку, Кацюбінскага і іншых.

Словам, патрыётам роднага я быў, а нацыяналістам, хоць у нейкай меры, ніколі. Што трэба было тады і трэба сёння.

Успамінаў сёння А. Г. Астроўскага і Уладзіслава Бранеўскага,— як яны ў палавіне пяцідзесятых гадоў, кожны па сабе, хвалілі маю рускую і польскую мовы, Арсеній Георгіевіч безагаворачна, а Уладзіслаў дадаўшы: «Jako kresowiak»*********, на ўвазе маючы спеўны акцэнт.

Чытаючы, а тады і перадрукоўваючы пісьмы да Мішы ў турму, рады быў, як... ну, няхай сабе толькі як яны зусім нядрэнна гавораць пра маё юнацкае самавуцкае веданне рускай мовы. З польскай было ўсё-такі інакш — школа. А з украінскай, якое не было бліжэй, чым Гарошкава камора, а потым месяцы вайсковай службы ў Хэлме, дзе я пасябраваў з украінцамі, да часу пасляваеннага было ў мяне значна бядней.

* * *

На гэтым тыдні двойчы прыйшлося цяжка пахвалявацца.

На паседжанні рады Саюза пісьменнікаў, калі Савіцкі, што любіць амаль на кожным сходзе даваць пад канец высакапафасны акорд, зачапіў і мяне,— што я, народны, нічога, маўляў, не раблю для справы адраджэння. «Я рабіў гэта яшчэ тады, калі ты працаваў у ЦК і не даваў мне гэтага рабіць». (Апладысменты, смех.) І хапіла б такога адказу, а я загарэўся, панёс і пра мітынг у падтрымку ўвядзення войскаў у Чэхаславакію, і пасылку ім Снечкусу стэнаграмы выступлення Пяткявічуса...

Ды тое пераняслося лягчэй. А вось учора, калі М. другі раз пазваніў, каб прадоўжыць сватанне ў «Народную газету», я выказаў прадуманае — і пра двухмоўнасць газеты, і пра выступленні Будзінаса і Якубовіча... Дастойна, доказна, аднак пасля пяці гадзін за машынкай, перад гэтай тэлефоннай гутаркай, яна не прайшла для нерваў лёгка, хоць і прагуляўся па парку, па сонечным марозіку адвячорка, і нават паспаў гадзіну пасля гэтага. Галава балела, як ніколі дагэтуль, і сэрца таксама.

Трэба ўсё-такі больш думаць пра галоўнае.

Учора ўсмак папрацаваў над падрыхтоўкай сёлетніх запісаў для публікацыі. Цяпер прадоўжу перадрук, як быццам скінуўшы з сэрца лішне цяжкае ў дарозе.

* * *

Паўза ў рабоце. Па Гогалю: «Иду я — идет работа...» А я не іду наперад, дык і не ведаю, што рабіць. Чытаю.

У «Немане» — успаміны бацькі Багдановіча. Гэта цікава, так расказаць пра час і пра сябе ў тым часе, гаварыць, што табе хочацца. Пакуль што ў яго пра маленства, сям’ю, свой род. І «як найбольш падрабязнасцей», як вучылі вялікія.

Прачытаў «Масееву кнігу» Сяднёва. Штосьці падобнае на маю «Пішу як жыву», нават і выдадзена шэранька-падобна, і ў тым самым Маладзечне набрана-надрукавана. Зроблена зусім па-свойму, спачатку гэта здавалася дзіўным, але цэльнасць уражання атрымалася, і чытаў з цікавасцю.

...Чытаю далей Адама Ягоравіча. Трохі як быццам і рыхлавата пайшло і зацягнута, але пайду да канца.

Сёе-тое з нядаўна падараванага: «Радаводнае дрэва» Генадзя Кісялёва, «Пакуль не завялі кветкі» Алеся Масарэнкі, «Ледніковыя валуны Беларусі», падараваную Радзімам Гарэцкім у Таргунах.

Добра было там, у роднай вёсцы Леанілы Усцінаўны**********, у школе, душа якое выхаванка Федзі Янкоўскага, Ганна Парфёнаўна Корсак. Там і сказаць можна: жыве Беларусь!

* * *

Неяк быў жыва, выразна падумаў пра тое, як гэта некаторыя адраджэнцы час ад часу зноў падкрэсліваюць, што ўдзельнікі Дзядоў у кастрычніку 88-га, разагнаныя міліцыяй, ад Усходніх могілак і ад Курапатаў вярталіся «ўжо не як насельніцтва, а як народ». Ці не залішне гэта саманадзейна, перабольшана?.. Ва ўсякім выпадку, ёсць жа нямала і такіх, што сынамі народа, народам адчувалі сябе і «трохі» раней...

У пэўнай сувязі з такім наіўным патрыятызмам згадаем і тое, як на прыёме нашых маладых літаратараў у Саюзе пісьменнікаў яшчэ СССР адзін з іх патрабаваў для свайго выступлення перакладчыка з беларускай мовы; як на беларускім вечары ў зале імя Чайкоўскага, наладжаным для маскоўскай дыяспары нашым пасольствам, маладыя энтузіясты абураліся, што гардэробшчыца гаворыць з імі не па-беларуску; як на паседжанні рады ТБМ, куды я зайшоў, адзін з членаў рады, работнік Акадэміі навук, пералічваючы беды беларусізацыі, сказаў, як ён чуў у «Кнігарні пісьменніка», што адзін з народных «гаварыў з суседкай па-расійску». Аказалася, што гэта быў я...

* * *

Дробязь: на вечары памяці Семяжона я гаварыў пра яго ў маладыя гады як пра элегантнага афіцэра, згадаўшы «тонкага дасціпніка» Вялюгіна, што «абцасікамі лясь, ручку цмок!» — так пра нашага Юзіка.

І не дробязь тое, як я з ім у дзень юбілею правёў усю раніцу — над зборнікам выбраных перакладаў і адзінаццатай кнігай «Пана Тадэвуша»...

Аляксей Дудараў у сваім выступленні са шчырай пашанай гаварыў, а пазней, дагнаўшы нас з Гілевічам на вуліцы, дадаў, што гэтая пашана — да старэйшых, «старарэжымных», як яны ўмелі і ўмеюць сябраваць, быць паслядоўнымі ў гэтым, «чаго не скажаш пра маладых».

Лявон Баршчэўскі вёў наш вечар, папярэдзіў яго добрым словам. Потым выступіў належна і Алесь Разанаў. А больш маладых не было і ў зале. Зрэшты, як і на іншых вечарах, нават тых папярэдніц, пра каго было столькі нагаворана ў найвышэйшых танах — Геніюш, Арсенневай...

* * *

«Героя навачаркаскай трагедыі праводзілі ў апошні шлях.

Растоў-на-Доне развітваўся з Мацвеем Шапашнікавым — чалавекам, які цаною свайго лёсу 32 гады таму назад выратаваў тысячы людзей.

2-га ліпеня 1962 года, калі рабочыя Навачаркаскага электравозабудаўнічага завода выразілі масавы пратэст супраць рэзкага павышэння цэнаў на асноўныя прадукты харчавання, генерал-лейтэнант Мацвей Кузьміч Шапашнікаў адмовіўся выканаць загад страляць у народ.

Герой Савецкага Саюза Мацвей Шапашнікаў, які атрымаў Залатую Зорку за фарсіраванне Дняпра ў 43-м, быў звольнены з арміі ў першы ж пенсійны дзень і нізрынуты ў поўнае палітычнае забыццё. Яго выключылі з партыі, яму забаранілі з чым-небудзь выступаць. Аднак зламаць яго не змаглі».

Гэта — паведамленне «ИТАР — ТАСС», надрукаванае ў «Известиях» за 29 чэрвеня г. г.— 21 радок у тры калонкі на другой старонцы, дзе «События и комментарии».

Нешта ў пачатку ліпеня, у Крынічным***********, у пазычанай у суседа для прагляду кіпе газет я заўважыў гэтую заметку, як належыцца. А потым і раз, і два, і больш прыходзіла думка, што такое толькі «прыняць да ведама» — мала. Знайшоў гэта ў бібліятэчнай падшыўцы ў Доме літаратара, выпісаў, а дома пераклаў і вось...

І вось нічога не хочацца дадаваць.

* * *

Пасля пахавання шаноўнай, мілай і гераічнай Ларысы Іосіфаўны Гарэцкай у мяне была гутарка з выпадковай суседкай у аўтобусе. Пра смерць, пакуты перад ёю. «Калі Бог, як вы кажаце, ёсць, дык як жа гэта жорстка з яго боку — так абыходзіцца з людзьмі! Няхай ужо старэйшыя — яны паспелі награшыць, а завошта ж так сурова, бязлітасна, несправядліва з дзецьмі?..»

А жанчына тая, незнаёмая, як пазней, на памінках даведаўся,— дачка «ворага народа», змалку пакутніца, цяпер веру ў Бога, адзінасуцяшальную, сумленна сумяшчае з навуковай працай.

* * *

Пімен прыемна здзівіў званком. Пагаварылі — от сабе, пра нашу беднасць, павіншаваліся з Новым годам. Слабы ён ужо зусім, і па гаворцы бачна...

А праз дзень пазваніў і Максім. Між іншым, пасмяяўся з «прэстыжных» Усходніх могілак, назваўшы тыя помнікі «прэзідыумам». «Справа натхняльнікі, злева апявальнікі. Не, я паеду дахаты!..» Гэта — пра родную Пількаўшчыну, дзе ён увосені быў, выступіўшы ў Мядзелі, потым наведаўшы родную хату, магілы бацькоў...

Калі ўжо і пра гэта думаць, дык мне ні загорскія, пры дзядах, бацьках, браце і пляменніках, ні маласельскія, пры Мішу,— не ўсміхаюцца. Аголенасць, запушчанасць, панылыя, няўтульныя... А што інакш? А можа, і не трэба пакуль што пра гэта? Валодзя Калеснік, калі мы з ім развітваліся, сказаў, што выглядаю я добра, што пажыву яшчэ доўга, а мне і няёмка было пры яго крайней зблажэласці ды нямогласці, і нібы зайздрасць у яго заўважалася, і нібы адчуванне ў мяне віны за тое, што застаюся, столькі ўжо блізкіх перажыўшы...

Сёння збяромся, камісія па ягонай творчай спадчыне, і будзем раіцца, з якім варыянтам звярнуцца да міністра культуры: збор твораў ў чатырох тамах ці добры трохтомнік выбранага літаратуразнаўства і, дадаткова, кнігу аўтабіяграфічнай прозы. І ў адным, і ў другім варыянце ёсць свае плюсы і мінусы, і цяжка прадбачыць, які з іх, варыянтаў, лепшы.

Праглядаў яго кнігі, прыкідваў. Нямала зроблена і добра, а што і выдатна, і бачыцца цяпер гэта ўжо як быццам выразней. Так думалася, калі перачытваў «Будзённы дзень з Максімам Танкам», а ў снежаньскім «Полымі», чытаючы артыкул пра Алеся Каско,— першае слова Валодзева пасмяротнае! — яшчэ раз убачыў ягоную глыбіню, шырыню і вобразнасць.

...Позна ўвечары ўчора пазваніў з бальніцы Вітка, упершыню назваўшы мяне Ваня. Як Траяпольскі калісьці, пасля майго слова пра Шырму, адзін толькі раз замест Івана Антонавіча. Ён ужо дзесяць дзён пад кропельніцай, але не званіў «у твой цяжкі час», на ўвазе маючы Валодзю...

* * *

Чачня?..

Як нізка гэта, неразумна, подла!..

Каб жа хоць не ўблыталі і нас, беларусаў, у гэта крывавае беспрасвецце!..

 

* Пачакай, хутка адпачнеш і ты таксама!

** Кніга жыцій і хаджэнняў.

*** Die Kleine — малое, der Mann — тут муж.

**** «Невядомы рускі салдат».

***** «Татава вяртанне».

****** Пра яго ў апавяданні «Над фотаздымкам».

******* «Советская Белоруссия». 1994. 10 cент.

******** Я называюся Мільён — бо за мільёны люблю і пакутую. Адам Міцкевіч. «Дзяды». Частка III. Імправізацыя.

********* Як жыхар «усходніх крэсаў».

********** Чарняўская Л. У. (1893—1976), пісьменніца, жонка Максіма Гарэцкага.

*********** Пасёлак над Нёманам на Наваградчыне, дзе лецішча Я. Брыля.

ДЗЕВЯНОСТА ПЯТЫ

Залачоныя, абтыканыя каштоўнасцямі шапкі высокага і найвышэйшага духавенства на закладцы першага каменя пад аднаўленне храма «имени Христа Спасителя». Якое мноства іх, гэтых шапак! А найбліжэй на тэлеэкране паказана тая, што на патрыярху. Зарагатаў, уявіўшы: а каб зайсці ў такой у трамвай ці ў аўтобус?

Многа новых папоў. Замаскаваліся бародамі ды клабукамі — не дабярэшся да простага чалавечага выгляду. «Православие, самодержавие и народность» — зноў?..

Прыгнятаць іх па-варварску, знішчаць, вядома ж, не трэба было, але ж і верх над сабою даць па-ранейшаму — таксама ці варта?

* * *

Перакладаю «Залатую ружу» Паўстоўскага. І ўспамінаецца тое, што мне ў лістападзе семдзесят дзевятага, у пражскім тэатры, гаварыў паўшэптам Сяргей Залыгін: «Ты эти свои сопли размазывай на своем лице, а нашему журналу они не нужны». Гэта — Твардоўскі Паўстоўскаму, бракуючы аповесць. Несправядліва, груба. Хоць і бачыцца месцамі, скажам так, жидковатость его обстоятельности.

Успомнілася, перакладаючы «заразную» любасць да лесу і веданне яго, як ветлівыя палякі-«паксаўцы» ў канцы семдзесят другога званілі мне, пыталіся, ці прыму я іхнюю літаратурную прэмію, і, як галоўны козыр падаўшы, сказалі, што ў іх яе прыняў пан Канстанты Паўстоўскі. Было прыемна згадзіцца.

...Зноў ад машынкі да сшытка, ад яго лясных паходаў з Гайдарам — да нашых з Валодзем Калеснікам гутарак каля рыбацкіх вогнішчаў, пра што я днямі, слухаючы, гледзячы па тэлевізары мотальскія «калядкі», да патаемных слёз шчасліва ўспамінаў і думаў, што пра такое трэба і яшчэ пісаць.

...Як і раней бывала разоў колькі, побач з тым, што расказаў Залыгін, успаміналася, як Алесь Адамовіч гаварыў мне калісьці, што для яго Паўстоўскі — такі пісьменнік, што «можа быць, а можа і не быць...».

* * *

Двухтомныя слоўнікі, беларуска-рускі і наадварот, пакінуў унукам. Нядаўна па тэлефоне далікатна спытаўся ў Волечкі, ці патрэбны яны ім, на што яна, васьмікласніца, пераканана адказала: «А як жа!» А самому перакладчыку нязручна без іх, асабліва калі ўваб’ешся ў кветкі ды ў зёлкі. Учора дастаў сабе выпадкова першы пасляваенны аднатомнік «Русско-белорусский словарь» з 1953-га, які калісьці мы — на бязрыб’і — радасна віталі, у тым ліку і я. Потым ён многа і справядліва крытыкаваўся, аднак... Я вось пра гэтае аднак, адхіліўшыся ад перакладу.

Робячы штосьці новае, вельмі патрэбнае, робячы яго (каб жа заўсёды!) лепш за папярэдняе, тое ранейшае, папярэдняе не кешкаць трэба з пагардай, а проста толькі адкласці, каб потым нават і вяртацца да яго, знаходзячы пэўную карысць. Бо не магло ж, як нам ні дрэнна было з гэтым у той час, столькі людзей займацца глупствам ці шкоднасцю, тым больш такіх людзей, як Колас, Крапіва, Глебка, Лобан, у патаемным, «сокровенном» усё-такі сапраўдных патрыётаў.

* * *

«Вы што робіце?.. Ага! А я што? Я раблю кнігі! » Можна і з клічнікам. Хопіць і аднаго.

Так падумалася, з адчуваннем усё ж такі годнасці, пазаўчора, на тэбээмаўскім вечары («Чаго вам хочацца, панове?»), дзе таксама трохі падпісваў кнігі, што асабліва прыемна — школьнікам старэйшых класаў, хлопцам і дзяўчатам. Выступленне зноў жа імправізаваў, маючы галоўную думку і два адпраўныя імені — Міцкевіч (пра нашу мову) і Талстой (Сяргей Львовіч пра бацьку: «Знал он и украинские и белорусские песни»). Здаецца, выйшла тое, што трэба.

Калі загаварыў пра школы, успомніў пра Янкоўскага і Калесніка, а таксама пра таргуноўскую школу. Потым да мяне падышла незнаёмая, і мы хораша пагаварылі пра яе настаўніка ў брэсцкім педінстытуце, Уладзіміра Андрэевіча. Няма ў нас, тубыльцаў, візітных картак,— вось і яшчэ адно безыменнае знаёмства, хоць яна і назвалася, чаго ў мітусні не запомніў...

Затое Ганна Парфёнаўна пазваніла з Таргуноў учора раней, чым я цяпер пішу, нешта ў восем з мінутамі. Глядзела вечар па тэлевізары.

* * *

Рэабілітацыя, кампенсацыя — усё гэта так, але ж і вам, паважаны за лагерныя пакуты і за шаноўны ўзрост старэйшы калега, таксама трэба падумаць, што не паэзія вінавата ў вашых пакутах,— завошта ж вы здзекуецеся з яе, нашай роднай паэзіі, бясконца друкуючы свае «пугі»?..

* * *

У апошнім нумары «Литгазеты» многа пра Чачню, як і ў іншых нумарах за студзень, але толькі адна масквічка з кіёска «Союзпечати», трэба думаць, немаладая і інтэлігентная, сказала аўтару нататкі: «Зря они так, если считают себя умными людьми. «Хаджи-Мурата» Толстого почитали бы, прежде чем вводить войска».

Думаў днямі пра гэтых «если умных» і так: спачатку не ўлічылі англійскага вопыту ў Афганістане, а потым царскага на Каўказе...

* * *

Уздрыгваю і плачу. Ад прастаты і яснасці? Яшчэ ад нечага другога?..

Не ўпершыню такое ў мяне, чытаючы талстоўскія «Акулу» і «Саскок» — цяпер у добрым Скрыгановым перакладзе, які не перашкаджае мне яшчэ раз адчуць арыгінал.

* * *

Дайшоў аж да юнацкай радасці — пераклаў і, здаецца, удала цудоўны верш Буніна «И цветы, и шмели, и трава, и колосья...». Па тэлефоне прачытаў Сёмуху спачатку арыгінал, а потым пераклад, і Васіль сказаў: «Ну вось, а вы прыбядняліся!» Пра тое, што я хацеў, каб у «Залатой ружы» вершамі заняўся нехта іншы.

* * *

Учора, прыйшоўшы са школы, Антось пазваніў мне, каб пагаварыць на роднай мове, якой ён старанна заняўся. Калі я адказаў на яго пытанне, што цяпер раблю, ён сказаў, што («честно говоря») болей любіць чытаць рускае ў арыгінале. Ды ўжо і ўкраінскае таксама, пакуль што толькі «Кабзар». І тут філосаф на трынаццатым годзе здзівіў мяне здаровым разуменнем справы. Добра перакладаць на нашу мову і рускую класіку трэба для будучыні, калі нашы школы падрыхтуюць нацыянальна свядомага чытача. Так і я думаў днямі, гартаючы хораша выдадзены том расійскай дзіцячай літаратуры ў старанных больш і менш удалых перакладах.

* * *

Быў нарэшце ўчора ў Максіма, у бальніцы. Дрэнна ён выглядае і адчуваецца. Тым болей што дома Люба ў яшчэ горшым стане...

А ўсё ж, калі я з ціхага, светлага калідора, праз двое ашклёных дзвярэй, заглянуў у палату — убачыў, што ён, у спартыўным касцюме, сядзіць наўпоперак на пасцелі і нешта піша ў агульным сшытку. Потым, з яго намёкаў, зразумеў,— новыя вершы збірае для «Полымя». «Апошнюю падборку»,— сказаў амаль зусім спакойна, па-свойму зноў жа ў вераснёўскі нумар, як неаднойчы бывала.

Вітка, які быў у Танка на тры дні раней, гаварыў мне, як яны з Максімам «добра пагаварылі пра галоўнае», пра што ніколі не было ўсё часу пагаварыць.

У нас з Максімам учора да гэтага не дайшло: такое не «арганізуеш» знарок, а да таго яшчэ вярнуўся з праходкі яго супалатнік.

А чым пацяшаць, апроч стандартнага «папраўляйцеся»?..

Пішу, а ў акно ідзе светлае, цёплае сонейка,— можна сказаць і так, і не здаецца гэта сентыментальнасцю,— і згадалася, як днямі сустрэўся ў Доме літаратара з Навумам Кіслікам і звярнуліся мы да падобнага аптымізму: кожны дзень — падарунак. Бо і ён, ужо неўзабаве сямідзесяцігадовы, у раннім юнацтве цяжка паранены, адзінокі, адчувае сябе, як гаворыцца, не найлепш.

* * *

...Як ішлі мы раннім-раненька берагам Шчары ў свае запаветна-рыбныя мясціны,— міма надрэчных дубоў у спрадвечным спакоі, міма слупочка чорнага бусла воддаль на росным лузе пад лесам, міма павалочыстага туманца, над рачною ціхасцю, дзе ў цёрпка-цёплай і непрыкметна-быстрай вадзе, як у беспамернай ванне, раскашаваліся ў кароткіх перапынках ад свае хітрае працы пашанотныя рабачаі-бабры.

З вамі ішлося ў тым шчасці — Валодзя і Федзя* — даўно ўжо, у сямідзесятым, і так неверагодна хораша.

* * *

На Алесевай магіле дзве экзальтаваныя панячкі, журналістка і скульптарка, пакінулі адкаркаваную бутэльку каньяку і чаркі.

На гадавінным вечары пра гэта абурана расказалі ўдовы абодвух братоў Адамовічаў.

І тады, і цяпер вось, пасля Валодзі і Федзі, успомніў і гэта, і магілу Ясеніна, недапітую бутэльку «чарніла» каля помніка і хамскае на пісульцы: «Сережа, тебе!..»

* * *

На сустрэчы з «першацветаўцамі», студэнтамі і вучнямі старэйшых класаў, раіў ім вывучаць замежныя мовы, каб пасля самім несці роднае слова іншым народам.

Бо чакаць, што нашу мову будуць вывучаць, каб знаёміцца з нашай літаратурай, цяжка...

* * *

Назе спатрэбілася гарызанталь з пад’ёмам, бо ўжо і цяжка было хадзіць, і абувацца, дый балела. І вось я, па настаянні жонкі і ўласнага одуму, залёг на тахце, як калісьці выратавальна бывала, нагу прыладзіўшы вышэй. Вось запішу гэта за сталом, як і папярэдняе, урыўкамі, і зноў лягу. Бо і лежачы, можна чытаць і запісваць у блакноце.

Словам, не пусціўшы пагалоску, што «нядуж» (гэта Купалава любіў з усмешкаю закаханасці цытаваць Валя Таўлай), а з прыемнасцю ўвайшоўшы, так скажу, у творчыя дні хваробы.

* * *

Пасля таго як першага прэзідэнта СССР, што ўзняўся быў над усёй імперыяй, я ўпершыню і наогул адзін раз не з тэлеэкрана пабачыў у нашай Акадэміі навук незадоўга да таго, як ён сышоў са сцэны, учора на сустрэчу з другім прэзідэнтам, які ўжо над імперыяй паменшанай, ішоў ледзь не з усмешкай: ці не першае і апошняе спатканне зноў?..

Чаго варты сказ у святочна-важным запрашальным білеце: «Просьба не мець пры сабе сумак, пакункаў і іншых рэчаў». Пакуль дайшоў да акадэміі з тралейбуснага прыпынку... тройчы папрасілі паказаць гэты білет у спалучэнні з пашпартам, а потым яшчэ раз пры ўваходзе ў вестыбюль, і пяты раз — у залу...

Сябру, які дагнаў мяне потым, пасля гістарычнай сустрэчы, на вуліцы і спытаўся: «Ну, як?», я адказаў: «Шоу прымітыўнае і трывожнае...»

* * *

Днямі — жудасная тэлекарціна «Его зарыли в шар земной»: пошукі салдацкіх чарапоў у балоцістай «даліне смерці» на Наўгародчыне.

Стары ўжо, заплаканы сын, бацька якога загінуў недзе тут, калі сам ён быў дзіцем. Страшнае недзе!..

Успомнілася, як у семдзесят трэцім годзе на Вэстэрплятэ, дзе пачалася наша марская дарога па Скандынавіі (савецка-польска-нямецкі рэйс міру), Сярожа Круцілін... ну, не скажаш «здзіўляўся», лепш — недаўмяваў, колькі гістарычна-патрыятычна-музейнага шыку на месцы няпоўных сямі дзён супраціўлення, з пятнаццаццю ахвярамі. І расказаў мне пра тую «даліну смерці», дзе на балоце спынілі меліярацыйныя работы з-за жахлівага мноства чалавечых касцей. З балота наступалі на немцаў, якія заселі ў надзейнай абароне на вышынях...

* * *

Бібліятэкарачка, якой туга жывецца, як маці-адзіночцы, неяк вельмі ж па-сучаснаму, па-выжывальнаму страшна сваёю тупасцю ці «практычнасцю» з бяды і ледзь не з адчаю, расказвала, што муж яе сяброўкі вярнуўся з Каўказа і расказваў пра нашу снайперку ў Чачні, што яна там... «вельмі добра зарабляе»...

Тут пераходжу думкай да такіх страшных... таксама ж людзей, розных грачовых, ельцыных і ім падобных, «явно и тайно образующе», якія таксама «добра зарабляюць»...

* * *

Сабралася ў мяне з падарункаў ажно чатыры польскія таміны пра нашы гдыньскія дні і ночы ў верасні трыццаць дзевятага года. Гартаючы адзін з тых тамоў, найпазнейшы па часу выдання, яшчэ раз спыніўся на тым, што там, на ўзбярэжжы, за дзевятнаццаць дзён яго абароны з пятнаццаці тысяч абаронцаў, улічваючы і апалчэнне, загінула больш як трэцяя частка. Як мне пашчасціла выжыць!.. Вось пішу, і ўспомніўся наш вясковы дэтэктарны прыёмнічак, з якога Коля, як ён мне потым расказваў, чуў і ўсім у хаце перадаваў, што «Westerplatte wciąż się bohatersko broni»**. І яны гэта звязвалі са мною. А пра Мішу хоць бы такога нечага не было.

Ці не зацерлася ў эпілогу да «Птушак і гнёздаў» тое, як наша маці выходзіла, цяжка кульгаючы, на гасцінец і выстойвала там, і пыталася — то ў польскіх салдатаў, палонных, якіх гналі на ўсход, то ў савецкіх, якія ішлі на захад:

— Хлопчыкі, ці не бачылі, ці не чулі вы пра маіх?..

* * *

Захацелася чамусьці перачытаць Сянкевічаў «Potop», які сяк-так памятаю са школьных гадоў.

Што ж, займальна, але не глыбока, абмежавана ў шляхецкім ды каталіцкім патрыятызме.

Кміціц нагадаў Дырлевангера, асабліва там, дзе ён, уварваўшыся ў нейтральную Прусію, распраўляецца з мірным насельніцтвам — з імем боскае маткі і караля на вуснах.

* * *

З прыемнасцю пазнаёміўся з Каратынскім у нашым акуратным (Федзева!) выданні, усё ж шкадуючы, што знаёмлюся не ў арыгінале. Ажно запісаць такое хочацца:

У карчме,— відаць жа, у нас, на Наваградчыне,— прыгожая маладая жыдовачка раскатвала на стале цеста на локшыну, а ён, барадач, любаваўся і ёю, і яе спраўнай работай, і падумаў тады пра свой намер пісаць пра родныя мясціны. Цытую:

«Калі я пачаў разважаць, што цеста пад качалкаю ўсё распаўзаецца, займаючы ўсё большую ды большую плошчу стала, але затое становіцца танчэйшае і яго маса не павялічваецца, мне здалося, што тое ж самае адбываецца і з многімі ідэямі, раскатанымі на некалькі кніг».

І вырашыў ён напісаць сваё не ў пяці кнігах, а карацей.

Можна дадаць: а мы, некаторыя з нас, усё-такі раскатваем сваё цеста, і намі не палюбуешся, як тою карчмароваю дачкой.

* * *

«Блажен муж да не идет на совет нечестивых». Здаецца, так у Давіда. А муж учора пайшоў, запрошаны тэлефонным званком, на сход ветэранаў пры нашым домакіраўніцтве. Сумная публіка, ды не выглядам płci obojga***, а запыленымі гарладзёрамі ў старым, яшчэ не зусім саржавелым бальшавіцкім узбраенні, якія з «вертыкальным» нахабствам агітуюць за прэзідэнта і яго рэферэндум... Толькі потым, дома, калі пазваніў А. Р., стала вядома, у якім «прэстыжным» кодле ветэранаў арміі ды партыі нам пашанцавала апынуцца: больш пяцісот пры адным домакіраўніцтве!

Ёсць ад чаго сапсавацца настрою, і ён у мяне быў паганы пасля вяртання...

* * *

Учора быў званок, зноў жа з нейкай «вертыкалі» — запрашэнне на чарговы «бамонд», які прэзідэнт наладжвае «цвету ветэранаў» Вялікай Айчыннай вайны, куды запрошаны і я. Адмовіўся з ходу і проста — тым, што мяне ўжо запрасілі на ўручэнне юбілейнага медаля ў іншым месцы. Сказаў нават, што «зашмат будзе медалёў». А на «бамондзе» тым, як падкрэсліваў у канцы запрашальнік, медалі будзе ўручаць Сам.

Успомнілася тэлехроніка пра ўручэнне ўзнагарод, дзе ён абдымаўся з узнагароджанымі, а яшчэ раней — ідыёцкая радасць «перамогі» на развітальным банкеце з дэпутатамі. Успомніўся і «совет нечестивых» пры домакіраўніцтве...

* * *

Няўжо хопіць аднаго няўдзелу ў подла-злачынным, што так агідна набірае сілы, няўжо мая актыўнасць у тым, каб належна рабіць тое, што па-сапраўднаму маё?.. Выключыўшы радыё, заснуў у пачатку дванаццатай ночы, а прачнуўся ў палавіне другой. І зноў да транзістара... Бізун і пернік — «спецназ» супраць галадаючых дэпутатаў апазіцыі і шампанскае для запалохана-згодніцкай большасці Вярхоўнага Савета — ва ўсёй цынічнасці. І сусветнае сведчанне нашай нацыянальнай нясталасці.

Што і як будзе?..

* * *

Цяжкія, горка тужлівыя абуджэнні — амаль кожны дзень. І паныласць зачастая. Адкуль брацца таму аптымізму?..

«Разам з вамі, дарагія сябры, я разважаю свой боль шчасліваю праўдай, што з намі застанецца ягонае слова і светлы вобраз...»

Так я пачаў сваё выступленне пра Пімена на паніхідзе, закончыўшы падзякай і спачуваннем ягонаму анёлу-ахоўніку — Зоі.

Ён званіў мне за пяць дзён да свайго адыходу, цяжка дыхаючы, абураўся на нашу галечу, прасіў пазваніць, як там будзе ў акадэміі, на двухдзённым сходзе.

А пакуль я там нудзіўся на дакладах і выступленнях, яго павезлі ў рэанімацыю...

Ад Піменавай труны дзяржаўнай, але чамусьці з крыжам, успомнілася і Алесева, яшчэ шыкоўнейшая, маскоўская. А найбольш сімвалічна, ці што, Анатолева,— танна-стандартная, халтурна збітая так, што малады, апоўдні п’яны, кажучы па-адэску, «гробокопатель», доўга марудзіўся з перакошаным векам, пакуль сяк-так прымацаваў яго непаслухмянымі цвікамі. Не б’ючы малатком, а таўкучы ім той цвік, за ручку трымаючыся каля самага жалеза. А потым небяспечнае віхлянне той труны на паясах, нібы таксама п’яных, калі яе — з мудра-дасціпным жыццялюбам Анатолем — апускалі ў стандартна неглыбокую яму...

Сумнае гэта відовішча — бязмежжа гарадскіх могілак з безліччу зноў жа стандартных пірамідак і крыжоў, якіх усё больш ды больш з кожным месяцам, калі мне меркаваць па сваім тут быванні, за год — трэці раз.

* * *

Літаратурны ўнук гаварыў учора па тэлевізары, што калі б ён нарадзіўся рускім пісьменнікам — яму не было б чаго рабіць, бо там «усе нішы занятыя». А ў беларускай літаратуры, маўляў, жанравых нішаў поўна.

Згадаўся ягоны дзед, універсальны графаман, які на сваім пяцідзесяцігоддзі гаварыў пра сваю шматжанравасць: «Што ж, кожнаму жанру хацелася дапамагчы...»

* * *

Па радыё сёння выступаў вялікі мінскі абласны начальнік, з высокай заклапочанасцю народным лёсам гаварыў і доўга, і нібы шчыра. А я тым часам успамінаў, як увосень дзевяноста другога, калі наш дом засяляўся, я, шукаючы сантэхніка, які не закончыў, пакінуў работу ў нас і пабег у суседні пад’езд, застаў яго там, у шыкоўнай кватэры, дзе ён ладзіў у ванным пакоі ўмывальнік «цюльпан». Толькі спытаўся, калі ж ён закончыць пачатае ў нас. А ён мне трохі пазней, на прастадушным падпітку, расказваў, як на яго крычаў той начальнік,— чаму ён упусціў мяне за парог, хоць я, спыніўшыся на лесвічнай пляцоўцы ў адчыненых дзвярах, парог той не пераступіў. Я яму, ведаеце, гавару, што вы ж пісацель, а ён мне кажа: «Ну і што?!»

«Ну і што» застаецца і надалей.

* * *

Сёння ажно адмахнуўся ад астрабрыдлага — па Караткевічу — самаедства:

«Я грэшны? Ты ж мяне, Божа, такім і зрабіў!..» А гэта — з «Хозяина и работника», што я заўважыў і перакладаючы гэтае апавяданне, на чым спыніўся яшчэ раз і чытаючы карэктуру. У Льва Мікалаевіча Мікіта думае так:

«Известно, грехи. Да что же, разве я сам их на себя напустил? Таким, видно, меня Бог сделал. Ну, и грехи! Куда денешься?»

Якая праўда, а так проста сказана. Калі не ўдумацца, дык, чытаючы, і пройдзеш міма.

* * *

Выпадкова сустрэўся на выдавецкай лесвіцы з Валодзем Васілевічам, і ён расказаў мне пра сваю радасць. Выняў з папкі тоўстую, на ўвесь захоп жменяй, карэктуру новай кнігі. Зноў родны фальклор, першы том трохтомніка. У акадэмічную серыю «Беларуская народная творчасць» не ўдалося падключыць — па ўсеагульнай нашай прычыне: грошай няма — ідзе трохтомнік у «Мастацкай літаратуры». Калі выйдзе — богведама, але ж ідзе! Гэтым свяціліся вочы харошага сына Лены Васілевіч, аднаго з нашых светлых рупліўцаў. А мне ўявілася — ужо дома — як ён будзе чытаць гэтую вялікую і нялёгкую карэктуру. Праца цяжкая дый радасная, як ворыва, як малацьба.

* * *

Ён мяне раздражняе, не раўнуючы, як N.,— не магу ні слухаць, ні бачыць. «Не раўнуючы» — таму, што ў выпадку з таленавітым паэтам, які губіць сябе хамскім п’янствам, зло непараўнана меншае... Учора, уключыўшы «Рэзананс», новую, прэзідэнцка-алілуйную праграму, убачыўшы «ўсенароднага», пачуўшы першыя фразы самазахаплення, з болем выключыў тэлевізар...

Дробязь як быццам тое, што я адмовіўся атрымліваць медаль ветэрана з ягоных рук, але і не дробязь, бо ў справах галоўных дробязей няма. Адчуў гэта з задавальненнем двойчы,— чуючы пра тое «августейшее» ўручэнне па «Свабодзе», а потым чытаючы ў «Звяздзе».

Дарэчы, «Звяздзе» ён таксама не даруе, мяркуючы па тым, як у «свой чысты чацвер» іранізаваў над галоўным рэдактарам, з намёкам пра «нацыяналізм»...

Тады яшчэ «ЛіМ» застанецца, а потым ужо беларускімі,— няхай сабе і з прынцыповымі агаворкамі,— застануцца «Ніва» ў Польшчы, «Наша ніва» ў Літве, «Беларус» у Амерыцы... Бо і яго выкурыць прэзідэнт з Мінска. Найцяжэй яму будзе, відаць, са «Свабодай», якую апошнім часам і я чытаю ўсю, ужо значна менш звяртаючы ўвагу на некаторую правінцыйную грубаватасць, часамі ледзь не да гы-гы-гы.

* * *

Няўжо так звычайна, празаічна і памрэш, без нейкага вышэйшага заключнага акорда?..

Я — нейкі я — сяджу адзін у ціхай, светлай кватэры і друкую на машынцы, лезу ў шуфлядку стала па хустачку і — неяк дзіўна, збоку гляджу на чалавека — старога і самотнага ў сонечным святле з-за вокнаў...

* * *

І смех, і бяда ў тым, што пэўнае пакаленне новых, маладых, так сказаць творцаў — а мне іх даводзілася сустракаць і праводзіць у прозу цвярозай рэчаіснасці ўжо некалькі,— лічыць, што ўсё былое, нядаўняе — лухта і марнота, а вось яны прыйшлі — не проста прыйшлі як яшчэ адна змена, а прыйшлі назаўсёды! Такуюць, перабіваючыся ўзаемна, пакуль іх ззаду не падціснуць новым і такім самым па сутнасці такаваннем яшчэ адны прэтэндэнты на беспамылковую вечнасць.

* * *

Стары, энергічны, вясёлы доктар пра здароўе пытаўся так:

«Праздник обеда есть? Струя есть?..»

Было яшчэ штосьці сакраментальна трэцяе, не памятаю яго. Ды мяне, зрэшты, цікавіць тут толькі «струя». Малады, жарабцоўскі струмень смярдзючай мачы, якую сыны аднаго з нашых пазменна цурболілі на лесвічнай пляцоўцы ў той, парваны імі нумар часопіса, у якім нехта пакрытыкаваў іх вялікага тату...

* * *

Былыя камсамольскія важакі самасільна кінуліся ў набожнасць.

Аднаго з іх, добра знаёмага, нядаўна паслухаў па радыё,— як ён, аказваецца, Біблію чытае «штодня і з аловачкам».

А другі, незнаёмы, але не менш энергічны, ні больш ні менш, а «изучил всю подноготную православной религии»...

* * *

Столькі цяпер гаворыцца пра карані. Само сабой было раней у Еўтушэнкі, які, зрэшты, раскараніўся і на Беларусі, і на Украіне. Потым пра гэта гаварыла з нашай сцэны гастралёрка Талкунова, пасля палітык Старавойтава.

А днямі — дзеля вялікай палітыкі — пра «беларускія карані» загаварыла нарэшце праз тры дзесяцігоддзі яраслаўскай рускасці Церашкова. А генерал Клімук, які ў космас лятаў з кнігай Коласа, пра карані свае чырыкае ў Мінску па-руску.

Слухаў іх у Таварыстве дружбы з заграніцай.

* * *

Таварыства дружбы прымала групу ветэранаў з шыкам і падарункамі, зноў жа нямецкага паходжання. Ужо і не саромеемся браць. Хоць і ўспомнілася тая старая жанчына, што плакала па тэлевізары:

«Каб не беднасць такая, дык я б ім кінула гэтыя трыста дойчмарак назад!..»

Пакаяльную кампенсацыю за два гады няволі колішняй маладое дзяўчыны, вывезенай «на работы».

* * *

Данута пераглядала выпадкова знойдзены ў іхнім капітальна-рамонтным безладзе нумар «Работніцы і сялянкі» за 1991 год і знайшла там прыемнае мне.

У нарысе Раі Баравіковай пра салігорскіх настаўнікаў пішацца так:

«...І Валянціна Аркадзьеўна ўжо запрашае да чаю, а Міхаіл Паўлавіч пачынае расказваць пра сябе. Сярод яго радні таксама ёсць настаўнікі, было каму запаліць агеньчык у душы, але і было яшчэ адно. Бацькі жывуць на Гродзеншчыне, у Карэліцкім раёне, яны калгаснікі, простыя сяляне, усё жыццё пры зямлі. Але калісьці бацька, Павел Анісімавіч, вучыўся ў польскай школе ў мястэчку Турэц разам з Янкам Брылём. Гэтае асабістае з будучым вядомым пісьменнікам ён пранёс праз усё жыццё і, як мог, па-сялянску перадаваў дзецям пачуццё асаблівай павагі і любові да мастацкага слова, да літаратуры. Выпадковасцей у жыцці не бывае, і калі прыйшоў час выбіраць дарогу, Міхаіл Паўлавіч выбраў філалогію».

Цытую па часопісе, аднак тады яшчэ, калі ўнучка-настаўніца прачытала мне гэта па тэлефоне, першае, што я ўспомніў,— вясну сорак другога, калі Паўла Ястраба, разам з іншымі з іхніх Лыкавіч, сілай бралі ў паліцыю, ён адмовіўся, з яго здзекаваліся, білі, у халодніцы трымалі, а ўсё ж не згадзіўся.

З Лыкавічаў са мною вучыліся: ён, Ястраб, высокі, бялявы ды ціхманы хлопец, да якога на фотаздымку ў часопісе добра падобны сын, дырэктар школы; другі — Косця Рап’ёвец (паблізу вёска Рап’ёва), якога я, Лычыка па мянушцы, апісаў у «Сірочым хлебе» як Янку Цівунка; трэці — Коля Драб, Пухця за паўнашчокасць, найменш цікавы з гэтай тройкі. Усе яны старэйшыя за мяне, Павел і Коля гадоў на некалькі (пасляваенныя перастаркі), а Косця толькі на год. Помніцца, як ён у сёмым класе быў абагнаў мяне, распуснага «першага вучня», бо вучыўся старанней, паводзіў сябе сціплей, і мне было непрыемна. Потым ён быў, відаць, звязаны з рэвалюцыйным падполлем, бо з войску, у форме і з карабінам, уцёк у «Саветы», а што з ім здарылася там (1937 ды 1938 гады!), я або чуў і забыўся, або, хутчэй, і нічога не чуў. Пухця быў у паліцыі і «па волі лёсу», як пішацца сёння і гаворыцца, «апынуўся на захадзе». А Павел, аказваецца, у дзевяноста першым яшчэ жыў; можа, і сёння яшчэ жывы,— трэба будзе распытаць.

* * *

Ваграм Калайджан, як сказаў мне нядаўна Сяргей Чубакоў, які родам з тых мясцін, усё-такі афіцэр унутраных войскаў. І гэта пра яго «дзейнасць» на Асвейшчыне гаворыць па-свойму. Партызаны не хацелі выконваць яго шалёны загад, дык выканалі «ўласаўцы», што нядаўна перайшлі да партызан і павінны былі давесці сваю адданасць.

* * *

Танк, якому я пазваніў, каб перадаць прывітанне ад Галі Гарэцкай, яшчэ раз падзякаваць ад яе за дапамогу двойчы — з выданнем «Віленскіх камунараў» і з палепшаннем іхніх, Галі з маткай, жахлівых кватэрных умоваў. Яму, вядома, было прыемна. Сказаў:

— Добрае ўспамінаюць радзей, чым штосьці іншае, за што больш лаюць, не надта разбіраючыся, вінаваты ты ці не...

І другое сказаў Максім, — пра тое, як цяпер думаецца, што зашмат было жыцця растрачана на пустое, замест таго каб паэту рабіць сваё асноўнае, галоўнае.

І я падобнае днямі адчуў, заглянуўшы ў маю бібліяграфію ў слоўніку «Беларускія пісьменнікі»,— колькі рабілася не свайго, па службе!..

* * *

У апошняй «Свабодзе» нататачка пра тое, што, калі «нашы» войскі вярталіся з юбілейнага парада, пад нейкую тэхніку — танк ці нешта іншае — кінуўся стары чалавек.

Гэта магло б і пачаткам быць для твора пра нашы дні...

Сорам перад людзьмі, якія прыехалі на кангрэс беларусістаў з блізу дваццаці краін, да Японіі ўключна, каб пагаварыць пра нашу мову, культуру, гісторыю, сорамна за тое, што пра нас пішуць у замежных газетах...

Цяжка на сэрцы і дома, і ў людзях.

Ахвотнікаў памерці пад бел-чырвона-белым, які вульгарна паганяць, пакуль што не відно... Смеласць, вера, упэўненасць — у выступленні на кангрэсе Радзіма Гарэцкага, і не толькі яго (Рагойша, які вёў адкрыццё); самаадстаўка і інтэрв’ю па «Свабодзе» Бураўкіна...

Можа, паразумнеем, задумаемся, памацнеем?.. У сэнсе нашай нацыянальнай маласвядомасці, дробязнай раз’яднанасці, наіўнасці і сектанцтве...

* * *

На кангрэсе, на «круглым стале» па беларуска-польскіх літаратурных сувязях, якія апошнім часам так ганебна перарваліся, выступіў у дыскусіі, гаварыў пра «лодзінскі перыяд» — актыўнае супрацоўніцтва нашай «Мастацкай літаратуры» з «Wydawnictwem Łódzkim»,— як пра красамоўны прыклад, што і ў часы, якія мы агульна бэсцім з абодвух бакоў, можна было рабіць патрэбнае. Што і рабілася, як цяпер бачыцца з чвэртвечнай дыстанцыі, добра і светла.

На тым «круглым стале», між іншым, добра згадваўся Танк як і дзіцячы паэт. І я туды трохі дадаў і прапанаваў ад нашай беларуска-польскай грамады перадаць яму прывітанне. Даручылі гэта Алесю Барскаму,— каб ад гасцей. Але ўчора, калі я ўсё-такі дазваніўся Максіму, зрабіць гэта прыйшлося мне, бо Барскі, як аказалася, «не званіў» яму, што азначае — не дазваніўся.

Як і Найдан Вылчаў, які перад ад’ездам пазваніў мне ад Гілевіча, папрасіў перадаць Максіму прывітанне, бо і ён, наш шчыры балгарскі друг, ціхі, міла ўсмешлівы Найдан, не змог, як і я, за два дні дазваніцца...

* * *

«Душам умерших нужны воспоминания». Мікалай Канстанцінавіч Рэрых напісаў гэта, маючы трыццаць шэсць гадоў жыцця, пасля смерці свайго настаўніка — Куінджы.

І падумаў я, ужо ўдвая старэйшы, пра Улашчыка і Калесніка. Напісаць пра першага абяцаў Аляксею Каўку, але ніяк усё не знаходжу пачатку. А пра Валодзю думаў і думаю, на ўвазе маючы нашу перапіску, дзве папкі якое ўзяў сюды, у вёску.

Рэрыхава, пра ўспаміны, просіцца на эпіграф.

* * *

Вось што хочацца выпісаць-перакласці з «Wiadomości kulturalnych» за 5 сакавіка г. г., з запісаў дыпламата і публіцыста Аляксандра Малахоўскага, які, дарэчы, у лютым быў у Мінску, госцем нашай Грамады.

«На маіх сустрэчах часта задаю слухачам такую ці то загадку, ці то пытанне: што гэта такое — твор, напісаны пісьменнікам, які паходзіць з паланізаванай сям’і па крыві беларуска-жыдоўскай, а пачынаецца словамі (тут ужо лепш у арыгінале): «Litwo, ojczyzno moja!..»

Пра кроў жыдоўскую апошнімі гадамі ў палякаў чыталася, а вось пра спалучэнне яе з беларускай — дагэтуль не спатыкаў.

* * *

На паседжанні рады Саюза пісьменнікаў, паколькі прынялі ў Саюз адразу двух піцерцаў, Валянціна Грыцкевіча і Анатоля Кірвеля, жартавалася так, што можна ўжо там, у «горадзе над Нявой», адкрываць не проста аддзяленне нашага Саюза, але зноў суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца»,— каб зноў закручваць справу сваю ад пачатку.

* * *

Рэрыха думаў чытаць усё падрад, але пацягнула на выбарачнае чытанне, дзе менш — як гэта ні дзіўна для яго, для гэтай выдатнай сям’і — рускага звышпатрыятызму. З Гімалаяў расчульвацца тым, што рускія, маўляў, ніколі не былі шавіністамі... Такога нельга дараваць і Рэрыху. Або і такога таксама — у вялікія сыны Расіі амаль з аднолькавым пафасам уключаць і Талстога, і Суворава?..

Тэарэтычнае абгрунтоўванне агульналюдскай, сусветнай патрэбы, неабходнасці міру, чалавечнасці, свабоды часта ў яго кнізе «Зажигайте сердца» зануджвае публіцыстычна-абстрактнай публіцыстычнасцю.

Яшчэ раз пераконваюся, што так яно было, ёсць і будзе — абсалютна бездакорных людзей не бывае.

* * *

У Міры, на «замкавым свяце», калі адшумелі прамовы наверсе і тосты ў адрэстаўраваным падзямеллі, калі схлынула спёка і ў розных месцах навокал замка забушавалі танцы, пастаяў каля дашчанай сцэны, на якой грымеў спевамі і музыкай чарговы самадзейны ансамбль, а ніжэй — на вытаптанай траве, дзе ўжо і пыл завёўся,— моладзь танцавала.

Асабліва хораша лютавала адна, крыху дзябёлаватая, бялявая, босая красуня ў міні-спадніцы,— то сола, то ў пары з агністым чарнявым дзецюком, хораша задрапіраваным у палотнішча бел-чырвона-белага сцяга.

* * *

Ранак быў учора, як і ўвесь дзень пасля, прыемна і здорава прахалодны, часамі зусім на грані дажджу.

Да снедання, на праходцы каля гасцініцы не вытрымаў — спытаўся ў дзвюх жанчын, якія ішлі з букетамі півоняў у бок белай царквы на ўзгорку, што ж гэта за свята сёння, апроч нядзелі? Бо мы з сябрам ледзь не паспрачаліся, што гэта сёмуха. Але адна з жанчын здзівілася бяззуба-весела: «Як якое? А шасцьсот гадоў Карэлічам!»

І нечакана спыталася, ці ж гэта я, і здзівіла расказам, што яна — выпускніца Валеўскай школы з лета пяцьдзесят восьмага, калі я з сям’ёю летаваў у свіцязанскім лясніцтве і сустракаўся з імі, найстарэйшымі школьнікамі.

«Памятаеце, вы ж нас, дзяўчат, пыталіся, ці ёсць у нас па хлопцу, з кім сябруем?..»

Падзівіліся разам, як даўно гэта было. І не спытаўся, як жа яна так апрасцілася, да бабскай бяззубасці, дзе жыве і што робіць.

На леташнім свяце пяцідзесяцігоддзя вызвалення нашага раёна з-пад акупацыі мы з сябрам не бачылі аніводнага бел-чырвона-белага сцяга, а тут — і на адкрыцці памятнага знака, і на мітынгу на плошчы перад домам райвыканкома,— яны былі. Яшчэ, здаецца, больш, чым учора ў Міры.

Адзін юнак, калі адкрывалі ды асвячалі знак-валун, стаў са сцягам за мною, і прыемна падумалася, ці не ведае ён мяне, ці не спецыяльна так зрабіў.

Выступаючы, я гаварыў пра наш цудоўны куток Беларусі, пра Стотысячную Грамаду, як мой першы ўспамін пра змаганне за родную мову, і пра тое, як мы, вясковая моладзь, змагаліся за гэта потым, у трыццатых, спектаклямі, кнігамі, песнямі, і пра партызанскія дні, калі наш падпольны друк быў на роднай мове. Пажадаў настаўнікам і дзецям родных мясцін поспехаў у родным слове, «каб жыла і квітнела наша мілая Беларусь!».

Глядзелі ў парку выстаўку народнай творчасці. Аплікацыі, рознакаляровыя, узорыстыя дзяругі-перабіранкі, разьбу па дрэву, жывапіс ды малюнкі. Цікава ўсё гэта, аднак зашмат яго на адзін раз ды мімаходзь аглядаючы.

Там разануў па душы з эстрады ў засені высокіх дрэў бойкі голас вядучага выступленне мастацкай самадзейнасці:

«А цяпер будзе выканана песня, як выдаць замуж гарбатую дачку!»

Фальклорнае жорсткае хамства, калі падумаць, што і ў гэтым шматлюддзі на паркавых схілах і ў даліне можа быць хоць адна такая няшчасная або хтосьці з родных такое...

* * *

Летась, на святкаванні вызвалення раёна, наваградскі партызан, яўрэй Гарэлік, расказваў мне пра сваю дружбу з Гаўрыілам Шутэнкам, пра тое, як гэты пакутнік і пры сваёй слепаце займаецца майстраваннем. Сказаў нават, што ён што-небудзь са зробленага прышле мне. Думалася потым: ну, пагаварылася. А ўчора мне ў Карэлічах перадалі пакуначак. Там разгарачка-калодачка і ўбітая ў яе малюсенькая сякера. А на паперыне, пяць на пяць сантыметраў, на адным баку паэтаў адрас, а на другім малюнак: сякера ў калодцы, паміж двума чатырохрадкоўямі:

 

Топорики, топорики,

Помощники мои,

Вас мастерю во дворике,

Где я да воробьи.

Сверкнул топорик лезвием,

Вонзился в твердый сук.

С моею новой песнею

Прими на память, друг.

 

Так вось у навобмацнай вечнай цемры былога франтавіка-разведчыка.

А вераб’ёў мне захацелася падкрэсліць.

* * *

Ружы на шырокім кусце не толькі дружна расцвілі, але яшчэ і хораша памыліся пад спорным дажджом. Якое свежае, перадвячэрняе свята!

* * *

А ці будзе каму расказаць пра свет, з якога ты прыйдзеш у другі, які ён — сённяшні наш — прыгожы?..

* * *

Волечка прывезла сюды «Кароткую гісторыю Беларусі» Ластоўскага і «Историю культуры древней Греции и Рима». Пра першую прызналася, нядаўняя васьмікласніца, што цяжка чытаецца. І не скажаш што-небудзь у апраўданне, бо мы і сапраўды апошнім часам навалілі на вучнёўскія галовы сваё беларускае разнамоўе, з якім і сталаму, вопытнаму бывае нялёгка спраўляцца. Другую кнігу яна пачала чытаць выбарачна і вось пазычыла дзеду, які разныўся ад беспрацоўя. Таксама не надта лёгка чытаецца ў пана Казімежа Куманецкага, хоць пераклад і культурны, і мяне часам цягне да выбарачнасці, аднак — трымаюся.

Пачынаючы, успомніў Валодзю Калесніка, які любіў і ведаў антычнае, узяўшы старт у наваградскай польскай гімназіі. А таксама і Мішу ўспомніў, які зачытваўся Гамерам у перакладзе Жукоўскага яшчэ школьнікам. З чым я сябе не магу павіншаваць, і дагэтуль яшчэ абедзве паэмы цалкам не прачытаў, яшчэ ўсё збіраюся...

Стагоддзі, тысячагоддзі — ажно сцішната цікавасці і захаплення. Ведаю ж гэта і я,— скажам, па Прусавым «Фараоне», па Манавым «Іосіфе і яго братах». Грэцыя — менш, Рым таксама. «Quo vadis?» разоў два калісьці пачынаў і спыняўся на палавіне, заглянуўшы ў канец. А трэба ж, трэба ведаць багацце мінулага, і адтуль, з тых бяздонных глыбіняў часу, беручы вымярэнне напрамку.

Думалася над Грэцыяй пра рэлігію — пакуль дайшло да хрысціянства, колькі было ў чалавецтва пошукаў, і як тут важна галоўнае — маральны, этычны бок, тое, што называецца чалавечнасцю, інтэрнацыяналізмам. Узняцца над усімі веравызнаннямі на ўсю зямную шырыню, ад міфаў перайсці на глыбіню асноўнага для ўсіх.

«...Пабойваючыся паўстанцаў паняволенага насельніцтва заваяваных абласцей, якое стала ілотамі, спартняты кожны год аб’яўлялі крыптыі — тайныя начныя забойствы ілотаў, каб унушыць ім страх і пакору».

Во як дзейнічалі тыя старадаўнія «ібэрмэншы».

...На ўкладцы — «Невеста Пейрифоя», фрагмент западного фронтона храма Зевса в Олимпии».

Прагная і ўладная рука мужчыны на левай дзявочай грудзіне, і выраз твару дзяўчыны,— і балючая асуджанасць, і сумная пакорнасць, і прадчуванне шчасця кахання і мацярынства, што бачыцца ў яе строга прыгожым твары. Ён найлепш і захаваўся ад разбуральнага ўздзеяння безлічы стагоддзяў.

А над геніяльна красамоўным выразам твару гэтай нявесты я задумваюся, вядома ж, не першы і не апошні, некалькі разоў вяртаючыся да гэтай ілюстрацыі.

...Прыходзілі і школьныя ўспаміны — урокі старажытнай гісторыі. І тое, што ў раннім вясковым юнацтве чыталася ў Талстога,— кніжыцы «Посредника», «Путь жизни», «Круг чтения»,— адкуль помняцца Эпіктэт, Сенека, Марк Аўрэлій і іншыя з іх вечнай мудрасцю.

* * *

Тры дні па сорак пяць мінут Уладзімір Багамолаў талкова і шчыра гаварыў па маскоўскім радыё пра дурное і варожае аплёўванне ветэранаў антыфашысцкай вайны.

І тады мне, між іншым, успомніўся запіс з акупацыйных дзён, які не захаваўся. Пра тое, якімі нас лічылі недачалавекамі: у лістоўках з заклікам выдаваць «бандытаў» — з абяцаннем узнагароды тытунём і гарэлкай. А ў Міры за акуратную здачу пастаўкі — чарка гарэлкі са спіртзаводскай бочкі... Калі я выказаў абурэнне гэтым у гутарцы з суседам, ён, падумаўшы, так падтрымаў мяне: «Дзяйствіцяльна, што ж ты выпіць даеш, а закусіць чаму не даеш?» Такі зварот — да немца.

* * *

У ціхім, светлым ранні па верхавінах прыдарожных бяроз раптам прайшоўся ветрык — нібыта пальцамі перабіраючы па валасах кагосьці любімага.

* * *

У кожнага свой капрыз, ці як тут сказаць... Вось не люблю чытаць апавяданняў, тым больш урыўкаў у газетах, чытаю іх толькі зрэдку, тых аўтараў, з кім больш лічуся.

Апынуўся на сёння зусім без чытва, успомніў, што ў адным з апошніх нумароў «Звязды» прайшоў міма даволі вялікага апавядання, таксама і ў апошнім «ЛіМе». Прачытаў свежым ранкам, і лепей стала на душы ад добрага слова, ажно запісаць захацелася прозвішчы і назвы:

Мікола Сянкевіч, «Страшна заставацца...». Не ведаю, хто гэта, а вобразы маладой прадаўшчыцы сельмага і старой, самотнай настаўніцы бачацца жывымі, а сам аўтар — чалавекам з душой і думкай. Каб гэта не тут, дык пазваніў бы ў «Звязду», спытаўся б, хто гэта, ад каго можна спадзявацца далейшай таленавітасці.

Юры Станкевіч, «Гульня бронзавак у святле поўні». Здаецца, аўтар — член нашага Саюза і я сёе-тое ў яго чытаў. Сур’ёзная, спелая гаворка зноў жа пра долю сучаснай жанчыны, маладзейшай за папярэднюю, але, здаецца, яшчэ больш бяздольнай ад ліхалецця. Хоць тут і параўноўваць як быццам і грэшна, бяздушна.

Калі першага з гэтых таварышаў хочацца запомніць, дык да другога варта і трэба пільней прыгледзецца.

* * *

 

Jak wól, ryknąl na ambonie:

Bogobojna trzódko moja, bądź spokojna,—

Co ma wisieć, nie utonie!..****

 

Такое помніцца ў Славацкага. Узнікла яно ў памяці, калі чытаў у майскім «Полымі» пра касцюшкаўскае паўстанне, як у Вільні: «За супрацоўніцтва з царызмам тут, пад шыльдай «Чаму вісець — тое не патоне», урачыста павесілі гетмана княства Шымана Касакоўскага, а потым і маршалка віленскай канфедэрацыі І. Швыйкоўскага».

Так сказаць — два гумары.

У Славацкага, строга вялікага, якога са школы найлепш памятаю па «Ojcu zadzumionych» і «Balladynie», вол на касцельным амбоне ўспрымаўся як вельмі проста блізкае, вясковае. Зрэшты, і з «Balladyny» такім жа ладам прыняліся радкі:

 

Pracuj, jak koń pogański, pracuj całe lato,

A zimą śpij u chtopa za brudnym przypieckiem

Między garnkami, babą szczerbatą, i dzieckiem!*****

 

А ў віленскага касцюшкаўскага палкоўніка Ясінскага — смех зусім іншы, да сцішнай незвычайнасці.

На скульптуру «krwawego Felusia» Дзяржынскага, у наш час узнятага над Варшавай, а потым нізрынутага на асфальт, задаволеныя патрыёты мачыліся, хто колькі мог, не ведаю, з якім фальклорным падмацаваннем.

* * *

Збожжа — у засеку, збажына — у полі. Так гэта мне ўбачылася днямі.

* * *

Улетку пяцьдзесят чацвёртага я наведаў Валодзю Калесніка ў Бабруйску і, пакуль нам выбрацца на Беразіну («Званочкі» ў цыкле «Пад гоман вогнішча»), сядзеў на выпускных экзаменах у ягоным настаўніцкім інстытуце, дзень ці нават два.

Прыгожанька-чарнявенькая выдатніца, яўрэечка, здзівіла ды збянтэжыла строгіх педагогіцаў сваёй — ніколі не бывалай — непадрыхтаванасцю...

І тут, як разрадка, прагучала Валодзева:

— Пабойцеся Бога, жанчыны мілыя, яна ж учора выйшла замуж!..

Сказалася гэта, калі тая, да слёз расхваляваная маладзічка, выйшла.

* * *

Двойчы такое адчулася ці падумалася:

Першы раз — пасля страшэннага ветру пад вечар, калі затым хлынула навальніца, а тады настала цішыня. А другі раз — сёння, пасля начнога шчодрага дажджу:

Цішыня як быццам сарамліва-нявінная ды ласкавая, на шчасце жыць.

Можа, і паўтараюся, аднак жа і такое ўсё паўтараецца бясконца,— тры агародныя сонейкі рамонку, большыя за палявыя ды лугавыя, выстаялі начны дождж і хораша стаяць сабе ў мілаце ранне-ранішняй цішыні.

* * *

Юрка Віцьбіч, «Плыве з-пад Святое гары Нёман». Добра, сур’ёзна, а потым і праступае сям-там эмігранцкі звышпатрыятызм. У акупацыю, апынуўшыся ў разбураным немцамі Віцебску, ён прысеў на ганку «спаленай бальшавікамі хаты»; далей — «наступ расейска-мангольскай арды» ў 1920 годзе, як, дарэчы, пісалі і пілсудчыкі; пасля «забіты бальшавікамі Пэн», «закатаваны ў 1941 годзе наш выдатны Змітрок Бядуля»...

Але ж, аддаючы належнае Коласу, ён узняўся да такога:

«Дарэчы, а можа, хто-небудзь з нашых праведнікаў прыгадае, што Якуб Колас двойчы сталінскі лаўрэат? Пэўне ж яны не маюць аніякіх грахоў, калі кідаюць камяні ў нашага народнага паэту».

«Праведнікаў» падкрэсліў я.

* * *

Гамерава сіла і вобразнасць слова, якія даходзяць радасна з такое далечы гадоў:

«Длиннотенные копья». «Мясо божественной солью посыпав». «Гнев душевредный». «Прекрасноланитная дева». «Черноводный ручей»...

* * *

З нашым чым болей, то ўсё горшым радыё і тэлебачаннем, слухаючы навіны, з сумнай прыкрасцю ўваходжу ў атмасферу брэжнеўскіх дзён. Калісьці той «другі Ільіч», а сёння першы Рыгоравіч падаюцца таксама шчодра, нягегла вар’іруючы імя ды па бацьку, каб трохі лягчэй глыталася...

* * *

Тыдзень у польскай прэсе. Асабліва змястоўная «Polityka», калісьці, помніцца, сухаватая ў польскім варыянце марксізму.

Свабода самакрытычнасці: «...My sami nabzdyczeni i skłóceni...»******

Па-свойму праявілася гэтая «набздычанасць» у запавеце Пілсудскага за тыдзень да смерці. Сэрца пахаваць у Вільні, «дзе ляжаць мае жаўнеры, што ў красавіку 1919 года мне, як правадыру, Вільню падарункам кінулі пад ногі». Усіх, хто любіў яго, «заклінаю даставіць астанкі маёй маці з Сугінтаў Вілкамірскага павета ў Вільню і (тут зноў варта падкрэсліць) пахаваць матку найвялікшага рыцара Польшчы нада мною. Няхай гордае сэрца ў нагах гордай маткі спачывае».

* * *

Радыёперадача пра аб’яднанне маладзечанскіх украінцаў «Краяны».

Нечакана чыёсьці добрае слова пра Генадзя Каханоўскага. І так небывала хораша ўбачылася высакародная, шчырая ўсмешка гэтага слаўнага хлопца, выдатнага работніка адраджэння.

Як быццам толькі так, здалёк, можна адчуць нашу страту, чаго па-сапраўднаму не адчулася (мною), калі ён адышоў.

* * *

Паліцаі ішлі па загорскай вуліцы, і адзін з іх, цяльпук з суседняй вёскі, накіраваўся ў наш двор. Віліта, што была якраз у нас, толькі што мама пакарміла яе, шыбанула на печ, пад плёнкі цыбулі, яшчэ і накрыўшыся чымсьці. А было ёй тады, як маёй маладзейшай, сорак сем, і абодва сыны ў партызанах.

Калі той вялы «бобік», прысеўшы на лаве, спытаўся ў мяне, нібы між іншым: «Ну, дзе ж цяпер твае пляменнікі?», я, для адводу, вылаяўся, у тым сэнсе, што а чорт іх ведае. Вылаяўся пры маме — упершыню ў жыцці, на сваім дваццаць сёмым годзе. Было вельмі прыкра, ледзь не таксама, як боязна за сястру, і прыкра помніцца дагэтуль...

Днямі ўспомніў гэта, калі гаварылі з Нінай, якія абазнаныя ў гэтым нашы ўнукі — не з дому, а са школы ды з вуліцы,— а як строга выхоўвалі нас. Пасучы каровы, я вылаяўся на адну з іх, адганяючы ад аўса за драцінай, і тут убачыў воддаль нашу Віліту. Не з намі ж яна жыла, амаль у другім канцы вёскі, аднак мне верылася, што яна вось пачула мой крык і абавязкова скажа пра гэта маме. Баяўся вечара, а потым рады быў, што сястра ці не пачула, ці забылася сказаць.

* * *

Пра кедры ліванскія (як хораша!), чаго я калісьці дарма шукаў у «Песні песняў», якраз у Псалтыры, і неаднойчы.

І ад Псалтыра ўражанне блізкае, як і ад «Іліяды», у адным,— паэзія была заўсёды, od zarania wieków*******.

Яшчэ раз дзякую табе, белая плеценая карзіна на нашым гарышчы! Адтуль і радкі з «Адысеі», якія жывуць ва мне ад Мішынага захаплення, у ягоным голасе. Вось і сустрэўся адзін з іх:

 

Ели прекрасное мясо и сладким вином утешались...

 

І такое акрэсленне прыстойнай чалавечнасці, што падкрэсліваю:

 

Дикий ли, нравом свирепый, не знающий правды,

Или приветливый, богобоязненный, гостеприимный.

 

Тут ужо не пра Мішу падумалася, а пра Жукоўскага. На адвароце тытула значыцца: «Перевод с древнегреческого». А чытаў жа я, што ён перакладаў з нямецкага перакладу. І гэта дапамагае мне думаць пра чалавечую, міжнародную агульнасць.

І прелесть рускай мовы ў высокаадукаванага «незаконнага» сына рускага барына і палоннай турчанкі. Яго таленавітасць, працавітасць.

А тут і вобраз прыгоннага Шаўчэнкі далучаецца, з красою і сілай — зноў жа чалавечнасці.

* * *

Як састарэлы завочнік, ліквідую свае «хвасты»,— ад Гамера перайшоў да Вергілія.

* * *

Пісаць для сябе. Можна так дапісацца, што цікава будзе толькі самому сабе.

* * *

Стары шляхцюк, калісьці вясковы, расказвае: «Я ўзяў дзяўчыну і пайшоў танцаваць...»

Не так, каб запрасіў і пайшлі. Што ж — Я!..

* * *

Прачнуўшыся ў дзве гадзіны ночы, гартаў яго шыкоўны том 1987 года выдання. Зноў было адчуванне, што і яму, Максіму, я не дадаў таго, што павінен быў на апошнія дні — больш увагі, і не толькі па тэлефоне. Дарэчы, званіў яму ў папярэдні прыезд у Мінск, у ліпені, і ён сказаў мне тое, пра што потым, выступаючы на паніхідзе, гаварылі Шамякін і Зуёнак,— пра адчуванне, што да традыцыйнай вераснёўскай публікацыі ў «Полымі» ён не дажыве. Сказаў таксама, што напісаў казачку дзецям, здаецца, пра вожыка, і ў голасе ягоным зразумела адчулася радасць патрэбнасці. І атрымалася з гэтым нібы развітальная ўсмешка.

Гаварылася пра яго на паніхідзе як пра паэта вялікага. Я — з тымі, хто адчуваў гэта даўно, і я зноў з прыкрасцю думаў, як цяпер некаторыя з нашых свянцаюць адзін аднаго эпітэтамі «апостал», «геній»... Том ягоны гартаў, што асвяжаючы ў памяці, толькі ўбачыўшы на старонцы, а што і перачытваючы. Адчулася, што не процьма ягоных урадавых узнагарод патрэбна, бо застанецца тое, што застаецца ад сапраўднага літаратара, што не сам ён, а людзі называюць і потым назавуць вялікай паэзіяй.

Гартаючы, перачытваючы сёе-тое, спачатку здзіўляўся: хто ж гэта адкрэсліваў на палях мясціны, якія на той час бачыліся яму найлепшымі? Здагадаўся па почырку ў адным слове, што гэта Калеснік, які, быўшы ў Мінску, пазычаў гэты том у гасцініцу, рыхтуючыся да тэлеперадачы пра Максіма. Адчуў яго, Валодзеву, нязменную, даўнюю любоў да Танкавага слова. І сум адчуў, што потым сказалася Сашу Дракахрусту,— у нас ужо, апошнім часам, не падчыстка лесу, а проста бязлітасны лесапавал. Трошкі больш як за паўгода — Калеснік, Панчанка, Танк... Божа мой, хлопцы, што ж вы робіце?!

* * *

Пасля Адамовіча і Панчанкі ў Танка яшчэ больш раскошная казённая труна: белая, з «пазлацанымі» ручкамі, глыбокая ды шырокая, як наменклатурны санаторны «люкс», з карункамі па краях усярэдзіне, нібы для прынцэсы, а не для байца. Успомнілася Тувімава:

 

Przywróć nam trumny z polskiej sosny!********

 

У тым сэнсе яно тут, што габляваныя дошкі з нарачанскай сасны былі б раднейшыя роднай зямельцы. Аднак начальству,— а яно ж было зноў, як у Панчанкі, са сваімі здаравеннымі ахоўнікамі немаведама ад каго,— начальству гэтак зручней: выправіць з жыцця за бюджэтны кошт, чым перад гэтым падумаць пра людскае, дастойнае вялікага паэта і грамадзяніна дажыванне.

* * *

Відаць, таксама ў пэўнай сувязі з Максімавай радасцю ад нараджэння ў старэчых пакутах яшчэ адной яго светлай дзіцячай казачкі, успомніў вясковага белага, чорнагаловага цюцьку і малую Насценьку. Новая дружба нарадзілася ў вялікім свеце! У адну з раніцаў, калі малая яшчэ спала, а шчанюк быў адзін на панадворку, яму загадкава для мяне захацелася ў пусты кошык пад лаўкай каля плота, і ён залез у яго і ўсё масціўся там, шукаючы найзручнейшага месца. Ад суму адзіноты.

Пакуль я не быў у вёсцы, па малако хадзіла Ніна, і ўранні, і апоўдні. І апоўдні шчабятунка Насценька недаўмявала перад ёю, чаго гэта яе сябрук, калі яна што-небудзь есць, усё гаўкае на яе. Бабуля, яшчэ больш бабулістая за сваю, ледзь не казачная, растлумачыла малой гэтае гаўканне: спачатку злоснае, што з ім не дзеляцца тым, што самі ядуць, а потым, калі падзеляцца ласункам, удзячнае. Хораша мне расказала пра гэта, і ў гэтым у нас, старых, сваё шчасце.

* * *

Акно маё, гарышчанскае, увесь дзень адчынена. На ноч збіраюцца ў пакой матылі-крапіўніцы, з маленства прывычна-любыя, так звычайна прыгожыя. Ліпяць цёмнымі трохкутнічкамі на белай столі, два, тры і больш. На ноч акно я амаль зусім шчыльна зачыняю, каб не наляцелі на досвітку камары ці мухі, а то яшчэ горш — шэршні. А ўранні, адчыніўшы акно на свежасць, асцярожна паказальным і сярэднім пальцамі здымаю сваіх начлежнікаў з белай прасторы і выкідваю на волю. Яны адразу, нібы ажыўшы ці прачнуўшыся, лятуць над кустамі шыпшыны ў кветках, над травою двара, на фоне ліпавай лістоты ў сонцы, а мне бывае і боязна: ці не зарана праганяю, ці не холадна яшчэ, усё-такі палавіна жніўня.

* * *

Танк неяк даўно казаў, што Багдановіч пісаў адразу выбранае. І тут гэта не зусім справядліва: каб Багдановіч пажыў даўжэй — было б і для адсеву, бо і ў тым, што ім напісана, сёе-тое магло б і ў адсеў пайсці.

У Танка адсеву хапае, ён і сам займаўся ім пры перавыданнях. Аднак... Шчаслівае аднак! — у яго такое багацце адборнага зерня, што мякіна, якая адвеялася, бачыцца тым часова неабходным, што павінна адслужыць і адысці, як і ў спрадвечнай, вечнай малацьбе і веянні.

У Пількаўшчыне яго пахавалі ў нагах матчынай магілы. Пачуўшы гэта, я адразу ўспомніў, што ўжо і дваццаць чатыры гады, як мы з Піменам давалі Максіму з Масквы (нават з Крамля, бо са з’езда пісьменнікаў) спачувальную тэлеграму.

* * *

Пра смерць Георгія Папова мне пазванілі неўзабаве пасля Максімавага ад’езду на пахаванне ў родную вёску. І такая стомленасць душы была, што ўжо і моцы на новы жаль не хапіла. Аднак на паніхідзе я палічыў абавязкам выступіць пра яго — і з удзячнасцю за пераклады, і пра яго чалавечую годнасць, і пра людскасць гэтага светлага, шчырага рускага сябра.

А дахаты ледзьве ішоў.

* * *

«Strou und Holdz»*********. Так гаварылі нам, палонным, з пагардай пра нашы вёскі старэйшыя баўэры, якім у першую сусветную вайну давялося пабываць у Беларусі.

Саламяныя стрэхі, сухенькія зрубы вельмі «дружна» гарэлі ў другую сусветную — разам з людзьмі.

Сухое гарохавінне і мноства сухіх галінак, якім быў абтыканы наш гарох, палыхнула так моцна, высока і ў шырыню, што полымя папаўзло па высахлай, даўно без дажджу, траве, а нас, унукаў і дзеда, адагнала ў бакі ад любага відовішча.

І тут я зноў адчуў злавесную сілу таго, ваеннага, генацыднага полымя,— «Strou und Holdz»,— і сказаў гэта ўнукам. Ім трынаццаць, пятнаццаць, дваццаць пяты,— такія таксама душыліся ў дыме і полымі...

* * *

Засеў у памяці радок Бранеўскага:

 

Gryzą ziemię moi najmilsi...**********

 

Хоць і салдацкае гэта, пра сяброў-аднапалчан, а ўсё ж не толькі суровае, але і больш чым з натуралізмам...

* * *

«У беларусаў баяцца залятання птушкі ў дом: гэта ўспрымаецца як прылёт душы продка па яшчэ адну душу. Найбольш з іншасветам у народнай свядомасці была спалучана зязюля».

Зязюля да мяне яшчэ не залятала. А вось пішу і адчуваю ў правай жмені спалохана-трапяткую маленькую душу маладое ластаўкі, відаць, з таго гнязда, што ў вільчыку шчыта над маім акном. Тыдні са два таму назад яна, свавольніца, памылкова ўляцела ў маё акно на гарышчы і пачала адчайна шалпатацца ў верхнюю, папярэчную шыбіну, пакуль не выпырхнула радасна з маёй рукі на сонечную волю.

А Таня Шамякіна, якую працытаваў, разумніца, хораша чытаюцца ў «Родным слове» яе міфалагічныя даследаванні.

* * *

Ганьбіць пацыфізм, пацыфістаў — гэта ў нас яшчэ савецкае, рэцыдыў таго часу, калі ўсё, што не з чатырох барадата-вусатых галоў, асабліва не з апошняй у гэтай профільнай квадрызе, тое варожае, яго трэба бэсціць.

А ён, Алесь Адамовіч, як быццам часамі апраўдваўся, выкручваўся ад гэтага высакароднага звання. Хоць і змагаўся за мір («не забі чалавецтва!»), хоць і мяне папікаў, што ў другім варыянце «Птушак і гнёздаў» я дарма, на шкоду кнізе залішне абтрэсваўся ад свайго юнацкага пацыфізму.

* * *

«Першае саборнае пасланне святога апостала Пётры».

Пачынаю чытаць, і вяртаецца маё даўняе недаўменне: як гэта ён мечам адсек вуха нявольніку,— толькі вуха, не зрабіўшы з маху большай шкоды, не крануўшы пляча, ключыцы? Трэба ўмець!

У Мацвея, Марка, Лукі з мечам быў «адзін з тых», што суправаджалі Хрыста, і толькі Ян піша, што гэта быў Пётра. Ахова? І хадзіў з мечам, і на тайнай вячэры з мечам сядзеў,— дзіўна гэта, як быццам упершыню пра яго падумаўшы...

І чаму нават у Сёмухі — Лука, а не Лукаш? А Ян што — католік? А Лука — праваслаўны?

* * *

Пра слівы, пасаджаныя дванаццаць год таму назад, што ўсё яшчэ, красуні ўпасвеныя, не родзяць, і мы пагаворваем, ці не ссекчы іх, сёння, абтросшы з іх некалькі спелых слівак, механічна сказаў: «А можа, разбуркаюцца і будуць радзіць?»

Так пра малых гавораць, якіх трэба пабудзіць: «Нічога, разбуркаецца і ўстане».

Яшчэ адно слова з маўклівай вясковай памяці.

* * *

Зноў падумалася пра Евангелле ў маёй брызентавай торбе ад «хобатнага» супрацьгаза. Кніжка малафарматная; густа надрукаваная на тонкай, моцнай паперы, і ўсё ў ёй, кожны абзац ды абзацык, так шчодра, акуратна пранумаравана, што мне заўсёды не падабалася, ад чаго хацелася абтрэсціся, каб у цыфіры не хавалася, не прападала тая мудрая паэзія, што ў пэўнай меры была мне знаёмая, што непасрэдна, а што ў падачы Талстога і іншых вялікіх у сусветнай літаратуры. Кнігу гэтую, зручную ў паходным жыцці, падаравалі мне сябры з загорскіх пяцідзесятнікаў. Амерыканскае выданне.

Евангеллем маці блаславіла мяне ў войска, што аказалася блаславеннем і на вайну, і ў палон, і на ўцёкі з яго. Не прыпомню, як ні стараўся падступіцца да гэтага, як і колькі я чытаў яго... Раптам успомнілася, пішучы гэта, як адзін з найбліжэйшых — Валодзя Васілеўскі на арбайтскамандзе ў вёсцы Альтэнведаль захварэў, і я даваў яму сваю кнігу, каб лягчэй было аднаму за кратамі, на саломе. А ўцякаючы ў сорак першым годзе, пакінуў яе другому з найбліжэйшых, паэту Юліку Сяргіевічу.

Не памятаю, ці я, пасля нашай з Юлікам сустрэчы ў ягоных Ленкавічах, ажно ў шэсцьдзесят пятым годзе, спытаўся пра далейшы лёс майго блаславёнага амулета. Ці вынес Юлік яго з Нямеччыны, ці быў ён з ім у новай няволі, у савецкім Казахстане?..

* * *

Ад культурна-прыгожай прозы Галсуорсі — думкі пра дзве такія вялікія і ўпэўненыя ў сваёй несмяротнасці мовы, як англійская і руская, на якой чытаю.

Адзін з маіх сяброў шкадаваў, што не пайшоў у польскую літаратуру, другі пайшоў у рускую. Аднак раздвоенасць у іх засталася — паміж родным і чужым, да свайго ўсё-такі цягнула. А ў мяне падобная раздвоенасць аказвалася час ад часу ў тым, што вельмі зайздросна бывала да багацця і поўнай бяспекі літаратур мацнейшых, да польскай у меншай меры, больш да рускай, дзе мае куміры, у цэнтры якіх і найвышэй Леў Мікалаевіч.

Думкі, пачуцці такія — не толькі ў нас, беларусаў, але і ў іншых прамежкавых народаў і іхніх літаратараў, па сваёй і не па сваёй віне абдзеленых лёсам.

* * *

Мухі дарма намагаюцца вылецець з пакоя на двор, дзе сонечна, лепяцца да непераможнай празрыстасці. А маленькія шэра-зялёныя птушкі з бэзавых кустоў дарма намагаюцца хапаць тых мухаў, толькі дзёўбаюць ды дзёўбаюць у гэтае цвёрда ды гладка празрыстае, у што цюкаюцца іхнія дзюбкі, адкідаючы галоўкі ад такой жа блізкай спажывы.

Прыдумаў жа нехта гэтую таямнічую празрыстасць, для іх безназоўную — шкло.

А я, такі вялізны ды гомасапісты, так і не ведаю, што гэта за птушкі, і няма тут у каго пра іх спытаць***********.

* * *

Пяць гадзін сну ў ніжнім пакоі з прыадчыненым акном, за якім, на ўсім нашым ператомленым спёкамі свеце — свежасць, патоля, дзякуючы двум за двое сутак абложным дажджам. Пасля ўмывання пад ліпай — паход па малако. Дарога без апрыклага гарачага пылу, з лужынамі, з цвёрдай шырокай каляінай, па якой лёгка ідзецца. І не надыхацца свежасцю, не нацешыцца ўдзячнай за нябесную ваду зелянінай, што так цярпліва і доўга чакала гэтай вады... Потым снеданне з чорствым хлебам, маладою бульбай, сонечнымі памідорамі, не зусім астылым сырадоем. Ну, а тады — трэба ж і працаваць, каб адчуваць сябе нармальна.

Пакуль што ўсё яшчэ не пішацца, што, можа, і нармальна настолькі, каб не панікаваць. Чытаць — спачатку здаецца — зусім ужо няма чаго. Бяруся зноў за «Избранные произведения прогрессивных польских мыслителей».

Пасля «Точинского манифеста» — Сташыц. Пры ім чамусьці амаль заўсёды ўспамінаецца другое вялікае імя — Лелевель, які тут пойдзе далей. Калі да другога імя я пасля школы вяртаўся неаднойчы, то з Міцкевічам, то з Герцэнам, то з іншымі, дык першае — высакародна мудры, сіва-прыгорблены Станіслаў Сташыц — помніцца з урокаў гісторыі, цьмяна помніцца, бо, відаць, нецікава было нам тое тады і ў памяці захавалася толькі імем вялікага паляка.

Дык вось чытаю. Цікава, карысна. А стома ўсё роўна падкрадаецца спакваля. Праўда, чытаю ўжо блізу чатыры гадзіны. І, можа, не дзіўна, што хочацца і пазяхнуць, і прылегчы, і пасядзець, адклаўшы кнігу з акулярамі на ёй, з надоўга заплюшчанымі вачыма. Ім дастаецца, даўгавата ўжо я папярэджаны пра катаракту ў перспектыве, я забываюся пра гэта, і кропель фінскіх даўно ўжо няма.

Аднак жа цяжка ўявіць, як гэта мне не чытаць.

Хоць яшчэ цяжэй, страшней, прыблізней уяўляецца і такое заканчэнне працоўнага жыцця, у якім пакутуюць, кожны па-свойму, і старэйшы — Мікола Ермаловіч, і маладзейшы — Віктар Карамазаў, слаўныя хлопцы, якім пры сустрэчы можна толькі бездапаможна паспачуваць...

* * *

Ніяк не адвыкну спяшацца жыць, хоць ужо дарэчы як мага больш прытарможвацца, разумна карыстаючыся мудрасцю — даражыць кожным днём. Ну, адбуду кангрэс ПЭН-цэнтра, вярнуся яшчэ на месяц сюды, потым — у Мінск, і што — ужо не трэба, не варта будзе спяшацца?.. Разоў колькі ацверажаў самога сябе: ну, тут табе сумна ці нудна, а калі б ты быў цяпер у горадзе, дык што? Ад самога сябе не ўцячэш, і там будзе агідная злоба дзён, бездапаможная паныласць, самаедства. І будзеш, чаго добрага, як і бывала раней, успамінаць і гэты стол у вялікім спакоі, над якім было шчасце працы, глыбейшага роздуму, удзячнага захаплення жыццём...

* * *

Едучы з Мінска, узяў толькі дзве кнігі — тамы апавяданняў Бядулі і Галсуорсі, не больш, каб не было куды хавацца ад работы.

...Набядуліўся да пачатку пятай гадзіны. Пасля «Абразкоў» — апавяданні пайшлі цікавей. Казалі ці нават пісалі недзе, што ён быў пад уплывам Стэфаніка. Як быццам яму, па-свойму таленавітаму, не хапала горкіх сюжэтаў у нашым жыцці. Добрая мова, нямала ёмкіх, новых для мяне слоў, пачутых ім у родным наваколлі, і сакавіта-вобразных сказаў: «Вароны пачалі крычаць і крыліцца над зялёнай елкай», «тпрукнуў на каня і затуманіў люльку», «па пяцьдзесят капеек за аблізаны пудзік сена», « разнарослыя дзеці», «пыпкаць люльку», « казеліць вочы»... Нямала адчуваецца і роднага яму яўрэйскага, асабліва ў вершах у прозе, імпрэсіях, абразках, хутчэй узятага з кніг, чым пачутага.

Шчырая прыхільнасць да абяздоленых. І столькі надрыву, безвыходнасці!..

...Дзіўная ўсё-такі гэта з’ява — Змітрок Бядуля ў нашай літаратуры. Ажно ў яго Пасадзец захацелася, каб па нейкіх там рэштках мінулага яшчэ раз адчуць дзіўнасць такое з’явы. Ну, і ў той домік, што звязаны з яго сяброўствам з Багдановічам, даўно ўжо трэба было б заглянуць.

Успомніліся над кнігай Танк і Васілёк, Максімаў смех у рэдакцыі «Полымя», пасля сустрэчы дома з Міхасём, які ў яго і начаваў:

— Як расплачацца пра сваю долю — уся «Наша ніва» перад табою!.. Не дзіва, што і ў нашага першага Максіма тады з’явілася:

 

Кінь вечны плач свой аб старонцы!..

 

...На польскай баначцы з pastą do obuwia************ намалявана была прыгожая цыганачка ў чырвонай блузцы. Гэта мне абудзіў у памяці бядулеўскі Сцяпанка з «Велікодных яек», якому дзядзька салдат падараваў «бляшаную пушачку ад ваксы да ботаў» з дзівосным, як здавалася хлопчыку, малюнкам. Польскае puszka, баначка, у Пасадцы на пачатку севера-западнага стагоддзя. А такія ж скарбы і мяне хвалявалі ў вясковым маленстве.

Столькі часу не ведаць пра такое апавяданне!..

...«Умарыўся», «Чараўнік», «Летапісцы» — таксама сапраўднае. Нездарма ж, відаць, мяне пацягнула да яго «малое прозы» ад недаравальнага верхаглядства.

...Вячэрняе, пры светлай лямпе.

Ужо калісьці, здаецца, запісваў гэта, пачутае ад Таўлая. Як ён, захоплены чытач роднай літаратуры, васемнаццацігадовы паэт-рэвалюцыянер, якога з Заходняй у Мінск «зялёным шляхам» прыслалі падвучыцца, увосені трыццаць другога года, пад вечар сустрэў на свіслацкім мосце Бядулю, з якім быў яшчэ не знаёмы,— проста пазнаў па кніжных ды часопісных партрэтах.

— Згорбіўся ён, браток,— расказваў мне з усмешкай, нават з пахіхіканнем,— паўмеха бульбы за плячыма, а ніжняя губа ад-вісла!..

Чаго добрага, і мы яшчэ так пойдзем,— дапісваю пасля паўзы-чытання.

...Апавяданне «Юлька».

Успомніўся «Пальчык» Крапівы. Як ён нібы збянтэжыўся, галоўны рэдактар перад літработнікам, калі я хваліў яму гэтае апавяданне, сам-насам у рэдакцыйным пакоі, зімой сорак чацвёртага — сорак пятага.

І ў Бядулі хораша пра маленства. Ажно самога мяне пацягнула «на пястоту», малых дзяцей, а потым унукаў успамінаючы.

Зірнуў у каментарый: «1917 г. Пасадзец». Ах, ах, чым займаўся ў такі час! — так усміхнемся. А надрукавана таксама ў нелягчэйшы час, у дваццатым. А мне прачытаць давялося праз семдзесят пяць гадоў.

Шчасліва думаю, што і ў мяне ёсць пра дзяцей такое, ад чаго цяплей на душы самому.

...Як бондар ладзіць свой струмант перад вельмі важным заказам: «Трэба ведаць, як трымаць брусок, колькі разоў і як плюнуць на яго». Творчая кульмінацыя. Бядулева.

Наогул, апавяданне «Бондар» — цуд!

...Заір Азгур, які казаў нам з Танкам (у маскоўскай гасцініцы), што Кузьма Чорны ганарыўся сваім вучнёўствам у Бядулі, крыху, вядома, патрыятычна перабраў, аднак вось думаецца, пасля «Бондара» чытаючы «Дванаццацігоднікаў», што такіх і падобных твораў Чорны не мог ні цаніць, ні браць разумна ў навуку сабе.

...Бядуля мой увайшоў у савецкую рэчаіснасць, і адразу заўважаецца спад у мастацкасці апавяданняў. Што значыць не з душы, не па ўласнаму жаданню, а тое, «што трэба». Ды яшчэ калі страх падганяе...

Успамінаў самога сябе, як я наладжваўся, пачаўшы з лесу, на савецкага пісьменніка, як гэта цяжка было, колькі напісанага асудзіў пасля на адсеў. Добра, што прыйшло яно, тое пасля!

* * *

Учора па радыё выпадкова паслухаў пра Жэню Янішчыц.

І ўспомнілася і такая яшчэ харошая повязь добрага з добрым. Яна — вучаніца Калеснікавага студэнта з дзіўнаватым прозвішчам Цудзіла. Неаднойчы мне Жэня згадвала яго ўдзячным словам. А Валодзя пазнаёміў мяне з тым настаўнікам у Целяханах («Шчодрая Ясельда»).

Са светлым сумам, пад гукі яе вершаў у добрым чытанні Машы Захарэвіч — «нашай любіміцы», як гаварыў я, даючы ёй слова на адным з літаратурных вечароў — успамінаў і адну нашу доўгую гутарку з Жэняй у парку імя Купалы, і нашу паездку ўдваіх у Кіеў у восемдзесят чацвёртым, на юбілей Шаўчэнкі, і прастадушную скрынку яблыкаў, якую гэтае «Палесся мілае дзіця» прыслала мне калісьці са свайго роднага кута.

Здаецца, мы туды з Валодзем не дайшлі ў сваім шэсцьдзесят першым?

* * *

Штосьці рыхтуецца цёмнымі сіламі ў Мінску і ў Маскве, штосьці пляцецца, навісае над лёсам беднай Беларусі... «Северо-Западный край»?..

Малады, ужо не з восемдзесят восьмага, а сённяшні малады чалавек, таленавіты, відушчы публіцыст сказаў днямі па «Свабодзе», што ў нас няма такой партыі, якая магла б супрацьстаяць нацыянальнай небяспецы, узначаліць супрацьстаянне, няма, нягледзячы на ўсіх тых, што называюць самі сябе і адзін аднаго «сумленнем нацыі»...

І зноў думаецца пра гульню, якою мне часта за апошнія гады здавалася наша беднае адраджэнне. Многа, замнога гульні...

А гаварыць такое ўголас, няхай сабе ў нейкай меры і ясна, абгрунтавана — будзе сустрэта, чаго добрага, як здрадніцтва.

* * *

Том Галсуорсі пачаў з успамінаў пра Джозафа Конрада, тады перайшоў да пісьменніцкіх сілуэтаў, да іншых артыкулаў.

Падумалася: а як жа гэта я дагэтуль не ведаю Конрада?.. Ну, уведаю, думаецца далей, а потым што — не будзе ўжо такіх, якіх трэба ведаць, а я да іх не дабраўся?

Хацеў знайсці ў кнізе штосьці наконт гэтага ў самога Галсуорсі, але не знайшоў, бо не падкрэсліў учора, з усмешкай падумаўшы, што ў яго можна падкрэсліваць усё падрад — у кожным сказе, у кожным абзацы: так густа ад цікавых думак.

А вось і думаю, што два выказванні ўсё-такі выпішу, нават перакладу.

З эсэ пра Конрада:

«Ён заўсёды пісаў крывёю і слязьмі, а гэта патрабавала адзіноты».

А другое з выступлення-артыкула «Литература и жизнь»:

«Каб не дарма есці свой хлеб, нам трэба быць цярплівымі, дастаткова сціплымі і незалежнымі, заўсёды захоўваць пачуццё гумару і меры і жар душы».

* * *

...Канчаючы апавяданне «Cafard» — хандра, успомніў Бядулю, яго лепшыя, дарэвалюцыйныя рэчы. Добра пісаў бы і ён, каб не страх («Чырвоны д’ябал камунізму набліжаецца з усходу») ды не «сацыяльны заказ».

А колькі такіх загінула — і не ў лагерах, і не ад наганаў, а «на свабодзе», у адносным «шчасці»!..

* * *

Такія «пробліскі», што засталіся ў памяці і паўтараюцца сяды-тады:

З камедыі Крапівы «Пяюць жаваранкі» — абрывак дыялога паміж сакратаром абкома партыі і старшынёй калгаса:

«Паланевіч. Больш вы нічога не лічыце патрэбным сказаць?

Пытляваны. Тут жа, мусіць, трэба памылкі прызнаваць?»

Так у тэксце, у які я цяпер, гадоў праз сорак з гакам, заглянуў. А з памяці выблісквае толькі так: «Ага, трэба ж каяцца!» І ў непаўторнай падачы Валодзі Дзядзюшкі.

Алёша Карпюк наладзіў сабе шыкоўнае шасцідзесяцігоддзе — прыехаў з сакратаркай абкома партыі па ідэалогіі, з групай артыстаў, якія паказалі ўрывак са спектакля па яго «Вершалінскім раі», запрасіў на вядучага Быкава, запрасіў польскага генеральнага консула з сармацкімі «завесістымі» вусамі, якому не было чаго больш сказаць, як толькі двойчы ці тройчы адно: «Піш, браце словяніне, піш!..»

А з усяго гэтага шыку запомнілася фраза, якая ўпершыню так асвянціла новую залу Дома літаратара з раскошнай жырандоляй і яркімі вітражамі,— прагучала сакавіта выразнае, падкрэсленае з вуснаў артыста-мужыка ў адрас артысткі-жонкі: «Пацалуй ты мне ў с...!»

Ужо не памятаю, дзе было надрукавана апавяданне Сяргея Дубаўца «Дзік», у якім нядаўна хтосьці з маладых знаходзіў нейкі містычна-філасофскі падтэкст ці нават увесь сэнс, а мне помніцца толькі адно — як гэты лясны кнырышча трапіў ноччу на калгасную свінаферму і быў па-моднаму эратычна ўражаны тым, што свінні-самкі там ужо адразу голенькія, без піжамаў...

* * *

Чытаючы любамудрыя выкрунтасы некаторых маладых і не надта ўжо маладых празаікаў, паэтаў і філосафаў, часам успамінаецца жаночая чарга ў паліклініцы былой і сённяшняй «лечкамісіі». Сядзячая чарга, у светлай выгодзе, у няспешнай гамане з больш ці менш выразным спаборніцтвам у свабодным веданні мудрагелістых назваў хваробаў і лекаў, з усёй эквілібрыстыкай замежных спецыяльных словакамбінацыяў, якія мне і да сценкі пастаўленаму не запомніць...

* * *

З маміных расказаў за прасніцай. Як бедны ды мнагадзетны жыдок, дарэшты згалелы, пабег тапіцца, а жонка — следам за ім з пытаннямі:

— А ці табе Ісроліка не жаль?

— Не жаль! Не жаль!

— А ці ж табе Ханачку не жаль?

— Не жаль! Не жаль!

— А ці ж табе Гітачку не жаль?

Дабегшы да ракі, ён спыніўся на крутым беразе, пастаяў.

— Жаль, жаль! Усіх жаль!..

І падаліся дахаты.

* * *

Модная дамачка, малодшы рэдактар, перад адыходам з выдавецтва сказала супрацоўніцам, сумленным работнікам на вельмі сціплых зарплатах:

— Пайду туды, дзе маладыя, вясёлыя, хораша апранутыя.

А неўзабаве была газетная нататка пра хабарніцтва на працы яе мужа ў міжнародным аэрапорце. Двойчы за год яна пабывала на Кіпры, з дачушкай, у адпачынку. Муж, вядома, выкруціцца па-сучаснаму, гэта так толькі журналісцкае паказытванне. Працвітанне красуні пойдзе далей.

* * *

Сябар па вайне, вясковы настаўнік, дваццаць гадоў таму назад быў тваім жаданым госцем, ты яго шчыра прымаў, а ён, пры сустрэчы, смяецца, гаворыць пра клапоў у тваёй кватэры,— што яму найбольш запомнілася з гасцявання-начлегу.

У вёсцы ён адказвае толькі за сваю хату, а ў нас тыя клапы качавалі з паверха на паверх, уцякаючы ад дэзінфекцыі.

* * *

Праўда, і ў дзеўках яна, дачка, засядзелася, і жаніх, якога прывезла паказаць бацькам, чалавек, можа, і праўда людскі, але ж маці ўсё роўна не вытрымала, шапнула дачцэ на кухні:

— Нейкі ж ён, Стасячка, вельмі маленькі!

* * *

Цыбаты юнак з гітарай, яшчэ адзін бард, для большай перспектывы рускамоўны. Рэфрэн у «гарадскім рамансе», як ён яго аб’явіў:

 

...И шампанского брызги,

и девушек визги...

 

І захацелася — за нейкім чацвёртым ці пятым разам — дадаць:

 

...и талантливо вдрызги!..

 

* * *

Маладое, ахвотнае падкрэсліванне чужое старасці — у адрозненне ад сваёй маладосці — бяздумнай грубасцю нагадвае лагернае: «Памры ты сёння, а я заўтра». А яшчэ ж і гы-гы-гы!..

* * *

Прозвішчы паноў-памешчыкаў, што калісьці мільгалі ў гутарках са старэйшымі, прапускаліся — натуральна для маладых — без цікавасці і ўвагі. А цяпер, калі тыя прозвішчы спатыкаеш у друку, яны ўспрымаюцца не проста з большай цікавасцю, але і з пэўнай настальгіяй па тым, што вось яно прамінула, а я, дурань малады, не замацоўваў яго запісваннем. Розныя там брахоцкія, анцуты, ёдкі... Для бацькоў нашых гэта было змястоўным. Чым жа? Пытанне прыкра адкрытае.

* * *

«З гора не ўсрацца, з бяды не паесці». Груба? А ў народзе ў гэтым вясёлая бездань горкага аптымізму. І часта яно ўспамінаецца мне з усмешкай, ад якое нават лягчэй.

* * *

Дзяўчынка, якая іграла на флейце ў музеі Янкі Купалы, дзе мы спраўлялі юбілей Міколы Аўрамчыка. Сціпла адзетая, у клятчастай сукеначцы, відаць, з небагатай сям’і. З душою ў сваёй музыцы, з хапаннем і прыцісканнем губкамі, асабліва верхняй, муштука, выводзячы і ў маю душу чароўна просценькую мелодыю, пад акампанемент піяніна. Я любаваўся ёю ў профіль, пакуль іграла, а потым, калі яна пад апладысменты сыходзіла з узвышэння, і стомленая, і, вядома ж, шчаслівая,— ужо, відаць, не ўпершыню.

* * *

У тэлеінтэрв’ю адна адраджэначка — пра другую, юбілярку, яшчэ ў святочным настроі:

— З яе дома выходзіш не толькі са смачнай ежай у шлунку, але і з высокай радасцю ў душы!..

* * *

Пра «непорочное зачатие», або «niepokalane poczęcie», можна было б і так, як цяпер у вёсцы культурна гаворыцца: «істучнае абсемяненне».

* * *

На стыку саракавых і пяцідзесятых гадоў і мне давялося папрацаваць на выбарах у Вярхоўны Савет. Пашанцавала на Ленінскую бібліятэку, дзе мы з Нінай Барысаўнай Ватацы выпускалі насценную газету. А больш за ўсё многа перагаварылі, што мне было цікава і карысна — ад яе багатай абазнанасці выдатнага бібліёграфа і сімпатычнага прагрэсіўнага чалавека.

* * *

Сціплая, як здавалася, метадыстачка ў Доме культуры на сваім саракавым годзе раптам захацела прайсці ў Вярхоўны Савет. Калі я выняў з паштовай скрынкі яе кандыдацкую, як цяпер, на польскі лад, гаворыцца, улётку з малавыразным партрэтам, прыпудранай аўтабіяграфіяй і абяцаннем таксама ашчаслівіць Беларусь,— адразу ажно не паверылася, што гэта — яна, наша Жана!.. А потым успомніўся адзін загорскі анекдот.

Мужык пазнавата вярнуўся з вясковага сходу, а цікаўная жонка спыталася, пра што ж там сёння гаварылася. Вячэраючы, мужык адказаў, што вырашылі выбраць новага солтыса (пры Польшчы гэта было). І ўжо на гэты раз, удакладніў ён, жуючы,— не мужыка, а бабу. Аднак толькі такую, што зможа залажыць нагу за галаву.

Назаўтра ўранку гаспадар штосьці корпаўся ў хаце, а гаспадыня пайшла ў грады, палоць. А потым убягае ўшчэнт перапалоханы сынок:

— А татачка, а нашу мамку душыць тхор!.. Пабег чалавек, а там яна — у баразне, заголеная — аніяк не можа вярнуць нагу з-за галавы назад!.. Адратаваў.

* * *

З дзён вайны і яшчэ жыве, паўтараецца прапагандысцкі штамп: «У перапынках паміж баямі яны спявалі песні, расказвалі смешныя гісторыі...» Перш за ўсё павінны быць баі. І тых баёў, як і пабітых ворагаў у справаздачах, было вельмі многа.

Нешта падобнае раздражняла мяне ў сябра-партызана, які, прыехаўшы з горада, смакаваў красу маіх родных мясцін, дзе і ён партызаніў. «Тады гэта не заўважалася»,— гаварыў ён у сваім захапленні. Відаць, перапынкаў паміж баямі ў ягонай брыгадзе зусім не было, што і лесу, і лугоў, і Нёмана не бачыў.

* * *

Здаецца, случчанка, галасістая вясковая маладзіца, хораша спявае па радыё незнаёмую мне народную песню, у якой дзяўчына ідзе побач з паходнымі салдатамі, «маскалямі», бядуючы, як ім цяжка, а ў іх жа «толькі сухары ды вада». Салдат адказвае на гэтую жаласць, суцяшае дзеўку на хаду:

 

...Слязьмі мора не напоіш,

а мне службы не ўкароціш.

 

Бог мой, і такое хаваецца ў народнай памяці, не выходзіць наверх!..

* * *

У нас не было так многа багатых, адукаваных людзей, якія мелі шмат вольнага часу, «досуга», як гаварыў у гэтым аспекце Талстой, і для вучобы, і для творчасці, і для пазнавання свету ў падарожжах. У нас толькі фальклор багаты, у які таленавітыя людзі з беднага, бяспраўнага народа з гора ці з радасці заганялі сваю таленавітасць — песнямі, казкамі, жартамі, прыказкамі — у народную памяць, у якой тое багацце праходзіла адбор, прасейванне ў пакаленнях іншых талентаў — таксама безыменных.

* * *

Пад старым, неадрамантаваным «газікам», у цяньку, схаваўшыся ад спякоты, адпачываюць куры. Пажылы чырвоны певень, найбольш высунуты з ценю на сонца, і на сямейнай варце дрэмле так смачна, што ажно я, гледзячы на яго са свайго цяньку на лаўцы каля плота, пачаў падрэмваць.

Тым больш што паблізу ў хляве рытмічна цыркаў у вядро паўдзённы сырадой, якога я чакаю.

* * *

Па-старэчы гаманкі паэт, выступаючы па радыё, захоплена кажа, што ён «страшэнна любіў сваю маці». І хоць час перадачы канчаецца, пачынае яшчэ адзін рытарычна-сентыментальны верш.

І ўспамінаюцца маскоўскія дамачкі — з радыё і ў газеце: «Такой безумно вкусный суп!..»

* * *

Бабка Матруна і заўсёды не надта да працы руплівая, на старасць так разленавалася, што і падпусціць на печы, падмочыцца і кажа:

— Ат, усё ў моры будзе.

Філасофія глабальная.

* * *

Чалавеку стварылі такую славу, што цяпер яму трэба думаць, як жа гэта не паказацца меншым...

Зрэшты, і тыя, што слухаюць, і ён, што вяшчае, над гэтым не вельмі задумваюцца.

* * *

На тэлеэкране — новая дыктарка. З выгляду прыемная і даволі культурная ў роднай мове. У канцы перадачы яна з усмешкай паведаміла, што ў праваслаўных сёння вялікае свята, нараджэнне Дзевы Марыі, якая — во свецкасць! — «мела гонар быць божай маці»...

* * *

Федзя Янкоўскі аўтографы на сваіх кнігах падпісваў так сціпленька, што часам трэба было яшчэ знайсці яго, той аўтограф, не раўнуючы, як пад пахай, у якім-небудзь куточку тытульных старонак. Прыгожы і дробненькі, цяжка чытэльны почырк.

* * *

Цудоўны майскі ранак пяцідзесятага года. Максіму Танку — трыццаць восьмы. Магутны і вясёлы прыгажун. Штосьці дасціпна гаворачы, ён стаіць на ганку драўлянага, двухпавярховага Дома творчасці «Каралішчавічы».

А ніжэй, на ўжо няроснай траве, стаю я, разам з некім яшчэ, не памятаю ўжо, з кім. Дый патрэбен тут адзін Максім. Як для партрэта.

Па лясной дарозе падыходзіць да нас не старая яшчэ, босая цётка са збаночкам. Вітаецца і прапануе купіць малачка. І тут адбываецца тое, з-за чаго гэты мой успамін.

Максім бярэ той збаночак вялікай жменяй за шыйку і нагбом, спакойна ды няспешна п’е. На здзіўленне і цётцы, і нам. Момант... Чаканне... Перамог!

— Эх, здорава!..

Пытаецца, колькі з яго, плоціць па-свойму шчодра, дзякуе, па-вясковаму выціраючы верхам далоні губы.

Мы смяемся. А цётка пайшла ў свой бок, калі злосная па натуры, дык і падумаўшы, чаго добрага: «Во прорва!» А то і з прыязнай усмешкай панесла навіну дадому.

* * *

Калі ў нас па-беларуску, па-коласаўску пякуць аладкі, можна па-біблейску, па-сусветнаму сказаць, што і сапраўды «не хлебом единым жив человек». Тым больш калі яшчэ і яечня сквірчыць, і далоні можна пацерці ад належнага настрою.

* * *

Успамінаю весела.

Азгур запрасіў Вялюгіна ў грыбы. У лагойскім лесе яны надыбалі старога дзядзьку, з якім і пагаманілі, а потым і перакусіць прыселі. Узяўшы чарку, дзед пасмялеў і спытаўся:

— А вы гэта, хлопцы, відаць, пісьменнікі?

— А што? — з усмешкаю спытаўся Анатоль.

— Бо вось жа і жыдок па-беларуску клепіць.

Ці смяяўся Заір,— Анатоль мне, здаецца, не сказаў. А гаварыў па-беларуску паважаны маэстра рэдка, нібы каб паказаць, што ўмее.

* * *

У вучоным артыкуле, надрукаваным у газеце «+Plus – Minus», якую бачу ўпершыню, аўтар, таксама незнаёмы, дабраўся і да беларусаў з іх двухмоўем. Перакладаю яго прыязнасць:

«Культура ператвараецца не цераз элімінацыю таго, што ёсць, а толькі цераз узгадоўванне таго, што павінна дадавацца. Таму моладзь трэба вучыць мовы Янка Калясы, але не трэба закрываць перад ёю мовы Льва Талстога».

Расчульвае гэты гібрыд — Kolasa, зроблены з літаратурных імён двух нашых класікаў, тым больш ужо без коласа — kłosa, а з kolasą — экіпажам.

* * *

Прынёс з пасёлка ранішняе малако (туды — лесам, назад — па дарозе, яшчэ ўсё без пылу пасля дажджу), падышоў да ўмывальніка пад старою ліпай і пастаяў.

Такі дзянёк пачаўся, такая сонечная, яшчэ ўсё — у канцы верасня — зялёная краса. А на стале такая любая работа — вычытванне пасля машынкі новага, чаго пяць дзён не чапаў, каб трохі пасвяжэла вока.

І чаго табе трэба, куды ты спяшаешся? Сёння ж тут тое, што потым успамінаецца як вялікае шчасце.

* * *

Гуга Калантай, «Стан асветы ў Польшчы ў апошнія гады ўладарання Аўгуста ІІІ (1750—1764)». Перакладаю з рускага перакладу:

«Пагарда чытачоў да літаратуры на польскай мове адбівала ў пісьменнікаў ахвоту ствараць карысныя творы або рабіць пераклады замежных твораў, і справа дайшла, нарэшце, да таго, што польская мова стала служыць толькі для казанняў, для рэлігійнага пісання, для панегірыкаў, для вясельных ці пахавальных прамоў, для прамоў на сеймах і сейміках і зрэдку можна было ўбачыць вельмі дрэнныя пераклады на польскую мову замежных твораў».

Вынік моды на лацінскую, а пасля на французскую мовы.

Як гэта падобна на тое, што ў нас цяпер! Праўда... на дзвесце з гакам раней. Калі ўжо быў вялікі Ян Каханоўскі, калі можна было прадчуваць яшчэ большых — Міцкевіча і Славацкага.

* * *

Апавяданне ў газеце — сум бацькоў па сыне, на якога пасля вайны прыйшло, што ён прапаў без вестак. І — на табе! — зноў ад чужога сваё: згадалася, як увосені сорак першага, неяк дачуўшыся, што ў Загоры хлопец вярнуўся з палону, да нас з Прылукаў, якія за пашай, за лугамі, за Вушай і «казённым» лесам і таму здаваліся мне змалку вельмі далёкімі, прыйшоў пажылы чалавек, у якога сын таксама з польскага войска ў палоне. Павітаўшыся, сеўшы на запрашэнне, ён урачыста звярнуўся да мяне:

— Сынок, як перад Богам скажы: пусцілі цябе ці сам ты ўцёк?

Я засмяяўся:

— Як перад Богам?

І трэба было ратавацца маной, што пусцілі, што неўзабаве пусцяць і іхняга...

* * *

Ні з таго ні з сяго вечарам убачылася, як жывое:

Стары вясковы дзядзька на сваяцкім застоллі ўзяў ды няспешна з’еў сабе цэлую шакаладную цукерку. Ціха, сціпла прыгорбіўшыся.

Ці гэта ён сам сябе пашкадаваў? Ці яшчэ і падумалася потым, што зрабіў гэта, як малы? Ці таму — зусім ужо прасцей — што чужое?..

Толькі не гэта.

Бо калі і траплялася ў ягонай хаце такая, сёння нятанная, смаката, дык усё ж для гасцей-унукаў. І сват жа таксама, не толькі ты адзін.

* * *

Сніў, што разам з Танкам пераносіў з месца на месца вялікія, пазвязваныя кіпы пісьмаў — жаль і спачуванне вельмі многіх у сувязі з яго, Максімавай, смерцю...

У сне такое не бачыцца дзіўным: як быццам усё так і трэба, нармальна.

* * *

Выступаць у інстытуце, перад студэнтамі, мы прыйшлі з гасцініцы невялікай групай адразу пасля снедання. А тут нас, «пакуль што» — адразу да самавара, з пытаннямі: «Вам чаю? Ці кавы?» Адмаўляемся шчыра ды ветліва, а мілавідная, не вельмі ўжо маладая жанчына, што гаспадарыла каля стала ў дырэктарскім кабінеце, з усмешкай сталай прастаты сказала:

— Мама мая гаварыла: не дай Бог галодных карміць.

І тут падтэкст народнай мудрасці.

* * *

Над трэцім томам Багдановіча.

Ён, Багдановіч, і Талстой,— падабенства грамадскай дзейнасці: у старога па барацьбе з «мірным» голадам, а ў маладога з ваенным, бежанскім ліхалеццем. І там, і тут гэтая дзейнасць, з усёй сваёй суровай, шэрай прозай, дадае воблікам любімых літаратараў чалавечай і пісьменніцкай абаяльнасці.

«Непаэтычная» талковасць маладога, хворага Максіма. І выдатнае валоданне рускай літаратурнай мовай. Я не пярэчу самому сабе, таму ранейшаму запісу, дзе гавару, што яго руская мова менш натуральная ў слове мастацкім. Як і Шаўчэнкава — у прозе. У валоданні культурай рускай мовы — адукацыя, а ў мове роднай у яго самавуцтва, а на радзіме з ёю — самы толькі працэс станаўлення, сіламі самавукаў або патрыётаў з рускай адукацыяй.

...«Образы Галиции в художественной литературе», з аповесці Франко «Великий шум»:

 

Збірная днинонька субота,

Збирала Галюня подружки...

 

Згадалася, што ў апавяданне «Марыля» песню пра пляценне вянка мне напяяла мама, а то, хутчэй, песенніца-сястра. І як падобна:

 

Зборная субота настае,

Марылька дружыну збірае...

 

І гора такое падобнае:

 

На мене ся, молоденьку, не дивить,

В мене туженька не мала...

 

І наша:

 

Схіліла галованьку з касою,

Паліліся слёзанькі ракою...

 

Захацелася праверыць, як справіўся з гэтым Сэнюх:

 

Schyliła główeńkę z warkoczami,

Napełniły się oczęta łzami...

 

Тут ужо толькі пераклад. Хоць, напэўна ж, у народным вясельным штосьці блізкае ёсць і ў палякаў.

...Як гэта мала ў яго, Багдановіча,— тры тамы,— і як многа, калі чытаць, нават вяртаючыся да знаёмага!..

...Тое, што ў нас друкуецца ўпершыню, што друкавалася ў рускай перыёдыцы пад псеўданімамі.

Я нібы толькі што даведаўся — ён жа юрыст, і таму судовыя справаздачы. А праз дзелавую, строгую сухасць юрыста ў замалёўцы «В гостях у детей» прабіваецца паэт і добры, высакародны юнак:

«Дом чист и просторен, комнаты большие, светлые, потолки высокие; на стены из гладко оструганных сосновых бревен, не заклеянных опротивевшими обоями, просто приятно поглядеть».

«Я не знаю, есть ли на русском языке слово «обуютить», но оно бы мне очень пригодилось. Надежда Ивановна обуютила, насколько возможно было, детей».

А дзеці, убачыўшы ў «кладовой» мяхі з рознымі крупамі, мноства мяхоў, здзіўляліся: «Неужели мы все это съедим?»

Гэтыя сцены сасновыя, гэтае «обуютить» (у Даля толькі «уютничать») і здзіўленне малых, у большасці нездараўчаных, каланістаў — з роднай душы, якую мы любім.

...Яшчэ да яго выступленняў у «Голосе» —«В с.(еле) Крест»:

«День выдался ясный, погожий, и с тем большей охотой начал я per pedes Apostolorum отмеривать путь по широкому пригородному шоссе. По обеим сторонам — трава, в ней протоптаны тропинки, в два ряда тянутся старые березы — в их тени идти не трудно и не скучно».

Тут ужо проста хораша бачыцца ён, наш цудоўны Максім Адамавіч — з яго лацінскімі «слядамі апосталаў»,— хораша і журботна, за няпоўны год да адыходу...

* * *

Сяднёў у сваёй «Масеевай кнізе», нямала добрага сказаўшы пра мяне, у адным месцы як быццам пасмейваецца:

«Аўтар зрабіў вялікую паслугу чытачу: ён можа ўжо не чытаць тых кніг, якія прачытаў Брыль,— у кароткіх, часам трапных азначэннях ён раскрывае іхнюю сутнасць, і такім чынам як бы адпадае патрэба чытаць тыя кнігі зноў. Ты ўжо прачытаў іх вачыма Брыля».

Калі і мне ўсміхнуцца, дык можна спытацца ў Масея, хоць здалёк: ці не дагадзіў я яму, амерыканска-беларускаму чытачу, яшчэ лепш, чым аўтары коміксаў, якія ўмеюць уціскаць у свае міні-кніжыцы нават і эпапеі?..

* * *

І Ельцын, і Грачоў, кожны па-свойму і ў розны час, нібыта каюцца, што пачалі ў Чачні, а то й нібыта лічачы сябе не вінаватымі, шукаюць на гэта нейкую камандную сілу, вышэйшую за іхнюю. Першы нешта пад восень стагнаў, другі ў пачатку зімы не ўсміхаўся — абодва жалю і агіды вартыя.

Па тэлевізары, вядома, усенародна і ўсясветна.

І працягваюць рабіць сваё...

...Расійскія тэленавіны, як заўсёды цяпер і так даўно ўжо, або пачынаюцца з Чачні, або аніяк не могуць без яе. Учора сказалася на экран: «Боже мой, как это скучно!..» І ў гэтым «скучно» і наш сум, і туга, і нуда, і ныццё балючае, сардэчнае, і атупенне, ледзь не быдлячае, на чужы боль, чужое гора, раны, смерць, жахлівыя здзекі з палонных. І канца гэтаму не відно... Дзе там! — колькі яшчэ затоена жадання, колькі назбірана і збіраецца сілы на тое, што гістарычна, здалёк называецца потым грамадзянскай вайной, без чаго немагчыма вярнуцца да нядаўняга мінулага — Савецкага Саюза ці рускай імперыі ў нейкай іншай форме, да таго, што нібыта хтосьці разваліў, а не само яно развалілася...

* * *

Не выходзячы з-за прастуды, уважліва праглядзеў за тры дні пяцітомнік «Энцыклапедыя прыроды Беларусі», спачатку — нібы ратуючыся ад беспрацоўнай нудоты. А яно цікава і карысна. Сёе-тое простае нібыта ведаеш, а трэба і ахвота ведаць лепш, дакладней. Бо гэтае выданне не толькі даведнік, у які здаралася і яшчэ будзе здарацца заглядваць з патрэбы, але і цікавае чытво (як шытво ды пітво). Тым больш, маючы час, як Салжаніцын для Даля ў лагеры.

Жывая карта Беларусі — амаль дваццаць адна тысяча рэк, больш за дзесяць тысяч азёраў, за дзвесце тысяч даследаваных валуноў...

І нямала назваў смачных ды вясёлых. Скажам, азёры: Ячмянец, Лапухі, Мурагі, Негразя, Янка. Рэкі ды рэчкі: Сікунка, Сікуня, Сярмяжка, Хлеўня, Ведзьма, Цепленька, Нехрысць, Мужычок!.. І адкрыцці — такія, як трытоны (па-польску, са школы traszka), якіх мы, хлапчукі, лавілі прыгаршчамі ў мачуле каля маста на гасцінцы; як англійскае паходжанне назвы глею (gley), якога і я столькі намясіў у паныла гразкім Загоры; як «атрыканка», цацарка, што з Гвінеі трапіла і ў нашу вёску; як боб, што спрадвеку карміў беларуса, разам з рэпай, да прыходу заакіянскай бульбы быў героем нашых казак («рос, рос да нябёс»), таксама побач з рэпай, пры дапамозе якое наш мужык ашукваў мядзведзя; як лацінскае Bombus, ледзь не бамбавоз, на гугнілу-чмяля, слова, якое цяпер будзе мне ўспамінацца, абы зноў убачыў яго на кветцы...

«Найбольшыя рэкі, якія дрэніруюць Баранавіцкую раўніну...» Якое вобразнае слова! А ў Тлумачальным яго няма.

Як будуюцца берасцянкі: ён носіць будматэрыял, а гняздо робіць Сама.

Птушкі, змалку любімыя па-веснавому, як і шпакі.

* * *

Па маскоўскім радыё — харавая песня пра Тамбоўшчыну. І, як маланкавы зігзаг памяці ў даўняе,— «Казначэйша» ў вялікафарматным, па старасці растрапаным аднатомніку Лермантава. Дзіцячае, чыстае адчуванне непарушнай вечнасці слова. Не толькі замацаванага друкам, але ж і яшчэ па нейкай прычыне. Відаць, па той, што называецца божаю іскрай у табе, адчуваннем красы, наканаваным прызваннем.

* * *

У разумным, усхваляваным выступленні па нашым радыё Музы Сняжко, украінскай сяброўкі Караткевіча, прыемна і сумнавата было пачуць, як Валодзя любіў Паўстоўскага, як марыў і збіраўся напісаць кнігу, падобную на «Залатую ружу», аднак, вядома ж, яшчэ лепшую...

 

* Уладзімір Калеснік і Фёдар Янкоўскі.

** «Вэстэрплятэ яшчэ ўсё гераічна абараняецца».

*** Абодвух полаў (польск.).

**** Як вол, рыкнуў на амбоне: Мой набожны статачак, будзь спакойны,— што павінна вісець, не ўтопіцца.

***** Працуй, як паганскі конь, працуй усё лета, а зімою спі ў мужыка за брудным прыпекам, паміж гаршкамі, шчарбатаю бабай і дзіцем.

****** «...Мы самі панадзіманыя і перасвараныя...»

******* Ад зары стагоддзяў.

******** Вярні нам труны з польскай сасны!

********* Салома і драўніна (ням.).

********** Грызуць зямлю мае наймілейшыя...

*********** Па Энцыклапедыі прыроды Беларусі ўдакладніў, што гэта малінаўкі, або — яшчэ прыгажэй — заранкі.

************ Крэм для абутку.

З РОЗНЫХ ГАДОЎ

Цётка Уладзя расказвала: Купала курыў так многа, што ў доме ўсе навалачкі былі папрапальваныя.

 

Думи моï, думи моï,

Лихо мені з вами!..

 

* * *

У камандзіроўцы ў Віцебску. У вольны вечар гуляем у гасцініцы ў «дурня». Да Толі Вялюгіна прыйшоў нейкі сваяк. Сядзіць каля яго і гаворыць пад руку, пытаецца, як жонка, як дачка.

— А нічога,— адказвае заняты справай Анатоль.

— А як там твае галубы?

— Дзякуй, брат, дзякуй! — болей ажыўлена.

І мы смяемся. Бо ўсе мы па-сяброўску ведаем галубінае гарышча ў драўляным доміку ягонай цешчы, мноства розна- і высокапародных галубоў, тонкую мачту над старым гонтавым дахам, на якой яго любімцы адпачываюць пасля дружнага, найбольш белакрылага па-анёльску палёту.

Так, па-анёльску. Бо ўспомніўся яго радок: «дзярэ анёла ястраб», а пакуль знайсці яго ў вершы «Спелы бор», у ранейшым, пад назвай «Бясстрашша», бяру прасцейшае ў шчырасці:

 

Не адступаючы, за мною

ідзеш, далёкая любоў,—

над шэрай матчынай страхою

чародка белых галубоў!

 

* * *

Ганю футбольны мяч па траве. Травы навокал бясконца многа, а я вельмі рады. Ганю, падганяю да варот, прымерыўся і — цяў!..

І загалёкаў, прачнуўшыся... Пальцамі босай нагі з размаху — у белы тынк сцяны. Цераз маленькага сына, што ў вёсцы, калі мама паехала ў горад, спаў побач са мною.

Большым дзецям было весела, і цяпер яшчэ, праз восем гадоў, успамінаюць. А пальцы не зажывалі доўга.

Якую драбніцу запісваю!

* * *

«Уже не говоря о таких литературах, как украинская и белорусская, литературы других советских народов...» — піша ў «Литгазете» адзін з вядомых рускіх крытыкаў. Чытаю гэта ў рэдакцыі ўголас.

— «Уже не говоря»...— смяецца Танк.— Яны ж і не гавораць.

...Ён жа, у іншы час — пра Машэрава:

— Калісьці, адразу пасля вайны, я ў іх быў у Вілейцы. Жонка яго аладкі нам пякла, а мы іх, гарачыя, елі, смяяліся. А цяпер я іду да яго на прыём і там часамі, як тая аладка на скаварадзе, сам варочаюся — то на адзін, то на другі бок!..

* * *

Таджыкскі прыгажун, распешчаны не толькі літаратурным поспехам, уздымае тост у кампаніі, на дастархане над ракой Кафірніган, дзе была з намі толькі адна жанчына, даволі нотная масквічка:

— Один бык, умирая, просил: «Снимите с меня кожу и накройте ею самую лучшую корову». Ваше здоровье, дорогая Зоя Михайловна!..

Гадоў праз некалькі, сустрэўшыся са мной у Маскве, ужо ў яшчэ большым начальстве і з дзяржаўнай прэміяй, ён з паўнацэннай важнасцю сказаў:

— Очень приятно! Следим за ваших успехов!..

* * *

Добрага, ціхага хлопца ўпраўная маці ажаніла сама, па-даўнейшаму. І ён спакваля, неўзабаве пачаў у іншых шукаць таго, чаго ў сваёй яму не хапала. У вёсцы не надта многа выгоды для гэтага,— хутка накрылі іх, раз і другі раз. Жонка тая расказвае гарадскім сваякам:

— Пайду, кажа, утаплюся! А я яму: ідзі! А потым думаю: а Божа мой — гэта ж і даставаць трэба, і хаваць — колькі клопату!.. І памірыліся мы, жывём.

* * *

Бабы гамоняць пра сваіх дрэнных мужыкоў. У першай ён «успыльчывы», другі сваю б’е, а трэці робіць нешта на дварэ, але ж не можа, каб не забегчы ў хату, не пераставіць у печы гаршкі — як лепш...

Па агульнаму заключэнню — такі найгоршы.

* * *

Пісьменнік Збігнеў Жакевіч казаў:

— Найбольш мы, палякі, не можам немцам дараваць таго, што яны прымушалі нас хадзіць не па тратуары...

— А шэсць мільёнаў знішчаных? — пытаюся ў яго.

Ён акупацыі, можна сказаць, не ведае: малы быў, жыў у беларускай вёсцы... Лепш скажам: не бачыў ён яе ў Польшчы. І гаворыць цяпер «з аб’ектыўнай, гістарычнай дыстанцыі». Плюс або і перш за ўсё — славутая мэгаляманія, традыцыйны гонар.

* * *

Стары паэт вельмі любіць выступаць са сваімі вершамі. У адной вясковай школе дзверы настаўнікі на ўсякі выпадак загарадзілі сталом, і госць пачаў тую паэзію, адно за адным і — бясконца.

Старшакласнікі непрыкметна выключылі святло, і ў цемры ўся тая вольніца рванулася да дзвярэй. Перавярнулі стол і добра-такі пагрузілі госця-паэта.

Дома ён не вытрываў, расказаў жонцы, маладзейшай за яго, і яна цяпер гэтым прыкладам супакойвае яго, нібы працвераджае. Калі ён часамі зноў хваліцца, як яму хораша недзе выступалася.

* * *

Спёка і «горы», як называлася ў нас поле на ўзгорках. Цяжка жнецца нізенькі, рэдкі ячмень, ажно спіна калом становіцца. І тут з недалёкай палоскі гукнуў на мяне нехлямяжы сусед Зімавей: «Іван, а во!..»

Трымае зайца за вушы. От дзе шэры даспаўся!.. Ды вось ён прачнуўся — ці не ад гэтага воклічу — трэпнуў нагамі, пстрыкнуў з пальцаў і даў лататы. А ты сабе жні далей.

Або пайдзіце да збанка ў цянёчку ад снапоў, хлебаніце сабе — хто з жалю, хто са смеху.

* * *

Вясной пяцьдзесят шостага года ў Будапешце, на дунайскім востраве Святое Маргарыты нас, невялікую групу мінскіх турыстаў, здзівіла тое, што ў гэтым цудоўным парку зусім няма таго, што называецца «нагляднай агітацыяй» — ні партрэтаў, ні лозунгаў...

— Во! — засмяяўся Танк.— А ў нас? Ідзеш з дзяўчынай, хацеў бы пацалавацца, але ж няма дзе,— з-за кожнага куста цікуе член палітбюро!..

* * *

«Грубка халодная, як мёртвая дупа», — казала калісьці наша маці. Усё-такі далікатней.

А ў Валодзі Караткевіча — яшчэ лепш: радзіска з белымі дупкамі.

* * *

Спачатку проста сакратарачка ў раённым судзе, потым, упадабаная найвышэйшым у рэспубліцы, спачатку нарком, а потым, пасля гадавой школы савецка-партыйнага актыву, яшчэ і намеснік прэм’ера па культуры, і, нарэшце, асабліва заслужаная пенсіянерка.

Сустрэла Максіма Танка ў клініцы (ён мне расказваў):

— А вы что здесь?

— Ды вось хварэю трохі...

— Смотрите за собой, вы нам еще нужны.

Голас са сметніка гісторыі. Аднак яшчэ ўсё ўпэўнены.

* * *

Рыгор Бярозкін гаварыў мне, што на вызваленай Куршчыне, у ацалелай хаце, гаспадыня расказвала яму, як адзін немец, што зайшоў да іх, не спяшаўся ўцякаць. Усё гартаў школьны падручнік нямецкай мовы, які ляжаў на стале, усё пра нешта маўчаў...

* * *

Алесь Асіпенка расказваў, як адна іхняя партызанка, дамачка ідэйна падкаваная, расказвала яму пры сустрэчы:

— Спачатку думалі абмежавацца адным рабёнкам, а потым селі з мужам, пасавяшчаліся і вырашылі мець яшчэ аднаго.

* * *

Дырэктар добрага палескага саўгаса, змоладу баявы партызан, а пасля яшчэ і франтавік, паказвае нам, тром знаёмым пісьменнікам, мемарыял на скверыку і стрымана расказвае:

— Пакуль не было ў нас гэтага помніка з прозвішчамі ўсіх землякоў, што загінулі ў партызанах або на фронце, бабка тая ці іншая не ведала, дзе ён ляжыць, яе сынок. А цяпер нясе яму кветкі сюды.

* * *

Мой аўтограф Івану Драчу на «Золаку, убачаным здалёк»:

«Поэзия вся — в детстве. Для меня по крайней мере».

Працытаваўшы Вас, Іване Фёдаравіч, дадаю:

І для мяне — таксама.

* * *

З пастушынага фальклору:

«Ганем каровы дадому, не кажэм нікому,— маці есці наварыла, чым, чым забяліла? Жабу, жабу растаўкла. Хто першы акажацца — таму жабіна плеўка!..»

І маўчым, сцяўшы вусны, пакуль не выбухнем смехам.

* * *

Малазнаёмы, а расказаў мне на санаторнай праходцы, як у сорак першым годзе перад фронтам расстрэльвалі «баптыстаў», што не бралі зброі.

— Толькі адзін з іх млеў і крычаў... А потым мы, маладыя, ішлі строем у свае казармы, апусціўшы галовы...

* * *

У музеі славацкага невялікага гарадка:

 

Boze mój, otce mój

z vysokeho nieba,

ked si mi dal zuby,

daj ze mi aj chleba!

 

* * *

Гумар без смеху:

«Свацця мая такая ўжо згорбленая, што як памрэ, дык і не выпрастаць будзе. Хоць ты ў цэбры яе хавай».

* * *

Маладыя з загса едуць дзе да Вечнага агню, дзе да магілы Льва Талстога... А ў Нарыльску — у прафілакторый, да мядзведзіцы Машкі, якую там пояць шампанскім. Нап’ецца і ляжыць, спіць, ачмурэлая.

Такую мы яе і засталі — пасля чарговых вясельнікаў.

* * *

У нас на сіфіліс кажуць пранцы, а ў палякаў, у Кялеччыне, ён франса.

Пры панскай Польшчы там таксама калолі запалкі на чатыры часткі.

* * *

У гарадку мужчына зайшоў у аўтобус — такі здаровы ды сыты, што адразу ўявілася, як ён сам выгадаваў, сам закалоў і сам з’еў доб-ра-га парсюка.

* * *

Спозненыя маладажоны — яму сорак пяць, ёй трыццаць шэсць. Адзін пакойчык. А толькі распісаліся — шусь у хату ягоная маці. З вёскі, пасварыўшыся са сваім дзедам. Надоўга да іх — бо з валёнкамі ўлетку. Дачакалася бедная дзяўчына сямейнага шчасця!.. Бо ён ужо быў жанатым да яе.

* * *

Вясёлая Клаўдзя Каліна расказвала:

— Мая старэнькая мама гаворыць пра сябе: «Я салдат шаснаццатай роты». Такая няросленькая. Усё жыццё яна з маім татам за ручку і прайшлі. Ён ёй Косцік, яна яму Надзька. І аднагодкі, толькі ж ён памёр у семдзесят пяць, а ёй цяпер восемдзесят, і ўжо зусім слабенькая. Але як што, дык і скажа: «Ідзі ты, дочка, ведаеш...» Або: «Закруці той гэз,— газ, значыцца,— а то гнілой капустай смярдзіць!..»

* * *

Як гэта дзіўна, горка,— гледзячы даўнія фотаздымкі, ведаць, усведамляць, што з гэтых мілых дзетак хлопчык стаў алкаголікам, дзяўчынка патаскухай...

* * *

Адзін з траіх дзяцей, што ўсе «выйшлі ў людзі», старэйшы сын, дырэктар тэхнікума ў далёкім горадзе, заязджае ў жончыну вёску, а ў сваю, толькі за тры кіламетры, не хоча, кажа, што не можа.

Бацька быў гаспадар, усё было ў поўным ладзе. Але бацькоў ужо даўнавата няма, хату купілі чужыя прыблуды і вельмі ж усё запусцілі...

* * *

П’яны сусед пасля бяседы кавэнчыць каля парога перад гаспадыняй:

— Дай буську, тады і пайду!

А яна, пры мужыку і іншых мужчынах, смяецца:

— От я табе зараз чапялы як дам — адразу выскачыш!..

* * *

Алесь Адамовіч па тэлефоне, вярнуўшыся з падарожжа:

— Палез у Волгу, а ўжо холадна было, і вось хварэю.

Я:

— А толькі ж пісаў, што ў пісьменнікаў найбольш цэніш розум.

Смяемся.

* * *

Пятро Глебка, Мікола Ворвулеў і я гасцявалі вясной пяцьдзесят чацвёртага ў сям’і Багдана Чалага, у доміку ў садзе, на ўскраіне Кіева. Калі на ўтульным дворыку пачаліся танцы, Ворвулеву не хапіла партнёркі. Ён пакланіўся таўшчэзнай, вясёлай Багданавай бабусі, пачаў угаворваць яе: «Вы сабе стойце, а я буду каля вас укругаля!» І так у іх пайшло: яна дабрадушна смяялася на адным месцы, а ён пацэтна вытанцоўваў кругам.

Пасля таго, як цешыў нас сваім магутным голасам у песнях — украінскіх і нашых.

Ужо і яго, Міколы, больш за трыццаць гадоў няма, і танцы тыя богведама калі былі, а светла помніцца.

* * *

Да электрычкі, сустрэць мяне, «іхняга дэпутата», на машыне з пасёлка прыехала маладая настаўніца, што «ведае госця ў твар», бо мы ўжо аднойчы бачыліся.

У дарозе, дваццаць пяць кіламетраў, пагаварылі. Восем год была замужам, пяты год удавою, а сама яшчэ як маладзічка. Румяная, акуратная, сціплая. Гадуючы двое дзяцей...

І не сказала мне, іншыя потым сказалі, як яе муж памёр. Упаў у калодзеж, задалёка перахіліўшыся. Нецвярозы.

Таму, вядома, і не сказала. Такая культурна-прыязная.

* * *

Вядомы медык, інтэлігентны Танкаў сваяк расказвае мне ў дарозе, як на Максімавым юбілеі яму прыйшлося сядзець на банкеце побач з сакратаром ЦК па справах ідэалогіі.

— Звярнуўся я да яго: «Вось вы кажаце, што ён вялікі паэт. Дык разгрузіце ж вы яго ад лішніх службовых ды грамадскіх абавязкаў,— хай больш піша!» Ветліва так сказаў, а сакратар, панура памаўчаўшы: «Нам нужен Танк такой, какой он есть!..»

Дзівіцца гэты сваяк — прафесар, доктар медыцыны,— што Максім зусім сур’ёзна гаворыць пра сваё сацыялістычнае геройства — як пра аванс, які яму трэба яшчэ адрабляць.

— Дарагі мой,— кажу яму,— авансаў у нас не даюць!..

* * *

«Маскоўская бабця», як яна сама сябе называе, мая выпадковая, ліпкая карэспандэнтка, абруселая ганарлівая полька, якую я, як гаворыцца, і ў вочы ні разу не бачыў. Просіць кніжак, пасылаю.

І вось, пасля яе чарговага пенсійна-вольнага пісьма, з какетліва-недарэчнымі заўвагамі «шэптам» (яе слова), успомніў я другую бабцю, беларускую, з раённага гарадка. Сувязная майго сябра-партызана, калі мы разам у яго абедалі, прыстае да гаспадара з недаедзенай бульбай-пюрэ са свае талеркі — з поўнай упэўненасцю, што гэта яму павінна быць прыемна...

* * *

Колішні партызан-сэрцаед, а цяпер стары валацуга. Завітаў у пасёлачак і пачаў падладжвацца да ўдавы, колішняй знаёмай дзяўчыны, каб ім цяпер сысціся. Першая «гаспадарская» прапанова — карову прадаць. Разлік вельмі просты — і пра сена не трэба будзе думаць, і грошы будуць на першы пачатак. А далей ужо славутае «Бог — бацька».

Яшчэ адно нікчэмнае «перекати-поле», якога і я памятаю — у п’яную прысядку, з трыма гадзіннікамі: два на руцэ, а трэці ў кішэньцы, з выпушчаным ланцужком. Цяпер ён пры гальштуку, пад капялюшам. І гаварыць нам няма пра што...

* * *

Каля сядзібы на далёкім водшыбе ад пасёлка — многа толькі што наколатых альховых дроў, чырванаватых на зрэзе. На добрым полымі, што вельмі дарэчы халоднай раніцай, грэецца чорны кацёл пад накрыўкай, з-пад якое відно, як варацца яблыкі свінням. Побач чародка белых курэй. Сабака, нейкі аж надта будзённы, сустрэў мяне леным брэхам, а цяпер маўчыць. Гаспадыня пачулася здалёк ад ганка. Прывітанне і расказ пра новы клопат:

— Каршун во пеўня прыбіў. Дарэзала.

Голы певень ляжыць у вялікай місе.

— Куры да Нёмана ідуць, а ён сядзе на дрэве і цікуе, ліха яму, чакае. Ледзьве адабрала.

Добра пагрэцца гутаркай. І я кажу:

— Трэба было і каршуна сюды. Удвух аскубсці.

Яна прымае маё:

— Калі ж стрэльбы няма...

Найлепшая ў вёсцы рыбачка, яна, чаго добрага, і са стрэльбай справілася б.

Як і многія цяпер, прапануе ўзяць яблыкаў — во, кошычак ці вядро. Дзякую, адмаўляюся, і прыемна думаецца, што яна гэта не ад вельмі шчодрай сёлета садавіны, але і ад сваёй дабрадушнай гасціннасці.

Пайшоў далей, па сцежцы над Нёманам, пад дубамі.

* * *

Успамінаецца сяды-тады, як Ігар Шклярэўскі ў маскоўскім ЦДЛ, Цэнтральным Доме літаратараў, па-зямляцку прысеўшы да стала, дзе я абедаў, загаварыў пра сваю любоў да Броўкі:

— Ён адзін зрабіў больш за ўсіх вас там, разам узятых. Я яму на пахаванне кветкі вазіў, а я не кожнаму павязу!..

Трэба было, як потым падумалася, сказаць яму:

— Ах, Ігар Іванавіч, а я ж так спадзяваўся!.. Тым больш што прычына той яго закаханасці амаль адразу ж і выявілася:

— Ён мне кватэру даў!..

Калі дзяжурыў там, у Маскве, як сакратар Саюза пісьменнікаў СССР.

* * *

Як нечакана і як прыемна было заўважыць у гушчары дваццатага тома Поўнага збору твораў Дастаеўскага выказванне, якое, чаго добрага, упершыню вось будзе перакладзена на нашу мову: «Усякая здаровая і зямная сіла верыць у самую сябе і ў сваю праўду, і гэта найпершая адзнака здароўя народнага. Гэтая народная вера ў сябе і ва ўласныя сілы — зусім не застой, а, наадварот, залог жыццёвасці і энергіі жыцця і аніяк не выключае прагрэсу і вялікага поспеху. Без гэтай веры ў саміх сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не выратаваў бы сябе ніколі».

* * *

Трыццаць чацвёрты год пайшоў, а памятаецца сентыментальна-рамантычная руская дамачка, што пісьмы нам пісала даволі доўга пасля знаёмства ў гагрынскім Доме творчасці. І муж яе памятаецца, маўклівы лейтэнант, што быў у Мінску ў камандзіроўцы, пазваніў ды зайшоў. Выпіў, пераначаваў, пазычыў сто рублёў — і «был таков». Можа, яшчэ і рады быў,— рэаліст!..

* * *

А чым не тыпы тыя молада-тлустыя браты, што, закончыўшы вучылішча на скульптараў, халтураць на помніках? Добра мяне памарочыўшы, добра ўзяўшы, на развітанне запрашалі прыязджаць і потым... Калі мы ездзілі з Анікейчыкам глядзець на «палігоне» валун для Караткевіча, яны зноў «ветліва» спыталіся, чаму я так доўга не быў...

* * *

Мікалаеўскія грошы. Наша маці хавала іх ад унучкі, якая выкрадала з яе старога куфра тыя прыгожыя паперкі, каб пазабаўляцца. Праз чвэртку веку пасля рэвалюцыі. Няўжо ўсё верыла, нястомная векавая руплівіца, што «яшчэ пойдуць»?

Нарачанскі кульгавы дзядок, пан Яцына, з турыста-нумізмата патрабаваў рубель за злоты: «Едын за едын!..» Бо столькі ж укладзена працы і ў тыя, польскія паперкі!

Мама пра бацьку нашага гаварыла: «На ўсё разумны быў, а вось на золата не памяняў тады, у Адэсе, пазапіхаў паперкі ў бутэльку ды сургучом заляпіў...»

* * *

Танк нядаўна расказваў, што Лужаніна калісьці білі не так за навершаванае ў «Вожыку» («Была ў сабакі хата»), а таму, што Панамарэнка на адным вожыкаўскім малюнку ўбачыў як быццам самога сябе на трыбуне стадыёна і яму здалося, што гэта падкарыкатурылі яго. Зрабілі з Лужаніна «беларускага Зошчанку». Яшчэ больш адпаведна: Агняцвет — «беларуская Ахматава».

* * *

Васілій Бялоў з трыбуны ўсесаюзнага пісьменніцкага з’езда, з найвышэйшай, з крамлёўскай трыбуны сказаў, што яму як рускаму зусім не патрэбна, каб была адна толькі мова для ўсіх,— «это было бы очень скучно...».

* * *

«Здохнеш сам, і дзеці будуць хварэць!..» — так бабы крычалі на таго, што прыйшоў узарваць у іхняй вёсцы спрадвечны валун. І не далі.

* * *

Адзін з начальнікаў на нашым радыё, журналіст старое вывучкі, не хацеў калісьці дазволіць пастаноўку маёй «Галі».

— Нет никакой современности. Тракторист и тот только под конец появляется...

* * *

Пажылая прыбіральшчыца ў літфондаўскай паліклініцы глядзіць, як тэрапеўт і медсястра вяла збіраюцца ехаць па хуткім выкліку, а потым проста, па-народнаму:

— Ды едзьце ж вы ўжо! Бо дзед той сканае, не дачакаўшыся!..

Сюды ж — пытанне пры кожным выкліку «хуткай» па тэлефоне: «Колькі гадоў хвораму?» З падтэкстам. Які быў і ў пытаннях змрочнага прафесара да мяне: «Колькі гадоў?» Разоў са тры спытаўся на аглядах маёй нагі, ажно хацелася адказаць пытаннем: «А вам колькі?» Хоць і відно, што не стары, як я.

* * *

Два дажджлівыя дні, а потым распагодзілася. І я здзівіўся радасна, што за гэты час у цёмна-зялёным, лапушыстым жыце насторчылася процьма свежанькіх каласоў.

* * *

Нізкае ранняе сонца асвяціла граду сасняку, што стаіць пры палявой дарозе. Меднастволыя — правільна гэта, бо і ствалы, і таўсцейшыя галіны бачацца здалёк, цераз жыта, іменна такімі, нават з медным побліскам. Яшчэ больш — ад ствалоў і голля медны водсвет ідзе і на ігліцу.

* * *

Прывезенага мамай з горада на дачу Ёжку, лялечна-чалавекападобнага вожыка, малыя сястра і брацік усцешана абнасілі па ўсіх пакоях, бо ён, іхні зімовы друг, тут упершыню. Зайшлі ў найменшы:

— А тут жыве твая прабабулька!..

* * *

Намеснік міністра знешняга гандлю атрымаў трынаццаць гадоў турмы, бо «зарабіў» на сваёй пасадзе 127 тысяч рублёў. Жоначка ўзначальвала нейкі блізкі да мужавай службы аддзел і аказалася больш руплівай: «зарабіла» 322 тысячы рублёў. Адзінаццаць гадоў турмы.

Колькі людзей, чытаючы такое, падумае: «Дык мы ж, у параўнанні з вамі, якія намі кіруюць, проста святыя!..»

* * *

Пагодлівым кастрычнікам пяцьдзесят чацвёртага года я частаваў Шамякіна і Макаёнка Наваградчынай. На новай, ці не першай у маладых пісьменнікаў, Андрэевай «Победе», з саюзным шафёрам за рулём.

У Наваградку мы зайшлі ў сталовую. Іван, нядаўна выбраны на з’ездзе намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, уваходзіў трэцім. Спыніўся на парозе, прынюхаўся і спытаўся ў бліжэйшых за сталамі:

— У вас тут, у горадзе, нічога лепшага няма?

Усё-такі мы паабедалі там, а потым, на скверыку, Андрэй, па-свойму горача і проста, накінуўся на Івана:

— Калі ты стаў такім панам? Даўно ты дзяцей на печы рабіў?..

Можа, таму, што мы былі крыху ўзяўшы, Іван ледзь не расплакаўся:

— Я вас люблю, а вы мяне тут...

Тады ён быў яшчэ ранімы.

Мы з Андрэем нават цішком змаўляліся купіць яму на дзень нараджэння спартыўную «кабылу», зацягнуць на ягоны пяты паверх — няхай зганяе свой пачатак панства. Але не вытрымалі да студзеня, прагаварыліся і падарунка гэтага не купілі.

Андрэй быў тады таксама ў першай славе. Пасля фельетонаў у «Вожыку» і сякіх-такіх аднаактовак добра пайшло сатырычнае, «Выбачайце, калі ласка!». Прымерваўся і на яшчэ вастрэйшае. А сам быў просты, свойскі, вясёлы.

Потым яны з Іванам спакваля зрасліся ў светапоглядзе, як сіямскія блізнюкі. Папулярнасць робіць сваё.

Згадаю толькі падарожнае.

Увосень семдзесят трэцяга, калі нас, тры вялікія аўтобусы работнікаў культуры, вазілі па Віцебшчыне, натхняючы калгаснай паказухай, на кожным прыпынку, дзе нас да непрыстойнасці святочна віталі хлебам-соллю, «блізнюкі» вылучаліся вельмі выразна, смеху сяброўскага ці намёкаў не заўважаючы. Ніхто не паспяваў раней за іх выйсці з першага аўтобуса, прыняць, пацалаваць той каравай. Нават яшчэ і пыталіся ў асцюдзянелых ад доўгага чакання бедных піянерчыкаў ды ў адарваных ад працы, пераапранутых, як на канцэрт, дзяўчат і маладзіц, ці ведаюць яны, хто перад імі,— пыталіся адзін пра аднаго...

Нават сатырыка можна давесці да такога росквіту.

Ды што хацець, калі на Андрэевым юбілеі прывітанне ЦК партыі чыталася так: «Наш дорогой, уважаемый...», а тады, адарваўшыся ад паперы: «...я сказал бы: наш обожаемый Андрей Егорович!..»

Обожаемый начальствам сатырык — з’ява, трэба сказаць, унікальна-гістарычная. Адзнака доўгага перыяду застою, пра які мы сёння ўжо гаворым. Як-ніяк, а другі год перабудовы.

* * *

На пісьменніцкім з’ездзе ў шэсцьдзесят шостым годзе старшынёй падліковай камісіі быў абраны Алесь Бачыла. Потым расказваў, як адзін памяркоўна-ціхманы саюзапісьменніцкі чыноўнік сам-насам, па службе ўгаворваў яго замяніць Броўку трыццаць бюлетэняў з адзнакай «супраць» — на чыстыя. Каб не Алесь, а яшчэ адзін паслухмяны рахманец, дык і зрабілася б так.

Пасля ў пакой, дзе працавала падліковая камісія, ткнуўся сам загадчык аддзела культуры ЦК партыі, відаць, з падобным намерам. Але Бачыла папрасіў яго, як старонняга, выйсці. Што яму, вядома ж, у далейшым не забылася.

Пазней на нашых з’ездах — асабліва ў 76-м і ў 81-м — над такімі камісіямі добраахвотна віселі сам сакратар ЦК па ідэалогіі і два прыдворныя веселуны, Празаік і Драматург. Таварыш сакратар браў на сябе права праводзіць першы пленум толькі што абранага праўлення асабіста, замест новага старшыні праўлення, як належыцца па статуце, сам называў кандыдатуры загадзя зверху намечаных сакратароў ды членаў прэзідыума. І супраць яго ніхто не асмельваўся ці не хацеў выступаць — тут жа славутая думка «адтуль»!..

* * *

Такое трэба забыць, выкрасліць з памяці, а яно ўсё жыве там...

Два нашы і прыезджы госць запрасілі мяне па тэлефоне ў гасцініцу, дзе яны святкавалі сустрэчу. Пайшоў, стары дурань, бо гэта ж добрыя хлопцы, таленавітыя, бо з моладдзю добра і трэба дружыць.

Свае яшчэ трохі трымаліся на нагах, а госць, колькі яго ні адмочвалі пад халодным душам, так з тое ванны і не выйшаў...

І яшчэ:

Маскоўскі медык паглядзеў там, у сталіцы, спектакль па нашай п’есе, выпадкова даведаўся, што аўтар на адным з ім курорце, спецыяльна знайшоў яго і наведаў. А потым скардзіўся мне:

— Пагаварыць хацелася, падзякаваць, а ён і лыка не вяжа. І дзве бойкія бабы пры ім смярдзяць перагарам...

Такое трэба забыць, ахоўваючы памяць таленавітых. І так жа нямала гэтага, што трэба ўтойваць!

* * *

Пасля мюнхенскай змовы 1938 года Польшчу ў Заходняй Еўропе называлі шакалам Германіі. Пішуць пра гэта — самі палякі. («Пшэглёнд тыгоднёвы», 7. VI.1987 г.) Трэба вучыцца такому позірку на сваю гісторыю.

* * *

Маладзенькіх герояў скідзельскага падполля вешаць прывезлі ў родны гарадок.

Маці аднаго з іх, пакуль дабегла з дому на плошчу, ссівела.

* * *

Схематычная, з псіхалагічнымі праваламі аповесць — нібы адзін каркас, якія прыязныя крытыкі запоўняць у артыкулах сваімі домысламі.

* * *

Брэсцкі раён.

Перагружанасць вясковых дзіцячых садоў разьбою па дрэве. Заблудзіць можна малому паміж тымі фігурамі. І раскоша такая ўсюды, ужо ўсярэдзіне, што дзеці, чаго добрага, дахаты ўвечары дамоў ісці не хочуць.

Дома бацькам, хоцькі-няхоцькі, трэба падцягвацца да ўзроўню садзіка.

* * *

Старая, нямоглая Танкава Люба поле грады, а курортнікі ідуць нарачанскім берагам каля іхняй дачы — і гаспадыня чуе — гавораць:

— Во, наймічцы і выхаднога не даюць!

А потым і другое:

— Што вы, у яго ж толькі кухарак дзве!..

«Голас народа — голас божы».

Хоць і катарга ў гэтай бабулі Любові Андрэеўны з дзецьмі-ўнукамі-праўнукамі, хоць і дзеду, народнаму паэту-акадэміку, штодня хапае таўкатні на гаспадарцы. Апроч вершаў. Асноўная рабочая сіла — дзед і баба.

* * *

Раней і нам, і мы самі далдонілі пра ідэйнасць. Цяпер — пра праўду. А ў чым яна? І колькі яе можна?

Слухаючы даклад.

Што гаворыцца і што застаецца ў падтэксце?..

* * *

Бабка — прыбіральшчыца каля грамадскага туалета над ракою. Восьмае сакавіка, і я, праходзячы міма, кажу ёй:

— Са святам вас!

Яна, і рукой не махнуўшы на гэта, толькі з нейкай трохі ўсмешкай:

— Тут маё свята...

* * *

«Таварыш — Гаўнаварыш». Груба. Але і справядліва, калі пра чалавека пустога, які толькі што жыве, існуе, «варыць»...

* * *

У добрага ўкраінскага пісьменніка ў абласным цэнтры свой дом і цэлых пятнаццаць сотак саду-агарода. Паказвае нам, беларусам, свае любімыя дрэўцы, якія ўжо хораша родзяць.

— Гэтыя сліўкі заўтра можна будзе есці,— гаворыць ён гасцям, а ў падтэксце нам весела чуецца: калі вас не будзе...

* * *

Мой першы медаль, найпершая ўзнагарода — «За доблестный труд в годы Великой Отечественной войны». Я нават і калодачку купіў. А госць далёкі — нашмат старэйшы брат, выкладчык рабфака з Урала,— усміхнуўся і сказаў:

— У мяне такі самы ёсць, але я не нашу.

Пра калодачку.

Успомніў гэта смешнае пра самога сябе — нібы збоку. Ужо таксама нашмат старэйшы сёння за брата ў тыя пасляваенныя гады. І з правам на іншыя калодачкі, якіх так і не сабраўся дагэтуль набыць.

* * *

Пра акуратную гаспадыню хораша: «У яе кожны дзень — Вялікдзень!..»

І тым больш прыемна, што гаворыць гэта жанчына пра жанчыну.

* * *

Абедаем, і ён расказвае, як яны з Барысам арганізоўвалі ў недалёкіх Прылуках калгас. Сабралі сход, пачалі выступаць. А тут з двара: «Пажар!..» Усе хацелі рвануцца са школы, але Барыс выхапіў пісталет і да дзвярэй. Не выпусціў. Бо і пажару ніякага не было...

Успамінаў ён і пра «народную медыцыну». Як загнаў быў у партызанах застрамку ў вялікі палец на назе. Босаму на прывале прайсціся захацелася. А Шура дастаў яе зубамі, бо пальцамі было не ўхапіць, а потым памачыўся на ранку — для дэзінфекцыі.

І пра тое згадаў, як мы на саракагоддзі вызвалення нашага раёна лавілі ў «неманінах»-старыцах рыбу крыгай, а зачэрпалі ў зеллі бабра. Парваў нам сетку і ўцёк.

Вясковы настаўнік з Магілёўшчыны, пасля франтавы афіцэр, камандзір мінамётнай роты, у адзін час з пісьменнікам Уладзімірам Карпавым, потым Героем, кнігу якога «Полководец» нядаўна прачытаў, закончыў Ташкенцкае пяхотнае вучылішча, паўтара гады ваяваў, двойчы паранены. А ў партызанах быць камбрыгам не змог.

— Ніякай дысцыпліны! — усміхаецца мне.— Акурак на губе і мат за кожным словам. Ён, бачыш, і сам камандзір! І пакамандуй такімі!..

Напісаў рапарт камандзіру злучэння, і той паслаў яго ў другую брыгаду начальнікам штаба. Там мы яго і любілі за добры, людскі характар.

Не змог быць потым і старшынёю калгаса: «няма камандзірскай жылкі», «залішне мяккі»...

З далёкай Свіслачы быў у Міры ў сваячкі і, дзякуй яму, не паленаваўся наведаць мяне — за семнаццаць з гакам кіламетраў. І нам вось добра сядзіцца, гамоніцца то на верандзе, то пад ліпай. Яшчэ ўсё выглядам ён нагадвае мне сваю лясную спраўную маладосць, яшчэ ўсё хораша ўсміхаецца. Наш Міхась Маскалёў.

Успамінаю, як ён быў абнасіўся, ды так, што боты вось-вось папросяць кашы. Тыя, у якіх ён у групе прытопаў сюды з «Вялікай зямлі». Да нас, разведчыкаў, звярнуўся — з просьбай, не з загадам: «Хлопцы, памажыце». І прыйшлося дапамагчы. Зайшлі на хутары каля Міра ў ладную хату, а яны стаяць сабе ў кухні на зэдліку — і падмазаныя, і вушкі з халяваў тырчаць, і дзядзька такі ветлівы:

— Калі трэба, таварышы, дык трэба...

Дарэчы, з год перад гэтым таксама паехалі ў пушчу і мае юхтовыя, тыя, што брат заказаў мне пасля майго вяртання з палону, набор сабраўшы загадзя, калі мяне чакалі.

* * *

Малады празаік, ён жа і мастак, таксама з прэтэнзіямі на наватарства. Абмахвае сяк-так рэальнае жыццё вялізным веерам недаспелай абстрактнасцю выдумкі. Герой яго купіў сабе чырвоны капялюш і прайшоўся па пляжы. Ну і што? А нічога. Ні больш, ні лепшага.

* * *

Старая, што ў домакіраўніцтве ЦК партыі, дамагалася ветэранскага святочнага пайка, хоць і не мела на гэта дакументаў.

— Калі я працавала ў ЦК, з мяне даведак не патрабавалі!..

Праўда, сказала без клічніка, а ледзь не са слязьмі як быццам справядлівай крыўды.

* * *

Мікола Мікалаевіч Улашчык, «Была такая вёска».

Уражанне — сумесь цікава-значнага з пашанай,— нібы ты ў добра наладжаным скансене. Якія мне давялося бачыць каля Рыгі і каля Осла.

* * *

Ануар Алімджанаў у «Дружбе народов» піша пра яшчэ адну хрушчоўскую «навацыю»: у мусульманскім Казахстане — конска-свіная каўбаса з палітычна прыцэльнай назвай «Дружба».

* * *

Два царскія штабс-капітаны, у Турцы і ў Чыжыноўцах.

Турэцкага мне, вучню, даводзілася бачыць у царкве. У яшчэ нязношана-элегантным, светла-шэрым шынялі без пагонаў, у акулярах-пенснэ. А ў будзень неяк вёз ён гной, і пуга, збоку на возе ўваткнутая, неўпрыцям згубілася на брук. Наш сусед, вясёлы дзядзька Паўлюк, які і ў арміі царскай служыў, і вайну ўсю адваяваў, рады быў гэта заўважыць і гукнуць яму:

— Ваше благородие, шашку потеряли!..

Расказваў пра гэта ў нашай хаце і ўсмак рагатаў.

Чыжыноўскага штабс-капітана я бачыў часцей у полі, пры дарозе, за плугам ці бараной. Вечна непаголены, рыжы, зубаты, маўклівы, але з патаемнай усмешкай. Чытаючы ў Леніна, як пад канец першай сусветнай вайны быў выбіты афіцэрскі корпус царскай арміі і пачалі яго папаўняць з радавых або унтэраў, якія закончылі хоць бы «гарадское вучылішча», я якраз і ўспомніў яго.

Дарэчы, ён разам з маімі найстарэйшымі братамі закончыў «гарадское» ў Міры.

Пры немцах, калі ў жніўні сорак другога была аб’яўлена першая «беларуская» мабілізацыя, спроба стварыць нейкае войска, штабс-капітана знайшлі ў яго Чыжыноўцах (турэцкі быў ці застары, ці ўжо і памёр — не помніцца) і паставілі ў Міры раённым ваенкомам, здаецца, неяк інакш назваўшы гэтую пасаду.

Я спачатку па выкліку не з’явіўся і не думаў з’яўляцца, хаваўся, а потым пагутарыў з сябрам з акружэнцаў, які ўжо быў у партызанах і зайшоў перадняваць у нашым гумне,— параіліся, і я пайшоў у Мір — пасля ўсіх, крыху нават з трывогай.

Штабс-капітан, той самы вахлакаваты дзядзька Кастусь, пра спазненне нічога мне не сказаў. Такое ўражанне было, што ўсё гэта яму аніяк нецікава. А калі тая спроба мабілізацыі распалася, спадар ваенны начальнік зноў пешкі падаўся дахаты, зноў абрастаць ды маўчаць. Ці чапалі яго ў другую мабілізацыю, у сакавіку 1944-га, не памятаю. Але ж і не каралі потым, ён сабе ціха памёр у сваёй мнагадзетнай бядоце.

* * *

Яйкі ў адной цане, здаецца, роўненькія, а дамачка перабірае іх у «сотах» доўга, марудна. Чарга хвалюецца, пачынае абурацца. А яна:

— Чего вы все шумите? Теперь же все можно!..

Зноў жа пра перабудову, пра «дэмакратыю».

* * *

Чытаю ў палякаў, што ў дваццаць шостым, пасля «майскага перавароту», зладжанага Пілсудскім, у Варшаве было забіта чатырыста і паранена каля васьмісот.

А ў «Лодзінскім выдавецтве» патрыёт-рэдактар Хрусцялеўскі выкрасліў з майго «Сонечнага зайчыка», без усякага ўзгаднення з аўтарам, завочна, пра тое, як адзін з пажылых падафіцэраў успамінаў пры мне ў палоне расстрэл каля варшаўскай цытадэлі бунтароў-падхаронжых.

— Чатыры кулі, проша вас, у адну патыліцу. А хлопцы ўсе маладыя, чубатыя. Як жарнем, дык валасы і закрылі ўвесь твар!..

Трэба думаць, што сярод тых чатырохсот забітых такія бунтары былі.

* * *

Пастушынае ўспамінаецца. Адзін есць яблыка, а другі: «Дай укусіць». Да самых зярнят ў асяродку дагрызуцца на змену, і аніякай грэблівасці.

А жабу ў рот узяць за заднія лапкі — у заклад на карабок запалак?

* * *

Самой ужо добра за пяцьдзесят, а гаворыць са мною, яшчэ вунь як старэйшым, і вось нібы сарамліва паправіла на каленях, седзячы на ўслончыку, свой халацік на голых каленях. Спрацаваная, затурканая, а — жанчына...

* * *

У канцы трыццаць дзевятага, на чарговай сустрэчы з нейкім упаўнаважаным, дзядзька Паўлюк спытаўся ў яго:

— А колькі ж стаханавец скошвае за дзень?

Той, разгублена:

— Ну, видимо, соток двадцать, тридцать...

— Тады закройцеся вы, таварыш, са сваім стаханаўцам — мы скошваем па паўгектара!..

Людзі нашы былі яшчэ непалоханыя.

* * *

У пяцьдзесят сёмым годзе арыштаванага за «белорусский национализм» Барыса Ржэўскага, майго партызанскага сябра, выкладчыка гродзенскага педінстытута, следчы, спакойна-сыты яўрэй, на ўсе Барысавы шчыра-гарачыя словы пра чалавечае права на родную мову з усмешкай пытаўся:

— Кому это нужно?

Той гаворыць, каб яшчэ больш пераканальна, а ў адказ усмешачка і зноў сыта-спакойнае:

— Кому это нужно?..

* * *

Шасцідзесяцігадовая жонка, шчодра поўная і энергічная, пра свайго хварабліва-нягеглага мужа-юбіляра, якому семдзесят пяць:

— Я купалась в его ласках!..

І на сходзе ў вучылішчы так, і дома потым, на цесным застоллі.

Ён цярпліва маўчыць, нават не ўсміхаючыся. А я ўспамінаю, як ён мне неаднойчы скардзіўся, што жыцця няма з-за яе хвараблівай рэўнасці.

* * *

На юбілейнай вячэры ў райцэнтры абруселая дамачка цераз стол:

— Иван Антонович, ведь в Белоруссии националистов нет? Правда ведь, нет?

— Ёсць,— адказваю.— Толькі, на жаль, малавата.

Назавём іх, патрыётаў, так.

* * *

Падумалася пра красу тых мясцінаў на Беларусі і на ўсім свеце, у якіх я не буду...

* * *

Пасляваенны расказ паэта Дзімы Кавалёва, як яны, група паўночных марачкоў, не маглі прабіцца ў кінатэатр. І прыдумалі выхад — усе ордэны і медалі, якія ў каго былі, начапілі аднаму, і ён, ушчэнт абвешаны ўзнагародамі, важна прайшоў да касы і, на вачах усёй здзіўленай чаргі, узяў білеты, колькі іх трэба было.

Можа, і зусім не нова гэта, як выдумка. Ды мне помніцца перш за ўсё Дзімаў смех — шыракарота-хлапчукоўскі.

* * *

Бабулі за восемдзесят, і шкада яе, і не надта прыемна слухаць, а яна расказвае выпадковай, інтэлігентнай суседцы ў міжгароднім аўтобусе пра свайго мужыка:

— Ён у мяне другі. На сем гадоў малодшы. Нічога дрэннага не скажу. І бульбы намые, і чыгун паставіць на прыпек. Глядзіць мяне. А тады гэта, ведаеце, хоча, каб я пад яго ішла. А мне ўжо яно і не трэба...

* * *

Злосны шэпт над магілай, у якую апушчана труна:

— Куды ж вы ўжо сыплеце тымі жменямі пясок?! Бацюшка ж яшчэ магілу не запячатываў!.. Божа, які дурны народ пайшоў!..

Папу далі рыдлёўку, ён намеціў ёю крыжыкі з усіх чатырох бакоў ямы — магіла ўжо і «запячатавана».

Сучаснікам трэба каму вучыцца, а каму і перавучвацца. А той, што шэпча, і зверху нарэшце пабыць.

* * *

Тое, што значна пазней стала ў «Птушках і гнёздах» скарочаным раздзелам пра маленства («Падарожжа ў найлепшае»), напісана было ў сорак трэцім годзе. Пасля вайны я хацеў гэта выдаць у асобнай кніжыцы па дзіцячай рэдакцыі. Яе спаважны, акулярысты загадчык даў мой рукапіс на «закрытую» рэцэнзію памочніку сакратара ЦК партыі, вядомаму п’яніцы і бабніку. Рэцэнзія тая, літаральна палавіна старонкі машынапісу, была мне паказана і нават растлумачана самім румяным рэцэнзентам. Прычэпка толькі ў двух месцах — да слоў «стаў ракам», а ў іншым месцы «напёр», пра якія ён, заслінена смеючыся, выклаў свой сэнс.

— Нічога, ты чалавек здольны, напішаш яшчэ!..— такая пацеха на будучыню. А ён сваё ўзяў адразу.

З першай кнігі маіх апавяданняў той раздзел-апавяданне пад назвай «Маленства» зняла цэнзура. Там у мяне бацька, нядаўні чыгуначнік, прыехаўшы з лесу, у адказ на сыночкаў стук у акно і крык радасці, прыціснуўся да шыбы з двара сваёй старой адэскай каракулевай шапкай.

— Что, у крестьян в Западной Белоруссии были каракулевые шапки?! — абурылася цэнзарка.

І так вучылі нас пісаць.

* * *

Каля вялізнай стадолы «шпікняра», гандлярскага свірна збожжам, злосны яўрэй Касмай, гаспадар стадолы, тузаецца з наравістым канём, які не даецца ў аброць. Нашы загорскія мужчыны стаяць паблізу, спыніліся, ідучы ў царкву, пагаманіць са знаёмымі з іншых вёсак. Вусаты, ганарысты Данька, унтэр з царскай арміі, гаворыць Касмаю: «Взнуздай его, взнуздай!» Выразна задаволены веданнем гэтага слова. Той «взнуздал», нарэшце, і спытаўся: «Вы, видимо, жили в городе?» — «Да, жил»,— адказаў наш вусач, нічога не падазраючы. А Касмай, яшчэ ўсё чагосьці злосны: «И я тоже там жил, и таких дураков, как вы, видал очень много!..» І пайшоў.

Даўнюю гэтую сцэнку, расказаную мне старэйшым братам, я днямі прыгадаў, пачуўшы ад N. пра іхняга лацініста. І я ж знаёмы з ім, вітаемся пры сустрэчы. Неяк нават ён расказаў мне, што бацька яго, на былой Станіслаўшчыне, дружыў з навелістам Стэфанікам. А сам ён закончыў Кракаўскі універсітэт. Дык вось у яго разам з маёю N. вучыўся, паступіўшы па блату, цераз сястру-выкладчыцу, кучаравы здаравіла, безнадзейна тупы Калупан. Глядзіць на яго нярослы выкладчык свяшчэннай лаціны і кажа:

— И что я скажу вам, Калупан. У нас с моей женой, к большому сожалению, нет детей. Мы так горюем от этого! Но как только я подумаю, что они у нас были бы, и что они пошли бы в школу, и что у них учителем были бы вы, Калупан, так мне становится легче, что их у нас нет...

Два прыклады яўрэйскага гумару — местачковага і сталічнага.

* * *

Сын аднаго з нашых пісьменнікаў, былы «афганец», перад тэлевізарам. Там пакалечаныя афганскія дзеці. І хлопец расплакаўся:

— Я ж быў мінёрам!.. Можа, і гэта мая работа!..

* * *

«Гуртам добра і тату біць».

П’яніца і лайдак часта біў жонку. І вось сыны падняліся і так нядаўна ўтраіх з мамай аддубасілі бацьку, што ён адразу хораша пацішэў.

І што ты зробіш з гэтым фальклорам!..

* * *

З кожнай бліжэйшай вёскай звязаны нейкі мясцовы фальклор.

Праязджаючы каля Залужжа, якое, цераз Мір, васемнаццаць кіламетраў ад нашага Загора, успамінаю часам такое:

Як старая дзеўка Адара выйшла замуж у гэтую вёску, але неўзабаве вярнулася, нават уцякла. Калі бацькі яе пасля сватання ездзілі на «гледзіны», жаніх той папераварочваў у свіронку «пасы», вялікія бочкі на збожжа, дагары дном і на донцы панасыпаў дзе жыта, дзе ячменю, дзе пшаніцы. А потым аказалася, што ён і гультай, і жулік, і, ад гэтага, галадранец...

Другое, што ўспамінаецца,— псаломшчык, дзіўнагалосы ды мнагадзетны, барадаценькі Шыбут, якога ў Залужжа перавялі з Турца. Неяк зімою ў трыццаць чацвёртым годзе мы разам з ім ішлі ад Загора да Міра, адзін за адным узбоччам гасцінца, і ён, голас якога змалку хваляваў мяне, школьніка, у царкве (маці мая пра той тэнар: «Ліецца, як вална »), ён мне, ужо як даросламу, нягучна скардзіўся, ідучы спераду, на долю:

— Как заяц, бегаю вот по снегу!..

Гэта я нават тады запісаў у адным з тых сшыткаў, якія ў вайну прапалі.

І яшчэ адно — на ўзгорку, трохі наводшыбе ад Залужжа, стаяў перад вайной вятрак, які пасля камусьці спатрэбілася зняць. А з памяці — не вымеш.

* * *

Надзяваючы наручны гадзіннік, як апошні штрых ранішняга туалета: «Вось і запрогся на новы дзень!»

* * *

«Ці з вашых, ці з нашых — як слаб, то слаб!» — з маленства чутае ад местачковых яўрэяў.

* * *

Прачытаўшы, што N. на восьмым дзесятку выйшаў з партыі, смешна падумалася: колькі ўсяго ўсялякага ён набраў ад яе?! Лаўрэацтва, геройства, акадэмічнасць, прэзідыумы, замежныя паездкі, бясконцыя выданні! Пара і адпачыць. З удзячнасцю?..

* * *

Ілья Гурскі, спачатку драматург, пасля празаік, таксама без поспеху, стомлена-флегматычна абараняўся ад крытыкі:

— Ат, хлопцы, усе мы добра пішам!..

Бадай што так яно ў нечым у нас і сёння.

* * *

«А гэта ў іх адна сральня!» Зноў жа груба па-народнаму, у сэнсе — адно кодла. «В Москве необходимо прежде всего иметь свое кодло!» — першае, што ўцяміў, перабраўшыся туды, адзін з нашых «рускамоўных».

* * *

На юбілейным банкеце, у прасторнай зале прыёмаў гасцініцы «Беларусь» пачаліся танцы. Ансамбль «Купалінка» выступаў перад гэтым, быў, так сказаць, на працы. Пасля артыстам прапанавалі перакусіць каля стала (фуршэт), вядома ж, і прыгубіць. Адтуль хтосьці запрасіў бойка галасістую артыстачку на вальс.

Пасля рабочага спявання ды бясконцага выбівання чачоткі яна святочна расслабілася і, хораша адкінуўшыся торсам на руку кавалера, так свабодна і лёгка пайшла ў сваім палескім нацыянальным касцюме пад слаўную мелодыю «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы!..», што вось і помніцца мне, час ад часу міжволі бачыцца, ужо больш за год.

* * *

Унуку толькі дзевяць гадоў, а ўспамінае з паблажлівым смехам, як ён тады, калі быў малы, маляваў чалавека і спытаўся ў мяне: як гэта вусы — над губою ці пад губою?

* * *

Тарбахвацтва кіношнікаў.

Алесь Адамовіч расказваў, як на здымках фільма па яго раманах падвяла даччына тэлеграма, колькі той дзень нараджэння каштаваў яму — на такую кампанію! — цяля і скрынка гарэлкі. А карціна ўсё роўна выйшла слабая.

Збіраючы матэрыял для кнігі «Я з вогненнай вёскі...», мы за чатыры гады разоў са тры згадзіліся ў людзей на перакуску. А Віктар Дашук, зняўшы тое, што нам расказвала Вольга Мініч, заказаў ёй — «для карціны»! — цэлую трызну: доўгі стол з вульгарнымі паўлітрамі і шчодрай вясковай закускай.

* * *

Зноў прыгадаўся бяздарны і напышлівы А. С., з яго пасляваеннай кіраўскай янотавай «шубай»,— як ён у выдавецкай бухгалтэрыі ідзе да касы без чаргі, а Толя Вялюгін гучна кажа:

— Во як, чрез головы поэтов и правительств!..

Бо ў чарзе той былі і народныя, і дэпутаты. А ў яго ўсяго тых «творчых» заслугаў, што з пасады інструктара ЦК партыі быў прысланы ў Саюз пісьменнікаў перад вайной, каб лячыць нашу недабітую літаратуру ад «нацдэмаўскага ахвосця» — так пісаў ён пра гэта ў «Літаратуры і мастацтве».

* * *

Часта ўспамінаецца зімовая ноч, калі партызаны грамілі загорскую самаахову. Як пятнаццацігадовы суседаў сын крычаў у цемру: «Та-та-а!!», не ведаючы, куды падаўся або дзе апынуўся бацька, з паліцыяй ён ці з партызанамі, і куды ж дзявацца яму, падлетку, калі яшчэ і мама, і меншых трое, якія ад страляніны пахаваліся ў пагрэбніку...

Забіты салдат пры дарозе, няхай сабе і нямецкі, які цяпер, у маім уяўленні, калі і мой сын у прыблізна такім узросце, выглядае зусім інакш...

Як я «расту» ў сваёй любові да хлопчыкаў, хлапчукоў ды хлопцаў — па меры таго, як расце, сталее мой сын. Народнае: «Выгадуеш свайго — паглядзіш!..»

* * *

Прыязна ўсмешлівы Іосіф Варановіч, аграном яшчэ дарэвалюцыйнай вывучкі, да якога я прыехаў у былы «Кашчычаў двор», не зусім разбураны вайной магнацкі маёнтак, ператвораны ў сядзібу МТС. Прыехаў — каб напісаць для «Правды», па заказу, нарыс пра новае пасля славутага вераснёўскага пленума пяцьдзесят трэцяга года. Былі цікавыя гутаркі з ім, а таксама з найлепшым трактарыстам, Каціным Шурай з нашага Загора, нядаўнім франтавіком, сціплым хлапчынай з працавітай вялікай сям’і.

Нарыс, як мне пасля пазванілі з рэдакцыі, «удаўся», аднак я «сёмы ў чарзе, у якой нават Максім Рыльскі». Падзеі тады, у першую паслясталінскую адлігу, нагрувашчваліся адна на адну вельмі хутка. І неўзабаве мне знаёмы праўдзінец прыслаў карэктурны адбітак нарыса, які, «на жаль, не паспелі выкарыстаць». Няёмка было перад Варановічам, а яшчэ больш перад Шурам, сябрам маладосці, і той адбітак я паслаў яму. Пазней, сустрэўшыся з ім, спытаўся, ці атрымаў, а ён, не надта разумеючы маё тлумачэнне, спытаўся з яшчэ ўсё свежым недаўменнем:

— А чаму ж гэта, Ваня, напячатана толькі на адным баку?

Ён, Шура,— бацька майго маладога сябра, артыста і паэта Пятра Ламана, з якім мы нядаўна хораша пасмяяліся, успомніўшы тое недаўменне.

* * *

Майсей, прыемны мірскі жыдок, які на працягу многіх гадоў неаднойчы купляў у нас то цяля, то быка, перад гэтым доўга і пацэтна для мяне, хлапчука, таргуючыся са старэйшым братам Мікалаем. Сустрэў мяне пасля ўцёкаў з палону, увосень сорак першага, і ледзь не шэптам пытаўся, што з імі будзе — з яўрэямі? Як быццам я мог ведаць!.. Пасля прыйшлі пагромы ў нашых мястэчках, адзін за адным — у Турцы, Міры, Ярэмічах. І вось мне зноў чуецца той ягоны шэпт, жудасна недагаворанае пытанне...

* * *

На пахаванне майго сябра-партызана з Дона прыехала са спазненнем яго сястра. Пайшла туды са сваякамі, некаторымі, і папрасіла, каб яны пакінулі яе над магілай адну. І яны чакалі доўга і цярпліва, пакуль яна там, воддаль, адвылася ў галашэнні...

І натуральны жаль, і звычай яго родных мясцін.

* * *

Улетку сорак чацвёртага з адным супрацоўнікам мірскай раённай газеты мы зайшлі ў Мінску да нашай нядаўняй штабной машыністкі, якая кватаравала ў знаёмых ёй партызан. Там і пераначавалі.

Уранні гаспадар некуды пайшоў, мы засталіся з жанчынамі. Па кавалерскай дурноце я ўзяў са сцяны гаспадароў аўтамат, праверыў, што ён незараджаны, і лузгануў на вясёлую, кампанейскую Гіту: «Я вось табе!» І — гахнуў стрэл!.. У патронніку быў патрон, чаго я, «знаўца», не заўважыў.

Дагэтуль помніцца горка і страшна, як нас «Бог усцярог». І мяне, і яе, тую шматпакутную разумную дзяўчыну, якая і з гета ўцякла, і, між іншым, пад маю дыктоўку цэлымі днямі перадрукоўвала ў пушчанскай зямлянцы мае рукапісы для пасылкі іх на Вялікую зямлю.

* * *

Адзін з маіх украінскіх сяброў, Леанід Навічэнка, едучы машынай, з жонкай і падлеткам-сынам на Рыжскае ўзбярэжжа, спыніўся ў Мінску. На вячэры ў мяне я меў прыемнасць пазнаёміць гасцей з Фёдарам Янкоўскім, і той запрасіў нас, мужчынаў, парыбачыць заўтра на Астрашыцкім возеры.

Спачатку трэба расказаць, як ён, Фёдар Міхайлавіч, аднойчы быў пазваніў мне, таксама ўлетку, калі абодва мы былі дома адны, без сямейнікаў,— папрасіў абавязкова і неадкладна прыехаць да яго. Заінтрыгаваны, я паехаў. І ён — пры ўсёй сваёй сціпласці — ледзь не па-напалеонаўску паказаў мне на кухні два вялікія тазы вялізных, як на падбор, ляшчоў. «Астрашыцкія!..» Браць больш, чым аднаго ляшча... ну, няхай сабе два на мой адзін дзень у горадзе, я адмовіўся, і трыумфатару прыйшлося званіць іншым сябрам. Клопат... Бо некаторыя таксама ж у горадзе не сядзяць.

І вось два высакакласныя рыбакі і шаноўныя навукоўцы пагодлівым адвячоркам селі на возеры ў адну лодку, а мы з Лёневым шафёрам у другую. Неўзабаве сёе-тое пачало брацца — у шафёра, толькі ў яго... Так сабе драбяза. Вучоныя мужы маўчалі воддаль. Напуста. Выкарыстоўваючы такую ціхамірнасць, да нас падплыла ідылічная чародка чысценькіх, не надта гаманкіх гусей. Чамусьці ім спадабалася наша з шафёрам лодка, яны акружылі яе няспешна, блізенька каля яе, дабрадушна пагегваючы.

І тады я цапнуў цераз борт гусака за шыю, узняў над вадой і спытаўся:

— Федзя, а такую будзем браць?!

Было трохі смеху. А потым пустое вяртанне.

* * *

Танк з сямейных успамінаў пра «мікалаеўскую» вайну, пра іхняе бежанства ў Маскве, расказваў, як два пількаўцы, салдаты, выпадкова сустрэўшыся ў той Маскве, вельмі ж усцешыліся. Селі чысціць бульбу. Зірнуць адзін на аднаго, засмяюцца і абіраюць далей. Зноў зірнуць, засмяюцца і абіраюць. А гаварыць як быццам і няма пра што...

Бывае і такое пры сустрэчах. А потым добра помніцца.

* * *

Па радыё — поп пра нашу Ефрасінню, што яна не беларуска, бо маці яе з нарманаў, так сказаць, варажка.

А ўчора, па тэлевізары, віншуючы мінчан з пяцідзесяцігоддзем вызвалення ад фашысцкай акупацыі, другі баця барадата даводзіў, што «раньше была Русь, которая называлась СССР, опять будет Русь, единая и неделимая».

* * *

У «Спадчыне» (№ 4 за 1994 г.) спадар Малэцкі ва ўспамінах «Пад знакам Пагоні» піша, што канцлагер у Калдычэве быў пераходны. Дваццаць дзве тысячы закатаваных — пераходна, як між іншым, на хаду.

* * *

Мезальянс па-сучаснаму. Сын закончыў інстытут, а нявестка толькі тэхнікум. І маці-свякроў у адной асобе, хоць у самое толькі сем польскіх класаў, са злосцю ў падтэксце бядуе: «Не з тае нагі ён пайшоў!..»

Ад гэтага і пачалася варажнеча — паміж самімі маладымі і ў нявесткі са свякроўю.

* * *

Зноў і зноў сустракаючы ў маладога празаіка пра так званы секс, успомнілася пастушынае: «Міша х... піша». Тут яно, няхай сабе і па-дурному грубае, зусім дарэчы. Бо не розумам, не сэрцам піша новы кандыдат у геніі.

* * *

Саліст вядомага ансамбля і так няросленькі, а яшчэ ж у яго пад нармальным мужчынскім корпусам — кароткія, неймаверна быстрыя ножкі, якія ў танцы пытлююць да нейкай няёмкасці ненатуральна, нібы ў такой мультыплікацыі, ці што. А да нармальнага мужчынскага стану — яшчэ і вусы, і рускі «картуз» з вялікай чырвонай кветкай, і нерухомая важнасць у выразе твару. Кажуць, што ён ужо на пенсіі, а вось жа яшчэ ўсё пытлюе боцікамі. Незвычайнае — не абавязкова прыгожае.

* * *

Ранняя раніца ў пасёлку. Чуваць: у суседа за агародамі-садамі гыркае, не заводзіцца трактар. Малады шафёр з гарадка, талковы мужчына, што начаваў у мамы, смяецца мне:

— Сам ён учора выпіў, а яму не даў!

Пра трактар і трактарыста.

Музыка тэхнічнай сучаснасці тэрарызуе грукатам вечна-ўрачыстую цішыню вераснёўскай пагодлівай раніцы.

* * *

Дзеду Ролічу, славутаму нарачанскаму рыбаку, улетку пяцьдзесят сёмага было ўжо за восемдзесят. У доме адпачынку частавалі абедам гасцей-пісьменнікаў, удзельнікаў дэкады ўкраінскай літаратуры на Беларусі. Хтосьці з абласнога начальства дадумаўся, а можа, і калектыўна такое вырашылі ці нават з Мінска была падказка,— паказаць братам-украінцам удзельніка дый героя гістарычнага рыбацкага паўстання пры панскай Польшчы. Не адразу паказаць, а так — па ходу справы, даўшы яму слова. І пралічыліся, бо дзед тым часам, пакуль іншыя выступалі, і выпіў сабе ў ахвоту, і закусіў, і калі яго паднялі на тост, амаль адразу пачаў адхіляцца ад таго, што яму папярэдне ўтлумачылі.

— Як было ў нас тое ўставанне,— гаварыў ён, узвышаючыся над шматлюдным сталом,— дык і мяне пагналі ў пастарунак, давай ластажыць бізунамі. Ты, кажуць, камуна, халера ясна! А які я камуна? На чорта мне тая камуна?!

Таварыш сакратар абкома па прапагандзе і агітацыі, дзедаў сусед цераз два чалавекі, адчуў небяспеку, пачаў дапамагаць яму падказкамі:

— Нет, вы им тогда говорите...

— Я ж і кажу: на чорта мне тая камуна?!

Прыйшлося дзеду падзякаваць без пары, пакрыць накладку іншым тостам. А неўзабаве дзед, кульнуўшы за шчаслівае заканчэнне такой непрывычнай работы, ціха шуснуў пад стол. Усё-такі стома, гадочкі. Паднялі, з пашанай вывелі адпаведныя хлопцы.

А мне пасля, калі пісаў з яго старога рыбака ў апавяданні «Надпіс на зрубе», даўшы яму і прозвішча іншае, і любую ўнучку ў лодку, расказ пра ўдзел у паўстанні прыйшлося выкарыстаць з папраўкай — без таго беспартыйнага, цёмнага чорта.

* * *

Сама спаважная, хто яе не ведае, дык нібы і злосная заўсёды немаведама чаго, а вось расказвае і смяецца:

— Адзін вып’е, дык біцца лезе, плявузгае, што сліна вярзе, другі ўжо і спіць, сапе-храпе за сталом, а мой... Мой усіх бабаў на той бяседзе перацалуе!.. (Паўза на смех.) І сваіх, і чужых, каторую дык першы раз бачачы... (Зноў паўза.) І няхай сабе!.. Бо ж і спявае яшчэ, заўсёды адно: «Бацька добры, бацька добры, а маці ліхая!» Што пра сябе, што пра мяне... Смех, дый годзе!

* * *

Як жа даўно гэта было! — вясною сорак сёмага. Можа, таму і помніцца так светла, што гэта была маладосць, дый не толькі мая, але і ў нашмат старэйшых сяброў, з якімі і я прыехаў у Брэст, праводзіць нараду маладых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Прыехалі мы даволі вялікім гуртам, і здарылася так, што месцаў на ўсіх у гасцініцы не хапіла і нас трох — Піліпа Пестрака, Васіля Вітку і мяне — памясцілі ў нейкім доме пры абкоме партыі, у вялікім светлым пакоі.

Вітку я тады ведаў меней, ён мне нават здаваўся залішне строга маўклівым, і ў жыцці, і ў паэзіі. А Пестрак не даваў нам дапозна заснуць сваімі, амаль заўсёды цікавымі, апавяданнямі з падпольнай, турэмнай, партызанскай і проста палескай мінуўшчыны, на што ён быў майстрам, з тых, у каго на паперы тое самае выглядае значна сушэй і шарэй.

У нядзелю раненька мы вырашылі, па дарозе ў гасцініцу, да ўсёй грамады, збочыць на рынак, балазе недалёчка. Сонечны дзень, зеляніна, росквіт. Каля базару прыгожая царква. Людзей ужо сабралася.

Піліпу Сямёнавічу мала было таго, што дзеля свята ён купіў сабе букецік ландышаў,— пачаў агітаваць нас выпіць у вясковай цётачкі смятаны. Свежай ды нашча — цуд!.. У цёткі шклянка была адна, пачостак мы пачалі з найстарэйшага, тым больш ініцыятара. Толькі ён тую поўную шклянку важна прыклаў да вуснаў — чыста паголены, з белым адкладным каўняром кашулі, пад светлым капялюшам — да нас падышла маладая, бойкая барынька. Спыталася пра цану, паспытала пальчыкам на кончык языка і папрасіла намераць ёй дзве шклянкі ў слоік.

— Ой, мілая! А ў мяне ж шкляначка толькі адна. Вось ужо, можа, пачакаеце, пасля іх.

Яе гаворку я, за даўнасцю, перадаю з мясцовага па-свойму, толькі па сэнсу. А вось абурэнне той барынькі, хутчэй за ўсё афіцэрскай жонкі, дагэтуль чую дакладна:

— Как это — после него! А если у него сифилис?!

З ландышамі ў адной руцэ, з толькі што ўрачыста прыгубленай шклянкай у другой, Піліп Сямёнавіч тыя рукі прыўзнята развёў, гладкі твар саракатрохгадовага сангвініка, што перамог больш за дзесяць гадоў панскай турмы, твар ускінуў у вясёлым здзіўленні, па-свойму непаўторна вымавіў «пс-с-ст!» і зарагатаў, паспеўшы сказаць:

— У мяне — сіфіліс?!

І столькі было ў гэтым здзіўленні натуральнай шчырасці, столькі неадпаведнасці ў такім недарэчным меркаванні тое барынькі, што ўсё гэта помніцца мне... ну, жыва стаіць у вачах, ажно, нарэшце, вырашыў запісаць.

* * *

У канцы сорак сёмага года Вялюгін, Кірэенка і я былі на з’ездзе таджыкскіх пісьменнікаў, тады — у Сталінабадзе. Гасцей з розных рэспублік раскошна размясцілі на прыгараднай дачы Савета Міністраў.

Быў у тым ліку і Абулькасім Лахуці, які прыехаў з Масквы, дзе ён жыў. Дарэчы, на развітанні ён падарыў мне сваю кнігу на мове фарсі, з аўтографам па-руску: «Дорогое Янко Брил, милий как Минск...» У якім ён перад вайною бываў. Нехта нам сказаў, што падоранае яму Сталіным фота стаіць у яго на стале не тварам правадыра, а адваротам наперад,— каб бачылася напісанае. Пайшла была чутка, што гэтаму, як нам думалася, старому класіку якраз спаўняецца шэсцьдзесят гадоў. А Саюз пісьменнікаў Таджыкістана да гэтага абыякавы. Паэт Турсун-задэ, ён жа і старшыня Саюза пісьменнікаў, потым, калі мы, тры беларусы, у падарожжы машынай на поўдзень рэспублікі, спыталіся ў яго, чаму гэта так, не надта выразна і ахвотна адказаў: «У него уже несколько раз был этот юбилей...» Словам, абышлося з юбілеем без Саюза, сіламі гасцей. Пашаптаўшыся, госці з ініцыятывы аўтарытэтных масквічоў — Луцыяна Клімовіча, Сяргея Барадзіна, Паўла Лукніцкага, вядомых знаўцаў Сярэдняй Азіі, і з’едліва вясёлага дэмакрата Паўла Ніліна, які нам найбольш з масквічоў спадабаўся,— тое шасцідзесяцігоддзе вырашылі экспромтам адзначыць у саўмінаўскай сталовай, на вячэры, балазе такі банкет нічога нам не каштаваў.

Былі высакапышныя прамовы, тосты. Збоку юбіляра былі па-ўсходняму юрлівыя прапановы: «Выключыць святло, кавалеры цалуюць дамачак!» Потым — наадварот. Дамачак — дэлегатак з’езда не хапала, былі падключаны афіцыянткі, нават і пажылая бухгалтарка.

А дырэктар урадавай дачы, малады, знешне прыстойны беларус, аршанец, раз-поразу ірваўся сказаць тост. Калі ж, нарэшце, дамогся, дык і сказаў:

— Дорогие товарищи, я предлагаю почтить память нашего дорогого товарища Лахути вставанием!..

І тут узвіўся адчайна-вісклівы крык юбіляра:

— Сволошь! Я еще жив!..

Гэта мне — да рогату ясна — прыгадалася днямі, калі ў групе сяброў паныла гаварылася пра нашу беспрасветнасць. Прыгадалася з думкай пра таго, чортведама як зменліва-калектыўнага і разам з тым нібы сабранага ў адну асобу, хто давёў, даводзіць нас да гэтага, мне захацелася крыкнуць — дома ўжо, за рабочым сталом:

— Сволошь! Я еще жив!..


1949-1996

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Дзе скарб ваш: Лірычная проза.-Мн.: Маст. літ., 1997.- с. 64-277
Крыніца: скан