epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

"Завірочвайце"

Зноў думалася пра тое дзеўчаня, што недзе ў летняй палескай вёсцы паказвала нам дарогу ў другую, патрэбную вёску, развесяліла нас, расчуліла незвычайным словам.

— Вам трэба туды, за магазін, вы туды завірочвайце!

Не толькі словам развесяліла, расчуліла...

Адзін з нас зняў дзяўчынку там, дзе мы спынілі яе, — каля плоціка, за якім, над якім узвышалася пірамідка помніка, каля яшчэ адной магілы, ужо не закатаваных гітлераўскімі карнікамі старых, жанчын і такіх, як гэтая малая, а салдацкага, нават сімвалічнага: па тых, што палеглі не дома.

Гадоў дзяўчынцы каля дзесяці, а можа, і трохі больш. Босыя ножкі, вельмі старанна стуленыя ступачкі, светла-стракатая караткаватая сукеначка, просценька мілы, пасур’ёзнелы перад аб’ектывам тварык. Яшчэ адны чыстыя, ясныя вочы народнай несмяротнасці.

Дакор многаму, што было раней...

Трывога: а што ж будзе з такімі, з наступнымі?..

Адно, здаецца, я ўбачыў у тых вачах, а другое — адчуў.

Але ж і радасць была ў нас, — нібы вады крынічнай напіліся. Бо спатканне такое — пасля новых ды новых жахлівых расказаў у папярэдняй вёсцы, сённяшняй, і ва ўчарашніх, па-заўчарашніх...

У нашай кнізе «Я з вогненнай вёскі...», да якой мы тады рыхтаваліся, дзяўчынцы гэтай месца не знайшлося. Нават на здымак з адпаведным подпісам, пра што мы, калі ўжо ехалі адтуль, пагаварылі. Бо здымак, як тут не шкадуй, узяў ды... не надта ўдаўся.

І вось яна стаіць у маёй памяці. Стаіць каля шэрага нізкага плоціка, пад прымітыўна «створаным» і абгароджаным помнікам, стаіць са сваімі быстрымі босымі ножкамі, з непераможна і да болю сумна чыстымі вачыма, са сваім нязвычным «завірочвайце», стаіць, а я ўсё ніяк — ужо дзявяты год — не разбяруся, не вырашу: тэма гэта ці толькі светлы, шчымлівы ўспамін?..


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан