epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Здалёк

Аўтапартрэт — не абавязкова любаванне самім сабою. Прынамсі мастакоў ніхто ў гэтым не папракае.

А ўсё ж бачыць самога сябе ў маленстве, здалёк,— гэта ўжо і пэўнае любаванне. І не толькі сабой ва ўсеагульнай абаяльнасці маленства: прыемна згадваюцца і свавольствы. «Эхе, брудэр! — як гаварыў старэнькі генерал у «Капітанскай дочцы»,— так он еще помнит стары наши проказ?» Помніць і маралі ніякай выводзіць не хоча.

Скажам, з такога.

Адзін з філіялаў нашай сямігодкі быў у старым панскім доме — рэшта сякога-такога маёнтачка на ўскраіне мястэчка. Стары драўляны дом, старая студня з блізкай, крынічнай вадой.

Неяк мне, сямікласніку, захацелася напіцца. Можа, не так напіцца, але ж напіцца проста са студні. Два таварышы ўзялі мяне за ногі і апусцілі да вады. Я там пачаў чэрпаць далонню і піць. Варанае яйка, дадзенае мамай «з сабою», было ў верхняй кішэньцы пінжака. Яно вылузалася адтуль і плюхнула ў ваду.

— Што там у цябе? — пачулася мне зверху.

— Чарнільніца ўвалілася.

Так было больш па-маладзецку.

А паблізу ад студні, за бэзавым кустам, стаяла збялелая ад жаху, цяжарная настаўніца. Аказацца баялася, — каб тыя два, спуджаныя, не пусцілі трэцяга ў ваду.

І такое яшчэ.

Зімовым познім вечарам, пасля школьнага спектакля, дзе мы, чатыры сямікласнікі, выступалі ў ролі «падхаронжых» — юнкераў з паўстання 1830 года, вельмі ж нам не захацелася расставацца з кардоннымі, абклеенымі каляровай паперай ківерамі (па-польску — чáка), а яшчэ больш з дзвюма сапраўднымі шаблямі. І «падхаронжыя» ўцяклі з імі дадому. Уласна кажучы, у той бок трэба было толькі мне, тры іншыя былі з мястэчка і пайшлі мяне праводзіць. Бо так жа нам не хацелася разыходзіцца, нібы чакалася чагосьці незвычайнага.

І вось яно прыйшло. У вялізных санях-развалах, са званочкам пад дугой, аднекуль ды кудысьці ехалі яўрэі-«цялятнікі», тыя, што куплялі па вёсках не толькі цялят, але і адкормленых быкоў. Сані вось-вось даганялі нас яшчэ ў канцы доўгай местачковай вуліцы. Мы пасталі абапал дарогі па двух і, калі тыя сані параўняліся з намі і нават неяк запаволілі бег, дружна гукнулі: «Стой!» Ківеры-чака рабілі нас высокімі, купчыкам мы здаліся, відаць, дарослымі разбойнікамі, тым больш што пасля першай каманды пачулася другое, — хтосьці з нас крыкнуў: «Сячы дугу!» Чамусьці не гужы, а іменна дугу. Дзве шаблі жыхнулі з похваў і ўзняліся над нашымі галовамі. І тут на пустыннай, цьмяна аснежанай вуліцы мястэчка пачулася — з некалькіх дарослых горлаў — адчайнае: «Па-ліцы-я!!»

«Падхаронжыя» спахапіліся амаль адразу. Бо і трэба было, — на дапамогу людзям, якім быў зроблены «заступ дарогі», з некаторых, бліжэйшых да крыку, двароў ужо беглі, уступіўшыся ў боты, валёнкі ды накінуўшы на бялізну кажух, местачкоўцы-мужчыны.

«Падхаронжыя» джгалі ў поле, яшчэ ўсё з голымі шаблямі, гразнучы ў снезе, задыхана, а ўсё ж лягчэй, чым пагоня, якая, зрэшты, хутка спынілася.

Хлопцы правялі мяне амаль да самага дома, самі вярнуліся, бо ўжо ж тыя сані даўно празвінелі гасцінцам, і ён быў пусты.

Назаўтра мы, здаючы шаблі і чака, апраўдаліся сяброўскімі праводзінамі, а самі, вядома, баяліся, як жа з тым «заступам»... Але ніхто пра нас не заявіў.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан