epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Званок

На сустрэчы з выдатным артыстам яму задалі і такое пытанне:

«Ці адчуваеце вы цяжар сваёй вядомасці?»

Артыст усміхнуўся, нават узяўся рукой за галаву, нібы з жаданнем заклапочана чухнуцца, тады яшчэ шырэй усміхнуўся і расказаў пра адзін тэлефонны званок.

Званок быў, вядома, не першы і не апошні, аднак вельмі позні. Ні днём, ні ноччу спакою няма!.. Артыст празаічна вылез з-пад коўдры і, штосьці адпаведнае мармычучы, падышоў да тэлефона.

«Міжгорад? Хто? Ну, Міша, ну і што?.. А, гэта ты, Сяргей! Ну, што там у цябе?»

Тут наш славуты госць зусім натуральна выявіў на твары тую самую начную радасць. Аказваецца, у яго нічога не прасілі, нікуды не выклікалі, не запрашалі, ніяк не хвалілі! Той Сяргей, апынуўшыся ў далёкай камандзіроўцы, добра-такі там засумаваў, і вось яму захацелася проста пачуць жывы сяброўскі голас.

Як гэта добра — проста сяброўскі голас!

Вядомасць — яна ў кожнага свая, хто колькі зарабіў. Розных званкоў таксама бывае больш ці менш, як у каго. Але каб агоркнуць часамі — хапае іх кожнаму.

Адзін званок, даволі позні, не так мяне ўзлаваў, як спачатку вельмі здзівіў.

Сябар з вайны, слаўны хлапчына, з якім мы сустракаемся вельмі рэдка, а пішам адзін аднаму толькі пад Новы год, паштовачку, раптам звоніць па міжгароднім, з далёкага райцэнтра, ноччу... Здароў! Здароў!.. Нешта ж павінна быць вельмі пільнае: ці ў Мінск, «да добрага доктара», трэба самому або камусьці з блізкіх, ці паступаць вучыцца нехта збіраецца, ці перавесці каго з адной работы на іншую, ці стаць якой сваячцы на чаргу з кватэрай... Пакуль што — нічога падобнага. Пытаецца, як жыву. Расказвае, як жыве. Даволі весела, зусім няспешна.

«Во размахнуўся, — думаю. — Рублёў на пяць напрастарэкуе. А то і да дзесяткі ўжо дабіраецца...»

А ў яго тым часам і яшчэ пытанне:

— А як табе, браце, падабаецца міжнароднае становішча? Га? От дзе паршыўцы!..

І гэтак далей. Ледзь не з поўнай свабодай.

Глядзі, што вось-вось і да ўнутранага пяройдзе. Цуд, дый годзе. А потым, нарэшце, разгадка. І радасць. Бо звоніць ён — проста так сабе.

— I я ўжо, браце, на пенсіі. Не будаўнік. Дома сядзець не захацелася, бо што ты выседзіш. Адна таска заесць. Вартаўніком цяпер у нашай канторы дзяржбанка. Дзяжуру сёння. Сяджу сабе і думаю: дай пазваню. Тэлефон па стале. Па справачнай мне нумар твой далі. Ахвота словам перакінуцца.

Ахвота, браце, а як жа. Дзякуй, што пазваніў! Хоць раз за трыццаць дзевяць год. І яшчэ калі пазвані. Бо тэлефон ужо ёсць, ды яшчэ ж і казённы. Усё ж такі ты на заслужаным адпачыне.

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан