epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

А як мы з хаткі выходзім...

...А як мы з хаткі выходзім,

Крыжам сябе абазначым,

Блудна вачыма паводзім,

Ці калі вернемся, ўбачым?

 

А як мы пойдзем па полі,

З намі, за намі нягода,

Па нашай ніве гуголле,

Па нашым поце урода.

 

А як пальецца ў пацёмках

Песня за лесам, за борам,

Слухаюць елкі, сасонкі,

Лес толькі з намі гавора.

 

А як мы пойдзем гасцінцам,

З намі, за намі ўздыханні,

Ў дзённай і ночнай часінцы

Блудзім і блудзім, як зданні.

 

А як мы вернемся к брату,

Лепшай спытаем дарогі,

Маем пацехі багата:

Тыя карчомкі, астрогі.

 

А як на неба мы глянем,

Дзе дрэмлюць сонца пажары,

А ні тых зор, ні світання,

Хмары, і хмары, і хмары...

 

А як да могілак прыйдзем:

Крыж, каля крыжа бадылі,

І тут мы толькі увідзім,

Як жа здарма век блудзілі!

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан