epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

А як нам зоркі загаснуць...

А як нам зоркі загаснуць,

Месяц не зменіцца болей,—

Прыйдзем да вечнага шчасця,

Цемры к нам прыйдуць з патоляй.

 

З глыб неразгаднага быту

Новае прыйдзе збаўленне,

Ўсё нам памера, паліча,

Думкі разбіты і церні.

 

А покі яснасць старая

Будзе свае снаваць ніці,

З хаты да хаты не кіне

Дух векавечны блудзіці.

 

Стукнецца ў шыбіны, ў сенцы,

Ўкіне свой кліч-заклінанне...

Мы, падыходзячы к ночам,

Ждаць будзем новых світанняў.

 

А як на нашай на ніве

Крыўда гняздзіцца ўсё будзе,

Новыя выплывуць сілы,

Новыя к слаўнасці грудзі;

 

Сэрцы ахвярна паложаць,

Насып насыплюць высокі,

І не пяройдзе той насып

Злыбеды цень бледнавокі!

 

А покі думка аб праўдзе

Не ўздзене плесні-сівізны,

Будзем нясці свае ношы

К ціхім мальбішчам айчызны.

 

Свежыя ўздзенуць нам кіры;

Мы ўжо таго не забудзем,

Што нам пры вечным скананні

Ўсё, ўсё палічана будзе.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан