Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала,—
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала,—
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі, статак! Ку-ку, ку-ку!
Як вялікім вырас Янка,
Як стаў сеяць шчыра, дбала,—
За сяўбою пеў аб долі,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сей палетак! Ку-ку, ку-ку!
Як ні сеяў пільна Янка,—
Ўсё чагосьці не ставала:
Янка сеяў — людзі жалі.
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Жаці будзеш! Ку-ку, ку-ку!
Як старым-старым стаў Янка,
Як пазбыўся сілы ўдалай,—
Баіў байкі-казкі ўнукам,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Годзе баіць! Ку-ку, ку-ку!
Як хавалі людзі Янку,—
Галасілі многа-мала:
— А нашто ж памёр ты, сейбіт!..
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
1921