epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Аб Сталіне-сейбіту

І
ІІ
ІІІ


І

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,

А песня ад сэрца і звонка, як медзь,

Якую ў жніво пяе ў полі жняя,

Якую ў касьбу пяе ў лузе касец.

Багата ўраджаем

Зямля расквітнела.

У будучнасць людзі

Ўзіраюцца смела.

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,

А песня з душы і гартоўна, як сталь,

Якую пяе арлоў горных сям’я,

Якую пяе пры кавадле каваль.

Арлы-самалёты

Ўсё неба ўзялі,

І волю здабылі

Сабе кавалі.

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,

А песня ад сонца, ад зор залатых,

Якую пяе уся наша зямля,

Аб сейбіту светлы разносячы слых.

Ён даў для народаў

Асноўны закон,

І дружбу народаў

Навек стварыў ён.

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,

А песня ад казак, чароўных тых сноў,

Што сталіся яваю нашага дня,

Што збавілі долю ад пут, ланцугоў.

Заглянула сонца

Да хат, сутарэнь,

Праклятых дзён прошлых

Развеяўся цень.

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,

А песня ад шчасця, ад радасных дзён,

Якая на крыллях ляціць салаўя

За межы-граніцы ды будзіць там сон.

І рухнуць апоры

Фашысцкіх цямніц,

Нявольнікі выйдуць

Да ясных зарніц.

 

1937

 

 

 

ІІ

Яркай зімою, шумлівым прадвеснем,

Ў ясныя ночкі, ў заранкі

Песню ўсім сэрцам складаем аб песні

Аб Сталіне песні-вяснянкі.

 

Песні-вяснянкі ў далёкія далі

Лунаюць у кожнай прыгодзе.

Сонейка, зоркі цябе ўзгадавалі

На радасць людзей і стагоддзяў.

 

Высніў ты волю і долю народам,

Вярнуў чалавечую славу.

Сэрца, вялікае сэрца заўсёды

Вялікія творыць праявы.

 

Мудрыя пішаш для свету законы,

Для шчасця ад краю да краю.

Воляй бязмернай гадуеш мільёны,

Да сонца шляхі вымяраеш.

 

Імя тваё ўспамінае ўрачыста

Хлапчук, які лётаць наважыў.

Кветкі збіраючы ў лузе квяцістым,

Дзяўчынка вянок табе вяжа.

 

З імем шчаслівым тваім ў Хасане

Байцы самураяў тапілі.

Лёталі гордыя за акіяны

Саветаў арліныя крыллі.

 

Думкаю-песняй тваё імя славіць

Народ беларускі свабодны

За Беларускую нашу дзяржаву,

Якую стварыў ты нам, родны!

 

Яркай зімою, шумлівым прадвеснем,

Ў ясныя ночкі, ў заранкі

Песню ўсім сэрцам складаем аб песні

Аб Сталіне песні-вяснянкі.

 

1939

 

 

ІІІ

Я Сталіну мудраму песню спяваю,

А песня ад сэрца, з-пад сэрца, такая,

Крылата лунае над полем, над гаем,

Са светам гамоніць ад краю да краю...

Аб Сталіне мудрым я песню спяваю.

 

Са Сталіным лёгка жывецца на свеце,

Як яснае сонейка, гэтак нам свеціць,

Шляхі ён да шчасця і радасці квеціць,

Каб гора не зналі старыя і дзеці,

Са Сталіным лёгка жывецца на свеце.

 

Як песня, жыве яго імя ў народзе,

У кожным здарэнні, у кожнай прыгодзе,

Ці майскае свята ў жывым карагодзе,

Ці свята кастрычніка ў хаты прыходзіць,

Як песня, жыве яго імя ў народзе.

 

Глядзяць і ўсё бачаць яго зоры-вочы

Скрозь светлыя дні, скрозь туманныя ночы

Ён слёзы ўцірае нядолі сірочай,

Ён новую долю бяздольным прароча.

Глядзяць і ўсё бачаць яго зоры-вочы.

 

Савецкіх людзей ён выводзіць у людзі,

Замежны сатрапа судоў не насудзіць,

Разбойніцкім ладам не высуша грудзі,

Пры Сталіне ў бежанцах гінуць не будзем,

Савецкіх людзей ён выводзіць у людзі.

 

Ён піша законы стагоддзям, народам,

Што йдуць і што прыйдуць, навек, назаўсёды,

Каб свет атуляўся, як сонцам, свабодай,

Чырвоныя макі цвілі ў агародах,

Ён піша законы стагоддзям, народам.

 

Жыві і красуйся нам вечныя векі,

Як вечна плывуць жыватворныя рэкі!

З табою дабром у нас поўны засекі,

З табою не страшны для нас небяспекі,

Жыві і красуйся нам вечныя векі!

 

Я Сталіну мудраму песню спяваю,

А песня ад сэрца, з-пад сэрца, такая,

Крылата лунае над полем, над гаем,

Са светам гамоніць ад краю да краю...

Аб Сталіне мудрым я песню спяваю.

 

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан