epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Аб дзяўчыне

Аб дзяўчыне яшчэ не пяяў,

Бо дагэтуль не знаў ўсіх прынад,

Сёння йдзе ў думку шмат новых з’яў,

Дык і ў песні па-новаму лад.

 

Маладую дзявочу красу

Не змалюеш, не спішаш пяром...

Бо хто ж летню змалюе расу,

Спіша хто птушын шчэбет і гром?

 

І я толькі яе хараству,

Як умею, аддам песняй дань...

Прытупіў сэрца я аб жарству

Год цяжкіх, што мінулі, .як здань.

 

Вось яна — цуд-дзяўчына мая,

Нібы казкі чароўнай жар-цвет!

Я шапчу ёй: — Зірні, паспрыяй!

Дык куды?! Іншы сніцца ёй свет.

 

Вочкі спусціць на грудкі, на дол,—

Так ідзе і набок не зірне,

А прывабны прыпол і падол,

Аж смяюцца з мяне, да мяне!

 

Яе сонца ад ног да калень,

Ад калень да грудзей і да губ

Атуляе ў пяшчотны прамень,

Бы спраўляе заручыны-шлюб.

 

Я гляджу, сам не свой, як у сне,

Цень на сэрцы, у думках імгла...

Ці была тут дзяўчына, ці не?..—

Яна ўпобачкі з сонцам пайшла!

 

1926




Беларуская Палічка: http://knihi.com