epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Аб мужыцкай долі

Ходзяць гутаркі па свеце

Летам і зімой,

Ад вашэці да вашэці

Ходзяць чарадой.

 

Па балючай па вячыстай

Б’юць усё струне:

Абяднеў мужык дачыста,

Аж чуць-чуць дыхне!

 

Звёў сваю нядолю-долю

У казіны рог,

Цёплай хаты, ўдоваль поля

Крыў бяднязе Бог.

 

Скарб адвечны — гаспадарку

Пераеў, прапіў,

Цемнату, бяду на карку

Возіць, як вазіў.

 

Думкі славы, долі, волі —

Як і не былі,—

Дрэмлюць недзе ў чыстым полі.

Ўзыдуць жа калі?

 

Трэба злое ўсё растрэсці,

Сонных разбудзіць,

Трэба новае ўсё ўзнесці,

Новы шлях адкрыць.

 

...Ці што знаюць, ці не знаюць,

Вось, абы з бяды!

Так пяюць, так адпяваюць

На усе лады.

 

Чуе ўсё мужык наш гэта,

Чуе кожны дзень,

Ды ўздыхае з лета ў лета,

Ды снуе, як цень.

 

Ой, не грэе, хоць і свеціць,

Месяц над зямлёй...

Ходзяць гутаркі па свеце,

Ходзяць чарадой.

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан