epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Аб мужыцкай долі

1
2
3
4
5
6
7
8


1

Дайце скрыпку мне маю.

Дайце мне мой смык!

Я зайграю, запяю,

Як жыве мужык.

Глянь: вялікае сяло —

Ветрам хоць развей,

Завяло ж там, завяло

Бяздолле людзей!

Бачыш, быццам чалавек,

Векам малады:

Слёзы лезуць з-пад павек,

Гнецца ад бяды.

Сіла згублена ў палях,

Сышла ні за грош,

Дыхавіца у грудзях,

У каленях дрож.

Колькі слава і рука

За жыццё цярпіць!

Адно доля бедака

Сном вячыстым спіць.

За ўсю працу, за ўвесь труд,

Звярнуцца к каму?

Камень голы там і тут

Платаю яму.

Летам выаздабе ў пот

Мачыху-зямлю,—

Увосень схопіць недарод

За работу ўсю.

Зімой — холадам з сям’ёй

Воўкам завядзе,

На паліцу зуб вясной

З голаду кладзе.

Так ідзе за годам год,

І не паглядзіш —

Ачапіў Мікіту звод,

Лёг пад белы крыж.

 

2

Кепска жыці! дый што зробіш?

Цярпець мусіш як-нібудзь,

Грош заробіш, два праробіш,

Кроў, пот, слёзы век цякуць.

 

Няма ботаў — лапці носіш,

Абы толькі стала лык;

Штось украдзеш, штось заробіш,

Вось і сыт я, гад, мужык.

 

Ў тры пагібелі гну спіну

Перад тым, хто ссе мой пот;

Скажаш праўду — як скаціну,

Цябе злаюць на ўвесь род.

 

Цэлы век без перарыву

Гараваў, ракой пот цёк,

І вось — дайцеся ўсе дзіву —

Я ад беднасці не ўцёк.

 

Голы, босы хадзіў дзіцем,—

Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос:

Паглядзіце, пасудзіце —

Я таксама гол і бос.

 

Скора з чэрвямі сам-насам

Смерць папрэ жыць бедака,

Вы ж ці глянулі хто часам

На магілу мужыка?

 

Варта глянуць: крыж яловы

Пахіліўся, мохам зрос;

Насып, знаць, калісь дзярновы,

Дажджавы ручай разнёс.

 

Замест ружаў, геаргіняў —

Крапіва, лаза, палын,

А пад імі ў дамавіне

Ляжу я — нядолі сын.

 

Спачываю, пазабыты

І чужымі, і сваймі...

О, цяпер адзет і сыты!

Жыў з зямлі і спі ў зямлі.

 

Над мной восенню слатлівай

Ды зімоваю парой

Гудзіць вецер жаласліва

Песняй гораснай такой.

 

Вецер свішча, вецер стогне,

Жальбы шле ў выцці дзіком,—

Можа, сэрца чыё дрогне

І ўздыхне над мужыком.

 

 

3

Сагнуўшы плечы ў крук,

Араў зямлю Паўлюк,

Як чорны вол варочаў,

А з дня ў дзень, з году ў год

За плот шоў ўвесь прыплод,

Сам днём блудзіў, як ночай.

 

Так выйшла ўся моц з жыл,—

Араць не стала сіл,

Настаў канец дакукі...

З касою смерць прыйшла,

З сабой весць прынясла:

Пара складаці рукі!

 

Ўзяў шлюб з зямлёй Паўлюк,

Не гне ўжо плечы ў крук,

Быллём не чэзне болей.

Памёр і не спазнаў,

Што на чужых араў

Ўвесь век чужое поле.

 

4

За сахой, бараной,

За сярпом і касой

З дня на дзень, з году ў год

Слёзы, пот лье народ,

А за гэта за ўсё

Што ж здабыў за жыццё?

 

Гэй, го-го! Гэй, го-го!

Мы жывём і пяём,

Хлеб наш людзі ядуць,

Мы ж мякіну жуём!..

 

З тапаром і пілой

Маразянай зімой

З дня на дзень, з году ў год

Шуркі ставіць народ,

А за гэта за ўсё

Што ж здабыў за жыццё?

 

Гэй, го-го! Гэй, го-го!

Мы жывём і пяём,

Аграваем другіх,

Самі холад клянём!..

 

На палац, на пакой

На спіне на худой

З дня на дзень, з году ў год

Бэлькі носіць народ,

А за гэта за ўсё

Што здабыў за жыццё?

 

Гэй, го-го! Гэй, го-го!

Мы жывём і пяём,

Дамы ставім людзям,

Самі мром пад вуглом!..

 

 

5

Як выйду за хату

На траву-лагі,

А што ж касіць буду,

Божа дарагі?

 

Ой, лю-лі, лю-лі,

Што ж буду касіць?..

 

Туды-сюды, сям-там —

Смех казаці людзям:

Сівец, аер, куп’ё —

Вось і ўсё, вось і ўсё!

 

*

Як выйду за хату,

Дзе дабро — шнурок,

А што буду жаць я,

Збіраць, везці ў ток?

 

Ой, лю-лі, лю-лі,

Што ж буду збіраць?

 

Туды-сюды, сям-там —

Смех казаці людзям:

Мятлу, гірсу, званец,—

Вось і ўсё, і канец!

 

 

*

Як выйду за хату,—

Бор шуміць, пяе...

А што ж буду сеч я,

Дзе хвойкі мае?

 

Ой, лю-лі, лю-лі,

Дзе дровы, бярно?

 

Туды-сюды, сям-там —

Смех казаці людзям:

Лаза, корчык, гніллё,—

Вось і ўсё, вось і ўсё!

 

 

*

Як выйду за хату,—

Дарога ідзе,

А куды ж, кудою

Мяне павядзе?

 

Ой, лю-лі, лю-лі,

Куды ж завядзе?

 

Туды-сюды, сям-там —

Смех казаці людзям:

У астрог, у карчму,—

Вось і ўсё усяму!..

 

 

6

Эх, дзяцюк, хама ўнук,

Сын бяды і працы,

Чаго прэш, як сляпы,

Ў панскія палацы?

 

Ці там сват, ці камрад,

Ці брат, ці сястрычка?

Ці цябе вабіць там

Панна-белалічка?

 

Ці табе па арбе,

Трудах, потам злітых,

Весялей, шчаслівей

Між паноў, між сытых?

 

А мо дзе на куце

Разам там саджаюць

І віном дарагім

Частуюць, прымаюць?..

 

Эх, Арцём! не твой дом —

Панскія парогі,

Не твае там дружкі,

Мой ты браце ўбогі.

 

Бач, стаіш і дрыжыш

З шапкаю ў парозе —

Вось якраз, як зімой

З дрэвам на марозе.

 

А во, глянь, лепей стань,

Кланяйся здалёку:

К табе аж пад парог

Нясе чарку лёкай.

 

Трэба піць, закусіць

Недаежай панскай,

У руку цмакануць

За прывет, за ласку.

 

А вунь, дзе панна йдзе,—

Якія, ах, шаты!

Што глядзіш? — у яе

Ёсць паніч багаты.

 

Як там ёсць, ты ўсё ж госць,

Думай і аб хаце...

Вось, сабак дворных дзе

Не спаткай, мой браце.

 

Ну, пайшоў ты дамоў

Нязваны, нясланы,

Са слязой пад брывой,

Нясыты, няп’яны.

 

Знаць, не так, небарак,

Думаў разгасціцца:

За сталом з багачом

Піці, весяліцца.

 

Што ж рабіць? трэба жыць...

Слухай долі-маткі

І панам не хлюсці,

Пільнуй сваёй хаткі.

 

Цемнаце, беднаце

Палац не стаўляўся:

Не такі ў ім народ,

Каб на рэчы знаўся.

 

Вер, не вер, як не мер,

Мой гаротны браце,—

Дзе радзіўся, дзе ўзрос,—

Трэба і ўміраці.

 

7

Сажань шырынёю

Надзельны шнурок...

Пустыня, без гною,

Каменне, пясок...

 

Пад снегам адпрэла

Жытцо за зіму;

Прыхваціла, з’ела

Спека ярыну.

 

Бульба — як арэхі,

Як цвек — бурачок...

— Вось скарбы, пацехі '

Твае, мужычок!

 

Багаты будзь з нівы,

Ўвесь чынш заплаці;

Будзь весел, шчаслівы,

Не пі, не крадзі!

 

Жый згодна з усімі

І Бога хвалі,

Не крычы з другімі:

«Свабоды! Зямлі!»

 

 

8

Нашто хлеб, нашто багацце,

Калі нам мякіны хваце?

Нашто боты, чаравікі,

Калі ёсць лаза і лыкі?

Нашто век зямлі хацеці?

Памром — сажань будзем меці!

Нашто новыя нам хаты?

Казна, двор і так багаты.

Нашто свет навукі шчаснай,

Калі слёзы свецяць ясна?

Нашто лек на гора болькі,

Калі маем манаполькі?

Нашто знаці ўсяго многа?

І так трапім да астрога!..

 

[1907-1912]


[1907-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан