epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ах, ці доўга...

Ах, ці доўга, брацце, будзем

Пад няволяю стагнаць?

Ах, ці доўга сваё шчасце,

Сваю долю праклінаць?

 

Ці так цягам, як сягоння,

Цярпець будзем мы бяду?

Ці ж нам горкая нядоля

Напісана на раду?

 

Жыццё нашае, нас, бедных,

Заганяных мужыкоў,

Горш за ўсякае стварэнне,

За сабак і чарвякоў.

 

Хоць мазольнымі рукамі

Ты працуеш кожны дзень,

Хоць у гэтай цяжкай працы

Сохнеш з голаду, як цень,—

 

Але твае жонка, дзеці

Хлеба просяць у людзей,

Але тваім жонцы, дзецям

Няма чым прыкрыць грудзей.

 

Ці мароз, ці снег вялікі,

Басяком бяжыш на двор,

Бо такая твая доля,

Такі яе прыгавор.

 

Калі часам дзе двузлотку

Зарабіў ты ў пана дзе,

Дык на чынш і на падаткі

Яе воласць забярэ.

 

Хоць нам гэту зямлю-матку

Бог бясплатна дараваў

І плаціць чыншоў, падаткаў

За яе нам не казаў,—

 

Дый на гэта тут не помняць

І, як могуць, так дзяруць,

Апаследнюю кароўку

За падаткі прададуць.

 

Хто тут вінен, разгадайце,

Ці тут Бог, ці чорт пракляты?

Але толькі, што ні байце,

Самі ж многа вінаваты!..

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан