epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Адчуванняў разліў

Dubia

Светларусая гладзь расхвалёваных ніў

Уліла мне ў душу адчуванняў разліў.

 

І навеяла шмат абунтараных дум...

Ніва! Як не любіць мне таемны твой шум?

 

У ім — і ціхая па пражытым журба.

У ім — і бунт, ў ім — жыццё,

у ім—людзей барацьба.

 

Гэты шум, з перабораў махрыстых вятроў.

Апалымвае сонечна — светлую кроў.

 

Песні рвуцца з трывожных, бунтарскіх грудзей,

Поўны мары ружовых і светлых надзей,

 

У шаўковую гладзь расхвалёваных ніў,

Што ўліла мне ў душу адчуванняў разліў.

 

[1928]


[1928]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com