epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Адступнік

Дажывае стара маці

Сірацінаю у хаце,

Ў соннай волі, ў чорнай долі,

Як та груша сярод поля,

 

Мела сына, але сыну

Захацелася ў чужыну:

Ён пайшоў шукаць там шчасця

Або згінуць, запрапасці.

 

Мела дочак, але дочкі

Пабрылі таксама ўпрочкі:

Тая замуж, тая ў службу

На нядолю, на нядружбу.

 

Дажывае веку маці,—

Ўжо не можа з ложка ўстаці,

Кліча дочак, кліча сына,—

Але пуста ўсё хаціна.

 

Сабраліся добры людзі,

Гаманілі: што то будзе?

Са старою мала ладу —

Трэба даць якую раду.

 

І да сына лісты пішуць:

— Прыязджай, бо ўжо чуць дышыць

Маці стара і маячыць:

Цябе хоча ўсё пабачыць.

 

Сын варочаўся з чужыны

Да матулі, да хаціны

Не то князем, не то панам,

Не то трэзвым, не то п’яным.

 

Падышоў да ложка бліжай:

Маці спіць, як знята з крыжа;

Пахіліўся над ёй нізка,

Як яна здаўн над калыскай.

 

І старую разбуджае,

Нейкім словам пацяшае,—

Штось гаворыць і гаворыць,—

Тая слухае, як зморы.

 

Прыглядаецца матуля,

Што зрабілася з сынуляй;

Ён ці не — стаіць у хаце,

Усё сіліцца згадаці.

 

І згадала, ой, згадала!

Енкнуць голасу сабрала,

Бы та каня над крыніцай:

— Чужаніца, чужаніца!

 

Легла маці ў дамавіну;

Сын зноў ехаў у чужыну,

А за ім шумелі людзі:

Што то далей з яго будзе?

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан