Ці йду я вясёлай дзянінай
З касой ці з сахой за сяло
Й не бачусь з пахілай хацінай,
Пакуль чую сонца цяпло,
І ў полі, працуючы ў поце,
Бядую над горам сваім,—
Дарэмна шукаю, хто шчыра б
Пацешыў ў цярпенні цяжкім.
Душа мне і шэпча, і плача:
Адзін ты, адзін, небарача!
Ці з поля гадзінкаю шэрай
Вярнуся, сяджу за сталом,
Краплюся паціху вячэрай,
Лучынка міргае агнём,
А з’еўшы адно, паглядаю,
Ці хто больш чаго падліе,—
Дый дарма!.. Пры лаве, пры печы
Ўсё твары снуюць не свае.
Душа мне і шэпча, і плача:
Адзін ты, адзін, небарача!
Ці ночкай панурай к падушцы,
Ўвесь змучан, прыльну аддыхнуць,
А сэрца, як ліст той на грушцы,
Трасецца, калышацца грудзь.
І жду так — вось прыйдзе хтось любы,
Абніме, атуліць сабой;
Дый дарма!.. Нікога, нікога,—
Хтось кажа,— няма тут з табой!
Душа мне і шэпча, і плача:
Адзін ты, адзін, небарача!
Ці йду ў беларусаву хату
Са сну прывітаць на зары,
І рукі там выцягну к брату
І кіну вачыма к сястры,
Ці, ўсеўшыся ціха на прызбе,
Зайграю там песню сваю,—
Дарэмна прывету чакаю,
Дарэмна вітаю, пяю.
Душа мне і шэпча, і плача:
Адзін ты, адзін, небарача!
28 мая 1906