epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Аратаму

Ну, годзе ўжо спаці! глянь: светла ўжо ў хаце,

Вясна заглядае ў акно;

Ужо птушка свяргоча, ўжо лісцік шапоча,

Цябе шнур чакае даўно.

 

Хай сошка крывая, кабылка худая

І ты сам, крывы і худы,

Пацягнуцца ў поле, на тое прыволле,

На тыя прадзедаў сляды.

 

Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!

Ты ў крыўду не даўся б другім:

Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,

Дый сам ты галодзен зусім...

 

Дык выпрамся ж трошку, дый жыва за сошку,

Ды ў поле — к вялікай арбе!

Бач, можа, і долю ў няўродлівым полі

Ты выараш, братка, сабе...

 

Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі —

Любі сваю ніву, свой край

І, колькі ёсць сілы, да самай магілы

Ары, барануй, засявай!..

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан