epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Арліныя крыллі..."

* * *

 

Т. С. Жывапісцавай

 

 

Арліныя крыллі

Душа твая мае,

К красе яна й сіле

Свой сцяг уздымае.

 

Зямля ёй зацесна,

Ёй трэба прастору,

Тэй высі нябеснай,

Дзе царствуюць зоры.

 

Лунай жа, саколе,

У гэтых міражах,

Пакуль цябе доля

К зямлі не прывяжа.

 

Пакуль не растопча

Жыццё крыўдай грудзі,

А сэрца дзявоча

Не высушаць людзі.

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан