epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Асёл і яго цень

Асёл, убачыўшы ў вадзе

Ў крынічнай свой асліны цень,

Здзівіўся, стаў, далей не йдзе,

Глядзіць ды думае, як пень.

 

Які тут чорт намаляваў

Мяне інакшым, як я ёсць?

Такія вушы падаваў,

Так пакрывіў на спіне косць!

 

І, каб сябе не аглядаць

Ды разагнаць сваю нуду,

Ён капытом давай мяшаць

З гразёю чыстую ваду.

1914




Беларуская Палічка: http://knihi.com