У Мінску на рынку,
Ў канцы агароды,
Бабулька старая
Садзіцца заўсёды.
Усякія зёлкі
На рынак прыносіць
І людцаў прахожых
Купляць у ёй просіць.
Ляжаць перад бабкай,
Ці вечар, ці ранак,
Пучкі дзівасілу,
Чабор і румянак.
Ад кожнай хваробы
Ё зёлкі, карэнне;
Лячыць можа імі
Падвей, парушэнне.
І любчыку нават
Дасць вам пад сакрэта
Ды наўча, як зводзіць
Любізнічкам гэтым.
І ўсякіх, усякіх
Дастанеце лекаў,
Якіх толькі людзі
Не зналі ад векаў.
Шмат летак бабульцы:
Трасуцца ўжо рукі —
Ёсць пэўна унукі,
Э! нават праўнукі.
Усяк ёй жылося
На свеце на божым —
І смутна, самотна,
І з хлопцам прыгожым.
І слёзы ліліся,
І песні звінелі,
Малойцавы грудзі
Туліла ў пасцелі.
Ды ўсё ж праляцела,
Як яснай маланкай;
Спяць думкі і песні,
Ў магіле спіць Янка.
Эй, моладасць-радасць
Мінула ўдалая!
А старасць-няўдаласць
Ніяк не мінае.
І кепска бабульцы:
Сівая, худая,
Брак сіл працаваці,
Дык зёлкі збірае.
Нясе іх да Мінска,
На рынку садзіцца,
Збывае і вуча,
Як трэба лячыцца.
А можа, паможа
Душы хоць адной дзе,
І праца бабулькі
На марна не пойдзе.
[1905-1907]