epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Беларушчына

Сотні лет, непрыяцелем-братам прыбітая,

Зарастаючы зеллем чужым, як лазой сенажаць,

Ты ляжала, няпамяці пылам пакрытая,

А народ твой быў змушан маўчаць і табой пагарджаць.

 

І круцілі цябе, як каму падабалася,

Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй,

на свой лад;

Ажно часам жальба, як кляцьба, разлягалася,

Ды нячутай ляцела, ўміраючы, ў грудзі назад.

 

Спаў народ, і ты спала, і ворагі верылі,

Што ніхто не разбудзіць цябе, што заснула навек.

І дзялілі цябе, ўсімі мерамі мерылі,

Што памерла ўжо ты,— не адзін так казаў чалавек.

 

Час ішоў. К жыццю новаму клікі пачуліся;

Ўсе народы паўсталі на бітву за права сваё.

Ты — як спала — ўскрэсла, твае дзеці прачнуліся.

Твой народ, ты сама ўсталі новае строіць жыццё.

 

І цяпер хоць прыблудаў даносы ў ход пушчаны,

Хоць пад права тваё падрываецца шмат хто,

як крот,—

Як жыла і жывеш, будзеш жыць, Беларушчына:

Зразумеў і успомніў цябе твой мільённы народ.

 

Сціхнуць віхры, заціхне пара непагодная,

Сілы грозныя ўстануць, акрэпнуць к другому жыццю;

Панясуцца, як звон, песні вольныя, родныя,

Апяваючы долю, нядолю, народзе, тваю.

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан