epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Беларусі ардэнаноснай

Да гадавіны вызвалення ад белапалякаў і дня ўручэння ордэна Леніна

І
ІІ
ІІІ


І

Чым ты была, Беларусь мая родная,—

Хіба ж не бачылі нашыя вочы?

Вечна абдзёртая, вечна галодная,

Сонца не ведала, а толькі ночы...

Людзі твае, ў беднаце гадаваныя,

З торбай жабрацкаю век дажывалі...

Злосна стагналі вятры над курганамі,

Хмары насіліся чорнаю хваляй.

Цар, цараняты нагайкамі няньчылі,

Пан і паняты паслі бізунамі,

Турмамі песцілі, петлямі лашчылі,

Розгамі секлі, цямрылі багамі.

Цар, генералы і панства вяльможнае

З гікам і свістам спраўлялі банкеты...

Вёску абдзёртую думкі трывожылі,

Блукаўся старац разуты, раздзеты.

Годы ішлі, ўслед ішло гора-злыбеда,

А прад вачамі заклятыя далі...

Ой, хто крутыя шляхі гора выведаў,

Песні чаму ўсё аб горы складалі?

.................................................................

Грозна завылі гарматы хаўтурскія,

Цёплая кроў арасіла прасторы:

Горы Карпацкія, багны Мазурскія,

Роднай краіны даліны і горы.

Скрэжат і смерць. А там... бежанцы, бежанцы...

Густа пайшлі за магілай магіла.

Хоць бы ўжо ў царскае горла урэзацца,

Хоць бы кроў з панскіх выпусціць жылаў!

Так аблілося крывёй поле роднае,

Так балявалі чужацкія госці.

Вецер заводзіў малітву жалобную,

Чорны груган збіраў белыя косці.

Але змяніла навалу германскую

Подлае панства ад польскай кароны,—

Скрыпнулі вісельні, путы забразгалі,

Кроў палілася... Пажары, пагромы.

Зноў пацяклі слёзы горкія ўдовіны,

Дзеці-сіроткі бацькоў не знаходзяць...

Гэй, паны-шляхта! Народ вамі скованы,

Ён вам адпомсціцца жудка ў прыгодзе.

 

 

ІІ

І сягоння помняць, помняць, не забудуць

Людзі Беларусі, пазбыўшыся панства,

Як іх катавалі, як чакалі цуду,

Як прыйшло з Усходу вызваленне з рабства.

Людзі Беларусі помніць будуць добра

Аб гадах няволі, аб нядолі горкай,

Як мінула ліха, як не гнуцца горбам,

Як жыць стала лёгка пад чырвонай зоркай.

На поле выходзяць вольнаю дружынай,

Сеюць чыстым зернем, нішчаць пустазелле,

Дзірваны ўзнімаюць, заводзяць машыны,

Дзе глянь, сады садзяць... Зацвітай, прыселле!

Зелянее жыта, жыта і пшаніца,

А так буйна, буйна, як даўней ніколі.

Вось дык будзе радасць у ясных святліцах,

Калі грамадою збяруць дабро з поля.

Калгасныя смела засяюць загоны,

Не баяцца зграі панскай недабітай,

Бо вартуюць межаў Арміі Чырвонай

Жалезныя роты, гартаваны ў бітвах.

А калі што прыйдзе, возьмуць стрэльбы самі,

Як адзін паўстануць на ворагаў дзікіх

І вызваляць браццяў, што йшчэ кайданамі

Звоняць у няволі у муках вялікіх.

 

ІІІ

Шум і гоман у сталіцы,

Сцяг ля сцяга ўецца,

Як на градах мак чырвоны,

Ажно сэрца б’ецца.

Сэрца б’ецца і пытае:

— А што за навіна?

— Вызвалення ад палякаў

Сёння гадавіна!

А сталіца—дзіву дайся! —

Паўстала з руінаў,—

Мінск — сталіца, гордасць наша,

Слава ўсёй краіны.

Дзе дымелі папялішчы —

Сляды панскай ўлады,

Гмах ля гмаху вырас новы,

Чыстата, парадак.

Дзе крывавы баль спраўляла

Хеўра інтэрвентаў,

Ходзяць з песняй пераможнай

Тысячы студэнтаў.

Дзе была вакол пустэча,

Як тая магіла,

Ўсталі фабрыкі, заводы —

Рэспублікі сіла.

А народ там гераічны,

Наш народ рабочы —

Рукі моцны, бы са сталі,

Арліныя вочы.

Беларусь, мая радзіма,

Як жа расцвіла ты

За час гэты, за кароткі,

Як выгнала катаў!

Не злічыць тваіх здабыткаў

І не змерыць меркай...

Чалавек твой на свабодзе

Стаўся чалавекам.

Каласіся ж, расцвітайся

Краскаю чырвонай

У Саюзе у Савецкім,

У законе роўным!

Знай, сягоння дзень твой важны

Важнай нагароды;

Святкуй весела, шчасліва

Ў полі і ў заводах!

У вадзіцы у крынічнай

Чысценька памыйся,

Прыбярыся ў кветкі-краскі,

Сонцам атуліся.

За ўсё тое, што стварылі

Шчыра твае людзі,

Ордэн Леніна сягоння

Твае ўквеціць грудзі.

Рана, позна — гэта ведай,

Ці сонца, ці зоры,—

Мудры Сталін падзяляе

Тваё шчасце й гора.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан