epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Беларускаму дзяржаўнаму выдавецтву 1924—1929 гг.

Сталі ў рад складальнікі —

Ад таго той бліжай,

Літару за літарай,

Як пацеркі, ніжуць.

 

«Корпусы» ды «цыцэры»

І побач «петыты»

Дыванамі сцелюцца

Згодна ў гранкі-пліты.

...................................................

Запела «ратацыя»,

А не без карысці —

За аркушам аркушы

Сыплюцца, як лісце.

 

Пераплётня аркушы

Шые, рэжа ўволю,

Спяшыць літаграфія

З вокладкай у колер.

......................................................

Кніга у кнігарні ўжо

Сядзіць на паліцы,

Людзі працавітыя

Сходзяцца дзівіцца.

 

А ля выдавецкае

Скупаватай касы

Аўтар з мінай скромнаю

Чакае авансу.

........................................................

Паплыло паводкаю,

Загуло, як вецер,

Слова беларускае

Па вялікім свеце.

 

Дарма не мінаюцца

Працы шчырай леты...

Гр амада савецкая

Ушануе гэта.

1930


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан