epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Беларусы не будуць рабамі...

Нас не здушыць нуда,

Не сагне нас бяда,

І не будзе ўладаць доля намі.

Гэй, ніколі, нідзе,

Гэй, ніколі, нідзе

Беларусы не будуць рабамі!

 

Чырван славай наш род,

Жыве вольны народ,—

Пад сцягі ўсе імкнуцца Камуны.

Вораг, бач, ля варот...

Беларусы, ўпярод!

Нам не страшны віхуры, пяруны.

 

Вораг дуж. Ну і што ж?

Ён загіне, бы смоўж,

Як захоча ўладарства над намі.

Гэй, ніколі, нідзе,

Гэй, ніколі, нідзе

Беларусы не будуць рабамі!

 

Як не хопіць салдат,

Старцы стануць у рад,

Стануць дзеці і жонкі да бою:

Кожны годны ў баі

Сын працоўнай сям’і,—

Кожны, ў кім сэрца б’ецца жывое.

 

Нас не здушыць нуда,

Не сагне нас бяда

І не будзе ўладаць доля намі.

Гэй, ніколі, нідзе,

Гэй, ніколі, нідзе

Беларусы не будуць рабамі!

 

[1920-1925]


[1920-1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан