Пахіліўся дуб да дуба
Ды бурчыць, гамоне:
— Што-та вецер вельмі груба
Загуляў сягоння!
Паглядзі, сусед, на пушчу,
Як трашчаць галіны,—
Там у самую ўжо гушчу
Вецер сілы кінуў!
Вунь, прымець, старуха-хвойка
Сскочыла з карэння,
А вунь там з бярозы бойкай
Валіцца паленне.
Пакацілася удоўжкі
І асіна-сваці...
Фу, ты! аж мяне у дрожкі
Пачало кідаці!..
Што? Не ўстояла і ліпа —
Рухнула, бядачка!..
Ці ж быць можа? Ўжо захліпаў
І стары твой бацька.
Ах! што гэта?.. Праз узгоркі...
Ці ж то к нам?.. Ой, ногі...
І, не скончыўшы гаворкі,
Рынуў дуб, як доўгі.
1918