epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Буслы

Падчысціла Ўзвіжанне ўсю зямлю шчыра,

Ліст зводзе хмызняк заскаруслы...

Злятаюцца буслы к адлёту у вырай,

На сходку сыходзяцца буслы.

 

Дзе плотам граніцу адвёў сабе выган,

За прасла пашчэпліваў прасла,—

За выганам буслы рашаюць суд мігам,

Пакуль дню лучына не згасла.

 

Хто Млечны Шлях ноччу дагледзіць не зблудзе,

Хто мора адмерыць крыламі,—

Той вылеціць толькі ў далёкія людзі,

Той вылеціць ў вырай з бусламі.

 

Клякочуць, хлапочуць. І крыллі, і скабы

Сусед аглядае суседа,

Разводзяць і дзеляць, хто дужы, хто слабы,

Хто болей, хто меней свет зведаў.

 

Зрабілі агледзіны, зрадзілі раду,

К канцу прыбліжаецца сходка,

Шнур зладзілі к выраю ў згодзе і складу,

Сціхае гамонка-клякотка.

 

Ўжо мецяцца к лёту, ўжо хлопаюць крыллі...

Бач, бусел адзін стаіць хмуры,—

Яго аднаго усе неяк забылі,

Адзін ён не змесціўся ў шнуры.

 

Стаіць і чакае сабе прыгавору,—

Знаў — буслава сходка не смешкі...

Ой, болей яму не пабачыці мора,

Не бачыці выраю сцежкі!

 

Ізноў ўсклекаталі крылатыя сябры:

— Ён слабы, не наскага міру!

Хай гіне, хто слабы, згнілі ў каго жабры!

Смерць буслу, няздатнаму ў вырай!

 

Смерць! смерць!.. Задымела пуховае пер’е,

З-пад сэрца кроў хлынула стужкай...

І, споўніўшы прыгавар, буслы ў бязмер’е,

Ўзняліся за дружкаю дружка.

 

Шнур доўгі паплёўся пад небам вячыстым,

Плыў з клекатам далей і далей,

Аж згінуў з-пад вока у воблаках мглістых,

Спавіўся ў туманныя хвалі.

 

А там, а за выганам сцелецца поле,

На полі рассыпаны косці,

Над косцямі вецер гуляе, скаголе,

Груган залятае у госці.

 

А там, ля касцей залаціцца пярсцёнак,

А надпіс чужой на ім мовай:

«Як вернецца бусел з нязнаных старонак —

Ка мне мілы вернецца ўзнова...»

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан