epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Час быў тады...

Час быў тады, калі ў поле

Плуг не выходзіў іржавы.

Хаты паліў на вуголле

Вораг — прыблуда з Варшавы.

 

Сейбіт не йшоў працавіты

Зернем абсеяць палетак...

Вытаптаў вораг і жыта,

Што сеяў сейбіт для дзетак.

 

Людзі, век ліўшы кроў з потам,

Гэткіх не зналі падзеяў...

Вылі сабакі за плотам,

Клікалі смерць ліхадзеям.

 

Дрогнулі пушчы, курганы

Супроць магнацкай навалы,—

Лесам пайшлі партызаны,

Помста на ворага ўстала.

 

А з-пад Масквы з-пад чырвонай

Войска ішло ўжо за войскам

Браць пад сваю абарону

Нашыя месты і вёскі.

 

І людзі выцерлі слёзы,

Раны свае загаілі.

Панскай не страх ім пагрозы,

Вораг больш іх не асіліць.

 

Сёння народ ачунялы

Стаўся заможны, багаты,

Сёння ён смела і дбала

Сее, збірае зярняты.

 

Вечнай не мучыцца смагай,

Сонца ясней яму свеціць,

Стаўся пад сталінскім сцягам

Знатным народам на свеце.

 

Радасць, як хваля на рэчцы,

Радасць плыве маладая.

Сталіну людзі ўсім сэрцам

Песні і думы складаюць.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан