epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Хлеб

Мы і з сошкай ішлі, і з баронкай ішлі

Заслужыцца на ласку ў цябе,

І гной везлі, траслі на пусцейшай раллі —

Сеяць шлі аж па трэцяй арбе.

 

І свянцілі цябе, ідучы засяваць,

Выбіралі к сяўбе лепшы дзень,

А на лета цябе ўсёй сям’ёй шлі збіраць,

Сцераглі хмары, ўбачыўшы цень.

 

У калядны ж мароз, як шум дзікай зімы,

Слаў пракляцце і нам, і жыццю,

Шлі, не гледзя на ўсё, на ток досвіткам мы,

Шлі з цапамі па плату сваю.

 

І ўсё шчыра табе паслугоўвалі так,

Каб на воку нас, бедных, ты меў...

А ты што нам зрабіў, адплаціўся ты як?

Ці ты нас хаця чуць пажалеў?

 

За наш труд над табой, за пот, кроў над табой,

Як прыйшлося ды легчы на стол,—

Ты спынуўся ад нас за дзесятай гарой,

Ты счураўся замучаных сёл.

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан