Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцця,
Што ўнізе без пуцця
Спала сном нежывым.
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзняла,
Шопат-сказ павяла
Так з суседам сваім:
— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной,—
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-спячу зямлю,
З ёй заводзіць гульню —
Сеяць сум тут і там.
З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
І мяне — сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонца не раз.
А ты—лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе,—
Дык прымі ў добры час.
Маладзік звесялеў,
Падміргнуў ціха ей:
— Маладая мая,
Выглядаў цябе я
Ўжо даўно ў вышыне.
Я тут — сам — адзінок,
Як бы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду развяла,—
Прытуліся ж ка мне...
Ты — царыца, я — цар...
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам зайздросціць жа тут
Будуць з веку у век.
Мы і ночкай, і днём
То ўсплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так
І ўжо волі ніяк
Не дадзім мы на здзек.
................................................
Абняліся яны,
Як вясеннія сны,
І гуляюць адны
Ад вясны да вясны
На сум вечны людзям.
Цені-сеткі снуюць,
Песню-змову пяюць:
— Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
1912