epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні..."

* * *

Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні,

Хоць ты выгані, пан, з хаты,—

Буду пець я свае песні

Ці то ў будні, ці то ў святы!

 

Думкі, оды пець я буду,

Каб усякі весяліўся,

Каб для гэтага тут люду

Свет інакшы адчыніўся!

 

Каб на полі ці на лузе,

Ці працуючы ля дому,

Ці у лесе, ці пры плузе

Пеў ён песні па-сваёму!

 

Каб ніколі не чураўся

Сваёй родненькае мовы,

У якой узгадаваўся,

Хоць забыўся дзеля новай.

 

Дык пець буду табе, людзе,

Каб працёр свае ты вочы!—

А шмат лепей табе будзе,

Як адрозніш дзень ад ночы.

 

Бо ты ж надта цёмны, браце,

Як тытун у табакерцы,—

Хоць не воўк — жывеш у хаце,

Хоць ты маеш душу, сэрца.

 

О, я знаю: сэрца маеш,

Бо па свінцы нават плачаш,—

А што мовай пагарджаеш,

Дык ты гэтага не бачыш.

 

Гэй, прасніся, беларусе!

Усе людцы паўставалі.

Гэй, прасніся, беларусе!

Усе праўдачку пазналі.

 

[1905-1907]




Беларуская Палічка: http://knihi.com