epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Хрыстос васкрос!..

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасць,

Усё глядзіць смялей, святлей;

Вялікі мучальнік, здаецца,

Абняў ўсіх ласкаю сваей.

 

Хрыстос васкрос!.. Неугамонна

Плыве па нівах, пушчах клік,

Плыве адна святая думка

З канца ў канец, як свет вялік.

 

Хрыстос васкрос! — пяе сялянін

З сваёй убогаю раднёй,

Забыўшы песні аб прадвесні,

Забыўшы ўсё усёй душой.

 

Хрыстос васкрос! — пяе сіротка,

Слуга, таптаная людзьмі;

Пяе ў чужыне падарожны,

Забыты бліжнімі сваймі.

 

Хрыстос васкрос! — пяюць і тыя,

Хрыста згубіўшыя сыны,

Што ўціхамоўку куюць путы

Для нашай беднай стараны.

 

Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,

І я ў дзень гэты просьбу шлю:

Хай Беларусь, мая старонка,

Ўваскрэсне к вольнаму жыццю!

 

[1911]


[1911]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан