epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Цішку Гартнаму

У пятнаццатую гадавіну яго шчырай

пяснярскай працы на карысць

беларускага працоўнага люду

 

 

Многа поля з добрай доляй,

Нешчасліва і шчасліва,

Праляцеў ты, мой саколе,

Па-над роднай нашай нівай.

 

У світанне, у прадвесне,

З непамернай гордай сілай

Пела бура табе песні,

Думкі бурныя будзіла.

 

І мацнелі твае крыллі,

І мацнеў дух неўгамонны,

А вясёлкі шлях сачылі,

А маланкі слалі ўклоны.

 

Яснай зоркай з-пад аблокаў

Азіраеш пуцявіну,

Па якой ты ненарокам

Мкнуўся к сонцу без упыну.

 

Нікнуць чары ў пору гэту,

З воч спадае асляпленне,

І законы піша свету

Людскай праўды вызваленне.

 

Гэй, ляці, саколе, далей

Па-над буйнай Беларусяй!

Не спыняйся ў векаў далі

І не гніся, як не гнуўся!

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан