Мы вас прынялі хлебам і соляй,
Людзі чужыя;
Ўстрэлі вас ласкай нашага поля
Кветкі жывыя.
Нашы сасонкі шумнага бору
Далі вам хаты,
Далі загонаў нашых разоры
Гонар багаты.
Пух і аўчынкі нашага хову
Грэлі зімою.
Птушкі вам гралі з нашай дубровы
Гімны вясною.
Ценем тулілі вас у спякоту
Нашы чарэсні,
Нашыя жнейкі ў жніўну работу
Пелі вам песні.
Вашым патомкам нашыя маткі
Казкі складалі:
Ў сэрцах дзіцячых праўдаў пачаткі
Сеў засявалі.
Верны славянскім спадкам, браточна
Ў госцях вас мелі,
І шанавалі людска, святочна
Ў будні, ў нядзелі,
........................................
Сотні лет песцім днямі і ночай
Госця на шыі —
Змея, што з пуняў скарбы валоча,
Скарбы чужыя.
Вы ўжо забылі, людзі здарэння,
Дзе ваш прыпынак,—
Вывелі ў гандаль славу, сумленне —
Праўду на рынак.
Слепа зракліся сораму, ўвагі,
Ў хорамы селі,—
Браццям жа ўздзелі лапці, сярмягі,
Торбы надзелі...
Людзі чужыя! Хтось калісь зліча
Вашу нам шкоду:
Зліча праступкі... к суду пакліча
Крыўда народу.
[1906-1912]