Нядаўна з табой мне спаткацца прыйшлося,
Нядаўна са мной першу спрэчку вяла,
А вызнаў, што ўжо табой шмат пражылося,
Шмат мела пацех і шмат слёз праліла.
Калі да мяне далятае ўздыханне,
Якое тваёю душою трасе,—
І ў ясныя вочы гляджу твае, пані,
То бачу, што іншая ты, як усе.
На воблік твой глянуўшы мужскі, спакойны,
На збор дружкоў, жданых табою ў глушы,
Я пэўны: дружкі ўсе цябе не дастойны,
Цябе і тваёй справядлівай душы.
Я сам яшчэ гэтага добра не знаю,
Што творыцца ў яве са мною падчас,
Вакол разглядаю, думак пытаю,
Ды ўспомню цябе мімаволі не раз.
І соладка сэрцам сваім не раз чую,
Што я не жадаю цябе, а люблю.
Люблю, як сястрыцу сваю дарагую,
Шаную, як родную матку сваю.
8 снежня 1906