Ой, дзевачкі, любанькі!
Люблю, люблю вас,
Я ў вашых, галубанькі,
Сетачках увяз.
Ох, мае вы сонейкі,
Не знаю, з чаго
Не мілы мне гонейкі
Шнурочка майго.
Не мілы мне хатачкі
Родненькай куток,
Не мілы мне матачкі
Слоўцы: «мой сынок»!
Не міла, як волікаў
Рог забушаваў;
Ой, ой, для саколіка
Час благі настаў!
Сэрца б’ецца, корчыцца,
Кроў пайшла гуляць,
Днём рабіць не хочацца,
А ночкаю — спаць.
Нападае часценька
Нейка дзіўна млось,
І так шчасна-шчасненька
Хочацца чагось.
Вочы неўспадзевачкі
Ўсё туды бягуць,
Дзе сонейкі-дзевачкі,
Любачкі жывуць.
Ой, ой, не ў цікавую
Сетку, знаць, забрыў,
Хоць бы з добрай славаю
Ўжо яе пазбыў.
Голуб, як з галубкаю,
Весела вурчыць;
Пэўна хлопцу з любкаю
Лепей, як так, жыць.
Бачу, так здаваецца,
Што мне, бедаку,
Таго штось жадаецца,
Чаго й галубку.
Адну ненаглядачку
За жонку вазьму,
Тады, можа, радачку
Дам гору свайму.
Тругі, тругі, трубачкі!
Грайце ў добры час;
Дзевачкі-галубачкі,
Люблю, люблю вас!
[1905-1907]