epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Да дзяўчынкі

Не цурайся, дзяўчынка-галубка, мяне!

Пажалей, прыгалуб бедака-сірату:

Збудзі сэрца, збудзі,— хай навек не засне,

Дабудзь песню з душы, разгані цемнату.

 

Не было мне пацех ад людзей, ад жыцця,

Не заглянула сонца у хату маю,—

Віхры гналі-гулі без канца, без пуцця,

Ажно долю паганую кляў я сваю...

 

Ой, так шоў — так сыходзіць мне год за гадком,

А ёсць шчасце, ах, ёсць на бяспутнай зямлі!

Гэта шчасце ў каханні, ў змаганні са злом —

Дык хадзі ж, не ўцякай — душу, сэрца вазьмі!

 

Ты і я удваіх станем смелай ступой

Змагаць гора-бяду, паніжэнне і блуд,

Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой

За нявольны свой край, за свой змучаны люд!

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан