epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Да песень

Песні мае, песні!

Смуткаў маіх дзеці,

Калі ж вам час прыйдзе

Весела запеці?

 

Ой! сваю ды з вашай

Роўну долю бачу:

Плачаце вы, песні,

І я з вамі плачу.

 

Хацеў бы вас, песні,

Зрачыся, пакінуць,—

Сілачкі ж мне мала,

Буду ўжо так гінуць.

 

Выплакаў вас сэрцам,

Высніў вас душою,

Б’ючыся з нядоляй,

Б’ючыся з бядою.

 

І цяпер за мною

Ходзіце вы ўсюдах —

І вясной па траўцы,

І ўвосень па грудах,

 

Па снягу зімою,

Па загонах летам;

Вы мяне спазналі

З горам, з людчым светам.

 

Шмат чаго нагналі

Мне ў душу смутную,

І йшчэ знаю, знаю,

Шмат чаго пачую.

 

І так мне здаецца,

Колькі ні тужыці,

Са мной вы, я з вамі

Вечна будзем жыці.

 

Толькі, мае песні,

Смуткаў маіх дзеці,

Калі ж вам час прыйдзе

Весела запеці?!

 

[1905-1907]




Беларуская Палічка: http://knihi.com