epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Далей і болей

Далей і болей рвуцца і хочуць

К нечаму, нечага людзі,

Знойдуць, што хочуць, думкі зноў точаць:

А мо не то яшчэ будзе?

 

Дзіўныя людзі! Проста, смех толькі,

Лезуць, куды ні папала,

Вечна іх мучаць нейкія болькі,

Вечна ім нечага мала.

 

Хай жа якому ў зубы смерць гляне,—

Чорт за душу упляцецца,—

І ўсё яго тут — дамоўка паняй,

Спіць, ані-ні зварухнецца.

 

20 ліпеня 1907


20.07.1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан