epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Дарогай змучаны далёкай..."

* * *

Дарогай змучаны далёкай

(А быў дзяніны таей склон),

Я лёг пад крыжамі, і так лёгка

Заснуў, і гэткі бачу сон:

 

Я лесам шоў; якаясь змора _

Вяла па ім мой спячы дух,

А лес быў цёмны, як дно мора,

Як мора дно, быў нем і глух.

 

Я заблудзіў, і страшна стала

Мне ў гэтай пушчы аднаму;

Ды бурай неба рагатала...

І ўздумаў я: памру вазьму!

 

Надзея з вераю нямелі...

Тады, як з неба ці з зямлі,

Якаясь цень падходзе ў белі,

Такая, быццам знаў калі,

 

І кажа мне: «Чаго, сын міра,

Упаў так сэрцам і душой?

Я — песня, а во мая ліра!

Бяры нас! Хочам быць з табой.

 

І страх жыцця цябе аставе,

І бор пачне шумець жыццём;

Мы след праложым табе к славе,

Чаго жадаў, мы ўсё дадзём».

 

І дзіва! Блуд і страх мой зломан:

Лес прасвятлеў, загаманіў,

Мне стаў паняцен пушчы гоман...

Тут я збудзіўся, недасніў.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан