Для куска хлеба, чорнага хлеба
Бядак прадаецца з душой,
Вольную волю, светлыя думы
Ў нядолі ён топіць цяжкой.
Каб як пражыці, голад змагаці,
Павінен забыцца на ўсё —
На светляныя душы парывы,
На ўсё чалавецтва сваё.
Царскі нявольнік, панскі нявольнік,
Нявольнік — слуга абадвух,—
Цару — салдатам, парабкам — пану,
А кепска, ох, жыці для слуг.
На другіх мусіць век працаваці,
А дзе што не так, не ўгадзіў,—
Плюнуць пагардай, выганяць з хаты,
Ідзі ў свет, бядак, як хадзіў...
Музыка, песні чутны з палацу —
Гуляюць за труд бедакоў,
Мучыцца ж бедны думкай штодзённай,
Каб голад са свету не звёў.
11 чэрвеня 1906