epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Для насценнай газеты БДзВ

1- Што ты спіш? (Па Кальцову)
2 - Да нашага праўлення безнадзейнае маленне


1- Што ты спіш? (Па Кальцову)

 

Што ты спіш, Госыздат?

Бач, вясна на дварэ,

І суседзі твае

Ўжо працуюць даўно.

 

Ты збудзіся, устань,

На сябе паглядзі,

Чым ты быў, чым ты ёсць

І што будзе з цябе.

 

Ні шрыфтоў, ні прылад,

Ні той фарбы людской,

І паперу тваю

Даядае пацук.

 

Замест кніжак для школ

Бланкі шлёпаеш ты,

А пацехі ад іх

Ні табе, ні людзям.

 

Ты устань, Госыздат,

Пратры вочы свае,

Бо інакш хтось другі

Скарыстае твой сон.

 

 

2 - Да нашага праўлення безнадзейнае маленне

 

Праз нашу бясцэнную

Газету насценную

Заносім маленне,—

Звяртаемся з просьбаю

(Ды ўжо ж — не з грозьбаю)

К табе, праўленне!

 

Вока ласкавае

Мей ты над справаю

Друку ўляпшэння:

Для нашых сектараў

Трэба, як нектару,

Грошы, праўленне!

 

Паперы белае

Кіп сотні цэлыя

Даць мей хаценне,

І шрыфту ўсякага,

Але небыякага,

Падай, праўленне!

 

Машыну сшывальную

І фальцавальную

Для палягчэння,

Машыну наборную

І фарбу чорную

Дай нам, праўленне

 

І цынкаграфію,

Для паліграфіі

Нашай збаўленне,

І стэратыпную

Болей дасціпную

Падай, праўленне!

 

Пад пераплётную

Больш паваротнае

Дай памяшчэнне;

Ад сціску цеснага,

Як зла няўцешнага,

Выбаў, праўленне!

 

Хоць не актыўнае,

Але калектыўнае

Гэта маленне

Заносім, плачучы,

Прасвету не бачучы,

К табе, праўленне!

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан